Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Але яшчэ многа смутнага давядзецца перажыць Коласу, яшчэ не так хутка асядзе ён настала ў Мінску і возьмецца за пачатае...
Яшчэ давядзецца не раз пагартаць і тую самую «Адплату», а перагляд і пераробка яе адбіралі ці мала часу, не дазвалялі,
калі адчувалася самому недавершанае і недасканалае, пераходзіць да новых радкоў.
Вось як гэта раскрываецца ў дзённіку: «За работу над паэмай сягоння не браўся. Ды справа не ў гэтым: паэмай жыву, паэму падводжу да канца. Пачаў чытаць яе з першых радкоў:
Прайшла тут, як чорная пошасць, Нямецкага зверства каса...
«Зверства»... Мне чамусь паказалася, што «зверства» трэба замяніць нейкім іншым словам. Трэба падумаць... Паэму чытаю далей, як крытык самога сябе.
Па дарозе днём і ўночы...
Здаецца, лепей «удзень».
«Ох, божа ж мой, божа!» — галосіць
Жанчына ў лясочку пустым...
Гэтыя радкі, трэба мець на ўвазе, канечне прыпомніць у фінале паэмы.
He будзе, не будзе спакою Прадажным скарэдам.
Трэба абмеркаваць, ці на месцы тут «скарэдам».
He ён жа паліў іх і нішчьгў, Ды што ўжо казаць?
Што зробіш ты супраць сілішчы, Такая іх раць.
Падумаць, страфу пераправіць... «Псуе «раць».
Давёў чытанне да 30-й старонкі...»
Параіўшыся з самім сабою, Якуб Колас робіць канчатковую праўку. Упэўніцеся ў гэтым, пагартайце першы раздзел паэмы. Пісьменнік пакінуў нам гэтае сведчанне свае патрабавальнасці пацверджаным дакументальна. Шматлікія чарнавікі і папраўкі сведчаць, што такая праца была прароблена над кожным раздзелам...
I вось што гаварыў Канстанцін Міхайлавіч падчас адной з чарговых размоў пра «Адплату»:
— Працаваў я над гэтай паэмай і стала і прыхваткамі. Але адно заўважыў: не напісаўшы лірычнага ўступу, я не мог зрушыць работу з месца. 3 «Сымонам-музыкам» было іначай. Там патрэба ў лірычных звязках прыйшла пазней. У самым першым выданні, можаш пацікавіцца, іх не было.
Скончыў я збольшага «Сымона» і перад габлёўкай перачытаў. Хацеў прасачыць, як дзея рухаецца. I засмуціўся: здаецца, усё сказана і нічога. He дыхае рэч, нежывая. Што за ліха! У грудзях у мяне гэтага дыхання поўна. Як жа зрабіць, каб задыхаў твор? Калі ў пачатку кожнага раздзела даць нейкі лірычны подых? Можа, і ўвесь твор сагрэецца.
Справа гэта была цяжкая. Хацелася, каб ва ўступе толькі прадракаўся настрой далейшага, а ўсе падзеі былі за заслонай.
Аднак прарабіў я так з першай часткай і ўзрадаваўся. У творы як бы з’явіліся дзіцячыя вочы. А калі зірнеш праз іх на свет, дык і паэма і ўсё, што робіцца ў ёй, выглядае жывейшым.
Усё гэта, як мне здаецца, дапамагло «Сымону» пашырэць. Так з казкі жыцця твор стаў паэмай...
Тоненька і надаедна свішча завея ў забытую, незаўважаную, незалепленую шчыліну акна. Канстанцін Міхайлавіч то слухае гэтую нескладаную мелодыю, адвярнуўшыся на гук, то пільна ўглядаецца ў нацягнутае змрокам процілеглае акно. Там, нароўні з шыбамі, гнуцца хвоі, абтрасаючы снег з кучматых верхавін, быццам падарожныя, што старанна абіваюць каўняры і шапкі, перад тым як ступіць цераз парог у хату.
— Быў адзін чалавек,— смутнее голас Канстанціна Міхайлавіча,— ды загінуў недзе ў завейных краях. Ен здагадаўся, што «Сымон-музыка» разбіты на некалькі колаў. I наогул цікава пісаў пра паэму. Казаў, што мастак — гэта адбітак родных з’яў. Бабарэку помніш? Хаця ж вы абодва ва «Узвышшы» былі. Вось ён чужых думак не пераказваў, свае меў...
Я тады быў жадзён кожнаму слову пра «Сымона». Хацеў далей весці работу. Адчуваў, што не ўсе адступленні служаць
агульнай задачы твора. А некаторыя служылі, але не маглі існаваць асобна. He ўсюды дамогся гэтага. Захапіўся разнастайнасцю намераў і тое-сеё страціў... Праўда, вяло мяне не толькі гэтае захапленне.
Як заўсёды, успомніўшы непрыемнае, Канстанцін Міхайлавіч цягнецца да пачка папярос. Зараз ён бярэ адну і, панюхаўшы тытунь, кладзе назад.
— Дзяўблі мяне з усіх бакоў маладнякоўцы,— працягвае ён.— Казалі: дзеяслоўныя рыфмы, памеры бедныя. Дык я пачаў рабіць у піку ім, хацеў уткнуць шыла ў бок. Што ні раздзел, то новы памер ужыву ці новую страфу. Дзе сам выдумляў, дзе з Брусавым раіўся. Чытаў яго «Опыты», меў кніжку па вершаскладанні.
He ведаю, ці пераканаў у сваім майстэрстве другіх, а сам пераканаўся ў нечым важнейшым. Колькі памераў ні трымае ў руцэ паэт, для твора трэба толькі адзін. Такі, куды б паўней вылілася задума...
А за жаданне пафарсіць формай я быў пакараны. Наствараў слоў па ўзору маладнякоўцаў: з двух адно. У нейкага маладога паэта з «буры» і «пены» атрымалася «бурапеніць». Пазней усе няўдалыя вершы сталі «бурапенай» зваць. Ці не з мае лёгкай рукі...
Тым часам у «Сымону» сам ужываў «цёмнакрыліць», «плыўнадымныя», «іскразьянныя». Нават цэлыя радкі «бурапены» плаваюць. He помніш? А гэта: «Гудзе лясун, як гудзе струна гітары». Бачыш, які фуз! I рыфмачкі фарсістыя да таго ж: «радасць — дабра дасць». Усе перахварэлі на гэтую дзіцячую хваробу: рызыкнуць новенькім. I мы, старыя, не ўсцерагліся.
Відавочна, зараз Канстанцін Міхайлавіч гаварыў недаказанае, што збіраўся, але забыў сказаць ці праз нейкую прычыну стрымаў сябе. Бо нашто ж тады было яму некалькі год назад у кнізе «Сымон-музыка» рабіць закладку са словамі «Творчы дух» і «Адступленні»? Я не забываўся пра гэта і лічыў размову няскончанай. Цяпер яна вычэрпвалася. Што такое «Адступленні», стала ўжо ясна. Быў самы час запытацца і пра другое.
— «Творчы дух»? — пасля маўчанкі перапытаў Канстанцін Міхайлавіч.— Гэта гісторыя аб марна загубленым раздзеле паэмы. Да таго ж сваёю ўласнаю рукою... Толькі я ўжо змарыўся гаварыць, а ты слухаць... Давай вячэраць...
Працяг размовы не прымусіў сябе доўга чакаць. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Ён пачытаў перапісаныя на машынцы лісты і аддаў іх апусціць у скрынку. Потым зірнуў запытальна на мяне:
— Помніш, як Сымонка ўцёк з карчмы? Загарэўся ад Якімавых слоў, выкраў скрыпку і — ходу! Раней гэты раздзел чытаўся не так. Хлопца моцна пакрыўдзілі. Ён іграў, у яго быў найвышэйшы момант натхнення. А карчомныя слухачы абсмяялі.
Канстанцін Міхайлавіч гаворыць з любасцю і лёгкім засмучэннем. Параўноўваю ў думках абодва варыянты раздзела і пачынаю адчуваць, што і сам гарнуся больш да першапачатковага, чым таго, што ведаюць усе.
Як тонка і глыбока стасавалася там мастацкая думка ўсяго твора да канкрэтнага вырашэння асобна ўзятага раздзела! Сымон у стане імправізавання... Ён так паглыбіўся ў бачанне і выяўленне бачанага ў музыцы, што, іграючы,
Бы ад цела аддзяляўся
I свет гэты пакідаў5.
Шчаслівая размова мастака з людскімі сэрцамі трывае, на жаль, нядоўга. «Момант творчасці разбіўся». Карчма не зразумела і не магла зразумець таго, што іграў малы музыка! А скрыпка расказвала, як творчы дух абудзіў людзей, яны пачалі гаварыць гучна і смела, але зварот іх не знайшоў водгуку. He пазнаў, не прызнаў, не палічыў іх за сваіх абыякавы свет.
Ці ж пад сілу было ўспрыняць гэта карчомным абівайпарогам, што патрабавалі ад хлопчыка ўлюбёную «Лявоніху»?
Гордасць распроствае худзенькія Сымонкавы плечы:
Я не буду граць з-пад палкі, Спіны вам я не сагну.
Хлопец уздымаецца да разумення свабоды мастака — гаварыць не па загаданым, а як жадаецца яму самому — і адстойвае сваё права...
Як жа магло здарыцца гэтак? Чаму быў выкасаваны раздзел паэмы, які з найбольшай паўнатою раскрываў яе задуму, дзе герой, можа, не па напалу пачуцця, але па ўзнёсласці і непасрэднасці яго, становіцца блізка да Канрада з «Дзядоў»?
Нарэшце, у нашай літаратуры гэта бадай адзіны, калі не лічыць «Страшнай музыкавай песні» Максіма Гарэцкага, паэтычны дакумент, які адлюстроўвае стан душы імправізатара, падаючы адначасна і яго тварэнне.
На дапамогу маім меркаванням і развагам прыходзіць сам аўтар.
— Мне здалося памылковым рабіць простых людзей вінаватымі перад Сымонам. Няхай сабе яны не зразумелі ягонай ігры. Чаго мужык у карчму валокся? Бо там быў яго клуб, яго тэатр, яго бібліятэка. Дзе ты з суседам пабачышся, навіну пачуеш? Або дзе можна параіцца, якога надвор’я чакаць на лета? Калі жывёлу ў поле выганяць, калі сеяць? Нарэшце, дзе льга хоць крыху душу падвесяліць? 3 пана пасмяяцца, са злое долі пакпіць? Усё там жа — у карчме.
Да гэтай установы мужык куды болып хінуўся, як да царквы. Сяляне хадзілі туды, бо баяліся: не пойдзеш, Бог угневаецца і нашле якой бяды на галаву. Цераз гэты страх найбольш адбывалі маленне. Набажэнства доўгае, суровае. Пазірай спадцішка на абразы і слухай. Цябе ўвесь час палохаюць за кожны крок рознымі карамі. Стой, не дыхні, не варухніся. Ногі мерзнуць, у папа з рота пара верне...
А ў карчме цёпла. Прыпрыся на лаве і сядзі хоць да раніцы, мянці языком. He маеш залатоўкі на чарку, карчмар напавер дасць. У папа такой ласкі ніколі не заслужыш. Дарам рота не разявіць, не то каб ахрысціць дзіця ці маладых звянчаць...
Вось табе і адмычка, чаму людзі да карчмы хінуліся. He дзіва, што не папала пад густ слухачам Сымонкава музыка. Ведалі «Лявоніху», любілі яе і патрабавалі іграць. Вінаваты яны ў гэтым? Наўрад. Уся іх віна, што яны цёмныя... Але ж не
гэтыя людзі змушалі разменьваць талент на дрындушкі. Яны паспачувалі Сымону, устыдзілі таго хлопца, што чапляўся да малога музыкі...
Цяпер разумееш, ад чаго я адштурхваўся? Хацеў выразней асудзіць іншы бок. Людзей, што мерыліся пакарыстацца з хлопцавага таленту, залыгаць яго на службу. Вось і пацягнуў я лінію благіх асоб. Ад дзеда-жабрака да карчмара, а пасля да князя. Насупраць іх роўна, як пад шнур, паставіў добрых: Ганну, Якіма, Данілу. Дзве сцяны: адна насупраць другое. Можа, яно ў творы выйшла не гэтак проста, а думаў-то я якраз так...
Канстанцін Міхайлавіч гартае кніжку. Першае сціпленькае выданне «Сымона-музыкі» ў наборнай вокладцы з жоўтай абгортачнай паперы, з правінцыйнымі аздобамі, віньеткамі і тоненькімі рамачкамі на кожнай старонцы, відаць-такі, дасюль падабаецца яму.
Яно і зразумела. He дзясяткамі налічваліся тады Коласавы кнігі. Каб злічыць іх, бадай, хапіла б пальцаў на адной руцэ. Вось таму і запомнілася гэтая кніжачка-пярвачка.
Колас прабягае вачыма раздзел, аб якім ідзе наша непаспешная размова.
— Та-ак,— паволі расцягвае ён слова,— можна было зрабіць прасцей. А наогул, я разважаў правільна. Сымон уцякае з карчмы. Вядома, праз гаспадара яе, а не праз наведвальнікаў. Тым болып трэба было пакінуць сутычку з імі. Гэта была як бы апошняя кропля горычы. Капнула — і пералілося цераз верх цярпенне ў хлопцавай душы. Кінуў-рынуў усё і пайшоў. A што малому было несалодка, дык і глухі мог пачуць адсюль...