Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Выезд у Маскву і хвароба прымусілі адкласці работу аж да 2 чэрвеня. Аб гэтым дазваляе меркаваць запіс, зроблены 3-га таго ж месяца:
«Зараз трэба зрабіць праўку напісанага ўчора». I ніжэй: «Работа наткнулася на труднае месца. Справа ідзе аб здрадніку. Здраднік не ў поўнай меры. Хістаецца».
Адсюль можна здагадацца, што Колас пачаў работу над чацвёртым раздзелам, дзе хісткаму Цімоху супрацьстаўляецца Жыгун, «фашысцкі прыслужнік заўзяты».
На гэтым і замарозілася пісанне амаль на тры тыдні. Перш за ўсё, стрымлівала руку складанасць задачы: тут Колас падышоў да стрыжнявой думкі. Адцягненая задума павінна была пераліцца ў чалавечы характар. Як на тое, назбірвалася мноства рознага клопату. Пісаў верш пра Купалу, рыхтаваў уступнае слова да купалаўскага вечара. Гэта быў абавязак сэрца. Сярод іншых абавязкаў даводзілася быць у доме і гаспадаром і гаспадыняю — хварэла Марыя Дзмітраўна.
Толькі праз тры тыдні, 25 чэрвеня, Канстанцін Міхайлавіч мог даць сабе справаздачу:
«Напісаў чатыры страфы. Раздзел гэты адказны. Трэба шмат прадумаць».
Як відаць, запіс адносіцца ўсё да таго ж чацвёртага раздзела. Але вось мінае зусім небагата часу, і Канстанцін
Міхайлавіч 3 ліпеня адзначае: «Трохі пісаў пачатак шостага раздзела». Значыць, за нейкіх восем дзён былі закончаны аж два раздзелы! Чацвёрты — адказны — аб здрадніку і пяты — апісанне побыту разбуранай фашыстамі вёскі.
Рывок! Як гэта нязвыкла для Коласа з яго паслядоўнасцю работы над творам.
Методыку Коласавага пісання падрабязней і грунтоўней ускрыюць даследчыкі. Мы звярнуліся да некалькіх дзённікавых запісаў, каб убачыць разам з чытачом, як расла задума, як не даваў сабе палёгкі пісьменнік. Нарэшце, чаму не дазнацца, як, з якой прычыны і патрэбы з’яўляліся лірычныя адступленні ў Коласавых паэмах, балазе загаварыў пра гэта ён сам і дазволіў карыстацца тымі радкамі, што звычайна пішуцца толькі для сябе. На гэтым мы і спынімся яшчэ крыху.
11 ліпеня дзённік сустракае нас пэўнымі і няпэўнымі весткамі:
«Закончыў VI раздзел. Прыйдзецца пачысціць яго. Думаю пра наступны, VII. Змест яго выяўлен. Пачаў са ўстаўкі — прыметы: цяжкая зіма 1939—40 гг. Вымерзшыя сады — бяда, павал людзей».
У запісу ад 13 ліпеня змест раздзела канчаткова ўдакладняецца:
«Сёмы раздзел пачаў лірычным адступленнем. У ім можна хоць цьмяна выліць часць таго, што тоіцца ў душы... Напісаў да VII раздзела ўступ як асобны верш, які можна змясціць асобна».
Калі меркаваць па змесце, тут размова ўсюды ідзе не аб сёмым, а аб шостым раздзеле паводле нумарацыі друкаванага варыянта. Гэты, шосты, раздзел якраз і пачынаецца з адступлення «Далёка, далёка ты, край дарагі...»4
Як бы там ні было, хоць са скідкамі на гарачыню ўзбекскага лета, нездароўе, выезд на адпачынак, Колас усё ж увайшоў у палавіну паэмы, дапісаў X раздзел, а ўся рэч спачатку разлічвалася на 20 раздзелаў. Дапісаў і застаўся нездаволены вынікамі работы летніх і асенніх месяцаў.
1 кастрычніка ён дае сабе суровы наказ:
«Трэба падганяць паэму. Пішацца яна ў апошні час марудна. I хворасць і становішча скрыжаваных дарог трохі замінаюць рабоце».
Канстанцін Міхайлавіч не адступіўся ад наказу. 2 кастрычніка «...напісаў 32 радкі XI раздзела», а 4-га «...дапісаў XI раздзел. Пачаў XII».
Напісаўшы за тры дні ні многа ні мала — 112 радкоў, 5 кастрычніка Колас занатоўвае: «Водступам аб лесе пачаў XII раздзел паэмы. Большую часць напісаў. Можа, заўтра, калі не будзе перашкод, закончу».
Заданні самому сабе выконваюцца больш чым дакладна. Назаўтра адсгупленне было не толькі закончана, а і перапісана і адаслана ў Маскву для перакладу.
Пачалося абдумванне далейшага. Пасля ўступу хацелася паказаць баявое жыццё партызанаў і пагарэльцаў у лясах. Колас ведаў гэта толькі па газетах, а тут патрэбна было калі не сваё вока, дык хай бы і трохі менш вострае, але такое, што аглядала там усё само, каб ператварыць убачанае ў жывы і цікавы расказ.
Такіх людзей поблізу не было, даводзілася задаваць работы ўяўленню. Таму нас і не дзівіць запіс ад 9 кастрычніка:
«Пісаў паэму. У замыслах лёгка, проста. Практыка, выяўленне замыслаў цяжэй. Хачу, каб людзі былі жывыя, каб іх бачылі. Шмат патрэбна працы».
«Труднае месца», як назваў Колас гэты раздзел, было пераадолена да 11 кастрычніка, але з агаворкай «патрабуе перагляду».
Да звычайнай патрабавальнасці мастака далучаўся фізічны стан. Здароўе не вытрымлівала. 12 кастрычніка Колас скардзіцца дзённіку:
«На чарзе XIII раздзел паэмы. Самапачуванне такое, што не адважваюся прыступаць да работы. Але рабіць перарывы не варта — потым яшчэ трудней узяцца за работу».
Усё ж у гэты час, калі «...ногі ледзь слухаюць, набліжаецца хірургічная аперацыя», 14 кастрычніка дзённік паведамляе, што работа не спынілася: «Напісаў 24 радкі XIII раздзела».
He спынілася i назаўтра, перад самай аперацыяй: «Трохі падганяў XIII раздзел. Засталося работы на адзін дзень». I адразу ж пасля аперацыі не даў сабе спачынку Канстанцін Міхайлавіч. 16 кастрычніка «...пісаў паэму і варыў абед... Дакончыў за сённяшні дзень XIII раздзел (40 радкоў). Думаю ў адным з далейшых раздзелаў паэмы напісаць адступленне — зварот да герояў паэмы і аб тых умовах, у якіх пісалася паэма, і пра таго, аб кім думаў так многа».
Тут патрэбна ўдакладненне: дзённік сведчыць, што думалася не пра таго, а пра тую.
За ажыццяўленне намеру Канстанцін Міхайлавіч узяўся на другі дзень і запісаў: «У чарнавіку паставіў XIV. Гэта чарговы раздзел, які хацеў пачаць лірычным уступам. Работа не пайшла».
Уступу ў гэтым раздзеле (па канчатковай нумарацыі — XIII) не атрымалася. З’явіўся ён, праўда, не такі, як задумваўся, цераз раздзел, а больш поўна рэалізавалася ўся задума ў эпілогу паэмы.
Праца не наладжвалася доўга. Калі яна давала вынікі, Колас не мінаў выпадку кожны вечар парадавацца гэтаму ў дзённіку. А тут болып чым на тры месяцы (з 23 кастрычніка 1943 г.) усякія ўпамінанні аб «Адплаце» знікаюць з яго старонак. Толькі 2, 4 і 8 лютага 1944 года з’яўляюцца прыгадкі, горкія дакоры сабе: «Выбіўся з работы над паэмай. Трэба ж уцягнуцца». «Зараз жа трэба ўзяцца за работу».
Трэба сказаць, што нараканні на сябе былі не вельмі абгрунтаваныя. Калі супаставіць запіс ад 10 лютага «...прадоўжваў XVI раздзел...» з папярэднім, дзе гаворыцца аб працы над XIV раздзелам, няцяжка заўважыць: Колас не траціў марна часу. Але таго, што за тры месяцы перавёў на паперу ўсяго два раздзелы (XIV і XV), дараваць сабе не мог.
Ушчункі дапамаглі. На другія два раздзелы (XVI і XVII) спатрэбілася два тыдні, і 25 лютага Канстанцін Міхайлавіч мог пахваліцца: «Сёння прыступіў да ўступу да XVIII раздзела». I ўслед жа: «Пішу: “Над полем, дзе спелі жыты і пшаніца”».
3 27 лютага сляды работы над паэмай губляюцца. Прычына немалаважная — у Нова-Беліцы, ужо на роднай зямлі, збіраецца сесія Вярхоўнага Савета БССР!
Толькі 28 красавіка ўдалося занатаваць: «Дапісаў апошнюю страфу падраздзела XVIII».
Праз увесь май і чэрвень у запісах чаргуюцца дзве работы: над паэмай і над карчамі, прычым час ад часу перавага аддаецца выварочванню і пілаванню карчоў. 13 чэрвеня не без усмешкі запісана: «Сядзеў дома. Болей завіхаўся каля карча, чым каля паэмы. Напісаў усяго 12 радкоў».
3 гэтым іранічным запісам суседзіць яшчэ адзін, такі ж самы: «Работа не ідзе, праўда, не браўся».
Шчыра кажучы, цяжка было і ўзяцца. Салют грымеў за салютам, наша армія падыходзіла пад Мінск. Хацелася рвануцца ўслед, але прыходзілася цярпліва чакаць, без асаблівай ахвоты пісаць артыкулы, водгукі для перыёдыкі. А паэма карцела, была ўжо відна ўся, да апошняга радка.
«Ціхая раніца, свежая,— чытаем запіс 4 чэрвеня,— Перапісваў XIX раздзел, закончаны ўчора. Мяркую канец паэмы ўкласці ў адзін XX раздзел. У паэме перайду да Цімоха. У лесе мяркую правесці сустрэчу з Жыгуном. Хочацца прадпаслаць апошняму раздзелу ўводную часць. У ёй хацеў бы правесці думку, як народ ставіцца да здраднікаў. Нічога не прыпомню з народнай творчасці. Можа, самому прыдумаць казку-легенду аб асіне?»
Завяршэнне паэмы не магло не адцягнуцца. Поруч з гэтай рабілася яшчэ з дзясятак работ, і немаленькіх.
«Думаю пра верш,— размаўляе сам з сабою Колас,— які трэба напісаць з поваду мінскіх падзеяў. Пад Мінскам многа загубілі немцы народу. Калі ж канец кату Гітлеру!»
Перад вачыма ўставала пякельнае вогнішча Трасцянца, страшныя магільныя равы ў Масюкоўшчыне і Уруччы.
Гэта быў невыгойны боль народа. А калі балела народу, балела і яго першаму пісьменніку. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Як мага хутчэй! Як мага галасней! Калі трэба, можна адкласці ўбок і паэму.
А задума яе пачынае разрастацца...
«Сёння, што б там ні стала,— піша Канстанцін Міхайлавіч 10 верасня,— скончу XXI раздзел. Астанецца яшчэ два, a можа, тры. Хочацца давесці паэму да 24 раздзелаў».
Узяўшы сябе ў такія шорсткія рукавіцы, Колас набірае сур’ёзныя тэмпы пісання. 11 верасня перапісваў закончаны раздзел, дадаў яшчэ адну страфу.
12-га ўжо мог сцвярджаць: «Пачаў XXII раздзел паэмы. Напісаў сем строф і гэтулькі ж адпілаваў тоўстых калодак, памагала Маруся».
Але аптымістычны прагноз, зроблены назаўтра: «Дапісваюцца фінальныя радкі...», не спраўдзіўся. Толькі 16 лістапада, ужо ў Вузкім, з’яўляецца апошні запіс:
«Паэму скончыў. Засталося напісаць эпілог. Напісаў яго 9.ХІ... 12.XI чытаў адпачываючым урыўкі з паэмы. 14.XI напісаў верш “Вузкае”».
Так было заўсёды! Канчаў адну работу і, не даўшы сабе ні хвіліны спачынку, адразу ж за другую. Таму, што ў працы бачыў сэнс жыцця. Іначай навошта яно, не напоўненае радасцю ствараць, радасцю ведаць, што створанае прыдаецца і другому чалавеку на добрую карысць.
I вось тады, у няскончанасці ваенных падзей, не ступіўшы япічэ на родныя прыскі, не ведаючы, дзе і як будзе жыцца ў Мінску, пачынае Колас думаць пра новы твор. Заварушыўся клопат аб «Рыбаковай хаце», балазе захаваўся сшытак з пачаткам паэмы.
Зразумела, чаму агарнула яго такая рупасць. Прыгадвалася падабенства лёсаў сям’і героя і сваё ўласнае: яны хочуць яднання з усім народам. Даніла марыць сысціся пад адным дахам з савецкімі братамі. Колас насумаваўся ў змушаным расстанні з роднаю зямлёю, сніць і бачыць яе. Пара варочацца і весці з сабою героя.