Колас расказвае пра сябе
Максім Лужанін
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 429с.
Мінск 2019
Значыць, можна і трэба рызыкаваць! Быць смялей, напісаць аб тым, хто зараз, воляй часу і лёсу, бізуна і штыка, загнаны на самы спод жыцця і хоць прыроўнены ў правах і магчымасцях да жывёлы, але куды прыгажэйшы сэрцам, багацейшы парываннямі за ўсіх, каму, не праўдай, а толькі крыўдаю, удалося ўгібаць кіраўнічы кій і рассесціся зверху. Прыдушыць так, каб нішто, барані божа, не пусціла зялёнага парастка.
Пара такі праўдзе браць верх! Яна — у народзе. Значыць, пісаць пра народ і для народа.
На гэты раз намер выспеў канчаткова. Якім жа чынам ажыццявіць яго? Раней за ўсё авалодаць умельствам кантрасту, якое раскрыў вялікі настаўнік.
Велічна-супакойнае хараство прыроды — і панурае гібенне абяздоленага чалавека.
Шырачэзныя палеткі, неабсяжныя бары, паўнаводныя рэкі — да паслуг пана, князя, чорта, д’ябла, і неўрадлівы — з вераб’іны скок — загончык, мала шырэйшы за адвечны надзел на вясковых могілках — тры аршыны ў даўжыню, два ў глыбіню, гнілая сажалка, дзе ні напіцца, ні ўтапіцца, нарэшце — распараныя бярозавыя дубцы ў валасным праўленні — для задавалення мужыка, бедака, абадранца, бесхацінца.
Галодныя вочы дзіцяці — і хцівая ўчэпістасць тлустых шчэлепаў, якія, бачыш ты, не могуць есці іначай, як на залатым посудзе...
Навошта ж лічыць тыя кантрасты, калі іх безліч, глянь уважлівымі вачыма каля сябе і пішы! Дармо, што ў пачатковых спробах будзе адчувацца настаўнікава прысутнасць. Кожнае дзіця, становячыся на ногі, самастойна адольвае цяжкую навуку хады, хоць ужо існуе тысячагадовы вопыт чалавецтва перасоўвацца пешкі. Тут не выкруцішся: не зрабіўшы першага кроку, хадзіць не навучышся.
Некалі, яшчэ ў маленстве, на пісанне баек падштурхнуў Крылоў. I ў дзясятку вершаў, пазапісваных у сшыткі пазней, лёгка пазнаецца рука літаратурнага павадыра. А калі ты носіш у сабе толькі табою ўбачанае і пачутае, дык, напэўна, і будзеш гаварыць пра гэта па-свойму!
Хіба ж мала гаруе і радуецца ён, Костусь, запісваючы тужлівыя песні і апавяданні аднавяскоўцаў? Хіба ж не горкім жалем і смехам дыхаюць гаворкі блізкіх яму людзей? Хіба не бляднеюць іх твары ад гневу і лютасці, калі прыгадваюцца бясконцыя пакуты, калі пераліваецца глыбокая мера цярпення і прыгнечання?
Простыя людзі даўно ўжо размежавалі два светы: чужы — са збыткаваннем нажытага з уціску і гвалту багацця і свой — мужыцкі, бядачы, галодны і халодны. Яны гавораць стрымана, інакшсказальна: «Бог няроўна дзеліць». А колькі акіянаў
чалавечага гора закіпае ў гэтых словах, колькі сонцаў распаленай нянавісці гарыць у іх!
Значыць, не дашукацца праўды мужыку ні на зямлі, ні на небе! Начорта ж тады той Бог, калі ён, стварыўшы першага чалавека і даўшы яму ва ўладанне зямлю з усімі выгодамі, раптам не хоча дзяліць усё пораўні між ягонымі нашчадкамі! Што ж яны — зрабіліся горшыя? I калі адбыўся яго, Божы, падзел на горшых і лепшых? Ён, хто мусіць быць увасабленнем справядлівасці, не выконвае сваіх уласных запаветаў. Тады выходзіць, што Бог і ёсць найпершы крыўдзіцель чалавека.
Дык прэч такога Бога, бо ён толькі хітрая выдумка тых, хто прагне падперці сваю гвалтам узятую ўладу наказамі і ўстанаўленнямі сілы звышнатуральнай, якой быццам бы павінны падпарадкоўвацца ўсе і не пераступаць яе волі.
— 3 гэтым я і выйшаў да свядомага пісання,— кажа Канстанцін Міхайлавіч,— Так што пэўная пашана да семінарыі ў мяне ёсць. Хоць бы за тое, што здабылося насуперак яе клопату. Сеялася там пакора, а вырастаў бунт.
I далей успамінаецца яму...
Невядома адкуль, але не з бібліятэкі, трапіла ў інтэрнат і пайшла вандраваць з-пад адной падушкі пад другую зачытаная кніжачка. Лепш сказаць — сшытак, абгорнуты ў моцную сінюю паперу і змацаваны тоўстай суравою ніткаю. А ў ім — адбіткі з часопіса, асобныя артыкулы.
Таварыш шапнуў, перадаючы: «Не трымай навідавоку: Чарнышэўскі!» Прозвішча не растлумачыла, чаму трэба таіцца. Тады, таксама ўпошанкі, пераказалі біяграфію: рэдактар «Современннка», рэвалюцыянер, сядзеў у крэпасці, пасля амаль да канца жыцця гараваў недзе за светам, у Вілюйску.
Пачаў чытаць і збаяўся: не, не дабярэшся да сэнсу, не сягнеш у такую глыбіню! Паралелі з розных галін навукі, вандроўкі ў гісторыю чалавецтва і грамадскіх ладаў, нечаканыя параўнанні. Як зразумець іх, калі для гэтага трэба перавярнуць гару кніг, каб дазнацца, што з чым параўноўваецца. Да таго ж яшчэ імёны філосафаў, аб іх у семінарыі нават не чулі.
А гэты чалавек абыходзіцца з усім так вольна, здаецца — волат перастаўляе дзіцячыя пабудовы з карт, гаворыць лёгка і горача, быццам б’е ў яго з грудзей несутрымны струмень, і воку адкрыты яшчэ болыпыя скарбы. Ен стаіць дзесьці высока-высока, зірнуць на яго можна, добра задраўшы галаву і абавязкова прыжмурыўшыся, як на сонца.
Некаторыя выразы з кнігі хочацца запісаць. Гэтага, кажуць, рабіць не варта, лепш завучыць. I калі запомненыя мясціны па некалькі разоў паўтараліся самому сабе, супастаўляліся, расчытваліся глыбей, стала відно: іх злучае вострая, сліпучая, як пошуг маланкі сярод цёмнага лесу, думка.
Тут семінарыст неспадзявана адчуў, нібыта ў рукі пашчасціла залавіць меру для багата чаго: перш за ўсё для ўласных трывог і разваг, для напісанага ім самім і другімі, а найболып — для паднесенага яму ў выглядзе спрадвечных і непарушных ісцін.
Што ні прыкідалася на той аршын, усё ляцела потырч! Звышпатрыятычныя старонкі падручнікаў, ялейная філасофія «айцоў царквы», на што трывалыя, здавалася б, асновы праваслаўя і самаўладства, закрашаныя подліўкай веры і пададзеныя моладзі з абавязковым гарнірам вернападданніцтва праз дагодлівых пісак,— усё гэта рассыпалася на пацяруху ад першага ж дотыку магутнай крытычнай думкі.
Паглыбляйся ў яе, калі забракуе дасведчанасці, не стане сілы дадумацца самому, не знойдзецца спрактыкаванасці сабрацца з доказамі, абвергнуць недарэчнае, крыўднае, несправядлівае, супраць чаго абураецца пачуццё, але не можа раструшчыць жалезная логіка разважання. Насустрач табе заўсёды выйдзе, падтрымае і, калі трэба, пасвеціць на дарогу ясны розум вілюйскага выгнанніка з поўным патайнага значэння, абкружаным арэолам падзвіжніцтва і прыхаванай любві адных і адкрытага зневажання і здзеку другіх, яшчэ крыху страшнаватым, але ўсё болып і болып павабным іменем — рэвалюцыянер.
Менавіта так: пасвеціць на дарогу. Бо ён жа ўвесь час гукае на яе: ідзіце, праторвайце шырэй!
Гэтак думалася і адчувалася колішняму семінарысту.
Цяпер народны паэт успамінае аб сваім раннім душэўным узрушэнні, удзячны таму, хто клікнуў яго ў сваю дарогу.
— Неяк у Мінску,— кажа Канстанцін Міхайлавіч,— мне захацелася глянуць на тыя артыкулы Чарнышэўскага. Пачаў гартаць і забыўся, чаго шукаю. 3 тыдзень праседзеў чытаючы. Затое знайшоў цікавы ўрывачак. Там Чарнышэўскі адным сказам акрэсліў постаць Гогаля.
I адразу ж прыгадвае амаль слова ў слова:
«Ен сказаў нам, хто мы такія, чаго не хапае нам, да чаго павінны імкнуцца, чым грэбаваць і што любіць».
Пазней Колас у артыкуле пра Гогаля вернецца да многіх з выказаных толькі што думак. Зараз яны змяняюць адна другую, перапыняюцца развагамі аб ролі і значэнні настаўніцтва ў розным разуменні гэтага слова.
— Настаўнік не той, перад кім ты сядзіш на лаўцы або стаіш на каленях. Сапраўдны настаўнік уваходзіць у душу і ўжо не расстаецца з табою. He ведаеш, што рабіць,— папытай, а не спытаеш — ён усё роўна параіць, моўчкі.
Гэтак ён працягвае думаць пра вялікіх, каго звычайна па-руску называе, ужываючы стары націск, «учнтелн». Але Канстанцін Міхайлавіч не хоча такім чынам зневажаць тых, перад кім сядзеў на парце. Як ні кажы — настаўнікі! Якія б ні былі благія, з вымудрамі, няхай абдзеленыя жывым імкненнем да лепшага, заціснутыя службовымі абавязкамі, скалечаныя прагаю да рубля і кар’еры, але ўсё ж людзі. I нечаму ж, вольна ці не вольна, навучылі. Недзе ў глыбіні істоты ён ставіцца да іх лагодна, не з любасцю, вядома, як да Яські Базылёвых, а з пэўнай цеплынёй.
Іначай дзеля чаго б яму было цікавіцца лёсам сваіх семінарскіх выкладчыкаў у далейшым. А то ж ведае, што Меліяранскага, дырэктара, перавялі ў Магілёў, паставілі таксама дырэктарам, але над народнымі вучылішчамі. I праз гэта выпускнікі не шукалі пасад у Магілёўскай губерні, не хацелі быць пад тым самым вокам. Справа змянілася, калі Меліяранскі быў прызначаны начальнікам жаночай гімназіі ў Брэст.
Вось Лычкоўскі так увесь час і пратрымаўся ў Нясвіжы. Болей за стацкага саветніка не выслужыў, але атрымаў прыстойную пенсію і яшчэ адзін ордэн здаецца, Уладзіміра.
Старыя званні — калежскі асэсар, калежскі сакратар, стацкі саветнік — выклікаюць жартлівы каментарый:
— Саветнікі былі розных рангаў — тытулярныя, надворныя, стацкія, сапраўдныя, тайныя... У «свіныя галасы» — гэта пара на захадзе сонца, калі свіней гоняць з пашы і яны працяжна вішчаць і рохкаюць,— сядзелі мы, будучы семінарыстамі, у гумне аднаго з нашых хлопцаў. Я вызірнуў на вуліцу, убачыў статак і хацеў сказаць: ідуць надворныя свінкі, а вымавіў саветнікі. Ад таго часу, як пачую гэты тытул, забірае смех.
Раз у Пінску нейкі чыноўнік адрэкамендаваўся ў кампаніі: «Надворны саветнік такі і такі». Я не ўтрымаўся і запытаў: «А ў кормныя хутка трапіце?» Той прыняў усур’ёз: «Хіба, кажа, уведзена такая ступень?»
Хацеў я яму растлумачыць, што надворныя ў статку ходзяць, а кормныя ў катуху сядзяць, швайкі чакаюць. Спыніў сябе: бяды, думаю, не абярэшся.
Перад самай вайною ў нас гадаваўся ўласны «кормны саветнік», белы япручок. He так, каб на патрэбу трымалі. Мар’я Дзмітрыеўна і хлопцы мае любілі жывёлу, і мне хацелася, апрача сабакі, нешта жывое мець у дварэ.
Мінск ужо гарэў, мы збіраліся ад’язджаць. Паадчынялі ў доме вокны і дзверы — можа, людзям што спатрэбіцца, хай забяруць. Я хацеў сядаць у машыну, ды ўспомніў: яшчэ ж адна істота засталася — япрук. Выпусціў яго з хлеўчука. «Ідзі, кажу, белы, згарыш, а так недзе да гаспадара прыб’ешся».
Канстанцін Міхайлавіч змаўкае.
Цяжкая прыгадка павяла ўяўленне па дарогах вайны ў Ляўкі, дзе, сеўшы над Дняпром, думалі разам з Купалам адну бясконцую думу, як дапамагчы радзіме. Аб гэтым яны не раз гаварылі і пісалі ў Маскве, там і апошні раз абняліся.
Потым быў Ташкент, прыветны і гасцінны. He так і многа пражыў у ім , але як на нецярплівае сэрца — вякі!