Крушэнне на ростані
Васіль Якавенка
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 404с.
Мінск 2002
з асобна ўзятай Расіяй на чале... Асобую арыгінальную форму саюзнага дзяржаўнага быту... Або якуюнебудзь хуткую аднастайнасць: багата шуму, шмат мінутнай славы, многа крыку, шмат кубкаў іздравіц, а потым?.. Потым зліццё, змяшанне, аднастайнасць... а ў аднастайнасці гібельі»
У выпадку з Савецкім Саюзам да поўнага амярцвення дзяржаўнага арганізму не дайшло, бо верх узялі інстынкт самазахавання і нацыянальныя інтарэсы народаў, дакладней — нацый, «добраахвотна» аб’яднаных у вялікую і несакрушальную, здавалася, камуністычную імперыю.
Беларусь, як вядома, выйшла з саюза (дэнансавала яго), пра што частка насельніцтва ў нас моцна шкадуе. I я шкадую: шкадую, што ў тым саюзе браніраваны цягнік ішоў у напрамку, адваротным развіццю, паколькі штораз парушаліся законы функцыянавання грамадскіх супольнасцей і мільёны ні ў чым не павінных, пераважна найлепшых людзей былі фізічна знішчаны. Вынішчаліся асобна культуры... Шкадую, што скрозь на нашай зямлі гэтак не па-людску было. I таму не крыўдуйце на мяне... Той жа К. Лявонцьеў у сваёй працы «Сярэдні еўрапеец як ідэал...», разглядаючы фантастычны раман Э. Кабэ «Падарожжа ў Ікарыю», з вялікай перасцярогай паставіўся да ідэі будаўніцтва камуністычнага грамадства, як што ў Ікарыі бязбожным чынам парушаюцца прынцыпыразвіцця, «і гэта ўвачавідкі вядзе да хуткай выпрацоўкі нейкага агульнага сярэдняга пгыпу... Гэта значыць таксама да аднастайнасці. Звыш папярэдніх мер аднастайнага выхавання, аднастайных абставін, аднастайнага жыцця дзяржава ў Ікарыі ўжывае і строгія меры пакарання супраць усялякай антыкамуністычнай думкі. Да аднастайнасці, што навязваецца выхаваннем і падтрымліваецца ўсім ладам быту, яна яшчэ дадае пры-
мітыўны сродак усеагульнага страху». Выпадак, калі утопія французскага раманіста нейкім дзіўным чынам праз рэвалюцыйны пераварот ператварылася ў савецкую рэчаіснасць!
Расійская філасофская школа, між тым, абсалютна заслужана можа ганарыцца даследаваннем культурна-гістарычных тыпаў, спазнаннем законаў развіцця цывілізацыі, якія, на жаль, доўгі час ігнараваліся дый цяпер яшчэ не занялі свайго належнага месца ў галовах палітыкаў. Тут дарэчы прыгадаць імёны М. Данілеўскага, папярэдніка Лявонцьева, М. Бярдзяева, Л. Гумілеўскага. Іх працы, меркаванні шмат пра што гавораць культурнаму свету. Дадамо: як і імя Вільгельма фон Гумбальта. Гэта ён акрэсліў мэту чалавецтва як «развіццё разнастайнасці. Для гэтага, — пісаў ён, — неабходны: свабода і разнастайнасць становішчаў».
У кантэксте грамадскіх інтэрэсаў да развіцця цывілізацыі ляжаць таксама і працы Освальда Шпенглера «Згасанне Еўропы» і Энтамі Сміта «Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі».
Распавядаючы пра абуджэнне народаў і адстойванне імі нацыянальных каштоўнасцяў, сваёй гістарычнай і культурнай тоеснасці, Сміт яскрава даводзіць пра арганізацыйную стабільнасць нацыянальнай дзяржавы, пра моц і трываласць нацыянальнай ідэі. Між тым на працягу стагоддзя ліберальныя касмапаліты і ўтапісты марылі аб узаемазалежным свеце з адзінай шчыльнай цывілізацыяй і бесперашкодным перамяшчэнні па кантынентах. Марксісты таксама прадказвалі, што са шматлікіх культур капіталізм і сацыялізм створаць адзіную сусветную культуру і мову, адзіную літаратуру, якая знішчыць нацыянальную разнастайнасць і адкрые перспектыву далейшага развіцця цывілізацыі(?). У абодвух
выпадках, піша Э.Сміт, «аптымістычныя» прагнозы лібералаў паказалі сябе памылковымі. Hi урбанізацыя і індустрыялізацыя, ні масавая адукацыя не звялі нацыяналізм. Болып за тое, чытаючы кнігу англічаніна Сміта, я ўсё болып умацоўваўся ў думцы, што нацыяналізм як ідэалогія невынішчальны, а гэта ідэалогія самастойнасці, культурнай самавітасці, нітавання з каранямі, ідэалогія памкненняў, патрыятычных пачуццяў, самога духу народа. Сапраўды, нацыяналізм будзе невынішчальны, пакуль жывы і дбайны народ. I мне думаецца: нацыяналізм, пра які піша Сміт, — не што іншае як свайго рода імунітэт этнічнай супольнасці. А чаму б і не? Гэта здаровы і ахоўны дух народа і нацыі.
Таму, пакуль існуюць нацыянальныя дзяржавы, і не саступае сваё месца касмапалітызму нацыяналізм, процістаянне разбуральным тэндэнцыям глабалізацыі будзе забяспечана. Прынамсі, у гэта хочацца верыць.
Пэўна, нашы спасылкі на аўтарытэтныя імёны, a на Захадзе іх, безумоўна, ёсць і больш, яскрава сведчаць пра адмысловую навуковую базу, на якой грунтуецца Дэкларацыя ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці.
На адкрыццё сімпозіума выказаў згоду прыехаць Генеральны дырэктар ЮНЕСКА пан Кайчыра Мацууры.
У гэтай цікавай і своеасаблівай сітуацыі беларускаму боку, напэўна, зрабіла б гонар, каб нашы дзеячы падахвоціліся ды хоць трохі выправілі становішча з ужываннем, а перадусім вывучэннем тытульнай беларускай мовы, яе распаўсюджваннем у дзяржаве. Бо яна ў нас колькі год ужо на правах падчаркі, якую ўвогуле перасталі карміць. Варункі яе жыцця сёння ніколькі не лепшыя, чым у Рэчы Паспалітай, калі Вялікае Княства Літоўскае (Бела-
рускае) на правах суб’екта федэрацыі ўваходзіла ў гэту дзяржаву з 1569 года па канец XVIII стагоддзя і народ перажываў паланізацыю, або ў царскай Расіі з яе жорсткай палітыкай русіфікацыі насельніцтва і забароны роднай мовы (канец XVIII — пачатак XX стагоддзяў). He шанцавала нашай мове і ў дзяржаве — СССР, куды Беларусь дэ-юрэ ўваходзіла як суверэнная краіна, а фактычна была часткай той самай Ікарыі і цярпела ад сцірання сваіх духоўных і культурных граняў, традыцый, руйнавання гістарычных помнікаў. У 60-я гады многія беларускамоўныя школы дырэктывай ураду пераводзіліся на рускую мову. Пры гэтым ніхто не смеў пярэчыць выключна валюнтарысцкай задуме.
I зусім дрэнь справы з ужываннем беларускай мовы цяпер, калі палітыкі, жадаючы зрабіць як найлепей, прынялі закон аб дзвюх дзяржаўных мовах. Напэўна, па прычыне сваёй недасведчанасці, неабачлівасці, магчымай пракамуністычнай тэндэнцыйнасці. Яны практычна стварылі ўмовы для панавання ў дзяржаве адной мовы — рускай.
Нехта з іх думае, што мы нічога не страцім, калі памяняем мовы. Шчыра кажучы, аблудлівы погляд!.. Вялікі гуманіст і знаўца гэтага прадмета фон Гумбальт тым часам даводзіць: «Розныя мовы — гэта зусім не розныя абазначэнні адной і той жа рэчы, a рознае бачанне яе».
У мове, паводле Гумбальта, мы заўсёды знаходзім сплаў адвечнага моўнага характару з тым, што ўспрынята мовай ад характару яе носьбітаў, у цэлым — народа.
Для нашай беларускай сітуацыі, дзе адбываецца небывалае дагэтуль змешванне моўных стыхій, выцясненне беларускай мовы і культуры, насаджэнне сусветнай масавай культуры, здрабненне і спрошчанасць духоўнага жыцця пагражае стратай нацыя-
нальнага суверэнітэту і пагібелі дзяржавы чакаць застанецца не доўга. Як бы нас не суцяшалі бацькі зямлі беларускай, што ў нас створаны аднолькавыя ўмовы для функцыянавання роднай і суседняй вялікадзяржаўнай моў, а па беларушчыне на Беларусі гучыць памінальны звон, дарэчы, пры жывых яе носьбітах — 81 адсотку беларусаў у складзе ўсяго насельніцтва краіны. I, безумоўна, гэта наша ганьба.
Паводле таго ж фон Гумбальта, «не можа быць росквіту мовы, на якой гаворыць недастаткова вялікая колькасць людзей... Мова заўсёды прыпыняе сваё развіццё, як толькі нацыя ўвогуле перастае жыць дзейным унутраным жыццём у якасці масы, у якасці нацыі».
Слушна, і мы гэта на скуры сваёй адчуваем.
У святле ўсяго сказанага тут, папераджальна гучаць словы паэта, сучасніка К. Лявонцьева, выдатнага дзеяча беларускага адраджэння XIX стагоддзя Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
I, сапраўды, небяспека навісла смяротная і не толькі для маёй, скажам, нацыі, але і для ўсёй чалавечай супольнасці, бо нясе за сабою збядненне, спрошчанасць і ў канчатковым выніку спараджае прымітывізм душы, беспамятства, агрэсіўнасць, тэрарызм на пагібель сабе і іншым.
Дарэчы, тут бачыцца мне траякая псіхалагічная абумоўленасць тэрактаў, і на першае месца я паставіў бы адрыў чалавека і грамадства ад вытокаў культуры і спадчыны. Калі чалавек не стварыў і не цэніць свайго, ён не пашкадуе чужога. А з другога боку, калі хто зазнаў лучнасць са сваім блізкім, роднасным, жыве ім, а яго ў яго адымаюць, — з’яўляецца жаданне адпомсціць сваім крыўдзіцелям або ўсяму свету.
Нарэшце, усё больш дзейнай спружынай тэрарызму выступае сацыяльная няроўнасць і несправядлівасць, як што львіная доля нацыянальных багаццяў аказваецца ў руках кучкі лоўкіх і хіжых людзей — нуварышоў, мульціі квазібагацеяў.
3 уступленнем у новае палітычнае жыццё, пасля развалу СССР, бракуе шчырых паважлівых адносін да этнічных супольнасцей, іх тэрыторый, культур і ў шматнацыянальнай Расіі. Чачэнская вайна таму павінна разглядацца разам з прычынамі, якія ее спарадзілі. Паводле закона развіцця дзяржава стварае ўмовы для духоўнага і культурнага самавыяўлення нацыянальных меншасцей. А ліквідацыя этнічнай узорнасці, змяшанне і спрошчанасць, наркатызацыя і співанне, нарэшце, дэградацыя, паступовае выміранне, як і этнічнае замяшчэнне маргіналамі карэннага люду ў адзінай дзяржаунай супольнасці, нічога добрага ёй не варожыць. Нездарма ж у Дзяржаўнай думе ўжо распрацоўваецца закон аб рускім народзе.
3 нагоды глабалізацыі і інфармацыйнага выбуху ад сусветнай супольнасці патрабуюцца карэктныя, паважлівыя і прыхільныя адносіны да нацыянальных меншасцей, да малых і паняволеных народаў. Менавіта гэта прадугледжвае Дэкларацыя ЮНЕСКА аб разнастайнасці культур. Таму сёння, як і раней, суровым папярэджаннем для ўсіх дабраслаўных народаў і нацый павінны гучаць згаданыя вышэй словы беларуса Ф. Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы сваёй роднай, каб не ўмёрлі!»
Цывілізацыя застанецца на сваіх пазіцыях развіцця датуль, пакуль будзе жывая традыцыйная культура, якая ўзгадавала чалавецтва. Толькі ў такім разе дастане гонару кожнаму за сваіх продкаў, сваю культуру, зямлю, а дзеці нашы будуць расці грамадзянамі-патрыётамі сапраўднай, а не нейкай там прыдуманай Айчыны — Ікарыі. I тады, як слушна
зазначана ў Дэкларацыі ЮНЕСКА, стане магчымым «абмен паміж гэтымі самавітымі супольнасцямі і іх узаемнае абагачэнне». Прычым, ва ўмовах культурнай разнастайнасці «культурная своеасаблівасць кожнай з іх будзе мяняцца і рабіцца ўсё болей шматграннай ».