Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Але гэта абсурдна. Абсурдна, смешна і нават згубна сыходзіць з пазіцыі, што культура — гэта мастацтва, гэта збор мастацкіх твораў мінулага і сучаснасці; што мэта дзяржаўнай палітыкі — падтрымліваць мастацтва і спрыяць з’яўленню новых твораў. Стварэннем культуры як збору мастацкіх твораў могуць займацца спецыялісты, навучаныя, кваліфікаваныя людзі — прадстаўнікі розных кірункаў, арганізаваныя ў мастацкія суполкі, якія ўзначальвае, напрыклад, Томаш Слоўка або іншыя ідэалагічныя сакратары мастацтва і народнай культуры. Гэтая схема можа палепшыцца, дэмакратызавацца, мадыфікавацца, але яна назаўсёды застанецца абсурднай. Абсурдным будзе такі падыход: прадукаваць мастацтва,
у тым ліку і нацыянальную культуру будуць прафесіяналы, а гэта заўсёды толькі група творцаў, а астатнія, цэлы народ будзе толькі спажыўцом іх твораў або прадуктаў (праўда, разам з творамі запазычанымі ці перакладзенымі). Найбольш абсурднае вось што: народ — спажывец культуры. He творца, не суб’ект культуры, а спажывец, аб’ект дзяржаўнага або партыйнага клопату пра культуру.
Такім заданнем немаўляці ніякі народ і асобны чалавек не могуць быць задаволеныя ні пры якіх умовах. Загінуў бы праз недахоп руху, як калядны гусак, задушыўся б і дробным зярняткам, якім бы яго накарміў дзяржаўны творца. Пры такім разуменні культуры як мастацтва, як збору мастацкіх твораў — духоўных з мінулага і матэрыяльных з сучаснасці, страцілася адна істотная рэч:рэвалюцыя. Са свядомасці культуры зніклі грамадскія з’явы.
Культура — гэта свядомасць і сумленне чалавека і грамадства, родавага, племяннога, нацыянальнага ці агульначалавечага. Марксісты кажуць, што яна ёсць адлюстраваннем грамадскай свядомасці. У адпаведнасці з гэтай дэфініцыяй мы маглі б сказаць, што культура — гэта ўсвядомлены стан грамадства, узвышаны стан. Стан, які нясём у сабе і на сабе, як слімак нясе свой цяжар, як жанчына нясе на сабе сваю расфарбаваную скуру. Калі б культура як свядомасць ці сумленне грамадства з пэўных прычын крыху даўжэй засталася нерухомай, яна б заснула, перастала ўсведамляцца. А гэта значыць, што культура ёсць абноўлены, узрушаны, нязменна ўзрушаны стан свядомасці (слова «сумленне» ў нашай мове — гэта калька, літаральны царкоўна-славянскі пераклад лацінскага паняцця «conscientia», ад слова «ведаць», быць свядомым, свядомасць). На сённяшні дзень у «Хартыі правоў чалавека» зафіксавана самадэфініцыя: чалавек у адрозненні ад жывёл ёсць істотай, якая мае сумленне. Сумленне для чалавека і народа — агульная найвышэйшая інстанцыя, якую ён у сабе гадуе. Сумленне для яго відавочна больш высакароднае, мудрае і разумнае, чым свядомасць, чым ён сам. Сумленне для яго — трансцэдэнцыя, транспазіцыя, тое, што яго ўзвышае, тое, што тырчыць перад ім, як канец дышля перад возам. Усё ж не можа быць для нас прычынай непаразумення тое, як мы
сваю трансцэдэнцыю, свой канец дышля, што ўласнай энергіяй штурхаем наперад, называем. Апостал Павел звяртаўся да яе, як да Бога, сёння амерыканскі драматург А. Мілер у п’есе «Смерць коміваяжора» як да брата Джэка: «Што думаеш, Джэк» (хіба каму можа замінаць, што мы, пакаленне сірот, без бацькоў, якія загінулі ў першую ці другую вайну, называем яго: мама мая. Бачыце, мама мая, я дурны зрабіў тое і тое, а не варта было б). Я думаю, што чалавек і супольнасць, да якой ён належыць, не ўсведамляюць асноўныя пытанні сваёй экзістэнцыі як пытанні кшталту, што ёсць дабро, праўда, прыгажосць, справядлівасць, свабода, а ўяўляюць усё больш прыкладна, пачуццёва, па прынцыпу: цікавіць мяне гэта або не? Варта гэта таго або не? (гэта значыць: варта гэта кошту майго жыцця, майго намагання).
Калі гэта варта таго, чалавек кажа: «Мы жывём, жывём» (пахваліцца няма чым. А скардзіцца? Каму?). Калі ўжо гэта нічога не варта, калі гэта нас ужо не цікавіць, пачынаем шукаць індывідуальнае рашэнне, выйсце. Індывідуальнае выйсце з сітуацыі — гэта антыграмадскія дзеянні: злачынства, забойства, самагубства. Грамадскае выйсце — бунт, паўстанне, вайна, рэвалюцыя.
Самымі цудоўнымі культурнымі дзеяннямі людзей ёсць паўстанне і рэвалюцыя. Паўстанне і рэвалюцыя — найвышэйшыя культурныя творы, спосаб выяўлення культур, класаў і нацый, канфлікту народаў. Рэвалюцыі, бунты, паўстанні належаць да грамадскай або агульначалавечай культуры. Характарам свайго выяўлення, аднамомантнага, аднахвіліннага, працэсуальнага яны належаць да адзінкавых непаўторных з’яў, як тэатральныя пастаноўкі. Спектаклі, у якіх няма гледачоў або статыстаў, у якіх усе прысутныя становяцца ўдзельнікамі: акцёрамі, дзеючымі асобамі. У паўстаннях і рэвалюцыях, у гэтых адзінкавых тэатральных пастаноўках усе ўдзельнікі выканалі сваё заданне, у дадзены момант рэалізаваліся коштам жыцця. Гэтыя вяршынныя справы чалавецтва паглынуў час, практычна не пакінуўшы рэшткаў. 3 апошніх захаваліся толькі сведчанні, найчасцей не непасрэдныя, а адлюстраваныя ў творах з больш трывалых матэрыялаў такіх, як голас, рух, розум, папірус ці воск.
Гісторык мінуўшчыны, як і гісторык сучаснасці павінны ўсвядоміць, што нязменна маюць справу з трэскамі, з рэшткамі чалавечых культур. Знаходзяцца перад рачулкай, якой працякло жыццё. Ад некаторых культур не захавалася нават гэтая рачулка. Нават попельніца. Бо матэрыялам іх выяўлення была, як я ўжо казаў, скура, трава, гліна. Некаторыя культуры выяўляліся толькі рухам, словам, жэстам, абрадам. Яшчэ Г. Ю. Цэзар падчас сваіх заваёўніцкіх паходаў сутыкнуўся з плямёнамі, якія называюцца «інкульці», у іх няма набажэнстваў і культуры. У гэтых плямёнаў чужаніца і асабліва заваёўнік не мог бачыць нічога, што іх аб’ядноўвае, г. зн. што складае іх культуру, нічога з таго, што сёння мы назвалі б матэрыяльнай або духоўнай культурай.
У адпаведнасці з матэрыялам,уякім захаваліся пэўныя культуры, кажам пра попельніцавыя культуры. Культуры паўднёваамерыканскіх плямён, якія апісвае Леві-Строс, мы маглі б назваць травянымі культурамі. У пэўным, дастаткова палемічным сэнсе можна сказаць, што нашая народная культура — культура драўляная. 3 травяной, як і з драўлянай культуры нічога не захоўваецца.
3 драўлянай культуры славацкага люду, уласна так, як і з кожнай, як і з егіпецкай культуры пірамід, застануцца нам толькі рэшткі.
На аснове таго, што нам з культур захавалася, будзем меркаваць, што ўвогуле ёсць сэнсам творчасці. Бачыцца нам, што сэнс жыцця ў тым, каб вытрымаць, застацца чымсьці бессмяротным, увекавечыць сябе, свайго ўладара. Творы, якія мы выграбалі з зямлі, рэшткі культуры, якія праўдамі і няпраўдамі захаваліся, мы лічым мастацтвам. Сэнсам жыцця асобы і народа ёсць тое, што дапаможа яму вытрымаць, што зробіць яго бессмяротным суб’ектам гісторыі. Культуру абмяжоўваем мастацтвам, творамі ўяўнай і трывалай каштоўнасці. Гэта мастацтва. Вытворцы нашай бессмяротнасці — мастакі, архітэктары і скульптары, геніяльныя паэты.
Але гэта аспект фараонаў і падобных ім уладароў з паслугачамі.
Для падданага сэнсам жыцця ёсць не вечнасць, а хвіліна. Хвіліна спакою, асалоды, узнёсласці. Толькі багач і ўладар хоча ўвекавечыцца, выкарыстоўваючы людзей
і матэрыялы, хоча, каб яго муміфікавалі і ўшанавалі пірамідай, курганам ці партрэтам, адлюстравалі яго ў граніце, у залатой масцы.
Выяўленая этнолагамі тоеснасць культуры і супольнасцяў прымітыўных народаўтычыцца і сучасных нацый. I нашай таксама.
Усё, у чым народ выяўляецца, складае яго культуру, слоўную, выяўленчую, грамадскую. Усе яго творы належаць не толькі мастацтву — гэта пытанне крытэрыяў, — але і культуры.
Скажаце: уласна нічога не сказаў, апісаў, як фігурыст, адзін піруэт, адну таўталогію, адно слова замяніў іншым. Сказаў толькі тое, што калі жыццё народа тоеснае культуры, то ўсе жыццёвыя праявы грамадства належаць да адной прасторы, г. зн. да жыцця. Так і ёсць.
Тады што мяне хвалюе? Культура. Усведамленне яе вытокаў, яе функцыі. Адно слова замяніць іншым — нібы перакласці бервяно з аднаго пляча, якое ўжо вам баліць, на другое. Але не бессэнсоўна.
Павучанне з перакладання бервяна з аднаго пляча на другое такое: народ не жыве дзеля мастацтва (не ведаю, ці маглі б гэта сказаць пра сябе вядомыя паэты і мастакі). Але можна сказаць, што народ, жывучы, гэта значыць выяўляючыся, стварае штосьці, што называецца мастацтвам, творчасцю.
Мужчына павінны мець жанчыну, каб быць мужчынам. Скрыпач — скрыпку, акцёр — гледачоў. Народ павінны мець магчымасць выявіцца, каб было жаданне ўвогуле штосьці рабіць.
Гэты народ, які ў найскладанейшых умовах пакрыў сваю краіну пластом выразнай культуры, у наш новы перыяд, перыяд сацыялізму перастаў ствараць, рэалізоўваць свае жаданні, свае густы. Яго новыя вёскі, новыя могільнікі схематычныя, на адзін капыл, без духу, без парадку. Каму ўвогуле прыйшло на розум параўноўваць дамы культуры, якія сям-там мы пабудавалі, са старажытнымі вясковымі касцёламі? Дзе народ збіраецца па ўласным жаданні, з уласнай патрэбы? Ужо хіба што толькі ў карчме. Так, гэты народ мы вызвалілі ад усяго: ад лясоў, ад глебы і адказнасці. Замест Бога і святых на нябёсах асталяваліся «тыя, там наверсе». Яны ўсё і за
ўсіх могуць, я нічога, я музыка. Палітыка — панская забава. Цяперашні стан нашмат горшы, чым ранейшы. Бясконцыя крыўда і хлусня. Культура для нас — гэта стасункі. Размова. Паразуменне. Сукупнасць дзеянняў. Народная актыўнасць, сукупнасць усіх яго выяўленняў. Калі выяўляемся словамі, кажам пра слоўную культуру. Калі выяўляемся ў арганізацыі дзяржавы, прасторы, будаўнічымі матэрыяламі, расфарбаванай скурай, адзеннем, кажам пра выяўленчую культуру.
Слоўная ці выяўленчая культура ёсць для нас толькі той ці іншай старонкай народнай культуры. Таксама варта казаць і пра музычную старонку. Галіной народнай культуры ёсць культура аб’яднання, грамадская культура. Яе асноўная праява — сход вёскі і грамадства каля полымя, пазней — у архітэктурнай прасторы храмаў на набажэнстве, сёння — у прасторы, створанай тэхнічнымі сродкамі, каля радыё або тэлевізара. Або сход на Брадло67, напрыклад, каля твора Юрковіча68 на ўзвышшы.
Велічнае мастацтва, але вечна зялёным ёсць дрэва жыцця.
А гэта — мая драбніца, якую я прыношу ў гэтыя лёсавызначальныя дні на млын. Калі ласка, звярніце на яе ўвагу.