Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Адказныя асобы выкажуцца?
Грамадзяне павінныя ведаць, ці маюць будучыя міністры і сакратары інтэлектуальнае і маральнае права кіраваць культурай. Або будуць яе толькі накіроўваць?
Культура — гэта сродак зносін, выяўлення, спосаб прадэманстраваць стаўленне аднаго чалавека да іншага, адной нацыі — да іншай нацыі. Культура — гэта спосаб адлюстравання таго, што ўшаноўваем, кім хочам быць, што хочам, каб ушаноўвалі нашыя нашчадкі. Афіцыйна культура ў нашай краіне сышла да культу асобы найгеніяльнейшага правадыра гісторыі, пазней — да культу вызваліцеля, літаральна — да культу ўлады.
Нацыянальная культура ў нашай краіне, калі мы хочам жыць, як кроўныя браты, або хаця б як добра выхаваныя людзі, будзе і павінная быць узаемным ушанаваннем у свабодзе і праўдзе з усведамленнем нашага грамадскага лёсу.
Прыватныя лісты Суполкі Мікулаша Галанды, 1968
Размовы пра культуру I
Спярша я хацеў бы сказаць, хто ёсць чалавек, што ёсць чалавечая сутнасць, чалавечая экзістэнцыя, нейкім чынам дэфінаваць гэтыя паняткі. Але як?
Аднойчы, збіраючыся ў Парыж, я набыў сабе танныя макасіны з гумовай пілавіднай падэшвай. Самі ведаеце, прайсці кожны дзень дзясяткі кіламетраў брукаванак і галерэй патрабуе ад ног пэўнай вытрымкі. Кожны дзень яны пераносяць такое напружанне, нібыта вы штодня ўздымаецеся на Крывань77. Толькі ўявіце сабе, што гэта за выпрабаванне: душу маеце яшчэ свежую, але ногі ўжо не вытрымліваюць, гараць у вас падэшвы. А мне мой танны, лёгкі, як пух, абутак быў замест крылаў, увогуле не адчуваў іх на нагах. Разуваючыся ўвечары, абуваючыся ранкам, гаварыў сам сабе: «Ох, вы мае макасіны», — і смяяўся, што былі (тады) такія танныя (цяпер кажу: чым столькі гаварыць пра дзяржаўнасць, лепш бы вы зрабілі штосьці падобнае: што чалавек не адчувае, але яму ў гэтым зручна). Свае лёгкія тапкі я ўжо даўно парваў і выкінуў, але гэтае адчуванне тыдня ў Парыжы, якое з імі звязана, засталося назаўсёды.
Ёсць у мяне скульптура Паля Тотга78: гэта дзяўчына, выразаная з дрэва, грудзямі схіленая да кален; абапёршыся на іх лакцямі, два свае прыгожыя сонцы прыціскае да сцёгнаў. Гэтая скульптура стаіць у мяне на ложку. Уначы ці раніцай, калі рассцілаю пасцель або калі прыбіраюся ў сваім бярлозе, перамяшчаю яе на пісьмовы стол, а потым назад. I заўсёды думаю пра Паля Тотга, яго твор, пра два сонцы, пра скульптуру і скулыітараў, якіх памятаю.
Калісьці Паль Тотг мне сказаў: калі табе так яна падабаецца, вазьмі сабе. Гэта падарунак. У сувязі з гэтым падарункам з’яўляецца нагода разважаць пра падарункі ўвогуле, пра людзей, якія ўмеюць і маюць што падараваць, пра падарункі з любоўю. Напрыклад, марцінскі музей
77 Крывань — горнае ўзвышша ў заходняй частцы Высокіх Татраў (2494 м).
7S Павол Тотг, Pavol T6th (1928—1988) — славацкі скульптар, мастак, графік, належаў да суполкі «галандоўцаў».
запоўнены падарункамі з любоўю, якія сюды з любоўю прынесеныя і з любоўю захоўваюцца. Калісьці, яшчэ не так даўно, калі вясковы юнак хацеў прызнацца ў каханні сваёй абранніцы, паказаць ёй, што яна такая адзіная, ён выразаў для яе калаўрот, каб заўсёды думала пра яго, пачынаючы ткаць. Яна, яго абранніца, як жанчына была яшчэ болып далікатная: дарыла яму вышываную кашулю, пра якую не раз спявала ў народнай песні. Калі ласка, толькі задумайцеся, што значыць такі падарунак, гэта вам не так як пярсцёнак — толькі на пальцы носіце, гэта вы носіце на ўсім целе, грудзях, душы!
Дар, у якім змесціцеся і вы, і вашая жонка, і вашыя дзеці, — гэта хата, хай сабе і звычайная драўляная.
Існуе дар, які мы прынялі, у якім змесціцца цэлае паселішча, усе жывыя і нашыя памерлыя бацькі і дзяды, — гэта святыні, акружаныя могільнікамі. Існуе вёска, якую мы падзялілі як дар. Гэта і населеная архітэктурная і ўрбаністычная прастора. Існуе краіна, у якой сабраны ўвесь народ, які носім на целе і душы, як вышываную кашулю. А краіна, як і вёска, — гэта твор чалавечых рук, у тым ліку і нашых, які архітэктары і ўрбаністы называюць матэрыяльнай прасторай, які ўжо даўно не ёсць, а, магчыма, ніколі і не быў прыродай, які размаўляе з намі сваімі чалавечымі якасцямі, наяўнасцю чалавека і мінулага, і мы яму адказваем, вядзем з ім размову. 3 творамі рук чалавечых: ці гэта скульптура, ці храм, ці калаўрот, кашуля ці абутак — размаўляем як з чалавечымі сутнасцямі, як з людзьмі, хоць гэта і называюць архітэктары матэрыяльнай прасторай. Гэта стварае чалавек. Чалавек прыходзіць у гэты свет, нараджаецца, яднаецца не толькі з прыродой, але і з культурай. Сёння ўжо, відавочна, ні пустыні, ні джунглі, ні гушчары не ўспрымаюцца як прырода. Культура паляўнічая, варварская, падданская, прымітыўная культура — гэта сённяшняе жыццё, з якога нават пры жаданні немагчыма вызваліцца, вылецець, нібы камень.
Хацеў весці гаворку пра выяўленчае мастацтва, але мушу казаць пра ўсе віды творчасці чалавека. Калі дазволіце мне ўжываць у гэтым кантэксце слова «зносіны», скажу, што творамі чалавечых рук, мастацкімі ці немастацкімі, мы аднолькава ўступаем у зносіны.
Кантактуем з імі непасрэдна, думаем пра сваё, яны прыносяць нам супакой.
Кожны твор мае сувязь з чалавекам. Чалавек, той другі, яго ўжывае, рэагуе на яго, цешыцца з яго або яго адкідвае — пэўным чынам ставіцца да яго. Гэтую ўзаемасувязь, узнаўляльную сувязь з акаляючымі творамі чалавечых рук, з іх творцамі, вытворцамі і карыстальнікамі я называю зносінамі. Хоць часам здаецца, што гаворка ідзе толькі пра абмен грашыма або рэчамі, пра ўжыванне, выкарыстанне, спажыванне і нават канібальскае паглынанне, знішчэнне.
Чалавек у сваім горы ці велічы, у сваім веданні ці няведанні бесклапотна плавае, нібы рыба ў чыстай вадзе. Большая рыба палюе на меншую, але сама сябе яшчэ пакуль не злавіла. Чалавек таксама яшчэ не прыйшоў да нейкай самадэфініцыі. А хуткаплынную вадзіцу, тое асяроддзе, дзе чалавек плавае, спажывае і сам з’яўляецца ежай для кагосьці, нам таксама складана зразумець, бо чалавек не ёсць земнаводным, якое можа жыць і ў вадзе і на зямлі. Рыба не можа сказаць нават тое, што паветра не вада, бо на паветры хутка задыхаецца.
Чалавек жа ў адрозненні ад жывёльнага свету ўсведамляе, што плавае, есць і сам з’яўляецца ежай у чалавечым асяроддзі. Гэтае чалавечае, наджывёльнае штучнае асяроддзе і ёсць культура.
I калі гаворка ідзе пра чалавека, мы маем на ўвазе і сябе, прадстаўніка нейкай супольнасці, якая займае пэўнае становішча. Я жыву ў гэтай краіне, якая ўсведамляе сваё становішча ў адносінах да тых іншых краін. Адпаведна я прыходжу да разумення, што чалавек — гэта значыць грамадзянін, прадстаўнік супольнасці. Я асабіста і маё асяроддзе, у якім я існую, усведамляем сваё становішча.
Мацічныя чытанні, 1969
Размовы пра кульутру II
Абяцаны, запланаваны дабрабыт, высокі жыццёвы ўзровень не рэалізаваліся. Багацце, улада, слава, тое, што ўсе разумеюць як мэту жыцця, нам, грамадзянам гэтай рэспублікі, не пагражае. Калі б усё пералічанае было сэнсам існавання, нашае жыццё, жыццё тых, хто зведаў дзве сусветныя вайны і двойчы быў вызвалены, так і не атрымаўшы багацця і ўлады, не адчуўшы шчасця і свабоды, засталося б марным, бессэнсоўным. Можам, калі хочам, супакойваць сябе тым, што ўсё ж нешта пасля нас застанецца. Але што? Некалькі бяздушных манументаў, якія мы паставілі ў гонар іншых? Некалькі паселішчаў?
Гісторыю выкладаем прычынна, інтэнцыянальна, утылітарна. Як у дэтэктыўным рамане, усё высвятляем з канца, дадаткова. Пасля некаторых выбітных, выключна таленавітых, моцных, багатых асоб застаюцца скульптуры, апрацаваны камень, будынкі, кнігі, выказванні, імёны, дакументы. 3 гэтага такая выснова: чалавек жыве для таго, каб штосьці пакінуць пасля сябе: скульптуры, апрацаваны камень, будынкі, кнігі, выказванні ці хаця б імя. Таму што камень, будынкі, кнігі, імёны перажываюць усё, падабаюцца нам, успрымаюцца намі як штосьці бессмяротнае. 3 гэтага фарміруем філасофію, асабістую, нацыянальную, філасофію гісторыі. Напрыклад: адзінай агульнай марай чалавецтва ёсць вечнае жыццё. Чалавек апрацоўваў камень, ствараў скульптуры, пісаў кнігі, будаваў, намагаючыся быць бессмяротным.
Андрэ Малраукс, філосаф і міністр культуры, сказаў, што культура сучаснасці ў адрозненні ад усіх рэлігійных культур мінулага, не звязана з верай. У культуры, а г. зн. і ў свядомасці людзей, фарміруецца тое, што ёсць мэтай, сэнсам, зместам жыцця. А адсюль натуральна паходзіць і тое, што нерэлігійная культура сучаснасці мэту, сэнс жыцця не суадносіць з метафізічнымі сферамі, не звязвае яго ні з пасмяротным існаваннем, ні з будучым, ні са створанымі ідэаламі, боствамі, нашчадкамі. Сучасны чалавек, незалежна ад таго, вернік ён ці не, штодня імкнецца да рэалізацыі сваіх мар, сваіх чаканняў, імкнецца да сатысфакцыі, калі змагаецца за свой надзённы хлеб ці
павышэнне свайго жыццёвага ўзроўню. Гэтая ўпартасць няўхільна паскарае развіццё. Але што ёсць гэтая сатысфакцыя, да якой так зацята імкнецца чалавек?
Сатысфакцыя для галоднага — гэта насычэнне, для сасмяглага — вада, для замерзлага — цёплае адзенне, цёплая хата, агонь; для засмучанага — суцяшэнне. Але з чалавекам, чым далей, тым усё больш заблытана, складана і прасцей не будзе. Калі і чаго бывае чалавеку дастаткова? Ніколі і нічога, ён не ведае ніякіх межаў.
Чалавек, памятаючы свой вечны голад, назапашвае ежу. Але апетыт расце падчас абеду. 3 багаццем ежы чалавек становіцца пераборлівым, гурманам. Наталяючы сваю смагу, вынаходзіць алкагольныя напоі, ператвараючыся ў п’яніцу. Задавальняючы свае сэксуальныя патрэбы ў свабодных групавых шлюбах, сканцэнтраваўся на адной, узрасціў каханне, адкрыў асаблівасці кахання і вычварэнства. 3 неабходнасці апранацца вынайшаў моду, то распранаецца, то апранаецца. Так выпрацоўвае ўсе сферы, інстынкты: маёмасныя, паляўнічыя, забойчыя. 3 усведамлення родавай прыналежнасці і з неабходнасці процістаяць людажэрству, узрасціўу сабе штосьці кшталту сумлення.
Праз голад цела, рота, вачэй, слыху прыйшоў і голад душы, інтэлекту, сумлення. Кажам пра голад душы. He ў спакоі душа мая, пакуль не спачынае ў табе, Божа, — кажа рэлігійны філосаф.
Згодна з класічнай літаратурай, на якую стала спасылаемся, праз неспакой і спустошанасць душы цярпелі адзінкі, рэлігійныя філосафы, паэты, пазней — стомленыя, перанасычаныя дабрабытам класы, як ужо мы згадвалі. Сёння праз гэта церпіць усё грамадства спажыўцоў, пераважна адукаваная моладзь. Сёння гэта ўжо масавае адчуванне спустошанасці. Гэта багатая або досыць добра апранутая і накормленая пустэча, пустэча пасля працоўнага часу, у вольныя суботы, выходныя, падчас апачынку і больш за тое, увесь працоўны і асабісты час, пустэча, якую адчувае асобны чалавек і цэлае пакаленне. Аналіз гэтага стану пацвярджае, што пусты страўнік нашмат лягчэй запоўніць, чым выправіць спустошанасць інтэлекту, жыццёвага пачуцця, свядомасці і сумлення.