Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Напрыклад, напісаць крэйдай: тут стаіць ваш помнік, героі Славацкага нацыянальнага паўстання — і пакласці кветкі. Гэта быў бы першы крок да ўшанавання. Калі хочаце, ініцыятыва, штуршок. 1 за гэты ўчынак паліцыя, відавочна, не затрымала б, не пакарала б за засмечванне ходнікаў.
Народ, які не ўмее належным чынам сябе шанаваць, яшчэ не заслужыў пашаны з боку іншых. Свабодны ці вызвалены, народ яшчэ не ёсць свабодны. Толькі імкнецца ім стаць. Бо яшчэ гэтага не прадэманстраваў.
Калі я як прыватная асоба або як народ сапраўды хачу кагосьці ўшанаваць, і знешне, і ў сваіх думках, то ўзнясу яго вышэй за ўсё. Прапаную яму самае лепшае з таго, што маю. Калі ў маім склепе будуць боскія напоі, то не буду яму прапаноўваць з салодкай усмешкай: «Можа сыраваткі вып’ем? Ёсць сыраватка, вось толькі мы яе зрабілі». Нават дзеля сябе, каб не выглядаць двудушным або сквапным перад сабой.
Нашыя халуйскія ўладары не з героямі нацыянальнага паўстання, а з нашай народнай годнасцю гулялі. Народ можа ўшанаваць Ёзэфа Міласлава Гурбана з нагоды 150 угодак, але толькі знешне. Знешне гэта можа выглядаць нібы народнае свята, але навату сталіцы толькі раённага маштабу — у малым зачыненым клубе. Або зловім адразу двух зайцаў: на месца помніка генералу Штэфаніку паставім помнік Штуру: у нацыяналістаў будзе Штур, а генералу варожай краіны знойдзем сталае месца.
А помнікі нацыянальнага паўстання? Тыя з іх, якія, нам на сорам, маюць недахопы, выглядаюць не памастацку. А наогул усе яны, пакуль у сталіцы на самым пачэсным месцы не ўсталяваны помнік народнаму паўстанню, у літаральным ці пераносным сэнсе знаходзяцца на перыферыі,
Помнік народным героям не можа стаяць ні на перыферыі горада, ні на перыферыі народа. Ён павінны стаяць на галоўнай плошчы або на найпрыгажэйшым узвышшы. Павінны быць цэнтрам або дамінантай. Помнік героям на перыферыі горада або народа, нават калі зробіце яго з найкаштоўнейшых матэрыялаў, паводле сэнсу і эстэтыкі так і застанецца нявартым кампрамісам, сведчаннем неразумення, баязлівасці. Калі гэта не станецца знявагай, дык заўсёды будзе выклікаць непаразуменне: чаму стаіць менавіта тут, а не там. У гэтых адносінах людская псіхалогія, выхаванае стагоддзямі і культурамі пачуццё вас не пакіне. Штосьці напалову вас не задаволіць. Тым болып тое, што заклікана ўзвысіць вас у пашане і спачуванні да чалавечага лёсу.
Помнік «Перамога» Трызуляка82 на Славіне пахавалі ў вышыні літаральна так, як калісьці пахавалі творы егіпецкіх скульптараў у змрочных магільнях. Але гэта было яму на карысць. Пераможца меў пад нагой свастыку, згодна з жаданнем, так бы мовіць, інвестара. Гэта на вышыні і дзякуючы вышыні страцілася. Страціўся псіхалагічны выраз аблічча, шматлікія, амаль усе падрабязнасці. Застаўся толькі сілуэт, сукупнасць сілуэтаў (з усіх бакоў). На такой вышыні страчваецца псіхалагічны
82 Аляксандар Трызуляк, Alexander Trizuljak (1921 — 1990) — славацкі скульптар, педагог, мастацтвазнаўца.
і часава адметны рэалізм гэтага перыяду. Але дзякуючы скульптару сілуэт застаўся красамоўным, змястоўным. Чалавек, гледзячы знізу, можа ўспрымаць яго наступным чынам: гэты вайсковец стаіць вельмі высока, размахаўся, радуецца. Mae сцяг, мае нейкую чалавечую, дзяржаўную, палітычную місію. Троху заблытаўся ў сцягу: відавочна перашкаджаў яму ўздымацца на гэтую вышыню. Невядома, было гэта прадугледжана аўтарскай задумай ці атрымалася выпадкова. Над сабой, троху нават перад сабой мае бліскучую кропку (пазалочаную). У поўным нерэалістычным аб’ёме сваёй чалавечай свядомасці (і гістарычнай місіі) вайсковец павінны быў мець гэтую светлую кропку не столькі над сабой, як перад сабой, павінны быў яе дасягаць той размахнутай рукой (таму што перамога заўсёды знікае і заўсёды яе трэба падмацоўваць наступнай перамогай). Калі скульптура або яе макет стаяў на зямлі, а зацвярджальнай камісіі або інвестару не падабаўся гэты жэст, аўтар мог абараняць свой твор, сцвярджаючы, што кветкі належаць штандару (збоку мы ўсе разумныя, але паколькі наш досвед непаўторны, тым больш у выпадку скульптуры стагоддзя, такая заўвага наўрад ці будзе слушнай). Калі б гэты жэст вайскоўца быў не такі размашысты, а болып скіраваны наперад, выглядала б гэта менш узнёсла, велічна, але больш увагі было б сканцэнтравана менавіта на акце ўсталявання сцяга перамогі над Рэйхстагам, было б больш выразна, больш дзейсна, значна.
II.
У працэсе мыслення, спецыфіку якога я акрэсліў у сувязі з першабытнымі культурамі, прыдумалі мы пра сябе, сваё мінулае, сваю культуру смешную, сентыментальную легенду:
На працягу тысячагоддзяў наш народ толькі цярпеў. Або ў новым варыянце: наш народ быў у бязлітаснай класавай барацьбе. I мусіў прыйсці вызваліцель, які і прыйшоў, пастфактум. Быў створаны досыць апраўданы вобраз нацыянальнай гісторыі, намаляваны ў чорных фарбах, каб заззяў прамень святла і асвяціў нашую
цемру. Уся гісторыя канструявалася як Адвэнт. Чакалі прыйсце выратавальніка. Гэтым выратавальнікам ёсць вызваліцель, новая эпоха, мы, што пачынаем будаваць новую, ад падмурка новую дэмакратыю. Бо ўсю гісторыю мы былі пад чужым ціскам, бараніліся. Нашая культура ёсць такая і такая, пераважна бедная. Наш нацыянальны абавязак — даць сябе вызваліць. Даць сябе вызваліць і даганяць. Шматтвораўу нашай нацыянальнай культуры ўзнікла з патрэбы кагосьці даганяць.
Культура мінулых стагоддзяў — гэта заўсёды трэскі, адзінкі, якія застаюцца на беразе мора пасля адліву. Мы, дарэчы, гэтага мора не бачым. Сваё нацыянальнае мінулае мы бачылі праз гісторыю літаратуры. I мы скардзіліся, калі стагоддзі жыцця і культуры звужаліся толькі да набажэнскіх трактатаў. Нацыянальную культуру як цэлае мы не бачылі.
Каля ўніверсітэта аднаго з гарадоў гэтай рэспублікі кулямёт забіў дзяўчыну па імені Дана.
На гэты факт, рэалію, на горад, паліты крывёй дзяўчыны, жыхары рэагавалі і рэагуюць па-рознаму. Відавочна, і будуць рэагаваць. Гэтае месца застанецца эмацыянальнай кропкай у памяці, у галаве двух ці трох пакаленняў аднаго стагоддзя.
Адзін юнак выбіў на слупе ўніверсітэта імя. Другі гэтае месца падмаляваў крэйдай. Іншыя, як магілу, абклалі цэглай. Група юнакоў на гэтым месцы аб’явіла і трымала галадоўку, іншыя нясуць кветкі. Людзі, якія праходзяць побач, аголяць галовы, спыняцца, перарвуць размову, пастаяць. Паэты напісалі вершы, іншыя гэтыя вершы прачыталі перад усім горадам. Жыхары прыйшлі правесці Дану ў апошні шлях. Ксёндз асвяціў зямлю, выканаў пахавальны абрад. Хтосьці сказаў прамову. Усе былі расчуленыя, аплаквалі дзяўчыну: чаму, навошта было так бэссэнсоўна перарываць маладое жыццё. Але можаце сабе ўявіць, што людзі на зваротным шляху з могілак спыняліся ў карчме і пілі на пашану памерлай. I настолькі яе аплаквалі, што ажно раз’юшыліся, адным словам, нагадвала гэта стражытныя праславянскія хаўтуры.
Таксама можам сабе ўявіць, што на ўгодкі хтосьці арганізуе трызну, замовіць пахавальную імшу, памятную вечарыну з ускладаннем кветак, з нейкім рытуалам,
з адкрыццём манумента ў выглядзе каменя, мура, надпіса або без ніякага пазначэння месца (пазначэнне будзе толькі ў памяці).
А можам сабе ўявіць і такую рэч: настаўніца разам са сваімі вучнямі прыедзе на экскурсію ў горад. Праходзячы побач з універсітэтам, папярэдзіць вучняў, каб сюды не ступалі. Дзеці спытаюцца, чаму. I настаўніца будзе ім расказваць.
Усё вышэй згаданае, што адлюстроўвае рэакцыю чалавека на сваё становішча, называем выяўленнем. Сукупнасць усіх спосабаў выяўлення чалавека, істоты, якая вызначаецца, дыферэнцуецца як істота, што мае сумленне, называем культурай у адрозненні ад праяваў іншых жывых стварэнняў. Чалавечай культуры належаць, на жаль, і праявы, якія ўспрымаюцца як некультурныя, напрыклад, канібалізм. Нас ахоплівае жах ужо ад думкі пра гэта. Але перш варта сабе адказаць на пытанне, ці чалавечая культура якраз і не вызначаецца некультурай: канібалізмам, арганізаваным паляваннем на суседні брацкі род, племя і народ, вайной з невялікімі перапынкамі.
Некаторыя са згаданых выяўленняў маюць сваю назву. Адныя з іх створаныя сродкамі выяўленчага мастацтва: для іх выкарыстоўваліся крэйда, цэгла, падлога, сцены, малаток. Іншыя — вершы, прамовы, галашэнні, аповеды, гісторыі, казкі, легенды — вербальныя праявы, належаць да слоўнай культуры, да паэзіі, да пэўных літаратурных жанраў (красамоўныя прамовы, плачы, панегірыкі). А як вызначым астатнія? Рухомыя? Драматычныя? Гукавыя ці музычныя? (Існуе і гукавое ўзнаўленне гэтых падзей, якое ўспрымаем як асобны музычны твор). У гэтай сувязі нас якраз больш цікавяць тыя неабазначаныя праявы, бо гэта праявы ўніверсальныя. Некаторыя этнолагі назвалі іх драматычнымі праявамі, бо маюць характар адзінкавых, непаўторных тэатральных пастановак. Да тыповых і найстарэйшых праяў гэтага кірунку належаць рэвалюцыі, паўстанні. Камусьці Бог не даў шчасця паўдзельнічаць у іх, бо падчас іх лёгка бессэнсоўна загінуць, нібыта гэта сапраўды гульня. Усе вартыя гульні — гэта гульні на жыццё. Адпаведна, рэвалюцыі і паўстанні можна назваць драматычнымі праявамі.
Узнікае пытанне, у чым жа адрозненне паміж згаданымі праявамі.
Юнак, які стварыў першы твор выяўленчага мастацтва нашых дзён, вычасаўшы: «Тут забілі Дану Кошанову тады і тады» — сцвердзіўся коштам жыцця і, што яшчэ горш, коштам пакуты. Яго твор хутка замазалі вапнай. А гэтае месца аддалі твору акадэмічнага скульптара: мармуровай дошцы, якая ўшаноўвае памяць забітых як герояў і хлусліва сведчыць: «Тут трагічна загінулі тая і той». Замест гэтага «трагічна загінулі» дастаткова было б вычасаць крыжык. Калі гэты знак нельга было выкарыстаць, хапіла б толькі імёнаў.
Гэты наш жывы народны досвед узнаўляе ў нас усіх усведамленне сэнсу культуры.
Несумненна культура — гэта творчасць. Але якая творчасць? У звычайным сэнсе паняцце творчасці звузілася да паняцця мастацтва. У параўнанні з механізаванай вытворчасцю культура нам уяўляецца як сфера творчасці.
III.
Ксёндз-пробашч парафіі ў Палудзы звярнуўся да мяне з просьбай дапамагчы «вострым пяром» дамагчыся — толькі ўявіце сабе — указальніка на дарозе.
Указальніка, які будзе накіроўваць школьнікаў, турыстаў (сваіх і чужых): там каля будучага вадасховішча, якое затопіць верхні Ліптоў83, знаходзіцца геніяльны твор славацкай драўлянай архітэктуры майстра Ёзэфа Ланга.