Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Як рэчы і формы маюць памяць, так мае памяць і маўленне, гняздо слоў. Здаецца, мы ўжо даўно пазбавіліся забабонаў. I ўсё ж. Стагоддзі хаваем герояў, а так і не ведаем, як належыць хаваць. Зробяць яго бюст, потым надзеляць тытулам і г. д. Чалавек не павінны быць знаёмы з «Антыгонай» Сафокла, але з памяці маўлення будзе ведаць, што памерлыя пужаюць, заўсёды вяртаюцца і нішчаць. Як след пахаваць памерлага — гэта значыць супакоіць яго, прыбраць, як смецце са стала, каб не вяртаўся, не пужаў нас, не нішчыў наш парадак, не выкрываў нас.
Ужо сам збор роду ля вогнішча, бацькоў роду і нашчадкаў, старэйшыны і племені, настаўнікаў і вучняў, Тайная вячэра (збор за сталом Езуса і дванаццаці апосталаў), збор Янашыка і дванаццаці яго паплечнікаў — гэта праява памяці форм аб’яднанняў.
Збор герояў Гамэра, якія пасля паразы знайшлі прытулак на востраве, забілі аленя, наеліся, а потым каля вогнішча аплаквалі сваіх сяброў — гэта праява формаў аб’яднання. Так, як Езус і яго вучні, як Янашык і яго дванаццаць паплечнікаў,
Сядзяць яны, сядзяць, на агонь пазіраюць, На агонь пазіраюць, слова не скажуць.
Гэты зыходны і вечны верш Гамэра, як і сучасны экзістэнцыянальны, акрэслівае пачатковы чалавечы стан, свядомасць чалавечага калектыву, якая ёсць прычынай нашай далучанасці да людскога лёсу і штуршком да наступных праяў.
Згаданая сцэна з твора Гамэра з’яўляецца такім жа абрадам, як і славянскія хаўтуры, як сённяшняе памінанне, якое адбывалася ў карчме.
Памяць маюць і месцы, сітуацыі, у якія трапляе чалавек. Трапляе, бо хоча згубіцца, г. зн. прагне трапіць туды, дзе будзе пачуваць сябе вольна, дзе пазбавіцца тугі, бо ў гэтым месцы ён ёсць хтосьці іншы, страчаная, ананімная, універсальная істота, якая не патрабуе дэфініцыі, галоўнае — гэта выкананне іншай ролі. Гэтая памяць, нягледзячы на бессвядомы пачатак і перарывістасць, працуе. Творчасць, грамадскія веды, якія стала прагрэсіруюць, яе надзвычайна пашыраюць, абуджаюць, актывізуюць.
Археалогія вынайшла нам Вялікамараўскую імперыю, адкрыла нам нашую бацькаўшчыну, якую калісьці малому народу варожая гістарыяграфія тлумачыла як памежны гушчар, у які славацкі народ, нашыя продкі прыйшлі, інфільтраваліся. Археалогія адкрыла стагоддзі, рэабілітавала легенды, міфы, сакральныя тэксты, вечнасць культур. Этналогія вынайшла першабытныя культуры, што захоўваюць такі ўзровень грамадскага развіцця, пра які мы маглі толькі здагадвацца.
Разумеем сябе толькі ва ўзаемасувязях. Чым больш шырокія гэтыя ўзаемасувязі, тым болып глыбокае
ўспрыняцце, тым больш пэўная, трывалая, умацаваная, тым больш асэнсаваная і вытрыманая нашая самасвядомасць, асабліва самасвядомасць малых народаў.
А ў гэтых пашыраных узаемасувязях успрымаем і з’явы, якія мы не заўважалі, не хацелі бачыць або адмаўлялі, залічвалі іх да сферы забабонаў, нерэальнага, ілюзорнага. Культура — гэта памяць. Гэта тая зыходная кропка, якую шукалі і знаходзілі. Хай сабе штучная, фіктыўная зыходная кропка, але зыходная, і нават калі штучная, то абавязковая для чалавека, каб ён як твор прыроды са свядомасцю ці сумленнем не звар’яцеў.
Паўтараю: мы ўспрымаем сябе толькі ва ўзаемасувязях. Чалавек у культуры стварае, захоўвае, ажыўляе сваю памяць, надындывідуальную памяць, памяць чалавецтва.
Мацічныя чытанні, 1969
Блуканні па Славакіі
I.
Троху паблукаў па нашых Татранскіх ваколіцах разам з сябрамі, якія разумеюць славацкае выяўленчае мастацтва, а галоўнае — атрымліваюць ад яго задавальненне (не наважваюся іх называць, каб гэта не здавалася, нібы выхваляюся). Дазвольце мне хвілю разам з вамі памарыць.
Чалавек у сучаснай цывілізацыі мае галодныя вочы. 1 чым далей, тым больш галоднымі яны становяцца, літаральна ненатольнымі.
Mae першыя ўражанні з блуканняў па родных Татранскіх ваколіцах наступныя: выяўленчая культура, сукупнасць твораў выяўленчага мастацтва, якімі гэты народ упрыгожыў сваю краіну, маюць якасці, што цешаць вашыя вочы і вас. У пэўных месцах я адчуваў сябе — як гэта сказаць? — нібы ўзнесеным у славе, вечнай ці нябеснай, татранскай ці гамэрскай. Вярнуўшыся з гасцей ад сябра, знаёмага, сваякоў, пачуе муж пытанне ад жонкі: «Стары, ну як, што скажаш?» I чалавек хваліцца навінамі, але ніяк не можа выказаць галоўнае. Нарэшце скажа: «Ну, заўважылі мяне, трэба сказаць, што заўважылі мяне як след. I не чакаў, што ў такой пашане буду, я ж і не думаў. Хто я ім».
3 гэтых вандраванняў па нашай краіне я маю такое ж адчуванне: заўважылі мяне. Тымі ўсімі скарбамі, што мне паказвалі, ушанавалі мяне. Mae продкі мяне заўважылі. А хто я? Што я для іх зрабіў? Нічога.
Так, у нашай народнай свядомасці жыве (часам хаця б драмае) такая неабходнасць: ушанаваць кагосьці. Умеем гэта зрабіць. Нават вызначаемся гэтым як нацыя. Ёсць гэта ў нашай супольнай культуры. Замежныя госці бачаць у гэтым вызначальную рысу нашага нацыянальнага характару і культурнай свядомасці (хоць нашая пашана звычайна выяўляецца толькі частаваннем). Умеем ушанаваць усё і ўсіх. 3 рацыянальнага, ці эканамічнага боку пашана — гэта марнатраўства. Прыйшоў госць — усё на стол. Еш і пі. Нашыя славянскія продкі прапаноўвалі
гасцям нават сваіх жонак. У афрыканскіх плямёнаў ушанаванне адбывалася на сумесных племянных святах, на якіх з’ядалі і выпівалі ўсе свае нарыхтоўкі. Але такімі святамі падтрымлівалі калектыўную свядомасць. Калі ж страцілася гэтае ўшанаванне ўсеагульным абжорствам, страцілася і племянная свядомасць. Калісьці я ўжо казаў, што няма іншага шляхуда шчаслівага суіснавання народаў у нашай рэспубліцы, як шлях узаемнай пашаны. Можаце сабе ўявіць, як бы мы, славакі, ушаноўвалі адзін аднаго напоямі і ежай! Гэта несумненна таксама трэба, бо перш за ўсё мы людзі. Але, каб за некалькі дзён мы не знішчылі ўсе свае нарыхтоўкі ежы і пітва, культура вынайшла сімвалічныя, менш вычарпальныя, менш знішчальныя спосабы ўшанавання. Пашану можна выявіць, як вядома, танцам, словамі, знакамі. Культура заўсёды мае свой рай і пекла, нягледзячы на тое, што сёння над аблокамі знаходзіцца не рай, а стратасфера, касмічная прастора, а ў недрах зямлі не пекла, а магма. Вернік ці не вернік, хрысціянін ці атэіст дзейнічае, як Дантэ. Людзей, якіх паважае, адпраўляе ў рай, сваіх ворагаў кідае ў пекла. Напэўна, было б несправядліва лічыць, што англічане больш забабонныя, чым мы. Пантэон — гэта рай для бессмяротных у процівагу пеклу — паноптыкуму васковых фігур. У гэтым пекле я аднойчы быў. Mary сказаць, што тыя, каго там у якасці пакарання і на ганьбу паказалі ў іх рэальным абліччы, сапраўды гэтага вартыя.
Я сышоў у гэтае пекла, за невялікія грошы туды заўсёды хоча трапіць шмат людзей. Бачьгў забойцаў, шпіёнаў, правадыроў гісторыі. Сатысфакцыя, штучна, творча здзейсненая сатысфакцыя гісторыі. Калі вы гэтага не бачылі, хоць і ведаеце з кніг, то складана ўсвядоміць, уявіць, што нават сёння маляванне — гэта магічная дзейнасць, такая ж эфектыўная, як і напачатку. Першабытны чалавек перш, чым ісці паляваць на мядзведзя, вырабляў з глею выяву гэтага асілка, нацягваў на макет мядзведжую скуру, каб мець максімальна праўдзівы вобраз. Танцаваў, крычаў, лямантаваў каля яго, як каля залатога цяляці, і пачынаў адчуваць сябе больш моцным, больш пэўным у тым, што і на гэты раз адолее асілка. Гэтак жа праўдзіва намаляваў на сцяне пячоры для набажэнстваў моцнага
бізона і дамаляваў дзіду ў яго сэрцы. Сёння з гэтых жа матываў і такім жа магічным (і ўдзячным) спосабам максімальна рэальна намалюе для паноптыкуму правадыра гісторыі. У выніку атрымаецца з правадыра Фігура. Народ, безумоўна, не танчыць, не лямантуе, як каля мядзведзя, але яго можна свабодна і нахабна аглядаць: якія мае вусы, уніформу, можна бачыць, як яму сыпецца пыл у вочы, а ён пры ўсёй сваёй усемагутнасці нават самгнуць вочы не можа. Правадыра трэба выціраць, каб не патануў у пыле. Натуралізм, у пэўнай ступені нават рэалізм, ёсць бязлітасным забойчым спосабам выяўлення. Нашыя кіраўнікі не ведалі, за што змагаюцца, калі імкнуліся да рэалізму ў мастацтве. Магчыма, не былі ў паноптыкуму, магчыма, спадзяваліся, што яны будуць выключэннем.
Я перакананы, што і гэты народ, калі б дасягнуў хоць нейкага суверэнітэту, мусіў бы арганізаваць сваё пекла, свой сорам гісторыі, свой паноптыкум фігур. Толькі ўявіце сабе, як бы ў ім вылучаўся Прадстаўнік, той, апошні. Маглі б да таго ж слухаць яго навагоднюю прамову. Была б гэта добрая школа. Але мяркую, што сфарміравалася б пэўная незалежнасць народа.
Чаму сёння ў нас такая нацыянальная культура? Толькі рэшткі.
Можа, не хочам паверыць у тое, што група спецыялістаў, называных паэтамі або мастакамі, можа стварыць нацыянальную культуру?
Або хочам сцвердзіць, што бедны народ можа мець толькі бедную культуру?
Народная культура беднага, больш за тое падданага народа не была ні беднай, ні паднявольнай.
Але культурны ўзровень двух мінулых дзесяцігоддзяў вызваленага народа сапраўды бедны і нават падняволены.
Чым гэта можна патлумачыць? Культурна прыгнечаны люд перастаў ствараць? Згубіў густ? Страціў жаданне самавыяўляцца? Жывём мінулым, ад якога нам засталіся толькі рэшткі?
Пройдземся па нашых новых могілках са штучнага каменя. Паглядзім на нашыя новыя тынкаваныя вёскі, нашыя новыя паселішчы. Звернем увагу на славацкую культуру, якой яна паўстае з нашага радыё і тэлебачання. Хто гэтыя сродкі выкарыстоўвае і якім чынам?
Творчы народ стаў спажыўцом. Спажыўцом у тым ліку і культуры. Масавай.
Гэты народ не быў толькі маніпуляваным аб’ектам, адчужаным спажыўцом.
Быў гвалтоўна адчужаны. Быў абрабаваны.
Нічога не мае.
Гэты народ ігнаруецца. Народ пагаджаецца з тым, што іншыя ўсё вырашаюць.
Калі так паходзім па нашай краіне і паглядзім, скажам сабе: гэты люд які б ён ні быў, бедны ці падданы, але ўмеў ушанаваць сваіх продкаў. Сам сябе ўмеўушанаваць.
А мы сёння? Мы сёння не ўмеем ушанаваць нават герояў. Нават герояў славацкага нацыянальнага паўстання не ўмеем ушанаваць. Або ўмееце? Пакажыце гэта. I мы гэта прадэманстравалі!
Браціслава, сталіца краіны, атрымаўшы загад ліквідаваць помнік дыктатару, наважыцца перайменаваць галоўную плошчу, названую ў гонар дыктатара, у плошчу Славацкага нацыянальнага паўстання, павесіць новую шыльду. I гэта ўсё, што змагла сталіца, цэнтр славацкай культуры. Нікому, ніякай арганізацыі або асацыяцыі не прыйдзе ў галаву — або не наважацца — выказацца, нейкім чынам выявіцца.