Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Калі мы паважаем саміх сябе, калі настойваем на тым, што бацькі і сыны звязаныя непарыўнай повяззю, на тым, што мы нацыянальна і культурна адметныя, то павінныя ўспрымаць, напрыклад, Дэвін, узвышша на мяжы Маравы
і Дуная, або замкавую гару над Браціславай як свае святыя месцы, як свайго генія месца, генія славацкай зямлі, генія агульнай краіны двух брацкіх народаў — чэхаў і славакаў. Нехта зразумее гэтыя мае словы і пачуцці як рамантычны нацыяналізм, калі ласка. Заўважу толькі, што абарона малога народа не скіраваная супраць кагосьці, не пагражае і не можа камусьці пагражаць.
Братоў чэхаў, найбліжэйшых сваіх братоў па мове, культуры, лёсе прасіў бы не бачыць у гэтым скіраванае ў іх бок вастрыё. Родныя браты могуць крытыкаваць адзін аднаго, спрачацца, спаборнічаць (маглі б спаборнічаць на славу рэспубліцы), але ў першую чаргу мусяць паважаць і шанаваць адзін аднаго. Гэтая мая заўвага ёсць спробай зыходзіць з пазіцыі таго найважнейшага, відавочнага, з таго, што для абодвух народаў ёсць святым. Відавочна, ёсцьтутсвятое. Відавочны тут consensus omnium140, адзінства ўсіх культур і народаў.
Для братоў чэхаўусіх поглядаў і перакананняў, атэістаў, камуністаў, католікаў, арыентаваных на Усход ці на Захад, усведамляюць яны сабе ці не, ёсць адно некранутае і святое месца. Гэта святое ўзвышша над Влтавай — Градчаны. Пакуль народ перакананы ў тым, што ёсць народам, што яго існаванне мае сэнс, культурнае значэнне ў гісторыі Еўропы і свету, павінны быць перакананым і ў святасці таго месца і ў святасці іншых сваіх месцаў і паселішчаў. Цішыня, гістарычная прыгажосць, геній месца, некрануты сілуэт Градчан ёсць сімвалам народнага існавання, спакойнага паразумення, пачуцця ментальнай бяспекі.
Тое ж датычыцца і нас, славакаў.
Калі не хочам стацца брудам гісторыі, калі шануем сваіх продкаў і саміх сябе, мусім паказаць не толькі словамі, але ў дадзеным выпадку матэрыяльна, архітэктурна, выяўленча, што гэтыя месцы для нас святыя; г. зн. не толькі маўленне, як да гэтага часу, але і мастацкія, матэрыялызыя творы на гэтых месцах ёсць сведчаннем таго, што народ трымаецца свайго, што хоча творчасцю выяўляць запавет і сэнс сваёй гісторыі. Што падпісваецца пад імі сваім іменем, адчуваючы асабістую адказнасць за сваю краіну і за гэтую нашую рэспубліку. Легат чацвёртай
140 Consensus omnium — у пер. з лац. «агульная згода».
рымскай лігіі ў адпаведнасці з правам пераможцы запісаў сваю перамогу на скале ў Лаўгарыцыі, на трэнчанскай скале. He такое, а вечнае права мае гэты народ запісаць сваё імя на скальную сцяну над Дунаем, на святых месцах, на ўзвышшах размясціць сімвалы сваіх продкаў: хто мяне паважае, няхай ушануе і нашую маці, нашых продкаў.
Ад геаграфічнага размяшчэння, якое калісьці выбралі нашыя продкі чэхі і славакі, нас ніхто не вызваліць, нават калі б мы хацелі. Limes Romanus з незапамятных часоў ішла праз тэрыторыю нашай краіны, з поўдня на поўнач, з захаду на ўсход або наадварот. Нашая нацыянальная бяспека і бяспека рэспублікі трымаецца на нас, на нашай еднасці, нацыянальнай салідарнасці.
Civis Romanus sum — вымавіў святы апостал Павел. Таму яго не павесілі ганебна, а адсеклі галаву. Была гэта, аднак, прывілея. Я ганарыўся б, каб у складаным становішчы мог так казаць: я жыхар Браціславы, грамадзянін рэспублікі. Меў бы пэўнасць, што ў самым горшым выпадку мне толькі адсякуць галаву, але не будуць прыніжаць мяне і пасля смерці.
Гонар грамадзянскі і нацыянальны тут яднаюцца. Калі мы славакі і чэхі пераканаемся, што ўмеем ушанаваць сваіх продкаў, гэта значыць саміх сябе, нашая галава хоця б перад судом гісторыі будзе апраўданая. Шмат адважней будзем змагацца за агульную рэч, калі будзем ведаць, што тэрыторыю гэтай рэспублікі фарміруе ўзаемазвязаны шэраг свабодных і святых паселішчаў, месцаў божых, за якія можна аддаць усё — і галаву.
Праект, які ўзаконіць, што Браціслава даўно de fakto, а сёння і de iure, сталіца Славакіі, ёсць першым крокам да рэалізацыі грамадзянскага і нацыянальнага гонару. Для мяне асабіста гэта жыццёвая сатысфакцыя. Думаецца, што гэта можа быць і стымулам для грамадзянскай актыўнасці, што паходзіць з адноўленага даверу.
Першым крокам да рэабілітацыі Браціславы ў тым сэнсе, які ўжо акрэсліў і даўно ў розных абставінах паўтараю, мусіла б быць рэвізія гарадскога плана з пункту гледжання яго адпаведнасці крытэрыям, якія павінныя выконвацца ў адносінах да цэнтра славацкай культуры.
Па-другое, неабходна спыніць вылучэнне досыць вялікіх фінансавых сродкаў на ўзвядзенне манументаў, якія наўрад штосьці выяўляюць.
Гарадскі план Браціславы — гэта яскравае адлюстраванне нашага нацыянальнага становішча. Найперш яго трэба вывучыць і ацаніць: ці Браціслава не сышла на ўзровень другаснага горада, нягледзячы на сваё нацыянальнае і гістарычнае значэнне, на сваё стратэгічнае размяшчэнне на міжнароднай артэрыі — Дунаі. Гарадскі план сталіцы Славакіі павінны быць адлюстраваннем гэтых рэалій і — не пабаюся сказаць — нацыянальных амбіцый. Славакі гэтак жа, як чэхі і ўкраінцы, як венгры, хочуць ганарыцца сталіцай сваёй краіны, другім па значнасці горадам сваёй рэспублікі. Сталіца гэтай краіны магла б стаць школай нацыянальнага і дзяржаўнага, грамадзянскага і дэмакратычнага гонару.
Некалькі тыдняў таму на старонках гэтага часопіса я прызнаваўся ў каханні скульптарам, казаў, што спадзяюся на іх. Марыў уголас, як бы гэты народ мог, калі б сапраўды хацеў, ушанаваць сваіх нацыянальных герояў. Ушанаванне не ёсць пытаннем бронзы і фінансавых сродкаў (літаратурны твор Аляксандра Матушка — гэта для мяне прыклад ушанавання нацыянальных постацей). He хацеў бы, каб хтосьці маю ідэю рэнесанса Браціславы, яе ўзнаўлення як сталіцы рэдукаваў на ўзвядзенне манументаў, бюстаў, надпісаў у гонар нацыянальных дзеячаў. Сапраўды, не варта.
Помнік Янка Краля, які мы нарэшце ўзвялі, канвенцыйны і не мае душы. Канвенцыйнасць і бяздушнасцьтакіх манументаў паходзіць не столькі з імпатэнцыі скульптара, колькі з нашай разгубленасці, адсутнасці культурнай канцэпцыі. Бяздушнасць і канвенцыйнасць, якія забілі б і генія, закладзеныя ў замове інвестара.
Я бьгў сведкам таго, як узнік помнік Сталіну на плошчы Сталіна (сённяшняя плошча Славацкага нацыянальнага паўстання). Гэты помнік раптоўна прыбралі з тых самых «пазамастацкіх» прычын, з якіх і ўзвялі; ліквідавалі раней, чым мы паспелі вырашыць, што праз сваю бяздушнасць ён мусіць быць знесены. Мастацкі твор у такіх умовах ужо да таго, як скульптар возьме ў рукі першую жменю гліны, асуджаны на бяздушнасць бездухоўнасцю інвестара і жаданнем аўтара зрабіць твор адпаведным замове. Гэтым скульптар па сваёй волі дэградуе да ўзроўню вытворцы. Рэалістычная постаць Сталіна гэтак жа, як і выдуманая
фігура Янка Краля, не выяўляе, не можа выяўляць нічога з таго, што замовіў інвестар. Фігура толькі фігуруе. Хто ж каго ў такім выпадку падманвае? He дзіўна, што самыя таленавітыя скульптары, калі не былі змушаныя, за сто кіламетраў абыходзілі такія замовы абмежаванага інвестара, які забівае дух, шчодра плацячы з дзяржаўных сродкаў. Сапраўдны мастацкі твор немагчыма выканаць на вызначаную тэму, ніякімі фінансавымі ці ўладнымі сродкамі немажліва даць яму жыццё. Арганізацыі і індывіды трапляюць пад ціск заведзенага механізма: нібыта мастак ужо не можа дзейнічаць інакш, нібыта страціў пачуццё і прыроджаныя здольнасці.
Калі параўнаем самыя розныя выяўленні самых розных народаў і высокаразвітых, так бы мовіць, рэпрэзентатыўных індывідаў, а таксама наднацыянальных ідэалагічных і ўладных суполак і розныя палітычныя ці рэлігійныя рухі нашай сучаснасці, калі паспрабуем высветліць, што ж агульнае маюць усе гэтыя з’явы, што агульнае маюць творы літаратурныя, філасофскія, выяўленчыя, можам сфармуляваць адчуванне нашай эпохі так: чалавек у небяспецы, у небяспецы экзістэнцыяльнай, быццёвай. Чалавек патрабуе абароны, паразумення, безумоўнай павагі. Адчуванне часу — гэта таксама consensus omnium, як гэта пацвярджаюць археалогія або этналогія.
Звяртаючыся да сучасных урбаністаў і ўрбанізму, варта сказаць, што жыхар Браціславы і ўвогуле сучасных гарадоў — чалавек прыгнечаны, чалавек у экзістэнцыйнай небяспецы, які патрабуе суцяшэння ў садах і парках. Патрабуе жыць, або хаця б пасля працы застацца сам на сам сярод магутных дрэў, каля ракі, якая цячэ ў вечнасць, або патрабуе хвілю цішыні, каб бяздумна ўзірацца ў люстра вады.
Калі гаворка ідзе пра архітэктараў — чалавек ад іх патрабуе страху над галавой, якая здольная стацца роднай страхой для яго дзяцей, будучага пакалення. Спакой, сонца і вольнае паветра — гэта тое, што сёння патрабавальны і ганарлівы грамадзянін разумее як неабходны мінімум.
Архітэктары — ад бога — у адрозненні ад усіх астатніх мастакоў ёсць творцамі прадметаў мастацтва, у якія натуральна і без намаганняў уваходзіш (у кнігі
паэзіі, у кнігі філасофскіх разваг уваходзіш, мне здаецца, з болыпымі высілкамі). Архітэктары — творцы ўнутранай прасторы, інтэр’ераў, грамадскіх памяшканняў, пячорных, храмавых, вакзальных, аэрапортных залаў, якія ахоўваюць чалавека і даюць яму пачуццё фізічнай і ментальнай абароненасці. У «Чалавеку на шляхах»141 я імкнуўся адлюстраваць тое велічнае пачуццё, што ўзнікае пры ўваходжанні ў прасторы Sainte Chapelle і Notre-Dame у Парыжы або ў найсучаснейшыя драўляныя каплічкі ў Хельсінках. Уваход ва ўнутраную прастору найстарэйшых або найсучаснейшых архітэктурных збудаванняў атаясамліваецца з перажываннем, якое атрымліваем ад сімфоніі. Калі вы не верыце майму досведу, хацеў бы спаслацца на досвед сучаснага чэшскага паэта Мірослава Голуба, лекара і даследчыка, які нашыя пачуцці ад залаў аэрапортаў адлюстраваў у кніжцы, якая абяззбройвае сваёй прывабнасцю, «Анёл на колцах». Вакзальныя залы Тэрміні ў Рыме, аэрапортныя залы ў Капенгагене або ў Арлі, напрыклад, маюць такую моц паэзіі, рацыянальнасці і цішыні, што сцюардэсу ў іх успрымаеце, як анёла на колцах. Ніводны чалавек, нават нямы замежнік тут не можа згубіцца, уся найсучаснейшая тэхніка клапоціцца пра яго, запэўнівае яго (свядомасць і пачуцці) у бяспецы. Калі ўсе так будзем пра сябе клапаціцца, нічога з намі дрэннага не станецца.
Адважуся сказаць, што Браціслава не абыдзецца без храму святой цішыні, хай сабе і атэістычнага. Але ён абавязкова станецца гуманістычным храмам ціхіх мрой, які ў архітэктуры будзе адпавядаць нефігуральнай (нетэістычнай) скульптуры. Архітэктары заўсёды будавалі храмы не для багоў, а для людзёй.