Культура як зносіны
выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
Ведаеце, гэтая канцэнтрацыя ўлады духоўнай і свецкай, кажучы мовай традыцыйнага гістарычнага слоўніка, прыгнятала тут чалавека так, як ні ў якай іншай краіне. Дзяржава, нашая Чэхаславацкая рэспубліка, ператварылася ў боства. Грамадзянін, адчужаны і нацыяналізаваны, перад дзяржавай, перад самаўладствам партыйнай бюракратыі быў абсалютна бездапаможным. He пераболывваю, калі кажу, што ніколі і не ў адной дзяржаве Навотны не лез да грамадзяніна літаральна ў ложак, у найінтымнейшыя думкі і сны, нідзе кіраўнік не лез сваім гвалтам, сваім абсурдным гвалтаваннем чалавека. Гэта вельмі цяжкі досвед нашага дваццацігоддзя. Мы або вы як маладое пакаленне абавязкова павінныя паразважаць над гэтым пытаннем і зрабіць пэўныя палітычныя высновы.
Гэтая пірамідальная сістэма сакратароў была напалову іерархіяй царкоўнай, якая не адрознівалася фіялетавымі ўборамі, але вызначалася рознымі фарбамі. Сакратар быў носьбітам таямніцы, быў выканаўцам часам абсурдных
загадаў: выдаваў загады і пастановы, з якімі сам унутрана быў нязгодны, і не толькі нязгодны, але ўсёй сваёй чалавечай сутнасцю быў супраць. Хтосьці знайшоў ахвяру, а хтосьці ідэалагічна блаславіў гэтае пакаранне.
Гаворка ідзе пра сапраўдны цэзарапапізм чэхаславацкага тыпу. Які называўся то культам асобы, то, паводле Гыкіша, хрушчавізм і г. д., але заўсёды гэта быў культ чужой улады, з якой нарэшце заўсёды паўставаў вызваліцель. Уся афіцыйная культура служыла культу ўлады.
Думаю, калі б нам аднойчы міністр, які гэтай культурай кіраваў або адміністраваў яе, сказаў, якую ён мае канцэпцыю і ўвогуле як уяўляе сабе культуру, мы маглі б з большым даверам і ініцыятыўнасцю далучыцца да пэўных арганізацыйных змен у нашым культурным жыцці.
Культура, мяркую, заўсёды не толькі жорстка і бяздумна прыгняталася нашымі прадстаўнікамі, але і абсалютна не разумелася. Ніхто не чытаў выступленне міністра, упаўнаважанай асобы, сакратара, дзе было б сказана больш-менш канкрэтна: нашая народная культура, культура Чэхаславакіі ёсць такая і такая; можна яе нейкім спосабам адміністраваць, але не магчыма ёй кіраваць.
Для мяне культура ёсць бязмежнай прасторай, унутраным светам свабоднага грамадзяніна, сэнсам нашага жыцця. Ёсць не аздобай, а сродкам жыцця. Ёсць сродкам, з дапамогай якога грамадзянін Чэхаславацкай рэспублікі можа выявіцца ў сваёй асабістай і нацыянальнай адметнасці. Вельмі прасіў бы, каб вы задумаліся, паразважалі над некаторымі маімі думкамі пра канцэпцыю і сэнс нацыянальнай культуры ўЧэхаславакіі, выказанымі ў артыкуле «Пра ўшанаванне багоў» і ў часопісе «Змена»,
Ад догмаў мы вярнуліся да пераддагматычнага стану і пасля страты дваццацігоддзя зноўку пачынаем напоўніцу ўсведамляць, што з ніякімі догмамі ў культуры не атрымаецца. Культура — гэта вобласць павагі да чалавека. Праз яе мы прыйшлі б да выразнай высновы, што індывідуалізм, які ўзнік яшчэ да Французскай рэвалюцыі, ёсць асноўнай тэндэнцыяй і мае месца не толькі ў палітыцы, культуры, а яшчэ, паводле нашага разумен-
ня, мусіў бы прыйсці і ў эканоміку. I гэта прынцыповае пытанне, таму ўсе заклікі да вяртання масавасці не толькі нерэальныя, нездзяйсняльныя, але і небяспечныя.
Дэмакратыя сапраўды заснаваная на індывідуалізме, на асабістай адказнасці. На рацыянальным разуменні падыходаў, пытанняў. На рацыянальным тлумачэнні. Сучасны чалавек, камуніст ён ці не, не можа звяртацца да нейкіх міфалагічных прыёмаў, як, напрыклад, мы пачулі, калі памятаеце, ад Клемента Готвальда пра «жабу ў крыніцы». Найбліжэйшыя супрацоўнікі, перакананыя члены партыі, заслужаныя патрыёты сталіся адразу ж здраднікамі, унутранымі ворагамі, а чэхаславацкі грамадзянін павінны быў задаволіцца тым міфалагічным тлумачэннем — «жаба ў крыніцы». Да гэтага міфалагічнага заклінання, вытлумачэння мы заўсёды звяртаемся тады, калі сутыкаемся з нечым сапраўды незразумелым, непрыемным або варожым нашаму народу. Гэты перыяд, які мы перажылі, быў перыядам не толькі варварства, але і містыфікацый. Стала містыфікаваліся самыя бессэнсоўныя і гвалтоўныя рэчы.
Чаму мне так прыкра праз гэта?
Я камуніст, прызнаю асноўнае заданне партыі, яе гістарычнае значэнне. Усведамляю як частка малога народа і малой дзяржавы, што Чэхаславакія патрабуе ахоўніка, патрабуе гаранта. Бо і пабудова сацыялізму, развіццё сацыялістычнай дэмакратыі патрабуе ваеннай дапамогі, якую прадастаўляе савецкая ўлада. Але павінны сказаць, што Чэхаславацкая рэспубліка, як і кожная дзяржава, ёсць народная дзяржава, г. зн. яе сэнс у абароне нацыянальных інтарэсаў. Адпаведна ў гэтай народнай дзяржаве ўлада належыць партыі, асновай і мэтай якой ёсць інтэрнацыяналізм. Тут пачынаецца бездакорная неінфармаванасць грамадзяніна, які да гэтага часу так і не даведаўся, ці народныя інтарэсы адпавядалі інтэрнацыянальным або проста падпарадкоўваліся ім. Безумоўна, гэта пытанне інфармацыі, але інфармацыя, як вядома, таксама пытанне ўлады. За інфармацыю плоцяць жыццём, найдаражэйшымі сродкамі. Проста гэтая інфармацыя ніколі не была маёмасцю Чэхаславацкай рэспублікі. Гаворка ідзе пра тое, што чэхаславацкі грамадзянін заўсёды мусіў бы ведаць, у якім стане знаходзіцца
яго рэспубліка, як каардынуюцца нашыя нацыянальныя інтарэсы з нашымі міжнароднымі абавязкамі.
Думаю, кожны грамадзянін ведае нашыя міжнародныя абавязкі, разумее, што яны ёсць рэччу цалкам натуральнай, але не ёсць натуральным тое, што чэхаславацкі грамадзянін нічога не ведае пра становішча сваёй рэспублікі.
Яшчэ звяртаю вашую ўвагу на сферу культурных пытанняў. Згадаў, што гаворка па сутнасці ідзе пра індывідуалізм у культуры. Магчыма, сябры эканамісты і іншыя выкажуцца за пэўнае абмежаванне індывідуалізму ў эканоміцы. Гэта цалкам зразумела. Думаю, што пры разумным выкарыстанні індывідуалізм у культуры або эканоміцы вядзе да добраахвотнага прызнання і рацыянальнага тлумачэння неабходнасці пэўнай мяжы. Думаю, што чэхаславацкі грамадзянін ужо дастаткова падрыхтаваны, каб не разумець індывідуалізм як анархізм або як нейкую разбуральную тэндэнцыю. Думаю, што нам неабходна задумацца і паразважаць пра насамрэч спрошчаную дзяржаўную мадэль.
На маю думку, сапраўды невыносна прызнаваць гэтую піраміду, піраміду сакратароў і валадароў таямніцы, інфармацыі. Нас перш за ўсё цікавіць вялікая культурная, палітычная, эканамічная ініцыятыва чэхаславацкага грамадзяніна. Але якдасягнем гэтай вялікай ініцыятывы, што можа адрадзіць Чэхаславацкую рэспубліку? Можам зноў дасягнуць яе толькі на аснове сапраўды рэалізаванай дзяржавай і перш за ўсё грамадскай свядомасцю дэмакратычнасці.
Трыццаці, нават саракатысячагадовая еўрапейская культура пераконвае нас у тым, што падмуркам культуры былі культ краіны і культ продкаў, унутраны свет сноў і ідэй. Культура ёсць сферай задавальнення, сферай інтэнсіўнага вырашэння пэўных невырашальных або ў гэты момант невырашальных чалавечых канфліктаў.
Калі б мы паразважалі і паспрабавалі прадумаць сапраўды глыбокую канцэпцыю нашай культуры, маглі б мы (наважуся гэта сказаць) што-небудзь параіць і дзяржаўным дзеячам, і палітыкам. Гэта значыць, як у культуры вызваляецца пэўная інтэлектуальная, эмацыянальная актыўнасць, так не можа інакш развіцца гэтая ініцыятыва, гэты смак да жыцця, як толькі павагай да чалавека, павагай да рэлігійных пачуццяў, да мясцовых традыцый.
Хацеў бы вас запрасіць праз вывучэнне рэлігійных аб’яднанняў, сект і г. д. паразважаць, чым уласна была малая арганізацыя, якая калісьці называлася сектай, або якая нядаўна называлася Таварыствам Ежышовым, або якая сёння называецца Клубам чытачоў паэзіі. Гэта ўсё малыя арганізмы, якія ўзнікаюць для таго, каб чалавек у іх рэалізаваўся самастойна і з дапамогай тых сродкаў, якія сабе створыць. Адпаведна я прапанаваў бы спрошчаную мадэль дзяржаўнай арганізацыі, не такую пірамідальную, уладную, прыдатную для арміі, але абсалютна знечалавечанаю.
Варта сказаць, што гэтыя дваццаць гадоў Чэхаславакія была сапраўды абсалютна знечалавечаным дзяржаўным механізмам, што паглынаў людзей, паглынаў сродкі, які ўяўляў сабой сістэму гаек і колцаў, нібы ў гадзінніку, і спусташаўся праз сваю ўнутранаю напружанасць. Гэты абсурдны знечалавечаны арганізм неабходна выкрыць, каб дарэмна не высільвацца, каб зразумець памылкі, каб зрабіць высновы са свайго цяжкага досведу.
У маёй галаве мроіцца вобраз не пірамідальнай сістэмы, а гарызантальнай сувязі вёскі з яе самакіраваннем. Гэтую сістэму называю месцам божым. Яна ўтвараецца аб’яднаннем свабодных грамадзян, якія спрадвеку шануюць сваё жыллё, сваю культуру, якія ў большай ступені будуць адчуваць адказнасць за сябе, за лёс сваёй гісторыі, якія будуць абараняць слабых: удоў і сірот; якія будуць мець асабістую зацікаўленасць, замілаванне да месца, дзе нарадзіліся, да жыхароў і грамадзян, з якімі разам раслі. Мяркую, што наш народ са сваім мінулым уяўляе вялізнае сховішча моцы. Таксама, яктой срэбрана-шэры Bar, які мы калісьці не ведалі, як ужыць і які скарыстоўвалі на сплаўленне плытоў, а сёння на некалькі адсоткаў яшчэ і на выраб электрычнасці. Так і са сховішча моцы славацкага народа выкарыстоўвалі мы толькі невялікі адсотак народнай энергіі.
Такім чынам, гаворка ідзе пра арганізацыю самакіравальных паселішчаў. Калісьці падчас дыскусіі пра сацыялістычную літаратуру я выказаў вельмі цікавую і, на маю думку, дакладную заўвагу: сацыялістычная літаратура прапанавала грамадзяніну пэўны кар’ерызм. Гэта значыць, калі вырашыш праблему аднаго працоўнага месца, адной фабрыкі, адной арганізацыі, уздымешся на ўзровень мясцовай бюракратыі і так пойдзеш вышэй, то дасягнеш пазіцыі
дэпутата вышэйшага савету. Гэта і ёсць канцэпцыя той літаратуры,якой міжволі выхоўвалася і нашае пакаленне.
Але, вядома, такі кар’ерызм ужо непрымальны для грамадзяніна Чэхаславацкай рэспублікі. Непрымальны ён і для сучаснага інтэлектуала. Цяпер у культуры не можа ісці гаворкі ні пра які кар’ерызм, славу ці ўладу.
Для культуры істотнае ўшанаванне ва ўсіх тых формах, якія выпеставала традыцыя і якія мы так бяздушна занядбалі. Мы адказныя за тое, каб хрысціянскія паселішчы напоўніцу развівалі сваю хрысціянскую канцэпцыю жыцця. Я не хачу сказаць, што я за нейкі каталіцызм або палітычны канфесіяналізм, я за тыя культурныя сілы, якія дрэмлюць і якія заціснутыя ў кут; гэта быў бы сапраўды вялікі грэх, калі б мы самі і нашыя дзеячы не скарысталіся з гэтага сховішча. Наадварот, сэнсам жыцця не можа быць нейкая слава і ўлада, нейкі кар’ерызм, сэнсам жыцця ёсць магчымасць адчуваць сябе раўнапраўным членам супольнасці. Гэта вяршыня і сэнс жыцця. Кожнае паселішча, жывое і таго вартае, павіннае прымаць сваіх членаў, для якіх гэта будзе ўзнагародай і ўласна зместам жыцця.