Культура як зносіны выбранае з разваг Дамінік Татарка

Культура як зносіны

выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
75.62 МБ
Да таго ж тут задзейнічаны яшчэ і псіхалагічны момант. Большыя народы заўсёды пакідаюць у меншых уражанне, што кіруюцца прынцыпам: з чужога кроў не цячэ. Большыя народы, на дзіва, абсалютна не ўмеюць адчуць і зразумець становішча і менталітэт меншага народа.
Нарэшце і ў канцэпцыі нашай культуры калісьці ўзнікла пажаданне ўзаемазліцця (прыгадайце развагі Сталіна пра мовазнаўства). У адказ на такія цэнтралізатарскія намаганні, паводле дыялектыкі, узнікаюць і адваротныя працэсы, не кажучы ўжо пра цэнтрабежныя тэндэнцыі, пра рэгіяналізм.
Ведаем усе і кожны асобна дастаткова добра, што такое нацыянальны і нацыяналістычны эгаізм, сканцэнтраваны толькі на сабе. Я лічу гэтае пачуццё досыць натуральным, прыроджаным і думаю, што з пазіцыі дзяржаўнасці яно б не мусіла быць абавязкова шкодным і небяспечным. Праўда, пры ўмове няспыннага дэмакратычнага развіцця Калі б гэтыя два народныя эгаізмы, калі іх ужо так называем, чэшскі і славацкі, знайшлі дэмакратычныя сродкі на ўзаемную крытычную ацэнку, аналітычнае ўзаемавывучэнне ў дэмакратычных умовах, маглі б развівацца як цалкам пазітьгўныя сілы. Я цвёрда перакананы, што пры такім падыходзе аднойчы мы мелі б зямны рай, ці ідылію. Антаганізм быў і застанецца. Але яго можна рацыяналізаваць, накіраваць гэтую падвойную энергію на карысную справу. Пра нацыянальнае пытанне, як і пра іншыя, ніколі нельга сказаць, што яно вырашанае. Нацыянальнае пытанне трэба нястомна вырашаць, кожны дзень.
Гаворку вядзем, аднак, пра найсучаснейіпую сітуацыю, пра самыя апошнія тэндэнцыі развіцця. Пэўныя з’явы складаюць паверхню нашай нацыянальнай праблематыкі і пры гэтым не павінныя нічога казаць пра тое, што ўжо рэальна гістарычна здзейснілася. Як, напрыклад, непазбежнасць сумеснага жыцця двух народаў. Можна сказаць, што за паўстагоддзя жыцця майго пакалення ажыццявіўся ў Славакіі вялікі і вельмі істотны працэс адраджэння і ўзаемнага збліжэння. I пры гэтым Славакія і славакі, відавочна ўсведамляючы сваё культурнае і эканамічнае развіццё, не цалкам задаволеныя; часам ім здаецца, што нават больш не задаволеныя, як у перадваенныя часы цэнтралізатарскай эканамічнай канцэпцыі. Выглядае так, што сучасная цэнтралізацыя нашмат болып жорсткая, чым раней. Пачуццё бездапаможнасці перад уладным апаратам, якое вядома чэшскаму грамадзяніну, у славакаў яшчэ мацнейшае. А ўлічваючы тое, што не-
інфармаванасць пра рэальны стан рэчаў мае ўсенародны маштаб, прапаноўваецца і заўсёды прапаноўвалася самае простае тлумачэнне: цяжкасці стварае той, другі. А гэта, на маю думку, вельмі небяспечна. Такі псіхалагічны стан быў калісьці на карысць фашызму: я не адказны або не ведаю, за што я адказны, а таму ўся адказнасць на іншым. I чэхі, адчуваючы ўласнае бяссілле, могуць зноў жа шукаць вінаватага на другім баку. Звяртаючыся да гістарычных паралелей, магу сказаць, што рабы таксама з цяжкасцю знаходзілі паразуменне. Паразумецца могуць толькі людзі свабодныя, адукаваныя або добра інфармаваныя. Пытанне нашых узаемаадносін ёсць несумненна перашкодай для засяроджвання на рэальных мэтах, на вырашальных праблемах. Калі чэхі і славакі адзін з аднаго насміхаюцца, ганарыста пераболылваючы ўласныя поспехі, гэта дробязі. Істотна тое, што знаходзіцца пад паверхняй. А там, відавочна, эканамічныя і грамадскія праблемы. Толькі так можна патлумачыць, што, напрыклад, чалавек не замацаваны ні ў чэшскай, ні ў славацкай культуры мог быць у пэўны перыяд прадстаўніком Славакіі. Нават сёння ёсць у Славакіі такія землі, як Кысуцэ, Арава, усходняя Славакія, дзе нават не адчуваеш, што жывеш у сацыялістычнай рэспубліцы. У першыя пасляваенныя гады лозунг пра дапамогу чэшскага працоўнага класа абрыд сталым паўтарэннем. Сёння б гэтым ужо ніхто не займаўся. Пануе ўсеагульны недавер да статыстычных звестак.
He раз я думаў пра тое, як герой «Шляхоў да свабоды» Сартра нясе ў зашытай торбе на знішчэнне котак. А коткі ў агульным стане небяспекі пасварацца. Хто вінаваты ў гэтай блізкасці дзвюх істот у завязанай торбе? Адна котка верагодна абвінаваціць іншую і не падумае, што галоўная прычына — гэта той, хто іх нясе тапіць. Блізкую думку выкажа Талсты, калі параўнае Напалеона з дзіцём у вазку. Дзіця трымаецца за раменьчыкі і думае, што само кіруе сваім транспартам. Так, як маладыя чэшскія гісторыкі ў свой час адыгралі вялікую ролю ў абароне традыцый Славацкага нацыянальнага паўстання, маглі б сёння такую ж вялікую ролю адыграць чэшскія эканамісты, якія сярод нашых грамадзян найбольш ведаюць пра праблемы, што ляжаць ценем на адносінах паміж дзвюма дзяржавамі.
У Чэхіі існуе, мяркую, апраўданы недавер да так званай народнай творчасці як да вечна жывой крыніцы мастацкай творчасці. Адчуваем, што гаворка хутчэй за ўсё ідзе пра фальклор, жыццё якога штучна падтрымліваецца, крыніцы якога ўжо даўно высахлі. У Славакіі гэта, відавочна, інакш...
Любая сучасная творчасць заўсёды штосьці выяўляе з сучаснасці і з мінулага. Звярніце ўвагу на рэвалюцыйны авангард. Уяўляецца нам цудам. Пікасо і некаторыя іншыя пачалі дзесьці ў 1910 годзе або яшчэ раней адкрываць негрыцянскае мастацтва. Сёння негрыцянскае мастацтва — ганаровы госць на парыжскіх выставах. I якраз там, акружанае выключнай, прыдворнай французскай скульптурай, выклікае ўражанне, нібыта гэта не проста скульптуры, але сапраўдныя боствы, боствы аднаго кантынента. Для мяне гэта вялікае павучанне, і здаецца, што чым больш народная культура засяроджваецца на адлюстраванні рэальнасці, тым болып узнаўляе і мінуўшчыну народа, тое, што называем народным лёсам. Якраз у самых велічных з’явах чэшскай прозы адчуваем гэты ахоп гісторыі, міфаў чэшскага народа. Немагчыма згадаць ніводны твор чэшскай літаратуры, у якім бы не было нейкай казкі, што заўсёды з’яўляецца ў новых абставінах і з новай задачай. У Славакіі ўзрасла цікавая скульптурная з’ява — Уладзімір Кампанэк. Яго драўляныя слупы зноў жа нагадваюць нам штосьці са старажытнай драўлянай славацкай культуры. Успрымаем гэтыя слупы як боствы, якія абараняюць наш лёс, нашую народную культуру.
Я перакананы, што ніякія каштоўнасці і ў чэшскай літаратуры не ёсць толькі гісторыяй, мінулым. Невядомымі шляхамі зноўку і зноўку знаходзім эпохі свайго народнага мінулага. Так, як у пошуку страчанага часу выяўляем схаваныя ўзроўні сваёй свядомасці і знаходзім новыя, не раз цалкам нечаканыя падмацаванні ў трагічных сітуацыях. Думаю, чэшская культура дзейнічае гэтак жа, як і іншыя арганізмы. У выпадку неабходнасці для сябе і сваіх сучаснікаў можа нечакана знайсці шлях як да народнага мастацтва, так і да раманскай эпохі. Пры ўсёй скептычнасці і расчараванасці часам, пасля ўсіх узрушэнняў Першай і Другой сусветнай вайны, сёння ва ўсім свеце ідзе пошук відавочных каштоўнасцей, годных
усеагульнага ўшанавання. Уся культура сучаснасці шукае сваіх багоў, перад якімі магла б схіляцца, зноўку і зноўку да іх вяртаючыся. Тое ж робіць і грамадзянін, незалежна ад ідэалогіі, канцэпцыі і веры. Ёсць гэта штосьці кшталту іерагліфічных знакаў, якія аднолькава будзе чытаць жыхар і заходняга, і ўсходняга паўшар’я.
Вялікая сусветная зацікаўленасць выяўленчай культурай пра штосьці вельмі выразна і відавочна сведчыць. Таксама, як і захапленне архітэктурай. Нясмела кажам пра стварэнне жыццёвага асяродку. Быў у Фінляндыі і заўважыў, як у сучасных капліцах (Тапіола) або ў новых гарадах кідаецца ў вочы, што тут прысутнічае культ прыроды як найвышэйшай каштоўнасці, культ, які ўжо даўно знайшоў сваё выяўленне ў літаратуры. Адчуваю, што мы яшчэ трывала па руках і нагах скутыя састарэлымі канцэпцыямі і ідэалогіяй. Паспрабую сказаць гэта інакш. Скульптурныя творы, якія ўжо там-сям знаходзім на дзіцячых пляцоўках ці ў парку, ёсць выяўленннем культу багіні псіхічнага, ментальнага адпачынку, багіні Рэлакс. Таксама можам, даўшы крыху волі фантазіі, меркаваць, што нашыя кінатэатры — гэта падземныя, начныя храмы культу багіні Кібэлы.
Скульптура і архітэктура — гэта справа грамадскай прасторы; тычацца яны таксама мыслення мас, могуць чалавека захапіць, прывабіць, фарміруючы мысленне і адчуванне сучаснікаў. Нягледзячы на ўсе адрозненні паміж краінамі, можам вылучыць адзін сапраўды ўніверсальны момант: у шчаслівых выпадках як у скульптуры, так і ў архітэктуры знаходзім пэўныя прыхаваныя асацыятыўныя сувязі з матэрыяльным мінулым народа, з мінулым мясцовай культуры. Але шмату нас гаворыцца пра свабоду. Калі будуем новы кінатэатр або жылы раён, яны мусяць стаць выяўленнем нашых амбіцый, нашай свабоды, прыгажосці і велічы нашага люду. Замест гэтага нашыя кінатэатры і жылыя раёны з’яўляюцца хутчэй выўленнем неабходнасці і цеснаты, у іх не адчуваецца народнага гонару, шырыні, незалежнага пачуцця. А гэта, зразумела, фарміруе людзей...
I ў Славакіі крыніцы народнай традыцыі забытыя, але ў меншай ступені, чым у Чэхіі. He хочацца мне, аднак, паверыць, што чэшскія архітэктары і скульптары,
не кажучы ўжо пра пісьменнікаў, не імкнуліся выявіць у гістарычнай свядомасці сваіх сучаснікаў старэйшыя ўзроўні, больш трывалыя і дзейсныя сімвалы. Было б дзіўна, каб творы нашых скульптараў успрымалі толькі ў асацыятьгўнай сувязі з выяўленчым мастацтвам іншых гарадоў, напрыклад, Парыжа або з творчасцю іншых майстроў, напрыклад, Генрыха Мура ці Бранцузі. Да таго ж і ў скульптуры Бранцусі ёсць сімвал, створаны дзеля вечнасці, адным са сваіх значэнняў звязаны з кіем пастуха, уторкнутым у зямлю. He магу сабе ўявіць, каб чэшскі скульптар ці архітэктар, які стварае помнік сваёй краіне, не прыгадваў крыж пры дарозе ці старажытную капліцу, што складаюць мысленчую і пачуццёвую дамінанту гэтай краіны. Можна сказаць, што на народным мастацтве, як і на кожным іншым, наслаілася некалькі пластоў ідэалогіі. Часам гэта выглядае як, напрыклад, скульптура — твор даўняй мінуўшчыны, якая пад гэтым шматпластовым налётам ужо зусім не кранае нас, а потым, калі хтосьці гэтыя пласты саскрабе, мы ўспрымаем яе як вынаходніцтва. Цуды ў культуры ўзнікаюць якраз з паяднання мінулага і сучаснага. Але як узнікаюць? Ніхто не сказаў, як узнік у чэшскай паэзіі цуд па імені Карэл Гінэк Маха. Або ў сучаснасці цуд некалькіх чэшскіх кінематаграфічных твораў.
Часам я таксама думаю, што выраз «пошук» ужо крыху дэвальваваны ў культуры. Шукаць — значыць пазіраць ва ўсе бакі. Няпер, магчыма, неабходна было б засяродзіцца на тым, што чалавек, насуперак усёй сваёй скептычнасці і безнадзейнасці, ушаноўвае. Думаю, што ў такой невялікай, жыццяздольнай краіне, як нашая, вялікі міністр культуры з вялікай канцэпцыяй (магчыма, дастаткова было б, каб быў захавальнікам народнай канцэпцыі) мог бы паспрыяць, акрамя іншага, якраз тым, што стварыў бы архітэктарам і скульптарам умовы для выяўлення народнай эпохі. Пакуль што ўсе нашы амбіцыі выяўленыя павільёнамі на сусветных выставах. Павінныя мы як найхутчэй нейкі такі павільён або кінатэатр (ужо не кажу пра пантэон) стварыць і для ўнутраных патрэб краіны.