Культура як зносіны выбранае з разваг Дамінік Татарка

Культура як зносіны

выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
75.62 МБ
Славацкія погляды, 1969
Выбухі бяссіля ці свабоды
(адказ у апытальніку «Пісьменнік і народ»)
Калі на вашых вачах заб’юць безабаронную дзяўчыну, а вы тое месца агародзіце цаглінамі, матэрыялам, які маеце пад рукой, калі нават гэтае месца абмалюеце толькі крэйдай і пазначыце яго ініцыяламі дзяўчыны або крыжыкам, гэта значыць вы штосьці зрабілі, выявіліся, маю на ўвазе, творча выявіліся, хоць вы і не мастак. Калі вы ў вёсцы каля хаты падмялі ходнік і палілі яго вадой, ваш такім чынам узніклы арнамент можна таксама назваць мастацкім выяўленнем. Калі знойдзеце камень, кавалак дрэва і пакладзеце яго ў хаце на паліцу — гэта таксама мастацкае выяўленне.
Калі на смерць бессэнсоўна забітай дзяўчыны напішаце некалькі радкоў у часопісе, маем на гэта назву — верш, літаратурнае паэтычнае выяўленне.
Але калі вы над забітай дзяўчынай або над месцам, дзе яе забілі, выкрыквалі з адчаем «Дана, Дана, ластаўка, чаму, чаму цябе забілі» або калі б вы на ўгодкі яе смерці арганізавалі сход моладзі, ускладанне вянкоў, паніхіду — гэта таксама было б выяўленнем, але для яго не маем назвы.
Спецыяліст, чалавек, які гэтым займаецца, усе б гэтыя выяўленні класіфікаваў. Выяўленчыя і вербальныя назваў бы эстэтычнымі выяўленнямі і аднёс іх да культуры, тыя астатнія назваў бы палітычнымі выяўленнямі.
3 таго, што сказаў, можна зрабіць самыя розныя высновы. Напрыклад, такую: палітычныя выяўленні не належаць да культуры, а культурныя — да палітыкі; адзін і той жа чалавек выяўляецца то культурна, то палітычна. Паэтычна, па-мастацку можа выяўляцца, можа з аголенай галавой стаць над месцам, пазначаным бязвінна пралітай крывёй, можа там разважаць або маліцца за выратаванне душы, але ўжо не крычаць, не аплакваць ахвяру ўголас. I нарэшце не арганізоўваць сход моладзі, ускладанне вянкоў і паніхіду. Гэта ўжо не культурная, а палітычная акцыя. Эстэтычна ці культурна выяўляцца — яшчэ дазваляецца асобным грамадзянам, але права быць творцам грамадскага выяўлення пакідае за сабой улада, моц. Усе чалавечыя выяўленні, індывідуальныя ці грамадскія, выяўленчыя ці слоўныя належаць да сферы культуры,
усе ў пэўнай ступені палітычныя датычацца ўлады. Іх катэгарызацыя — гэта вынік уладнага падзелу. Паводле негалоснай догмы, індывідуальныя выяўленні належаць да культуры, грамадскія — да палітыкі. У выніку гэтага ўладнага падзелу ў спажывецкім грамадстве, капіталістычным ці сацыялістычным, прыйшлі мы да масавасці: акрамя групы творцаў грамадскага выяўлення — улады, палітыкаў, акрамя жменькі мастакоў — творцаў культуры, рэшта, уласна большая частка народа — гэта масы, масы спажыўцоў палітычнай ідэі, дабрабыту, свабоды, вядомай будучыні, культуры. Пра масы трэба клапаціцца, весці іх, забяспечываць іх культурай.
Гэта парадокс, што славацкі народ, падданы народ, ва ўмовах вугорскага феадалізму і капіталізму, якія разумеем як нечалавечыя, сваю краіну і нябёсы над ёй пакрыў сваёй цудоўнай культурай. Гэты народ у апошнія паўстагоддзя, а асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе сацыялізму, згубіў жаданне і волю выяўляцца, згубіў свой густ. Ператварыўся ў масу спажыўцоў, якая чакае, пакуль яе накормяць культурай, паэзіяй, літаратурай, той сваёй прадукцыяй ілюзіі, ідэі, пакуль ёй укажуць, навошта жыве.
Страшна і небяспечна рэдукаваць народ да масы, да спажыўцоў. Спажыўцоў чаго заўгодна: дабрабыту, культуры, свабоды.
Уладар, будучы моцным нават як бог, як лёс, не можа выкарыстоўваць нават малы народ як масу, гліну ці матэрыял для свайго выяўлення.
Мінулы 1968 год, паўстанне моладзі ў Парыжы, падзеі Чэхаславацкай рэспублікі — гэта прадвесце і павучанне. Найбольшы гвалт, які чыніцца не толькі ў адносінах да асобы, але да ўсяго народа чыніцца ў галіне грамадскага выяўлення, нават калі гэта адбываецца ў імя дабрабыту — які нам не пагражае — або бяспекі.
Славацкія погляды, 1969
Да шасцідзесятых угодкаў Чэхаславацкай рэспублікі (адказ у апытальніку «Гісторыя і сучаснасць)
1.	Прайшло 60 год з моманту ўзнікнення ЧСР. На вашую думку, якое гістарычнае значэнне мелі гэтыя гады ў развіцці чэхаў і славакаў?
Мне 65 год. У першым класе царкоўнай школы мой першы настаўнік Мікулаш Літэра расплакаўся, калі мы ўпершыню спявалі гімн гэтай рэспублікі. Я асабіста з ёй паяднаўся. 3 таго часу называю яе Мая рэспубліка, Нашая рэспубліка, нават калі бачу яе недасканаласць, калі дамагаюся справядлівасці. Ніхто не можа мяне абвінаваціць, што ўхіляўся, калі патрэбная была ахвяра. Змагаўся за сваю радзіму, стоячы перад танкамі, сказаў: «Страляйце, я не вораг, я ў адчаі бараню суверэнітэт сваёй рэспублікі». Перакананы, што мая рэспубліка не патрапіла б у згубны палон адміністратыўных мерыпрыемстваў, калі б утрымала незалежнасць. He забілі мяне. Але няхай мяне заб’юць. I на месцы пакарання, перад белым мурам скажу: «Мая рэспубліка ёсць вялікае выяўленне творчай моцы майго народа, чэшскага і славацкага». Ніякі чалавечы твор не можа быць дасканалым. He ідэалізую яе. Перакананы, што мы маглі і можам яе ўдасканаліць, стварыць у ёй большую прастору для выяўлення кожнага.
2.	Нашых продкаў хвалявала пытанне, «як утрымаецца малы народ?»; мяркуеце, што гэта праблема таксама сучаснасці і будучыні, або гаворка ідзе хутчэй пра тое, «як утрымаецца малая дзяржава?» Ці могуць, на вашую думку, малыя народы — як калісьці верылі — жыць самастойна, незалежна?
Майму народу, чэшскаму і славацкаму, сёння пагражае большая небяспека, чым выказаныя ў гэтым пытанні перасцярогі нашых продкаў за нас, сучаснікаў. Нам пагражае страта асабістай і надасабістай памяці, пагражае масавасць, страта асабістага і надасабістага прызначэння, нацыянальнай адметнасці. Напрыклад, славацкі народ у імя інтэрнацыяналізму заціснуты
да становішча этнічнай супольнасці, хоць ужо самое паняцце інтэрнацыяналізм прадугледжвае развітыя, умацаваныя творчасцю індывідуальнасці. Паняцце народа ўтрымліваецца толькі ў назве «Славацкае нацыянальнае паўстанне». Інакш існуе ўжо толькі люд, гэта значыць народ быў аб’яўлены паняццем буржуазным, паняццем састарэлым. Наш інтэрнацыянальны абавязак, як гэта нам даводзяць, — яднацца з кімсьці, каб быў спакой, адмовіцца ад сваёй, нашай індывідуальнасці, нашай памяці, нацыянальнай, этнічнай, індаеўрапейскай. «Толькі наперад, шляху назад няма». Індывідуальная і нацыянальная памяць нашага маўлення — гэта не толькі памяць вербальнага маўлення, але і памяць нашага цела. Творчасць і мары — спосаб абнаўлення памяці (і адказнасці, і лёсу).
Мой адчай — аптымізм, што грунтуецца на незнішчальнасці чалавечай памяці. He магу пазбавіць сэнсу ахвяру сваёй маці, ахвяру, барацьбу сваіх продкаў. Але магу, наадварот, убачыць сэнс у бессэнсоўным. Мой народ, чэшскі і славацкі, не можа адмовіцца ад сваёй памяці. Свядомасць супольнасці народаў перажывае змены, уясняецца, трансфармуецца, ператвараецца ў прынцып. Неабходна арганізаваць свет так, каб народы фарміравалі адзінства, вобраз. Каб усе народы мелі агульныя стасункі. Калі ж кожнае грамадства ўтрымліваецца ахвярамі, няхай і адзінства народаў таксама ўтрымліваецца ахвярамі, але не так, каб толькі так званыя малыя народы ахвяравалі сябе, адмаўляліся ад сваёй адметнасці, пераставалі быць суб’ектамі гісторыі, ператвараючыся ў яе масу, матэрыял гісторыі вялікіх народаў. Мой нацыяналізм не хоча быць эгаістычным, нігілісцкім, нецярпімым. Малыя народы ўтрымаюцца, выяўляючыся, адлюстроўваючы сябе ў мове, дзеяннях, адзенні, архітэктуры, літаратуры, музыцы. Кожная дзяржава, малая і вялікая, для мяне інфармацыйны цэнтр. Інфармацыйны і каардынацыйны, розум чалавечага і нацыянальнага арганізма. Як з экалагічнага пункту гледжання мы не маем права знішчыць арланаў, так і не маем права ператварыцца ў масу, асіміляваць
малыя народы, малыя дзяржавы, якія ёсць нервовай стстэмай, цэнтрам народаў. Мая Чэхаславацкая рэспубліка, нервовая сістэма народаў пэўнай тэрыторыі, мусіць быць адноўленая. Існуе і навуковая галіна, якая называецца інфарматыкай, што можа выказаць сваё важкае меркаванне.
3.	I вашае пакаленне пакінула ў 60-гадовым існаванні рэспублікі свой след, які? Адчуваеце сёння неабходнасць нейкай нацыянальнай праграмы? Калі так, ці бачыце і свой удзел у гэтым? Што найбольш сёння, на вашую думку, неабходна нашаму народу?
Маё пакаленне не мела гістарычнага досведу, было даверлівым, мала клапацілася пра ўмацаванне незалежнасці рэспублікі, пра фарміраванне пазітыўнага сэнсу і праграмы, універсальнай чалавечай праграмы нашай Чэхаславацкай рэспублікі.
Так, адчуваю неабходнасць, каб мы сфармулявалі, дамовіліся і выконвалі сваю нацыянальную праграму, свой гістарычны план. Нашыя народы ператвараюцца ў масу, страчваюць сваю гістарычную памяць, сваю самасвядомасць, асабліва народ славацкі. Мала скардзіцца на міжнародным форуме на свае крыўды. Павінныя сказаць сабе, як мы прагледзілі незалежнасць і свабоду. Першым крокам да нацыянальнага адраджэння я бачу аднаўленне нашай памяці. Калі хочам штосьці зрабіць, павінныя прыгадаць, хто мы, адкуль паходзім. Вам, чэхам, дакладна не можа замінаць тое, што я адчуваю сябе карпацкім пастухом, што я дэтэрмінаваны з дзяцінства народнай песняй. Мая душа — душа пастуха. Свабодным я сябе пачуваў сярод прыроды і пастухоў, земляробаў. Патрабую магчымасці выявіцца, выявіць не нянавіць, а любоў, сваю набожнасць. Паказаць, што гляджу на свет не як турыст, але як удзельнік, не ўтылітарна, а набожна.
Нашая нацыянальная супольнасць патрабуе выявіцца вербальна. Сфармуляваць сваю праграму, дэфінаваць, хто мы, адкуль мы; хочам выказвацца: і працоўны, і селянін, і інтэлегент. У свой час і прыгнечаны славацкі народ выяўляўся і стварыў сваю архітэктуру, мастацтва, песні. Сёння не
выяўляецца. Сёння яго нібы замяшчае толькі група спецыялістаў. Сёння я перш за ўсё трываю на тым, каб нашыя народы, чэшскі і славацкі, выяўляліся, адчувалі асалоду выяўлення і творчасці.
Перамены, Мніхаў 1983
Калі мне было дваццаць год (адказ у апытальніку «...а што пра гэта думаеце вы?»)
Што я рабіў, калі мне было дваццаць год? Вучыўся, рыхтаваўся да таго, што буду вучыць дзяцей. Што іх навучу і пераканаю ў неаобходнасці любіць і слухацца сваіх матуль, як і я любіў і слухаўся сваю, адзінокую ўдаву, у якой паны забралі мужыка і забілі дзесьці на ўсходнім фронце (іншага Татарку, селяніна, які паўстаў, за што быў панамі пакараны). Мая мама, дробная паставай, сама арала, сама на конях вазіла дровы. He хацела нават чуць пра тое, што магла б другі раз выйсці замуж і мець у хаце гаспадара.