Культура як зносіны выбранае з разваг Дамінік Татарка

Культура як зносіны

выбранае з разваг
Дамінік Татарка
Выдавец: Галіяфы
Памер: 352с.
Мінск 2012
75.62 МБ
Той юнак яшчэ сядзіць. Гэта магчыма? Але няма нічога дзіўнага і немагчымага ўтым, што ён сядзіць за столікам у самым куце тэрасы, дзе і я калісьці сядзеў з дзяўчынай. Спынюся каля яго століка, шчаслівы, узрадаваны тым, што ён яшчэ тут, звярнуся да яго: «Дарагі хлопча, дазволіце?» (у гэтай мове звычайна звяртаюцца да юнака, як да старэйшага мужчыны). Юнак на маё здзіўленне ўстане і з усмешкай прапануе мне сесці. Мой зварот прагучаў, як бацькоўскі. Паміж намі ўсё было зразумела. Сказаў нібы між іншым: хвілю паблукаў у гэтым квартале. Ён тут жа зусім нязмушана: «Я тут таксама жыву, у кроку адсюль. Ужо збіраўся дадому, бачыце, як добра. Я без верхняй вопраткі, але можам ісці разам». Гэта азначала, што завядзе мяне туды, куды я хацеў трапіць, але не трапіў. He хацеў у мяне дапытвацца, дзе гэта знаходзіцца. Проста пойдзем разам, а па дарозе я ўсё раскажу.
Пайшлі. Спыніўся разам са мной пад бюстам каня і засмяяўся. Дасюль ведаю шлях дакладна, а далей губляюся, на тую вуліцу не траплю. Назву маёй вулічкі паўтарыў некалькі разоў. «Ведаю, што гэта дзесьці тут, але не магу прыгадаць. Ды нічога. Знойдзем. Забягу ў свой пакой і вазьму мапу». Праз некалькі хвілін сказаў мне: «Я тут жыву, пачакайце хвілю». Пабег па прыступках. Спыніўся, ударыў сябе па галаве: маўляў, як я не здагадаўся. Вярнуўся па мяне. Сказаў: «Вам жа цікава, як я жыву». Сапраўды, я хацеў пабачыць, хоць у той момант мне гэта і не прыйшло на розум. Што тут змянілася, што засталося, а што — не. Такі ж пакой, як і мой калісьці. Старыя, выцвілыя шпалеры на сценах, шырокі вялізны ложак, што займае амаль тры чвэрці плошчы. Паловы яго вам бы хапіла не толькі на сон, а на бог ведае якія рухі, і не зваліцеся. Невядома хто і калі прыдумаў ложак такіх памераў, але захоўваецца гэта як традыцыя, як выяўленне вялікіх магчымасцей.
I сапраўды, на палове ложка ляжала, як Венера, віяланчэль. Усміхнуўся з гэтага як з нацемку. Калі б замест мяне, у госці да свайго сыночка прыйшла маці, выклікала б гэта ў яе слёзы замілавання: які нявінны яе сын.
Мой дарагі юнак расклаў вялікую мапу, і мы схіліліся над ёй.
«Шаноўны спадар, куды ж пойдзем?» — спытаў.
«Дарагі хлопча, не трэба так турбавацца», — скажу я.
«Цяпер я хачу. Або хочаце адзін ісці туды... дзе жылі».
Пайшлі разам. Пазванілі. Мадам прыйшла нам адчыніць. Праўда, іншая. Ужо трэцяя, як высветлілася.
Мадам, я тут калісьці... •
Яна жартам: «Прывялі мне свайго прыгожага хлопца, як кватаранта. Гэта каштавала б столькі і столькі». Зазірнулі мы ў сталовую, у садзе ўбачылі магутнае дрэва без лісця, як і тады.
«Уласна гэтае дрэва вырашыла, што я тут буду жыць», — сказаў я. Але не варта было гэтага казаць. Інакш паказала б нам і пакой. Заўважыла: «Я ніколі не саромеюся пастукацца да свайго кватаранта. Усе хлопцы мяне любяць».
Падзякуем. Пані сапраўды ўсцешаная, рукой пацягнецца да яго галавы, але дастане толькі да пляча.
I гэта ўсё. Часам, раз у жыцці, адбудзецца штосьці такое — штосьці большае, чым чакаў чалавек. Хтосьці неспадзявана яго зразумее. Быў бы вар’ятам, калі б сказаў, што такое можа адбыцца з чалавекам толькі ў Парыжы або ў іншым месцы, не дома. Дома, напрыклад, у Празе, падпісваеце сваю кнігу. Прыйдзе да вас жанчына са сваім сынам і перш, чым даць падпісаць кнігу, пасадзіць на стол свайго хлопчыка і папросіць вас: «Пацалуйце майго сына».
Што можаце зрабіць? У Празе ці ў Парыжы? Штосьці зробіце, штосьці скажаце, што і блізка не выкажа тое, што хацелі б.
Юнак, якога вы адшукалі, які выпадкова трапіўся вам на вочы ў пэўны час і пры пэўных абставінах, выпадкова меў жаданне і час для вас. Выпадкова, напэўна б, не ўстаў на зварот сталага чалавека, які б выпадкова мог быць яго бацькам. Як і невыпадкова гэта быў ветлівы юнак, інтэлігентны, пачцівы, які чагосьці хацеў, хоць і змарнаваў, страціў, бескарысліва вам ахвяраваў столькі
часу. Як гэта патлумачыць? Ён хацеў, каб гэты чалавек, які мог бы быць яго бацькам, пачуваў сябе добра. Узвялічаны сваёй ветлівасцю, зрабіў тое, чаго ад сябе і не чакаў: прывёў мяне ў свой пакой. Вярталіся мы назад зноў паўз тую конскую краму. Я маўчаў, ён казаў, што яму спадабалася тое дрэва. Ён бы таксама пераехаў туды дзеля гэтага дрэва. «Але праз некалькі месяцаў я заканчваю кансерваторыю. А так ведаеце, з большым задавальненнем слухаў бы такое дрэва без лісця на небасхіле, чым гуд машын на бульвары».
Так мы вярнуліся на белую плошчу Пантэона. Для мяне зноўку такую белую, што здавалася, нібы мы стаім на сцэне. Нам трэба было развітвацца, але кожны з нас хацеў яшчэ спытацца, што іншы пра гэтае думае. Ён кіўне галавой на купал і вымавіць чаканае пытанне: «Гэта новае, вам не падаецца?»
«Новая слава павінная мець досыць часу, каб атрымаць паціну. Але я не ведаю, я не француз», — скажу я знарок.
«Француз, француз, навошта падкрэсліваеце, што вы не француз?»
«Таму што я не ведаю, што ёсць слава, і не павінны да яе прызвычайвацца».
«Я адразу пабачыў, што мы належым да адной суполкі, — скажа ён. — Але ў гэтым усё ж штосьці ёсць?»
Для француза. Але для мяне? Для нас? Тое, што я ведаю пра славу, ведаю толькі з вашай літаратуры. Джордж Санд кажа, што слава для жанчыны — гэта выйсце з беднасці. А Генарал кажа, што слава для народа — гэта кампенсацыя за ахвяры. Дзякуй вам, дарагі хлопча. Няхай з вамі будзе маё блаславенне. Буду шчаслівы, калі і вы мяне часам згадаеце, пачуўшы гукі сваёй віяланчэлі.
Далей прыгадваць не люблю. Паўстанне. Смерць мяне ўжо даўно не здзіўляе. Але заўсёды мяне здзіўляе яе бэссэнсоўнасць. Перш, чым я паўстаў, было ўжо ўсё за нас вырашана.
Калі ласка. Слава — суцяшэнне для французаў, народапераможцы ў гэтай вайне (а колькі разоў і ў іншых войнах?).
Калі ласка. Але чым суцяшаецца народ пераможаны? Надзеяй на іншую вайну, што скончыцца інакш?
А чым суцяшаецца народ, што не вызначаецца моцай? Народ, які стала ад кагосьці ці чагосьці вызваляюць? Гэты
можа мець суцяшэнне толькі ў тым, што ёсць і іншыя народы, у якіх з гэтым яшчэ горш, і што божы млын працуе, хоць і так памалу.
Нягледзячы на тое, што слава для народа ёсць толькі суцяшэннем, толькі слабымі лекамі на рану, толькі раскошай, што ў нас, французаў, выклікае рост падаткаў, усё роўна выберам славу. Выберам славу і прэстыж, народны і дзяржаўны суверэнітэт для нашай Францыі. Бо калі яшчэ некалькі год будзем у стане вызвалення, будзе дрэнна. Вызваліцелі ператворацца ў пакупнікоў. I калі не будзем ад іх абараняцца, будуць нас паступова выкупляць далярам, пакуль не выкупяць назаўжды. Нават калі нам гэтыя амерыканцы сімпатычныя, нават калі ліслівяць перад намі, кожны павінны ўсведамляць, што для французаў найлепшым выйсцем ёсць слава. Разумець відавочныя рэчы не ёсць прывілеяй толькі французаў, народа, што, якужо гаварылася, не можа адмовіцца ад амбіцыі застацца самым інтэлігентным народам на свеце. У барацьбе інтэлігентных застацца найінтэлігентнейшым — гэта азначае як мінімум часовае першынство. Іншыя раней ці пазней гэта таксама зразумеюць. Паразуменне тут прыходзіць павольна, ператвараючыся ў вечную пакуту ад спазнення на хвілю або на паўдзесяцігоддзя. Рэфлекс, гатоўнасць да паразумення і адпаведнага рэагавання дае магчымасць свабоднага рашэння.
Хто абароніць радзіму ад дракона, таму мая песня славай загучыць.
Пад вогненным драконам сёння разумеюць касмічнага паліцэйскага, які кружыць вакол нас у звышмоцным касмічным паліцэйскім корабе, запоўненым знішчальнымі рэчывамі. Pax romana40, гэта ведаем. Pax atomica41. «Амерыка, ідзі ў сраку са сваёй атамнай энергіяй», — пракрычаў паэт, амерыканскі. He пужай нас, не станем на калені нават перад касмічнымі паліцэйскімі. Калі вядзецца пра разуменне свайго чалавечага і нацыянальнага становішча, не існуе малых народаў. I малыя, і вялікія народы вельмі добра разумеюць сваё становішча ў свеце. Пакуль, аднак, гаворка ідзе пра
40 Pax romana — у пер. з лац. «рымскі мір»
41 Pax atomica — у пер. з лац. «атамны мір»
моц, былі і будуць малыя народы і народзікі. Ім не застаецца нічога іншага, як лічыцца з абмежаванасцю сваіх магчымасцей. На жаль, ёсць народы, што маюць перыяд існавання яшчэ меншы, чым іх сціплыя магчымасці. А з гэтым грамадзянін ніколі не можа прымірыцца. Чалавек — гэта гучыць годна. Але пра гучанне тут увогуле гаворка не ідзе. Civis romanus sum42 — гэта гучыць яшчэ болып годна. Наша свядомасць кажа: я грамадзянін гэтай малой Дубраўніцкай рэспублікі. Я грамадзянін маёй Чэхаславацкай рэспублікі. Мяне, грамадзяніна гэтай рэспублікі, можаце судзіць, калі вы перакананыя, што я раблю шкоду сваёй бацькаўшчыне. Можаце мяне пасадзіць за краты, можаце пазбавіць мяне жыцця, калі вы ўпэўненыя, што сваім існаваннем за кратамі ўсё роўна магу шкодзіць. Але калі вы яшчэ і мой прах развеялі — то гэта вы ўжо самі, якія жывяце, не можаце сабе прабачыць. Тут ужо не дзейнічае чалавечая і грамадзянская салідарнасць. У гэтай сувязі прыгадваецца Антыгона, якая не пахавала, не аплакала свайго брата, не задаволілася ахвярай. Чуеце, браты мае, як і я, грамадзяне нашай памежнай рэспублікі, рознае я зведаў, перажыў за сваё паўвекавое жыццё. Быў сведкам. Хочаце верце, хочаце не, а стаяў я і яшчэ шахцёраў сто ў ліптоўскім краі перад дуламі варожых аўтаматаў. Хлопцы, стоячы перад тварам смерці, як па загаду, расшпілілі порткі, памачыліся і ў адзін голас сказалі: «Ну, пайшлі». Але вораг, што так забірае вашае жыццё, не прыніжае вас. Найбольшае прыніжэнне я перажыў ад Дзеяча нашай рэспублікі. Падчас яго дзейнасці здзейснілі над нашымі выбітнымі суайчыннікамі нечуваны, больш за тое пачварны гвалт. Ён наважыўся яшчэ апраўдвацца такім чынам: «Вы нічога не разумееце ў палітычнай кухні. Я — дзеяч, вялікі Дзеяч, і форму генерала-палкоўніка дома маю. Ведаеце, але я нічога не вырашаў...» Скажыце, ці можа апраўдвацца такім чынам дарослы мужчына? Калі Дзеяч ні за што не адказвае, дык за што можа адчуваць адказнасць звычайны грамадзянін, без моцы, без магчымасці выказацца, выявіць сваю волю? Тут нашая чалавечая і нацыянальная, адным словам, грамадзянская свядомасць пахіснулася знутры.
42 Civis romanus sum — у пер. з лац. «я рымлянін».
Французскія пісьменнікі — тыя, што навекі зафіксаваныя ў нашай памяці — падрабязна апісвалі становішча чалавека падчас апошняй вайны і пасля яе. Казалі пра чалавека, але, калі не памыляюся, думалі пра грамадзяніна, жыхара краіны, рэспублікі. Сёння чалавек не можа застацца на пазіцыі падданага, нават калі б сам хацеў, не атрымаецца. Калі не будзеце яго паважаць, не пакінеце яму магчымасць вырашаць за сябе, дрэнна будзе яму і вам. Ператворыцца ў анархіста, рэвалюцыйную, правакацыйную істоту. Лепш смерць, чым падданства. Французы, нашыя сучаснікі, сказалі: гэтую магчымасць вырашаць за сябе ніхто не вырве з нашых рук. На нашым небасхіле ўжо бачныя два касмічныя паліцэйскія. Неабходна — што скажаце? — каб і мы, французы, адправілі туды свайго інспектара Мэгрэ. Так, літаральна так, як у дэтэктыве. Адзін на нябёсах — гэта Бог, два — гэта Дабро і Зло; гэта вечнае варагаванне, прымітыўны дуалізм. Гэта будзе каштаваць нам вялікіх падаткаў, але што зробіш? Калі адправім туды і свайго інспектара Мэгрэ, невялікага, дробнага француза, будуць там утрох. А трое — гэта штосьці істотна адрознае, чым двое. Tres faciunt collegiums43, трое — гэта калектыў, які павінны думаць, а не толькі пагражаць.