Лагодны цмок
Кэнэт Грэхэм, Эдыт Нэсбіт, Лэсьлі Поўлз Хартлі
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 119с.
Мінск 1993
x
— Скажы, а ты ніколі — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пісаць вершы?
Хлопчык усміхнуўся:
— Ну, безумоўна, я пісаў вершы, і сякія-такія, на мой погляд, былі вельмі неблагія, але ведаеш, ніхто з маіх паэзіяй асабліва не цікавіцца. Маці заўсёды ўважліва слухае, калі я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк... Ну, не зусім...
— Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок.— Вось тое самае і са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробіш?! Але ж ты — ты іншы, я тваю адукаванасць і выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёміліся. I я вельмі хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякіх-такіх невялічкіх твораў, якія самі прыйшлі мне ў галаву, калі я сядзеў унізе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёміліся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што і іншыя суседзі такія ж мілыя і выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмі прыстойнага джэнтльмена, але ён, відаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.
— Гэта быў мой бацька,— растлумачыў хлопчык,— ён сапраўды добры. Калі хочаш, я калі-небудзь вас пазнаёмлю.
— Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок.— Вядома, калі вы нічым не занятыя,— дадаў ён ветліва.
— Дзякуй за запрашэнне,— усміхнуўся хлопчык.—
Але, ведаеш, мы з бацькам ніколі не ходзім у госці без маці, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставіцца да цябе. Што ні кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калі ты кажаш, што збіраешся тут асесці ды цікавішся суседзямі, дык баюся, ты не зусім уяўляеш сваё становішча. Ты ж вораг роду чалавечага!
— Нічога падобнага! Ды ў мяне ва ўсім свеце ніводнага ворага не знойдзеш’ Па-першае, у такіх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другім, дык і сам іхнія вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?
— О, Божа! — уздыхнуў хлопчык.— Ну зрабі ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькі людзі даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамі, дзідамі ды лукамі. Яны палічаць, што ты мусіш быць знішчаны. Бо ты для іх — кара Божая, брыдкі яшчар, агідны монстр, жахлівая пачвара!
— Ва ўсім гэтым аніводнага слова праўды,— урачыста прамовіў цмок, пакруціўшы галавой.— Мая асоба вытрымае самую пільную праверку. Але слухай, калі ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзін невялічкі санет і быў бы ўдзячны, каб ты яго ацаніў.
— Калі не хочаш размаўляць сур’ёзна,— раззлаваўся хлопчык, устаючы,— дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма — мяне чакае маці. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты — жахлівы монстр, a то вокам міргнуць
не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!
Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоіў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. I бацькі, якія давяралі меркаванням сына, адразу перасталі хвалявацца.
А праз пэўны час хлопчык пазнаёміў з цмокам свайго бацьку. Цмок і пастух нагаварылі адзін аднаму шмат прыемных словаў і рассталіся цалкам задаволеныя сустрэчай.
Але пастухова жонка так і не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок і што ў вёсцы яго ніхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесці ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь ці прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, які захапляецца паэзіяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмі непакоіла).
Маці дазваляла хлопчыку хадзіць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусіў не пазней за дзевятую гадзіну вечара.
Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры і вельмі прыемна бавіў са сваім сябрам час. Шмат ціхіх летніх вечароў правялі яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявідам і з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мінулыя часы, калі цмокаў было шмат, свет быў болей цікавы, а жыццё — поўнае нечаканасцяў і прыгод.
Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават самы сціплы, ціхі і спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цікаўнасці, калі ён памерам з добрую хату і ўвесь пакрыты буйною луской.
Кожны вечар вяскоўцы збіраліся ў шынку і гутарылі толькі пра цмока. Яны абмяркоўвалі яго памеры, яго злосны нораў і страшны выгляд. Вяскоўцы былі напалоханыя, але ў той жа час ганарыліся — не кожная вёска можа пахваліцца сваім уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знішчыць і вызваліць край ад брыдкага яшчара, агіднага монстра і жахлівай пачвары!
На той факт, што за ўвесь час, калі цмок пачаў жыць побач, у вёсцы нават курыца не прапала, ніхто не зважаў. Цмок ёсць цмок, ад гэтага не адмовішся, а калі ён не жадае паводзіць сябе, як тое яму належыць, дык гэта яго ўласная праблема!
Размовы размовамі, але героя, які ўзяў бы шчыт, меч і добрую дзіду ды вызваліў бы шматпакутную вёску з-пад цмокавай улады, пакрыўшы сябе неўміручаю славай,— такога героя чамусь не знаходзілася. I таму кожны вечар жыхары вёскі разыходзіліся па хатах незадаволеныя.
А тым часам цмок палежваў на траўцы, любаваўся сонечнымі захадамі, расказваў хлопчыку дапатопныя анекдоты, дасканаліў старыя вершы ды складаў новыя.
Але аднойчы, калі хлопчык зайшоў па нейкіх справах у вёску, ён вельмі здзівіўся: па календары быў звычайны дзень, а вёска выглядала па-святочнаму. 3 вокнаў дамоў былі вывешаныя рознакаляровыя дываны,
гучна звінелі царкоўныя званы, маленькая вулачка была засыпаная кветкамі, а людзі, апранутыя ў святочныя строі, стаялі абапал дарогі, штурхаліся і радасна шумелі. Хлопчык убачыў у натоўпе аднаго свайго сябра і пачаў прабірацца да яго.
— Што здарылася? — закрычаў ён.— Каго чакаюць? Цырк? Ці мо яшчэ што?
— Усё цудоўна! — крыкнуў сябар яму ў адказ.— Ён едзе!
— Хто едзе? — перапытаў хлопчык.
— Ты што, не ведаеш? Едзе сам Святы Георг! Да яго дайшлі чуткі пра нашага цмока, і вось ён выправіўся ў дарогу, каб знішчыць жахлівага монстра і вызваліць нас з-пад ягонай улады,— растлумачыў сябар.— Уяўляеш, якая будзе бойка?!
Вось навіна дык навіна! Хлопчык вырашыў не даваць веры чуткам, а застацца і пабачыць усё на свае вочы. Ён прадраўся скрозь натоўп у першы рад і, стаіўшы дыханне, пачаў чакаць.
I вось здалёк пачуўся спачатку шум, крыкі, а тады — тупат вялізнага каня. Сэрца ў хлопчыка забілася хутчэй, і ён радасна закрычаў разам з усімі, убачыўшы, як на вуліцу конна ўязджае Святы Георг. Рыцар паволі ехаў па вуліцы, не зважаючы на радасныя крыкі, мільгаценне рознакаляровых насовак, лямант і плач жанчын, якія на выцягнутых руках паднімалі насустрач герою сваіх немаўлят.
Сэрца ў хлопчыка аж зайшлося, і ён сам ледзь не зарыдаў ад захаплення — да такой ступені рыцарава хараство і грацыя пераўзыходзілі ўсё самае чароўнае, што бачыў ён у сваім жыцці.
4. Лагодны цмок.
Інкруставаныя золатам даспехі блішчалі на сонцы, вецер калыхаў чырвоныя пёры на шаломе, які звісаў з лукі сядла. У рыцара быў прыгожы твар, густыя бялявыя валасы, але яго блакітныя вочы падаліся хлопчыку суровымі і няўмольнымі.
Святы Георг спыніўся каля шынка, і вяскоўцы кінуліся да яго ўсім натоўпам. Яны віталі героя, дзякавалі яму за прыезд, а болей за ўсё скардзіліся на жахлівую пачвару, якая нясе ім галечу і пагібель. Тады хлопчык пачуў суровы, але прыемны голас Святога Георга. Той суцяшаў вяскоўцаў, абяцаючы абараніць іх і вызваліць з-пад улады лютага ворага. Потым ён злез з каня і ўвайшоў у шынок, а натоўп паваліў за ім.
Хлопчык з усіх ног кінуўся да цмокавай пячоры. Ніколі яшчэ яму не даводзілася бегаць так хутка.
— Усё скончана, цмок! — закрычаў ён, ледзь убачыўшы свайго сябра.— Ён прыехаў! Ён ужо тут! Нарэшце табе давядзецца зрабіць што-небудзь!
Якраз у гэты час цмок займаўся туалетам — ён старанна вылізваў сваю луску і паліраваў яе фланэлеваю анучкай, якую яму пазычыла хлопчыкава маці. Луска блішчала на сонцы, і цмок выглядаў проста чароўна — здалёк ён нагадваў гіганцкі кавалак бірузы.
— Што гэта на цябе сёння найшло? Хіба можна так крычаць?! — адказаў цмок, не паварочваючы галавы.— Сядай, аддыхайся крышку, прыгадай, што, згодна з граматыкай, дзеясловам кіруе назоўнік, і тады скажы — хто прыйшоў?
— Я вельмі рады, што ты ўсё прымаеш так спакойна,— кпліва сказаў хлопчык,— спадзяюся, ты за-
станешся такі самы спакойны і вытрыманы і тады, калі пачуеш маю навіну. У вёсцы аб’явіўся Святы Георг — вось так! Ён прыехаў паўгадзіны таму. Вядома, для цябе, такога вялізнага й дужага, бойка з ім — драбяза! Але я ўсё ж вырашыў папярэдзіць цябе на ўсялякі выпадак. Я ўпэўнены, што гэты Святы Георг паднімецца яшчэ на золку, і ты вочы прадраць не паспееш, як ён ужо будзе тут са сваёй даўжэзнай і востраю дзідай.
I хлопчык радасна заскакаў на адной назе вакол цмока, смакуючы наперад крывавую бойку.
— Бедны я, няшчасны,— застагнаў цмок,— як гэта жахліва. He, я не прыму яго ні ў якім разе! Я з ім зусім не знаёмы. I я чамусьці цалкам упэўнены, што ён мне не спадабаецца. Ты павінен як мага хутчэй сказаць яму, каб ён тэрмінова ад’язджаў. Я не магу забараніць яму напісаць мне, але катэгарычна адмаўляюся даваць інтэрв’ю. Скажы, што я нікога не прымаю.
— Цмок! Ну, ты што?! — пачаў угаворваць яго хлопчык.— Хіба можна быць такім баязліўцам? Ты зразумей: табе ўсё роўна давядзецца з ім біцца, не сёння, дык заўтра, бо ты — цмок, а ён — Святы Георг! Ведаеш, як у нас кажуць? «Перш папрацуй, а тады й патанцуй». Зладзім бойку, а тады пішы сабе санеты, колькі ўлезе. Дый трэба ж і пра іншых думаць! Калі табе часам бывае сумна, дык уяві, як сумна бывае мне\
— Шаноўны мой сябар,— цырымонна прамовіў цмок,— я хачу, каб ты раз і назаўсёды зразумеў адну простую рэч: я не магу біцца, і я не буду біцца. Ніколі за сваё немалое жыццё я не браў удзелу ў бойках і
пачынаць цяпер, дзеля тваёй забавы, не збіраюся. У былыя часы я заўсёды пакідаў бойкі іншым — лепшым за мяне, і я ўпэўнены, што менавіта таму маю шчасце быць цяпер тут, побач з табой.
— Але калі ты адмовішся біцца, дык ён проста адсячэ табе галаву! — жахнуўся шаноўны сябар і вельмі засмуціўся: яму шкада было не ўбачыць бойкі і яшчэ болей шкада згубіць такога сябра.