Лагодны цмок
Кэнэт Грэхэм, Эдыт Нэсбіт, Лэсьлі Поўлз Хартлі
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 119с.
Мінск 1993
x
Але калі ён ускараскаўся на яго, перад яго вачыма
ўзнікла ні з чым не параўнальнае відовішча. Каб убачыць такі цуд, хлопчык пагадзіўся б прайсці ўтрая болей. Перад ім раскінулася неабсяжная даліна, залітая мяккім аранжавым святлом, і на самым даляглядзе паўставала высокая, як гара, і пляскатая, як лязо, скала, з якой нібыта вырастаў замак. Немагчыма было сказаць, дзе канчаецца скала і дзе пачынаецца замак. Конрад напружыў зрок: паветра ў яго краіне было такое чыстае і празрыстае, што ўсё наўкола можна было ўбачыць з вельмі далёкай адлегласці,— замак мог быць і за пяць міляў ад яго, і за дзесяць, а можа, і за дваццаць. I тут Конрад прыгадаў, што ў маці на кухні вісіць карцінка, на якой намаляваны такі самы замак. Ён адразу пазнаў яго: гэта быў каралеўскі замак.
Вакол замка адбывалася нешта незвычайнае. Замак быў упрыгожаны сцяжкамі, з яго расчыненых вокнаў звісалі рознакаляровыя дываны і вышываныя золатам тканіны. На ветры трапяталіся чырвоныя стужкі. Уся прастора перад замкам была запоўненая чорнаю масай, якую на дзве часткі разразала дарога. Конрад зразумеў, што гэта абапал дарогі вялікім натоўпам стаяць нейкія людзі, але вершнікі ахоўваюць дарогу і нікога на яе не прапускаюць. А па самай сярэдзіне дарогі, павольна і ўрачыста, па чатыры ў рад, ішлі герольды і трубілі ў трубы. Раптам яны ўсе разам спыніліся і выстраіліся ўздоўж дарогі. Усё аціхла, нават вецер стаіў дыханне, і сцяжкі абвіслі, як анучкі. Удалечыні ўзніклі чатыры вершнікі; за імі, крыху воддаль, ехаў яшчэ адзін. Ягоная вопратка, расшытая каштоўнымі камя-
нямі, зырка блішчала, на шаломе калыхаліся белыя страўсіныя пёры. Вершнік ехаў, крыху нахіліўшы галаву,— можа, ад гордасці, а можа, ад сарамлівасці — цяжка было сказаць. А можа, так ён адказваў на прывітальныя крыкі людзей, якія махалі насоўкамі і падкідалі ў паветра капелюшы?
Адзінокі вершнік набліжаўся да палаца, а гледачы — і Конрад разам з імі — не зводзілі з яго вачэй. Калі да першых прыступак заставалася ўжо ўсяго некалькі крокаў, раптам здарылася неверагоднае.
Паверхня скалы заварушылася, зморшчылася, у скале ўзнікла вялікая дзірка, з якой валіў дым, потым адтуль высунулася галава, падобная да змяінай, чорная як ноч, цвёрдая, як чорнае дрэва, вялізная, як цень ад хмары. Яна пакруцілася сюды-туды на тоўстае шыі і кінулася наперад. Натоўп хлынуў назад, і вершнік застаўся самнасам з агідным монстрам. Конрад убачыў, як рыцар азірнуўся,— каб ён завярнуў каня, дык мог бы яшчэ захаваць жыццё. Але шукаць паратунку ён не схацеў.
Конрад вельмі спалохаўся. I апошняе, што ён паспеў заўважыць, раней чым даў цягу, — гэта страшэнны ўраган, які раптам узняўся вакол замка і ў адно імгненне паздзіраў з яго ўсе ўпрыгожанні: і сцяжкі, і дываны, і стужкі.
Дрэнныя навіны разлятаюцца хутка. He было выключэннем і тое, што здарылася каля палаца. Таму дома нават не заўважылі, што Конрад згубіўся. Маці, праўда, некалькі разоў пыталася: «Куды гэта Конрад падзеўся?»— але ніхто не мог нічога ёй адказаць. Ста-
6. Лагодны цмок.
рэйшыя сыны і іх сябры толькі і рабілі, што абмяркоўвалі жахлівы лёс жаніха прынцэсы Гэрміёны. Таго дня прынцэса павінна была пабрацца шлюбам з сынам манарха суседняй дзяржавы. Гэта быў вельмі прыемны малады чалавек: галантны, смелы, прыгожы — добрая партыя для прынцэсы.
— А ці бачыла яго прынцэса калі-небудзь раней? — пацікавілася маці.
— Якая розніца?! — абурыўся муж.— Гэты шлюб зрабіў бы нас наймацнейшай дзяржавай! А хто цяпер захоча ўзяць яе ў жонкі?
— Ну, такіх, хто захоча, будзе болей, чым трэба,— упэўнена сказаў Леа.— Прынцэсе толькі семнаццаць гадоў, і яна самая прыгожая дзяўчына ў свеце.
Спрачацца тут было немагчыма, бо Леа сказаў праўду. Пра прынцэсіну прыгажосць расказвалі легенды. Калі ў іншых краінах мужчыны параўноўвалі каханую з ружаю, з сонцам ці зорамі, дык у іх каралеўстве найбольшаю пахвалою было параўнанне з прынцэсаю Гэрміёнай.
Яна была такая прыгожая, што калі яна нешта рабіла ці нават проста размаўляла,— ужо адно гэта псавала яе прыгажосць. Таму прынцэса нічога не рабіла і размаўляла вельмі рэдка. Яна амаль не выходзіла з палаца, шкадуючы сваіх падданых, бо як толькі яны яе бачылі, дык не маглі ўжо кахаць болей нікога, апроч яе. Так яна і жыла ў самоце, і простыя людзі — такія, як Конрад і яго браты, — нічога пра яе не ведалі. Апроч таго, вядома, што прынцэса неверагодна прыгожая.
— Ясная рэч,— разважаў Леа,— новы жаніх павінен быць добра ўзброены і падрыхтаваны да бойкі з цмокам. Што мог зрабіць гэты небарака? Ён шыкоўна апрануты, але ж без зброі... Каралю трэба будзе, відаць, выклікаць паліцыю ці загадаць, каб замуравалі дзірку ў скале, і тады цмок памрэ з голаду.
— Небарака прынцэса! — уздыхнула маці.— Які гэта ўдар для яе!
Потым яны пачалі спрачацца, дзе была прынцэса, калі цмок праглынуў яе няшчаснага жаніха. Адны казалі, што бачылі яе каля акна, другія, — што яна якраз тады малілася ў капліцы. Але ўсё гэта былі толькі чуткі. Нарэшце бацька, стаміўшыся ад спрэчак, сказаў:
— А мне здаецца, што яе нідзе не было.
— Як гэта так? Недзе ж яна павінна была быць,— не пагадзіліся астатнія.
— Ну, я сказаў тое, што думаю,— адказаў бацька.
У гэты момант увайшоў Конрад. Ён чакаў, што яму дадуць дыхту за тое, што ён гэтак позна вярнуўся. I ў любы іншы дзень так бы яно і было. Але тым вечарам усе былі занадта ўсхваляваныя, і яго позні прыход быў успрыняты, як звычайны хлапечы жарт. Конрад хацеў быў расказаць пра тое, што ўбачыў у лесе. Але як толькі пачаў, перад яго вачыма раптам да драбніц усплыло ўсё, што здарылася каля палаца. Хлопчык адразу спалатнеў і змоўк. Браты крыху пасмяяліся з малога і зноў пачалі размову пра цмока, пра прынцэсу ды пра яе жаніха. .
Конрад вельмі стаміўся, дарога дадому падалася яму бясконцаю, але пакуль ён ішоў, яго ўвесь час падтрымлівала думка, што бацькі і браты будуць з захапленнем слухаць пра ягоныя прыгоды. Якое ж яго чакала расчараванне! Леа ўвогуле не зацікавіўся расказам, а Рудольф сказаў, што з такой далечыні наўрад ці можна было што-небудзь добра разгледзець. Што зробіш, яны былі дарослыя, а ён малы... Што ён мог ведаць пра такую сур’ёзную справу?! Браты зноў пачалі балбатаць,
абмяркоўваючы, колькі народу, апроч прынца, з’еў цмок ды куды магла падзецца рака чорнай крыві... I такі цудоўны дзень скончыўся для Конрада вельмі сумна.
Увесь каралеўскі двор быў, безумоўна, у жалобе. Дзеля знішчэння цмока быў прызначаны генерал. Але з самага пачатку перад харугвай будучых мсціўцаў, якія падпарадкоўваліся непасрэдна генералу, паўстала неадольная перашкода: цмок некуды знік, не пакінуўшы аніякіх слядоў. Нават дзірка, праз якую ён вылазіў, таксама знікла! Прафесійныя альпіністы, надзейна прывязаныя вяроўкамі, абследавалі кожную пядзю скалы — спачатку дзеўбучы яе кіркамі, а потым разглядаючы ў мікраскопы,— але не знайшлі ані шчыліны. Маленькія кветкі, што чапляліся за скалу і якія прынцэса, па чутках, вельмі любіла, па-ранейшаму раслі і квітнелі, нібыта нічога не здарылася.
Народ быў надта незадаволены працаю экспертнай камісіі. Усе казалі, што камісія шукае не там, дзе трэба, і толькі зацягвае справу. Якія толькі спробы не рабіліся, каб выманіць цмока! Скалу хіба што дынамітам толькі не падрывалі, баючыся пашкодзіць замак.
Да цмока быў накіраваны герольд, які ўвесь ажно калаціўся ад страху. Вучоныя цмакаведы вычыталі ў кнігах, што ў былыя часы цмокі патрабавалі штогадовых чалавечых ахвяраў, і герольд павінен быў запытацца ў цмока, якія той выстаўляе ўмовы. Але цмок нічога не адказаў.
Тады герольду загадалі закрануць цмокаву пыхлівасць, выклікаўшы на бойку з якім-небудзь славутым
асілкам каралеўства. Няхай цмок прызначыць дзень і час, і пытанне (так ці іначай) будзе вырашанае назаўжды. Але зноў усё было марна: цмок не адказваў.
Тады герольд асмялеў і заявіў ужо ад сябе, што калі цмок такі баязлівец, дык ён сам гатовы з ім біцца ці нават пакліча малодшага брата. Дарма: цмок і на гэта не звярнуў увагі.
Тыдні складаліся ў месяцы, а цмок усё не паказваўся. Народ асмялеў. А тут яшчэ прыйшоў ліст ад караля суседняй дзяржавы. Усе думалі, што манарх, улюбёны старэйшы сын якога сустрэў такую страшную смерць, цяпер будзе патрабаваць кампенсацый і пагражаць іх краіне. Але той паставіўся да сумнага здарэння памяркоўна. Ён абвясціў, што здымае з каралеўства адказнасць за смерць свайго сына, бо зразумела, што прадугледзець такую з’яву, як цмок, немагчыма, дый — як бы там ні было — сапраўднаму рыцару пачэсна загінуць дзеля самай прыгожай жанчыны ў свеце. Даведаўшыся пра такія галантныя словы караля, людзі нават пачалі спадзявацца, што, можа, ён сам папросіць рукі прынцэсы Гэрміёны: суседні манарх быў удавец. Але так далёка яго шляхетнасць і рыцарскі дух не зайшлі.
I ўсё ж ад тых, хто хацеў ажаніцца з прынцэсай, не было адбою. Мала таго, пасля здарэння з цмокам іх колькасць павялічылася ў некалькі разоў. Пагалоска пра цмока разнесла імя Гэрміёны ў такія далёкія краіны, куды не даходзіла слава нават пра яе прыгажосць. Што зробіш, цяпер яна была не толькі прыгажуня, але і пакутніца. Казалі, што цмок —
гэта цана, якую яна мусіць плаціць за сваё хараство.
Усё гэта ды яшчэ самотнае жыццё прынцэсы зрабілі яе яшчэ болей чароўнаю і прывабнай. Усе, ад караля да апошняга старца, хацелі зрабіць дзеля яе хоць штонебудзь (але што — ніхто не ведаў). Штодня яна атрымоўвала лісты цэлымі торбамі, і ў кожным было напісанае адно і тое ж: прынцэса — найцудоўнейшая дзяўчына ў свеце, аўтар ліста горача яе кахае і хацеў бы сам, замест прынца, ахвяраваць дзеля яе жыццём. Былі такія, хто заходзіў яшчэ далей і выказваў пажаданне, каб цмок з’явіўся зноў: тады яны маглі б прадэманстраваць сваю адданасць прынцэсе!
Але, праўду кажучы, ніхто не верыў, што цмок некалі зноўку з’явіцца. Некаторыя, хто на свае вочы цмока не бачыў, казалі, што цмок — звычайная галюцынацыя: проста ў прынца разарвалася сэрца ад шчасця, што ён апынуўся так блізка да прынцэсы, а потым гледачы, п’яныя ад радасці і хвалявання, усё астатняе выдумалі.
Але большасць была спакойная з іншае прычыны. Цмокі, як землятрусы ці каметы,— з’ява ўвогуле рэдкая. Таму знаўцы тэорыі імавернасцей хоць і прызнавалі, што ведаюць пра іх няшмат, але выказвалі ўпэўненасць, што таму, хто ўжо аднойчы ў жыцці цмока бачыў, другі раз гэта не пагражае.