Лагодны цмок
Кэнэт Грэхэм, Эдыт Нэсбіт, Лэсьлі Поўлз Хартлі
Выдавец: Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтр
Памер: 119с.
Мінск 1993
x
— Ну, я не думаю, што ўсё ўжо гэтак дрэнна,— ляніва сказаў цмок,— Ты ж знойдзеш якое-небудзь выйсце. Я цалкам табе давяраю і ўпэўнены, што ты цудоўна ўсё ўладзіш. А цяпер, ідзі, даражэнькі мой, і якнебудзь там ужо дамоўся. Я на цябе вельмі спадзяюся.
Хлопчык, у маркотным настроі, не спяшаючыся, пацягнуўся да вёскі. Па-першае, ён быў засмучаны, што бойкі не будзе, а па-другое, ён быў расчараваны, што яго ўлюбёны цмок не паказаў сябе як адважны ваяр.
— «Знойдзеш выйсце», «уладзіш справы»,— ледзь не плачучы, разважаў ён.— Цмок, пэўна, думае, што ад бойкі гэтак жа лёгка адмовіцца, як ад запрашэння на гарбату ці на партыю ў кракет.
Калі хлопчык прыйшоў у вёску, вяскоўцы ў цудоўным настроі разыходзіліся па хатах. Усе голасна абмяркоўвалі бойку, якая павінна была адбыцца на наступны дзень. Хлопчык скіраваў да шынка і, калі ўвайшоў, убачыў Святога Георга, які сядзеў за сталом. Той сядзеў у адзіноце, узважваючы свае шанцы ў заўтрашняй бойцы ды прыгадваючы сумныя, поўныя крыві і жаху расказы пра цмокавых ахвяраў (а такіх рас-
казаў яму давялося выслухаць ніяк не меней за сотню).
— Святы Георг, можна мне ўвайсці? — ветліва запытаў хлопчык^ спыніўшыся ля дзвярэй.— Я хацеў бы паведаміць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калі гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.
— Заходзь, заходзь, мілы хлопчык,— прыязна прамовіў Святы Георг.— Яшчэ адна сумная гісторыя, так я разумею? Жахлівы яшчар пакінуў цябе сірацінаю? Ці, можа, ты аплакваеш сястру ці брата? Суцешся. Хутка ён сплаціць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявінныя ахвяры!
— Ды нічога такога,— пачаў хлопчык.— Проста адбылося пэўнае непаразуменне, і я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта — добры цмок.
— Але, але,— усміхнуўся Святы Георг,— я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброі, што гэта не нейкі там ледзь жывы прадстаўнік гэтай шкоднай пароды.
— Ды я ж кажу, што ён зусім не шкодны! — узрушана крыкнуў хлопчык.— Божа, як людзі дурнеюць, забіваючы сабе галаву немаведама чым і не жадаючы думаць! Калі я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавіта, што ён добры\ Гэты цмок — мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гісторыі пра тыя даўнія часы, калі ён яшчэ сам быў маленькі. Ён такі добры, што з ім пасябравала нават мая маці, і яна гатовая дзеля яго на ўсё. I бацька палюбіў яго, хоць бацька ў мяне не надта цяміць у мастацтве ды паэзіі і заўсёды засынае, калі цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся
з ім, проста немагчыма яго не палюбіць! Ён такі чароўны, ды яшчэ такі даверлівы і просты — як дзіця!
— Вазьмі крэсла і сядай бліжэй,— сказаў Святы Георг.— Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, і, відаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасці, іначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусім не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем і гневам я выслухоўваў поўныя слёз і смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былі занадта эмацыянальныя і не заўсёды вельмі пераканаўчыя, але агульная карціна злачынстваў ясная. Гісторыя вучыць нас, мілы хлопчык, што шмат хто з самых адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваім крэўным і блізкім. Таму я лічу, што твой выхаваны і адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасці (якія заслужана выклікаюць тваю павагу і захапленне), павінен быць знішчаны як мага хутчэй.
— Дык ты паверыў усім гэтым байкам?! — расхваляваўся хлопчык.— Ну, вядома ж, ты тут чужынец і не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамітая сваімі выдумшчыкамі. А сказаць табе, што для іх самае галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам іх не кармі — падавай бойку! Усё роўна якую: сабакі — добра, пеўні — добра, цмокі — яшчэ лепш! Між іншым, нават цяпер у стайні яны трымаюць ні ў чым не вінаватага барсука. Яны збіраліся пазабавіцца з ім сёння ўвечары, але з’явіўся ты — яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкі пераконвалі цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму
што будзеш змагацца за добрую справу. Ці не так? Але якраз у гэтую хвіліну яны б’юцца аб заклад і ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока’
— Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! — сумна прамармытаў Святы Георг і паклаў галаву на рукі.— Так, свет поўны зла, і часам падаецца, што яно існуе само па сабе і зусім не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. I ўсё ж,— Святы Георг насцярожана падняў галаву,— можа, каварная істота цябе сюды паслала з тайным намерам абяліць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?
Скончыўшы прамову, Святы Георг зірнуў на хлопчыка і, схамянуўшыся, пашкадаваў аб сваіх словах — У хлопчыка быў яўна расчараваны і непрыемна здзіўлены выгляд.
— Я клянуся табе, Святы Георг,— шчыра сказаў ён,— нічога такога ў яго чыста прыбранай пячоры няма. Цмок сапраўдны джэнтльмен — ад носа да кончыка хваста. I ён быў бы неверагодна шакіраваны і засмучаны, калі б пачуў, як вольна ты разважаеш пра рэчы, наконт якіх у яго вельмі кансэрватыўныя погляды.
— Ну, прабач, калі ласка, відаць, я сапраўды занадта даў веры ўсім гэтым гісторыям і пакрыўдзіў ні ў чым не вінаватую жывёлу. Але што нам рабіць цяпер? Паводле правілаў, мы з цмокам павінны прагнуць крыві і смерці адзін другога. Я не бачу ніякага выйсця. А што прапануеш ты? Можа, ты як-небудзь уладзіш справу?
— Ну вось, тое самае сказаў цмок,— уздыхнуў хлопчык.— Ваш з цмокам давер вельмі мяне кранае, але што
з таго... А ты не можаш проста ціхенька з’ехаць адсюль?
— He, баюся, гэта немагчыма,— у сваю чаргу ўздыхнуў Святы Георг.— He па правілах. Ты ж не горш за мяне гэта ведаеш.
— Ну, тады вось што,— прапанаваў хлопчык.— Пакуль яшчэ не надта позна, давай разам сходзім да цмока і там абмяркуем нашае становішча. Ён жыве недалёка і будзе рады бачыць любога майго сябра.
— Гэта таксама не па правілах. Я ніколі не наносіў візіты цмокам,— адказаў Святы Георг, устаючы.— Але, напэўна, нічога разумнейшага не прыдумаеш. А ты малайчына,— дадаў ён, скіроўваючы да дзвярэй.— He кожны можа пахваліцца такім сябрам, як ты. Ну, супакойся, можа, усё абыдзецца, і ніякай бойкі не будзе.
— Але ж я спадзяюся, што будзе,— адказаў верны цмокаў сябар.
— Гэй, цмок, я прывёў да цябе сябра! — гучна паведаміў хлопчык.
Цмок, які салодка драмаў, адразу прачнуўся.
— Я тут крыху задумаўся,— сказаў ён.— Вельмі прыемна пазнаёміцца, сэр. Цудоўнае сёння надвор’е...
— Гэта Святы Георг,— абсек яго хлопчык.— Святы Георг, дазволь пазнаёміць цябе з цмокам. Цмок, мы прыйшлі сюды, каб спакойна і сур’ёзна абмеркаваць нашае становішча. Таму я буду вельмі ўдзячны, калі ты забудзешся на ўсе свае высокія ідэі і тэорыі і падыдзеш да справы практычна, па-дзелавому.
Апроч таго мушу дадаць, што мяне чакае маці.
— Вельмі рады сустрэчы, Святы Георг,— знервавана пачаў цмок,— я чуў, што ты вядомы падарожнік, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, і калі цябе зацікавяць гістарычныя помнікі, якія захаваліся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем...
— Мне падаецца,— прыязна перапыніў яго Святы Георг,— што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра і паспрабаваць знайсці выйсце,
якое б задаволіла і цябе, і мяне. Самае простае, на мой погляд,— зрабіць усё па правілах — зладзіць бойку, і няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе
варты. Дарэчы,— дадаў ён,— там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.
— Цмок! Ну, пагадзіся, калі ласка! Як будзе цудоўна! ■— узрадаваўся хлопчык.
— Мой юны сябар, змоўкні зараз жа! — сурова спыніў яго цмок.— Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамі, маімі адзінымі сябрамі, просьбу. Але ж усё гэта — поўная бязглуздзіца, дзікунскія норавы і агульная тупалобасць. Уся справа выскваркі не вартая. Зразумейце: біцца я не збіраюся, і таму няма пра што нават гаворку весці.
— Але ж я, відаць, магу прымусіць цябе біцца?! — неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.
— Hi ў якім разе! — з трыюмфам адказаў цмок.— Я залезу ў сваю глыбокую нару і буду там спакойна адпачываць. I табе вельмі хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькі ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў — бо, шчыра кажучы, гэтыя мясціны прыйшліся мне даспадобы, і я думаю тут застацца.
Пэўны час Святы Георг моўчкі пазіраў на прыгожы краявід. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:
— Ты толькі паглядзі, якое чароўнае месца для бойкі! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугі гор, мае залатыя даспехі на фоне тваёй блакітнай скуры, якая ажно зіхціць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца відовішча!
— Напінаеш на мае мастацкія схільнасці? — усміхцуўся цмок.— Нічога не атрымаецца, не спадзявайся.
Хоць, безумоўна, карціна магла б быць цудоўная,— дадаў ён, крыху завагаўшыся.
— Ну, нарэшце,— узрадаваўся хлопчык,— здаецца, мы пачынаем набліжацца да справы. Ты ж павінен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялікае жаданне зноў лезці ў гэтую старую брудную нару і сядзець там да скону.
— Цывілізаваныя людзі заўсёды могуць дамовіцца, — разважна сказаў Святы Георг.— Мне трэба будзе праткнуць цябе дзідай, тут ужо нічога не зробіш, але зусім не абавязкова рабіць табе балюча. Ты такі вялізны, што ёсць, прынамсі, некалькі неістотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. He думаю, што тут будзе вельмі балюча.
— He, Георг,— засаромеўся цмок,— гэтае месца зусім не падыходзіць. Нават калі мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе і нават вельмі), але нават калі не будзе, дык будзе козытна — я зарагачу і ўсё сапсую.
— Добра,— цярпліва ўздыхнуў Святы Георг,— а калі вось тут, пад падбароддзем,— тут у цябе такія тоўстыя складкі ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.
— Так яно так, але ж ці здолееш ты патрапіць дзідай туды, куды трэба? — захваляваўся цмок.
— Ну вядома! — пакрыўджана запэўніў яго Святы Георг.— Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзіся на мяне.
— Менавіта таму я і хвалююся, што нічога іншага мне не застаецца,— крыху раздражнёна адказаў цмок.—
О, я ведаю, ты будзеш вельмі шкадаваць, калі выпадкова, у спешцы, зробіш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж,— дадаў ён па-філасофску,— часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не самым горшым.