Лібрэта опер Станіслава Манюшкі
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 376с.
Мінск 2020
ЛІБРЭТА ОПЕР СТАНІСЛ ABA МАНЮШКІ
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь Творчы калектыў «Беларуская капэла»
Мінск «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» 2020
УДК [821.162.1+821.161.31-293
ББК 84(4Пол)-6
Л55
Складальнік В. Скорабагатаў Прадмова і каментарыі С. Немагай
Рэдакцыйная калегія:
В. Ваніна, В. Скорабагатаў, С. Немагай, С. Махаў, У. Пучынскі, Л. Казыра, Г. Каржанеўская, В. Вайткевіч, В. Давідовіч, Г. Малей, Л. Языковіч
Лібрэта опер Станіслава Манюшкі / склад. В. СкораЛ55 багатаў. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020. — 376 с. : іл.
ISBN 978-985-11-1197-4.
У выданне ўвайшлі пераклады на беларускую мову лібрэта опер Станіслава Манюшкі «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Галька» У Вольскага (двухі чатырохактовыя рэдакцыі), «Латарэя», «Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць» А. Корвіна-Мілеўскага, «Слова гонару» («Verbum nobile») і «Страшны двор» («Зачараваны замак») Я. Хянцінскага.
УДК 1821.162.1+821.161.31-293
ББК 84(4Пол)-6+84(4Бен)-6
ISBN 978-985-11-1197-4
© Скорабагатаў В.І., складанне, 2020 © Немагай С.М., прадмова,
каментарыі, 2020
© Афармленне. РУП «Выдавецтва
«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2020
СвЯТЛО ЛІБРЭТА ОПЕР СтАНІСЛАВА МаНЮШКІ
Кніга «Лібрэта опер Станіслава Манюшкі» ўводзіць чытача ў свет тэкстаў — літаратурных першаасноў сцэнічных твораў кампазітара. Сем перакладаў лібрэта опер Манюшкі на беларускую мову пададзены ў парадку іх прэм’ерных паказаў: ад аперэтак і вадэвіляў на словы А. Корвін-Мілеўскага «Латарэя» (1841) і «Карманьёл, альбо Французы любяць жартаваць» (1842), праз віленскую канцэртную пастаноўку «Галькі» пяра Уладзіміра Вольскага (1848), мінскую «Ідылію» аўтарства Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1852), паваротную ў кар’еры кампазітара прэм’еру чатырохактовай «Галькі» (1858) да варшаўскіх спектакляў «Слова гонару» (1861) і «Страшны двор» («Зачараваны замак») на лібрэта Яна Хянцінскага (1865). Апрача знаёмства з самімі тэкстамі оперных лібрэта кніга дасць уяўленне аб метадах працы кампазітара з лібрэцістамі і пазнаёміць з працай розных пакаленняў перакладчыкаў манюшкаўскіх опер.
Большасць з прадстаўленых у кнізе лібрэта оперных твораў Манюшкі ўпершыню выдаецца па-беларуску: у свой час свет пабачылі толькі купалаўскія пераклады «Ідыліі» (разам з Язэпам Лёсікам) і чатырохактовай «Галькі». Сярод першадрукаў і тэкст лібрэта «Страшнага двара» у перакладзе Максіма Танка, які не быў апублікаваны ў поўным 13-томным зборы твораў пісьменніка (2006—2012).
Акрамя мастацкіх тэкстаў, у выданні прыведзены кароткія жыццяпісы чатырох лібрэцістаў Станіслава Манюшкі, з якімі ён супрацоўнічаў непасрэдна, а значыць, мог уплываць на драматургію твораў і прасоўванне сваіх уласных музычна-тэатральных ідэй . Змешчаныя ў кнізе афішы прэм’ер, імёны спевакоў-выканаўцаў галоўных роляў, дырыжораў і рэжысёраў дазваляюць больш паглыбіцца ў гісторыю беларускіх пастановак опер. Багаты ілюстратыўны матэрыял — фотаздымкі са спектакляў — ствараюць сапраўдную атмасферу манюшкаўскага тэатру.
* * *
Знаёмства з лібрэта опер Станіслава Манюшкі — надзвычай важны элемент у спасціжэнні эстэтыкі опернай творчасці кампазітара. Тэкставая аснова оперных твораў — гэта свет яго літаратурных зацікаўленасцей, яго мастацкіх сімпатый, «рэзаніравання» з тэатральнымі тэндэнцыямі свайго часу.
Выданне оперных лібрэта асобна ад нотнага матэрыялу — гэта даўняя традыцыя, якая існуе па сённяшні дзень. Тэксты оперных твораў даволі часта (і пры жыцці Манюшкі ў тым ліку) друкаваліся ўжо
перад прэм’ерай спектакляў і распаўсюджваліся ў якасці своеасаблівых даведнікаў, замяняючы сабой праграмкі. Менавіта гэтыя выданні тэкстаў па сённяшні дзень служаць асноўнай крыніцай інфармацыі аб оперным творы, калі (як правіла рукапісны) нотны матэрыял аказваецца страчаны. Яскравым прыкладам таму з’яўляецца «Ідылія» С. Манюшкі — В. Дуніна-Марцінкевіча, двухмоўнае лібрэта якой было выдадзена ў Вільні ў 1846 г.
Нягледзячы на сусветную тэндэнцыю выканання оперных твораў на мове арыгінала, у практыцы амаль усіх, нават вядучых тэатраў, нярэдка можна сустрэць выключэнні. Адно з такіх выключэнняў звязана якраз з працэсам асэнсавання творчай спадчыны Станіслава Манюшкі скрозь прызму культурных кодаў і ментальных канстантаў краю, дзе яму давялося нарадзіцца і сталець, — краю, з песень якога кампазітар увабраў «інтанацыйныя сокі», ператварыўшы іх эсэнцыю для сваёй уласнай, непаўторнай музычнай мовы. I ў гэтым працэсе «вяртання да першагуку» (паводле акрэслення Уладзіміра Мархеля) першачарговай задачай з’яўляюцца пераклады вакальнай музыкі кампазітара на беларускую мову — як яго опер, так і камерна-вакальнай лірыкі. Як паказала шматгадовая практыка, гэты працэс у значнай ступені прыводзіць да выяўлення іманентных якасцей музыкі кампазітара, да разумення яе эстэтычнай адметнасці і інтанацыйнай сутнасці.
Вядома, што кампазітар нарадзіўся ў эпоху, калі польская мова з’яўлялася мовай літаратуры і культуры вялікага абшару, у які ўваходзілі і тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Менавіта таму пераважная большасць яго твораў — польскамоўныя. На шляху фарміравання беларускай ідэі і новай беларускай культуры, дзе вялікую ролю ў вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці адыгрываў моўны маркер, оперная спадчына Станіслава Манюшкі на некаторы час была амаль выкрэслена з гістарыяграфіі развіцця айчыннага опернага мастацтва. Сучаснае ж асэнсаванне гісторыка-культурных працэсаў, якія разгортваліся на беларускіх землях, дазваляе разглядаць оперы кампазітара і ў кантэксце айчыннай культуры. Гэтаму ўсведамленню спрыяюць пастаноўкі опер Станіслава Манюшкі ў перакладзе на беларускую мову, якія пачалі ажыццяўляцца з 1950-х гадоў («Страшны двор» у перакладзе Максіма Танка, 1952). Гісторыя перакладаў лібрэта опер кампазітара пачалася, аднак, значна раней, у 1920-х, калі планавалася пастаноўка чатырохактовай «Галькі» ў перакладзе Янкі Купалы.
Звяртае на сябе ўвагу і розніца ў пабудове змешчаных у кнізе лібрэта, якая вынікае з канкрэтных культурна-эстэтычных рэалій. У перыяд працы Станіслава Манюшкі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага не існавала рыгарыстычнага падзелу тэатра на драматычны і музычны. Камедыі-оперы, асабліва ранняга перыяду,
былі напісаны кампазітарам для змешаных, quasi-оперных тэатральных труп, у якіх сярод уласна драматычных акцёраў працавалі ўсяго некалькі прафесійна абучаных спевакоў. Таму многія творы 1840— 1850-х гг., якія намінальна маюць дачыненне да опернага жанру, падаюцца да пастановак у сённяшніх драматычных тэатрах, як прыклад таму, шматгадовы трыумф на сцэне Купалаўскага тэатра «Ідыліі». Гэтыя оперы, якія часцей акрэсліваліся аўтарамі тэрмінам «аперэткі», маюць змешаную паэтычна-празаічную структуру лібрэта: размоўныя маналогі і дыялогі чаргуюцца ў іх з вершаванымі фрагментамі, якія пакладзены ў аснову вакальных сольных, ансамблевых і харавых нумароў. Толькі з пераездам у Варшаву ў 1858 г. у Станіслава Манюшкі з’явілася магчымасць для ўвасаблення самых смелых музычна-драматычных ідэй. Гэтаму спрыялі цудоўны аркестр, высокапрафесійныя спевакі-салісты, хор і балет, а таксама наяўнасць вялікай сцэны з усёй неабходнай тэатральнай інфраструктурай. Менавіта таму оперы, напісаныя ў варшаўскі перыяд, маюць ужо бесперапынную музычную структуру, якая прадугледжвае чаргаванне музычных нумароў з вершаванымі рэчытатывамі.
Прапанаваныя ў кнізе пераклады лібрэта опер С. Манюшкі маюць розную ступень прыдатнасці ў сённяшняй музычна-тэатральнай прасторы. Большасць перакладаў з’яўляюцца плёнам ажыццёўленых пастановак у беларускіх музычных і драматычных тэатрах, a гэта значыць, апрабаваны і «адшліфаваны» ў сцэнічнай практыцы: пачынаючы ад «Страшнага двара» ў 1952 г., да найноўшых увасабленняў перыяду адраджэння творчасці Станіслава Манюшкі ў Беларусі («Ідылія» 1993 г., «Латарэя» 2009 г., «Слова гонару» 2013 г., «Галька» 2019 г.).
Але ёсць і выключэнні. Пераклад чатырохактовай версіі оперы «Галька» Янкі Купалы ў 1920-я гг. не быў даведзены да сцэнічных падмосткаў, і таму з-за шматлікіх несупадзенняў музычных і паэтычных акцэнтаў з’яўляецца немагчымым для выканання без адпаведнай рэдакцыі. Змешчаны ў кнізе пераклад прадстаўлены хутчэй як літаратурны помнік — узор працы класіка беларускай літаратуры ў рэчышчы музычнага тэатра. Для ўвасаблення згодна з патрабаваннямі сённяшняга тэатра грунтоўнай перапрацоўкі вымагаў бы і пераклад лібрэта «Страшнага двара» Максіма Танка, у якім прасочваюцца некаторыя сляды эпохі, калі быў зроблены пераклад.
Хочацца верыць, што выданне пакладзе пачатак сцэнічнаму ўвасабленню, грунтоўнаму вывучэнню, а таксама перакладу ўсёй опернай спадчыны Манюшкі на беларускую мову, якую кампазітар чуў з маленства і добра ведаў.
Святлена Немагай
ОпЕРНЫЯ ШЛЯХІ СтАНІСЛАВА МАНЮШКІ
С. Манюшка ў 1844 г Малюнак мінскага мастака Чыжа
У гісторыі опернага мастацтва творчасць Станіслава Манюшкі займае не толькі пачэснае, але і сапраўды ўнікальнае месца. Кампазітару, які прыйшоў у свет 5 мая 1819 г. у маёнтку Убель пад Мінскам, было наканавана стаць пачынальнікам нацыянальных опер ажно двух народаў — беларускага і польскага. Двухактовая «Ідылія», напісаная кампазітарам у супрацоўніцтве з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, стала кропкай адліку гісторыі беларускай оперы, а трыяда сусветна
вядомых шэдэўраў — «Галька», «Страшны двор» і «Графіня» — вяршыні, якія пазначылі на музычнай карце Еўропы з’яўленне польскай нацыянальнай оперы. У свядомасці ж кампазітара яго творы, аднак, былі напісаны «для падтрымання сэрцаў» усіх без выключэння жыхароў яго вялікай шматэтнічнай і шматкультурнай радзімы, абшар якой вымяраўся не цяперашнімі межамі і не межамі катастрафічных падзелаў Рэчы Паспалітай, а багатай гісторыяй гэтай некалі магутнай краіны, векавымі традыцыямі многіх пакаленняў яе народаў.
Гледзячы на перадгісторыю фарміравання таленту Манюшкі, міжволі думаецца, што оперны шлях быў прызначаны яму ад нараджэння. Яшчэ хлапчуком кампазітар неаднаразова чуў апавяданні родных аб паказе «Смерць Авеля» ў Смілавічах, рэзідэнцыі яго легендарнага дзеда Станіслава: у 1803 г. спектакль глядзеў першы мінскі біскуп, слынны асветнік і дабрачынец Якуб Ігнацій Дадэрка. Магчыма, пазней хлапчуком Стась прысутнічаў і на аматарскіх спектаклях, якія ладзіліся ў перабудаваным з вялікага свірана будынку