Лібрэта опер Станіслава Манюшкі

Лібрэта опер Станіслава Манюшкі

Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 376с.
Мінск 2020
51.93 МБ
* Паводле грунтоўных архіўных даследаванняў 3. Дразда, прыдомак «Дунін» быў дапасаваны да прозвішча Марцінкевіч самім драматургам для надання яму большага гучання і старажытнасці. Гл.: Дрозд З.М. Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча. Вільнюс, 2018. С. 15.
Падчас паўстання 1863—1864 гг. В. Дунін-Марцінкевіч абвінавачваўся ў распаўсюджванні «шкодных» ідэй. Паліцыя прыпісвала яму аўтарства антыўрадавых выданняў (напрыклад, «Гутаркі старога дзеда»), Хоць прамы ўдзел драматурга ў паўстанні не быў даказаны, у 1864 г. ён быў арыштаваны, а пасля выхаду з-пад варты да самой смерці заставаўся пад наглядам паліцыі. Дачка В. Дуніна-Марцінкевіча Каміла за сувязь з паўстанцамі адбывала ссылку ў Пермскім краі.
На працягу жыцця В. Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў шматлікія падарожжы па Беларусі, а таксама ў Пецярбург, Маскву, Варшаву, Кіеў, Коўна. Ён сустракаўся і падтрымліваў сяброўскія адносіны з С. Манюшкам, сумесна з якім напісаў оперу «Ідылія». Прэм’ера твора адбылася ў 1852 г. на мінскай сцэне пры непасрэдным удзеле самога драматурга (у ролі Навума Прыгаворкі, што і паслужыла ўзнікненню яго псеўданімаў) сіламі створанага ім тэатральнага калектыву. Двухактовая «Ідылія», лібрэта якой упершыню было надрукавана ў Вільні ў 1846 г., увайшла ў гісторыю айчыннага музычнага мастацтва як першая опера, у якой са сцэны прагучала беларуская мова’.
В. Дунін-Марцінкевіч валодаў некалькімі мовамі, выдатна ведаў беларускую вусна-паэтычную творчасць, польскую, рускую, украінскую, французскую літаратуру. У 1876 г. спрабаваў арганізаваць польскую школу для вясковых дзяцей. Памёр у Люцынцы, там і пахаваны.
Творчую дзейнасць В. Дунін-Марцінкевіч пачаў з оперных лібрэта. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэтку «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з галоўных роляў — Ёгана Бенатана.
Яго літаратурная творчасць была двухмоўнай: ён пісаў па-беларуску і па-польску. Друкаваў свае творы ў газеце «Kurier Wilenski» («Віленскі кур’ер»), рэдактарам якой быў Адам Ганоры Кіркор.
У 1850-я гг. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдактычным духу. Да гэтых формаў належаць «Вечарніцы» і «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума» (1857). У іх сышліся рамантычная цікавасць да народных звычаяў, традыцый і рэалістычнае імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы народных легенд, казак і паданняў.
* Другой операй, напісанай на беларускае лібрэта, стала «Вызваленне працы» Мікалая Чуркіна, пастаўленая ў 1922 г. у Мсціслаўлі сіламі аматараў.
Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў В. Дуніна-Марцінкевіча сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гістарычным падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; «Люцынка, або Шведы на Літве», 1857). Польскамоўныя паэтычныя творы — «Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна» — прасякнуты сентыменталізмам і рэлігійнымі матыва.мі.
У 1859 г. пераклаў на беларускую мову паэму А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш» (з друку выйшлі толькі дзве быліцы). У 1860— 1870 гг. напісаў камедыі «Пінская шляхта» і «Залёты». У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, напісана ў 1866, апублікавана 1918) аўтар выкрываў паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Сатырычная камедыя «Залёты» (напісана ў 1870, апублікавана ў 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі.
Уладзімір Вольскі (1824—1882) — варшаўскі паэт і празаік, перакладчык.
Паходзіў з сям’і дробных землеўласнікаў. Нарадзіўся ў Пултуску (цяпер у Мазавецкім ваяводстве Польшчы). Пасля смерці бацькоў выхоўваўся ў французскім і нямецкім пансіёнах у Варшаве, у 1833—1841 гг. вучыўся ў гімназіі ў Лешне. У 1841 г. за патрыятычную канспіратыўную дзейнасць быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у зняволенні ў вар-
шаўскай Аляксандраўскай цытадэлі. Быў выпушчаны пад нагляд паліцыі з забаронай займаць дзяржаўныя пасады.
У 1842 г. дэбютаваў як літаратар, надрукаваўшы пераклад апавядання «Дон Жуан» Э.Т.А. Гофмана, а таксама ўласны гістарычны нарыс «Венгр», пасля чаго стаў супрацоўнікам часопіса «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). Выдаваў свае творы ў варшаўскім часопісе «Przegl^d naukowy» («Навуковы агляд») пад псеўданімам Патэркул. Браў удзел у патрыятычнай маніфестацыі ў 1861 г. і ў Студзеньскім паўстанні 1863 г. (у Беларусі вядома як паўстанне 1863—1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага). Пасля падаўлення паўстання эміграваў у Парыж, а затым у Брусель, дзе займаўся літаратурнай і перакладчыцкай дзейнасцю. Памёр у шпіталі 29 ліпеня 1882 г.
Уладзімір Вольскі належаў да прадстаўнікоў своеасаблівага літаратурнага кірунку, які называюць другой эпохай рамантызму. Ён аб’ядноўваў маладых польскіх пісьменнікаў канца 1830-х — 1840-хгг., якія вылучаліся дэмакратычнымі поглядамі, настроямі пратэсту і бязладнасцю жыцця. Яго прадстаўнікоў — Севярына Філеборна, Рамана Зморскага, Антонія Чайкоўскага, Юзафа Багдана Дзяконскага, братоў Норвідаў, Тэафіла Ленартовіча — звычайна называлі «варшаўскай багемай», або «варшаўскай цыганэрыяй». На іх вершы С. Манюшка напісаў цэлы шэраг песень.
Вольскі пакінуў пасля сябе зборнікі вершаў «Паўстанцкія спевы» (1863), «Праменьчыкі» (1869), «Лісты з Бельгіі», паэмы «Айцец Хілары» (1843), «Палоська» (1859) і «Галька», раманы «Усмешка лёсу» (1855), «Бакалаўр» (1857), «Дамок на вуліцы Глыбокай» (1859), навелы «Чорная стужка», «La kaczucza» і іншыя творы. Сярод літаратараў так званай варшаўскай багемы Вольскі вызначаўся сваёй музыкальнасцю: любіў імправізаваць на фартэпіяна, а ва ўласных паэтычных фантазіях апяваў Вебера, Ліста, Шапэна (фантазія «Фрэдэрык Шапэн»). Увайшоў у гісторыю музычнай культуры як аўтар лібрэта да опер Станіслава Манюшкі «Галька» і «Графіня».
Пяру У. Вольскага належыць тэкст «Марша жуаваў» — адной з самых вядомых і папулярных песень Студзеньскага паўстання 1863 г. Яна была напісана для атрада добраахвотнікаў, сфарміраванага ў Айцове французскім афіцэрам Ф. Рашанбрунам. Атрад паўстаў на ўзор частак французскай пяхоты ў Алжыры, які называўся «жуавамі смерці»: яго воіны не здаваліся ў баі і насілі чорныя накідкі з белым крыжам. Музыку да «Марша жуаваў» напісаў Фларыян Міладоўскі*.
3 Вольскім Манюшка пазнаёміўся ў 1846 г. Лібрэта оперы «Галька» 24-гадовы літаратар стварыў паводле ўласнай паэмы «Гальшка» (якую забараніла друкаваць цэнзура) і драматычнай карціны К. Вуйціцкага «Гаранка». Паводле сведчанняў сучаснікаў, Вольскі напісаў лібрэта ўсяго за тры альбо чатыры дні, а ў 1847 г. опера была закончана.
Аскар Корвін-Мілеўскі (1818—1906) — граф, літаратар, землеўласнік, аўтар лібрэта як мінімум трох так званых малых опер С. Манюшкі: «Ідэал, альбо Новая Прэцыёза» (1841), «Апошняя варшаўская латарэя» (1841), «Карманьёл, альбо Французы любяць
* На беларускую мову тэкст «Марша жуаваў» пераклаў Васіль Сёмуха.
жартаваць» (1842). Магчыма, з’яўляецца таксама аўтарам тэксту камічнай оперы «Чарадзейная вада», аўтарства лібрэта якой традыцыйна прыпісваецца В. Дуніну-Марцінкевічу (захавалася толькі ўверцюра), а таксама незавершанага лібрэта оперы-seria «Твардоўскі» (лібрэта і музыка не захаваліся)’". А. Корвін-Мілеўскі — першы лібрэтыст, з якім Манюшка супрацоўнічаў непасрэдна.
У дзяцінстве будучы літаратар скончыў пансіянат француза пана Генры, а таксама гімназію ў Вільні (з залатым медалём), пасля чаго ў сярэдзіне 1830-х гг. паехаў вучыцца ў Санкт-Пецярбург. Слабае веданне рускай мовы і адсутнасць добрых пратэкцый не дазволілі яму зрабіць кар’еру ў сталіцы імперыі, і праз шэсць месяцаў Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Вільню. У гэты час здольны і руплівы юнак працуе памочнікам уплывовага мецэната Сідаровіча, знаёмага бацькі. Камунікатыўны, дасціпны, з добрым веданнем пануючай на той час французскай мовы, А. Корвін-Мілеўскі меў поспех у віленскім beau monde. Часта наведваў арыстакратычныя салоны графіні Дароты Лапацінскай у Кайранах, а таксама княгіні Леанілы Вітгенштайн у Вэрках, дзе ладзіліся балі і аматарскія тэатральныя прадстаўленні.
У пачатку 1840-х гг. становіцца гарачым прыхільнікам таленту Станіслава Манюшкі. Сын Аскара Корвіна-Мілеўскага Іпаліт згадваў, што пэўны час бацька быў з кампазітарам «блізкім у сяброўстве», хоць Манюшка ані разу не згадваў лібрэтыста ў сваіх лістах.
А. Корвін-Мілеўскі спрабаваў сябе не толькі ў якасці драматурга, але і музычнага крытыка. Яму належаць некалькі аглядаў музычнага жыцця Вільні: у адным з альманахаў быў апублікаваны яго артыкул аб музыцы ў краёвай сталіцы, а таксама аб скрыпачах Ліпінскім і Уле Булю*’*. Адзін з першых ацаніў у друку талент Станіслава Манюшкі, у 1839 г. перадрукаваў рэцэнзію на першую публікацыю трох песень кампазітара і далучыў да яе агляд іншых яго дэбютных твораў, прывезеных з Берліна ў 1839 г.”” Аўтар шэрага вершаў, якія выдаваліся ў віленскім часопісе «Radegast» («Радэгаст») Адама Кіркора (1843), а таксама ў томіку «Падарунак для прыгожага полу» К. Корвеля ў Варшаве (1850).
*	* Опера Манюшкі пад назвай «Твардоўскі» анансавалася ў 1842 г. у газеце «Tygodnik Petersburgski». Гл.: Lachowicz S. A. Sztuki pi^kne. Muzyka. Stanislaw Moniuszko // Tygodnik Petersbugski. 1842. № 80. S. 540—542.
*	** Milewski O. Muzyka w Wilnie, tudziez kilka slow o Lipinskim i Oll-Bullu. W: Wizerunki i roztrz^sania naukowe. 1841. T. XIX. S. 116—129.
*	*** Milewski O. Trzy spiewy z muzyka Stanislawa Moniuszki. W Berlinie. Wizerunki i roztrzasania naukowe. 1839. T. XI. S. 148—152.
Пасля супрацоўніцтва з С. Манюшкам у першай палавіне 1840-х гг. А. Корвін-Мілеўскі паступова адыходзіць ад мастацкай творчасці і літаратурнага жыцця, прысвяціўшы сябе гаспадарцы. Увесну 1844 г. арандуе маёнтак Якунь каля Лаздунаў на Ашмяншчыне. У наступным годзе ажаніўся на малодшай унучцы свайго дзядзькі Вераніцы Волк-Ланеўскай, з якой меў шасцёра дзяцей. У 1849 г. быў зняволены і каля двух месяцаў адседзеў у вядомай віленскай «казе». Прычынай быў сфабрыкаваны рапарт віленскага жандара аб «выкрыцці» вялікай палітычнай канспірацыі, якая закранала навуковую эліту былога Віленскага ўніверсітэта і Медыцынскай акадэміі, а таксама ўсіх тых, хто ўзбуджаў падазрэнне сваёй «залішняй» адукаванасцю.