Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
кладзецца у ложак, а другая, апранутая мужчынан, пачынае іграць ролю палюбоўніка, які прыйшоў да сваёй каханкі.
Дзяўчына засмяялася:
— А ты што рабіў?
— Што рабіў? Мне нічога не заставалася, як пакутаваць і маліцца, каб пакуты як хутчэй скончыліся. Але астатнія глядзелі абыякава, адны пазяхалі, другія выходзілі. А калі спектакль скончыўся, усе пачалі спакойна гуляць у косці, як быццам нічога не адбылося. Уяўляеш сабе італьянскіх салдат у той Фларыдзе: надвор’е цёплае і мяккае, і вось ім у суботу, пасля цэлага тыдня, праведзенага ў мужчынскай кампаніі на палігоне, раптам паказаць спектакль з раздзяваннем?
— Уяўляю,— адказала дзяўчына.— Трэба было б выклікаць паліцыю са слёзатачывымі бомбамі.
— Мы проста дзікуны,— прамовіў трэці пагардліва.— Хіба мы цывілізаваныя людзі, здольныя разважаць і стрымлівацца?
Яны пачалі спрачацца, успамінаючы выпадкі, пра якія паведамлялі газеты. Люка слухаў, думаючы ў той жа час пра адваката Рыгоні: як лепш падысці, каб пазнаёміцца з ім? Адвакат здаваўся яму чалавекам даволі простым, і гэта прымусіла спыніць выбар на ім. Трэба было сярод іншых вылучыць аднаго для «апрацоўкі», як казаў Альберта. I Люка вырашыў «апрацаваць» адваката Рыгоні.
Альберта развітаўся з сябрамі і прапанаваў Люку ісці. Ён стаміўся, хацеў прайсціся па вуліцы. У дзвярах яны сустрэліся з Эстэр, якая, відаць, чакала іх.
— Вы ўжо надумаліся ісці? — спытала яна, падыходзячы,
— Так, пара, ужо даволі позна,— адказаў Альберта.
— Тады да наступнай серады? — Потым звярнулася да Люкі: — I вы напомніце яму, калі забудзе? Ён такі заняты...— дадала яна, усміхаючыся, але ўсмешка атрымалася штучнай, амаль сумнай.
Люка шчыра ўсміхнуўся дзяўчыне:
— He сумнявайцеся,— адказаў ён сур’ёзна.
Эстэр горача, з удзячнасцю паціснула яму руку.
Ліст паперы быў увесь спісаны, на ім не засталося месца нават для невялікага дрэўца, нават для танюсенькага кіпарыса. У доўгія, аднастайныя рабочыя гадзіны, асабліва ў летнюю спёку, служачыя канторы драмалі, трымаючы ў руках ручку ці аловак. Цяпер лета скончылася, але ў сярэдзіне дня людзей па-ранейшаму хіліла на сон. Наставала цішыня, і ўсе, здавалася, паглыбляліся ў работу. Люка праводзіў гэтыя гадзіны ў прыемных роздумах. Паклаўшы руку з алоўкам на ліст паперы, механічна выводзіў на ім малюсенькія домікі і дрэўцы, цэлыя кіпарысавыя гаі, падобныя на бясконцыя рады тонкіх коп’яў. Скончыўшы адзін дамок з некалькіх ліній, як звычайна малююць дзеці, альбо чарговы рад кіпарысаў, ён пачынаў спачатку, пакуль хапала на паперы чыстага месца. Домікі і кіпарысы былі ўсе падобныя адзін да аднаго, як дзве кроплі вады. Люка маляваў іх амаль механічна. Ён сядзеў, схіліўшы галаву над лістом, але не бачыў яго, паглыблены ў свае думкі. Гэта стала ўжо аднастайнай штодзённай звычкай: Люка падсвядома ведаў, калі чарговы дамок быў
скончаны, калі на лістку не заставалася месца і трэба было выкідаць яго ў кошык і браць новы.
— Засталася яшчэ гадзіна,— прамовіў малады хлапец, што сядзеў за сталом насупраць.
Люка падняў галаву і кінуў ліст у кошык. Паглядзеў за акно: позірк яго спыніўся на прыбіральні, што стаяла пад самым акном і, як знарок, заўсёды трапляла на вочы. Колькі ён пабачыў людзей, што заходзілі і выходзілі адтуль. Людзі ўсіх узростаў, дастаткаў і прафесій. Бывала, падыходзілі групамі; каторыя знікалі ў дзвярах, астатнія цярпліва чакалі на вуліцы. Заўсёды ў адзін час з’яўляўся расклейшчык аб’яў са скруткам каляровых папер пад пахай, з вядзерцам клею ў руцэ. Заходзілі старыя, бедна апранутыя людзі; яны затрымліваліся доўга і выходзілі, працягваючы зашпільвацца на вуліцы. Кожны раз, як Люка адрываў вочы ад стала, позірк міжвольна скіроўваўся туды. Гэты спектакль працягваўся ад раніцы да вечара, пачынаўся зноў назаўтра, потым паслязаўтра і так бясконца.
Люка заўважыў, што сёй-той ужо хадзіў у плашчы. Некалькі дзён запар ішоў дождж, які пагасіў тое нямногае цяпло, што засталося восені ў спадчыну ад лета. Як хутка праляцелі гэтыя месяцы! Лета было спякотнае, магчыма, таму рабочыя працавалі горш, і казармы не былі скончаны ў прадугледжаны тэрмін. Такім чынам, яшчэ цэлы месяц Люка меў зарплату і работу. За гэты час ён спадзяваўся неяк уладкаваць свае справы, але пакуль што нічога не прыдумаў. Часовыя служачыя, прынятыя з выпрабавальным тэрмінам, працавалі цяпер неахвотна, сядзелі заклалочаныя. Пайшлі чуткі аб звальненні, часам проста плёткі без ніякай падставы, але яны рабілі цяжкае ўражанне. Часам Люка чуў, як называлі
яго імя. Ён быў амаль упэўнены, што яго звольняць. За ўвесь час хлопец усяго два ці тры разы бачыў гаспадара; ён прывітаўся, але той нават не павярнуў галавы. Магчыма, проста таму, што сустракаліся яны знячэўку, на лесвіцы ці ў калідоры.
Цяпер трэба было рыхтаваць нейкую глебу, знайсці каго-небудзь, хто ў зручны момант мог бы пазваніць гаспадару або напісаць яму адпаведную паперку. Але хто мог гэта зрабіць? Салон у графіні быў закрыты ўсё лета, бо яна пераехала на дачу. Такім чынам, Люка не здолеў скарыстаць ніводнага знаёмства або завесці сапраўдныя сувязі ці сяброўства з кім-небудзь, нават не бачыў адваката, на якога ўскладаў надзеі. Будаўніцтва казармы зацягнулася на месяц, але зараз яно зноў няўхільна падыходзіла к канцу. Што рабіць пасля? Няўжо давядзецца ўсё пачынаць спачатку?
Страшна ўсё пачынаць спачатку. Адна думка пра гэта прыводзіла яго ў адчай, гняла душу. Каб ведаць, што ён застанецца, Люка згадзіўся б на любую работу. Хай бы давялося ўсё жыццё працаваць простым служачым, без надзеі пайсці далей, без перспектывы ўзняцца. Толькі б быць упэўненым у заўтрашнім дні, толькі б ведаць, што ў канцы кожнага месяца ў цябе будзе ў кішэні пэўная сума грошай, хай невялікая, але надзейная.
Так разважаў Люка ў доўгія часы на працы, гэтыя думкі ўсё часцей займалі яго розум, чым менш заставалася працаваць. Часам жа, наадварот, перспектыва карпець праз усё жыццё за гэтым маленькім столікам уяўлялася яму занадта благою. Ён глядзеў на старых служачых, тых, што былі пастаяннымі, штатнымі ў канторы. Гэта было відовішча, вартае жалю. Заўсёды тыя ж цёмныя касцю-
мы з нарукаўнікамі, каб не праціраліся локці, заўсёдныя размовы пра гаспадара, пра фірму, спрэчкі пра палітыку, нават тыя ж самыя аргументы, якія паўтараліся бясконца, як быццам кожны дзень мелі новы сэнс. Можа, дзеля гэтага, менавіта, і была прыдумана палітыка: каб даць людзям магчымасць пагаварыць; дзеля гэтага існавалі войны: каб любой цаной змяніць жыццё з-за цягі да бяздоння, якую адчуваюць істоты кволыя і слабыя духам. Яны не зласлівілі; Люка нават чакаў, што пачуе болып плётак і нагавораў. Усе яны былі ўвогуле добрыя хлопцы, людзі, у якіх дома былі жонкі, якія мелі дзяцей, што бегалі на двары ці сядзелі на школьных партах. Калі, бывала, хто паколе палец, дык бяжыць у аптэку на плошчы і вяртаецца, перапэцкаўшы ёдам ледзь не ўсю руку. Калі іх прасілі пазычыць трохі грошай, яны давалі адразу, не вымушаючы перапрошваць сябе, таму што ведалі становішча іншых з прыкладу свайго ўласнага. Да грошай яны ставіліся з вялікай павагай. Да невялікіх сум адносіліся бадай-што з большай павагай, як да значных капіталаў, прывыкшы да рэальнасці мізэрных заробкаў. «Відаць, і яны,— гаварыў сабе Люка,— у мае гады думалі пра тое ж, пра што думаю я, але з цягам часу зрабіліся такімі. От і я, мусіць, зраблюся падобным да іх і не буду адчуваць жахлівасці гэтага становішча».
Чым бліжэй было да заканчэння казармаў, тым часцей вярталіся да гэтага думкі Люкі. Досыць было ўбачыць каго-небудзь у плашчы, як ён пачынаў думаць, што хутка надыдзе зіма з усімі непрыемнасцямі, якія яна прыносіць таму, хто не мае кавалка хлеба і сталага кута. Лета скончылася. I былі ўжо далёка ў памяці некалькі цудоўных дзён, 104
якія яно прынесла. У самую гарачыню, па нядзелях, ён колькі разоў выязджаў за горад з Луіджы і Лідзіяй. Дзяўчына ў гэтыя дні была вольная ад свайго «гаспадара». Яны сядалі ў цягнік і ехалі далей ад пыльных гарадскіх вуліц, на ўлонне прыроды; выходзілі на глухім прыпынку, дзе вакзалам служыла малюсенькая чыгуначная будыніна з адзіным невялікім пакойчыкам для чакання. За ўсім тут назіраў сам начальнік станцыі, чалавек пажылы, надзвычай сардэчны, які, праводзіўшы цягнік, здымаў з сябе кіцель і шапку і браўся за рыдлёўку, а калі хто-небудзь спыняўся паглядзець на кветкі, ён адразу карыстаўся выпадкам, каб завесці гаворку.
Улюблёным месцам быў ручай, невялікая рачулка, якая збягала з блакітнаватых пагоркаў, што віднеліся на гарызонце, і цякла праз палі, хаваючыся за невялікі лясок. Яны ішлі са станцыі з кошьікам харчоў у руцэ, падымаліся ўверх па цячэнню да густых зараснікаў трыснёгу, высокага і маляўнічага, што пачынаўся тут ад самай вады. Месца было далёка ад горада, і палі ў гэтыя нядзельныя дні былі бязлюдныя. Тут яны цудоўна бавілі час. Нават Луіджы весялеў і ўвесь час жартаваў. Але самай вясёлай і бесклапотнай здавалася Лідзія. Яна была душой кампаніі, і без яе, нават нядоўгі час, Люка і Луіджы неяк замаўкалі і не ведалі, што рабіць. Яны бралі з сабой купальныя касцюмы і пераапраналіся ў трыснягах.
У Лідзіі касцюм быў лёгкі, чырвоны ў белыя буйныя гарошыны. Калі Люка бачыў яе ў купальніку, дзяўчына хвалявала і вабіла яго. Цяпер яна паправілася, клубы яе акругліліся, цела стала пругкае і прыгожае; скура набыла на сонцы здаро-
вае цёмна-аксамітнае адценне. 3 таго першага вечара Люка ніколі болып не быў з ёй. I хаця даволі часта ён адчуваў жаданне, аднак не адважваўся паказаць гэтага, баючыся сустрэць супраціўленне ці пакрыўдзіць дзяўчыну. Ён чакаў, што, можа, яна сама падасць якую зачэпку, але Лідзіі, здавалася, гэта і ў галаву не прыходзіла. Ці, магчыма, гэтаму заміналі сяброўскія сардэчныя адносіны, што наладзіліся паміж імі ў апошні час.
Лідзія распраналася ў зарасніках, але не надта клапацілася, каб яе не бачылі. Люка таксама, пераапранаючыся непадалёку, імкнуўся не глядзець, каб не хваляваць сябе, але часам не мог стрымацца. Ён паварочваў галаву і бачыў, як бялела між трыснягоў цела Лідзіі, угадваў яе постаць. Аднаго разу здарылася так, што дзяўчына злавіла яго позірк: усміхнулася, але нічога не сказала, працягваючы распранацца. Другі раз яна не змагла зашпіліць бюстгальтар купальніка і выйшла, трымаючы яго ў руцэ, з голымі грудзямі, і папрасіла Люку дапамагчы ёй. Ці рабіла яна гэта наўмысна, не ўсведамляючы, што 'яна голая? Хлопец не мог зразумець гэтага. А што калі папрасіць яе распрануцца і...? Магчыма, яна б усміхнулася і зрабіла б тое, аб чым ён просіць, а магчыма і зазлавала б і працягвала б яшчэ доўга пасля гэтага крыўдзіцца і не размаўляць з ім. Гэтую дзяўчыну цяжка было зразумець. Ніколі нельга было ведаць, як яна сябе павядзе. «Шлюха»,— часам гаварыў сабе Люка, гледзячы на яе. I тым не менш ён доўгія дні і тыдні жыў з ёй пад адным дахам, і яна здавалася яму зусім звычайнай, як усякая іншая дзяўчына. Дружба і звычка прывялі да таго, што ён усё радзей успамінаў гэтае слова, але зусім выкрасліць яго з памяці не