Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
— Хадзем,— гучным шэптам прамовіў таварыш, усхапіўшыся з зямлі.
Луіджы хацелася сказаць яму: «Пачакай, паслухай песню гэтага цвыркуна, можа, мы ніколі больш не пачуем яго. Паслухай гэтыя вершы: я вывучыў іх у школе». Але таварыш не зразумеў бы яго. Розныя ў іх думкі, хоць і робяць яны зараз адно.
— Хутчэй,— паўтарыў ён.— Трэба спяшацца.
Луіджы падняўся і пайшоў следам. I здавалася, што цвыркун таксама рушыў за імі, не хоча пакінуць людзей. Ён то аклікаўся недзе зусім побач, за
спіною, то голас яго нібы далятаў аж з ускрайку поля, ад самай казармы.
I ўвесь час, пакуль яны ішлі да будынка, іх суправаджаў гэты самотны і ціхі голас цвыркуна.
IV Напад на казарму і разбурэнне болыпай яе I /\ часткі доўгі час былі галоўнай тэмай размоў сярод служачых. У тую раніцу, калі людзі, прыйшоўшы на працу, упершыню даведаліся пра тое, што здарылася ноччу, яны жахнуліся і разгубіліся. Са страхам чакалі гаспадара, але той нават не паказаўся на вочы — ні раніцой, ні ўдзень.
Пасля работы ўсе пабеглі глядзець і ўбачылі на месцы казармы руіны, сярод якіх узвышаліся знявечаныя выбухам жалезныя слупы і перабітыя, бясформенныя кавалкі цэментавых пліт, якія мудрагеліста трымаліся на пагнутых прутах унутранай арматуры. Трэба было, калі не ўсё перарабляць нанава, дык патраціць шмат сіл і сродкаў, каб закончыць будаўніцтва. А часу пойдзе яшчэ болып, бо спачатку давядзецца разабраць руіны. Чыноўнікі старэйшага ўзросту, збіраючыся групамі, горача абмяркоўвалі здарэнне і ўголас асуджалі злачынцаў. Моладзь жа наогул не ведала, што думаць і што гаварыць. Здарэнне было выключнае і адбылося так неспадзявана для ўсіх. Як толькі з’явіліся свежыя газеты, усе кінуліся да кіёскаў, спадзеючыся ўбачыць цэлую старонку з падрабязнымі звесткамі аб разбурэнні казармы; падзея варта была першай старонкі. У газеце ж не толькі не было вялікіх загалоўкаў аб гэтым, але на першых старонках наогул не было ніякага паведамлення, толькі доўгая
справаздача аб пасяджэнні парламента і іншыя сумныя рэчы. Навіна паведамлялася недзе ў сярэдзіне нумара, у невялікай інфармацыі, набранай драбнюткім шрыфтам. I ўсё ж служачыя былі задаволены, убачыўшы друкаванае паведамленне. У ім гаварылася, што казарма па такой-та вуліцы, пабудаваная такой-та фірмай, была пашкоджана ў выніку злачыннага замаху, і што недалёка ад месца злачынства быў забіты нейкі юнак, які кінуўся быў уцякаць, убачыўшы карабінераў, што прыбеглі пасля выбуху на месца здарэння; другому ж удалося ўцячы і заблытаць сляды; зараз паліцыя вядзе расследаванне, каб выявіць вінаватых. Болып не было нічога. Служачым жа вельмі хацелася, каб газета расказала аб усім падрабязна, як усё адбылося, хто гэта зрабіў і дзеля чаго. Яны чыталі і перачытвалі тыя нямногія радкі ў газеце, зноў і зноў хваляваліся, убачыўшы ў паведамленні назву сваёй фірмы.
Пытанні, адказаў на якія не было ў газеце, яны імкнуліся вырашыць самі, таму спрэчкам не было канца. Некалькі дзён запар ніхто не мог працаваць спакойна, і хаця ўсе добра спалі ў тую ноч, калі ўзарвалі казармы, цяпер аказалася, што яны чулі выбух, і яго рэха дагэтуль звініць ва ўсіх у вушах. Нехта выказаў думку, што хутка павінна прыйсці паліцыя, якая будзе весці расследаванне, і што сярод служачых, відаць, ёсць нехта, хто ведае ўсё лепш за астатніх. Яшчэ некалькі дзён у пакоях панаваў страх, але і на гэты раз нічога не здарылася, і паліцыя нават не з’явілася.
Для фірмы гэта быў вялікі ўдар, але гаспадар, трохі пашумеўшы і добра паразважаўшы, прыйшоў да думкі, што гэты выпадак з казармай, калі ён
страціў на дзяржаўнай справе, выкліча да яго сімпатыі ўрада, і фірма атрымае выгадныя заказы. I з паліцыяй вырашыў уладкаваць усё без лішняга шуму: ён разумеў, што напад быў накіраваны супраць казармы як казармы, а не фірмы. Такім чынам, работы хутка зноў пачаліся, праўда, ледзь рухаліся, бо надвор’е сапсавалася, лінулі халодныя лістападаўскія дажджы. Са служачых нікога не зволілі. Тыя, хто працаваў часова ці быў залічаны з выпрабавальным тэрмінам, нарэшце ўздыхнулі свабодна: на зіму, а магчыма і на ўсю наступную вясну, работы хапала, а там будзе відаць. I гэта ўжо было добра. Паступова размовы пра выбух заціхлі, жыццё ўвайшло ў сваю звычайную каляіну, і падзея, якая зусім нядаўна турбавала ўсіх, амаль сцерлася з памяці.
Адзіным чалавекам сярод служачых фірмы, які ведаў пра ўсё, што адбылося, быў Люка. Словы, сказаныя Луіджы ў той вечар, калі яны бачыліся апошні раз, выклікалі ў яго падазрэнне. Хлопец зразумеў, што Луіджы жыў у нейкім дзіўным, невядомым яму асяроддзі, ён заўважаў гэта і раней, але дагэтуль не меў пра ўсё пэўнага ўяўлення. Асобныя словы, як тыя, што гаварыў яму Луіджы каля казармы, некаторыя думкі, што выказваў часам хлопец у спрэчках, іншыя, выпадкова кінутыя заўвагі, меркаванні цяпер ясна ўспаміналіся Люку і дапамагалі зразумець усё. Быў зразумелы сэнс тых размоў, калі Луіджы сцвярджаў, што трэба пабудаваць новы свет, у якім будзе месца для ўсіх,— для спрытных і няздатных, нават для дзівакоў і дурняў; ён горача даводзіў, што гэты свет несправядлівы, што гэта не тое, чаго хочуць людзі.
Можа таму Люка не вельмі здзівіўся, калі да-
ведаўся, што Луіджы зрабіў такое. Але чаму ён выбраў менавіта казарму? Прачытаўшы ў газеце, што каля казармы быў забіты юнак, Люка пра многае здагадаўся, хаця нічога пэўнага не ведаў. Потым у вячэрнім выпуску з’явіўся здымак, і ён пазнаў хлопца. Калі ўбачыў сябра на здымку, у яго сціснулася сэрца; здавалася неверагодным, што ён забіты. Усяго некалькі дзён назад яны гаварылі, і вось ён мёртвы. «За што? —думаў Люка.— Што ён думаў перайначыць гэтым учынкам, які хутчэй бы зрабіў вар’ят, а не чалавек, што кіраваўся ідэяй? Навошта так кідацца жыццём, як непатрэбнай анучай?» У Люкі таксама былі цяжкія моманты, асабліва калі быў маладзейшы, і ён таксама не раз падумваў пра самагубства. Але цяпер гэта здавалася жахлівым. «Можа таму, што ў яго болып не ставала сілы жыць? Чаму ён памёр? — зноў і зноў пытаў сябе хлопец.— Чаго ён дасягнуў сваім учынкам? Усё ідзе, як і раней, нічога не змянілася і нічога не зменіцца. Шлях чалавецтва,— не дарога, якую можна ўзарваць мінай. Ён ідзе ў сваім кірунку, і падзеі і змены адбываюцца тады, калі ім належыць адбыцца, а не тады, калі нехта захоча».
Так думаў Люка, перажываючы страту сябра. Гэта праўда, што Луіджы сваім учынкам падоўжыў тэрмін работ, але Люка лічыў бы за лепшае застацца беспрацоўным, чым атрымаць месца цаной жыцця чалавека, і тым больш сябра. I калі ён незнарок лавіў сябе на тым, што думае пра работу, радуецца таму, што яна яшчэ будзе некалькі месяцаў і можна гэты час жыць спакойна,— ён гнаў ад сябе гэтыя думкі, лаяў і зноў пераконваў сябе ў тым, што лепш бы яму страціць месца, толькі б Луіджы быў жывы; але думка не-не ды і вярталася зноў, су-
праць яго волі, і нейкі голас гаварыў, што ён такі ж эгаіст, як і іншыя. Люка разумеў, што ў ім і сапраўды не было нічога асаблівага і выдатнага, што Луіджы, напэўна, быў лепшы за яго. Ён выразаў з газеты здымак сябра і схаваў яго ў кабінеце, дзе працаваў, баючыся вобыску паліцыі. Потым, калі прайшоў час, занёс яго дадому і паклаў у чамадан, які трымаў пад ложкам. У гэтым чамадане, разам з усімі пажыткамі, ён захоўваў і пісьмы дона Альда. Цяпер, калі стала холадна і на дварэ гуляць было нельга, ён зачыняўся вечарамі ў сваім пакойчыку і чытаў газету альбо адчыняў чамадан і перабіраў свае рэчы.
Пісьмы дона Альда былі вельмі кароткія, амаль ніколі не займалі нават аднаго аркуша. У кожным пісьме адчувалася, што яму няма чаго сказаць — ён і пачынаў заўсёды з паведамлення аб тым, што новага нічога няма, і крыўдзіўся на Люку, што той рэдка піша. Дон Альда па-ранейшаму служыў у сваім вясковым касцёльчыку, і калі яму не было чаго сказаць, ён пачынаў апісваць усялякія дробязі, і тады пісьмы атрымліваліся даўжэйшымі і болып жывымі. Кожны раз, калі нараджалася дзіця, хто-небудзь паміраў ці жаніўся, свяшчэннік апісваў гэтую падзею з вялікімі падрабязнасцямі. Канчаліся яго пісьмы таксама аднолькава: дон Альда падбадзёрваў хлопца, угаворваў яго верыць і спадзявацца. Гэтыя словы зрабіліся ўжо традыцыйнымі і выклікалі ў Люкі толькі ўсмешку. Ён адчуваў, што сябра гаворыць іх ад шчырага сэрца, хаця і не можа выказаць свае пачуцці інакш. Хлопец пасля гэтых пісьмаў нібы наведваў сваю маленькую вёсачку, сялянскія хаціны, гаспадароў якіх ён усіх ведаў па імёнах,— і адчуваў сябе лепш.
Нібы ўдыхаў свежага паветра з родных мясцін. JiroKa клаўся на ложак і з прыемнасцю думаў аб тых часах, якія цяпер здаваліся такімі далёкімі, аб ранейшым жыцці, што адышло назаўсёды. Дон Альда быў яго сябрам дзяцінства, хаця ён на некалькі год старэйшы за Люку. Яны разам хадзілі ў пачатковую школу. Люка прыпыняў думкі, успамінаючы хударлявага хлопчыка ў шырокіх не па росту штанах, перашытых са старых бацькавых, з зашмальцаванай папкай падпахай. Аднаго разу хлапчукі надумаліся адабраць у Альда гэтую папку, але той абараняўся з незвычайнай мужнасцю і злосцю, якіх ніхто ў ім нават не падазраваў. Ён вярнуўся дахаты ўвесь падрапаны, з разбітым носам, але з таго часу ніхто болып да яго не чапляўся. Потым, падросшы, кожны выбраў свой шлях. Дон Альда паступіў у семінарыю і выйшаў адтуль свяшчэннікам.
У апошнім пісьме былі навагоднія пажаданні, потым дон Альда патрабаваў, каб Люка прычасціўся ці хаця б спавядаўся разам са сваімі сябрамі Альберта і Луіджы. Ён вельмі шкадаваў, што не ведае іх асабіста. «Каб ён дазнаўся праўду»,— думаў Люка. У такія хвіліны ён успамінаў пра Jliдзію, і тое агіднае слова зноў прыходзіла яму ў галаву. Потым думалася, што дон Альда, пабачыўшы дзяўчыну, пэўна, пашкадаваў бы яе і дараваў усё.
Лідзія вось ужо колькі дзён як вярнулася дадому: яна не памылілася ў сваіх падазрэннях. Неяк увечары, увайшоўшы на кухню, Люка ўбачыў яе за сталом, апранутую ў тую сваю выцвілую, простую сукенку, якую яна насіла перад тым, як пайшла «ў заробкі». Дзяўчына моўчкі прывіталася з ім позіркам, а старая задаволена паведаміла:
— Лідзія вярнулася дахаты. Болып яна нікуды не пойдзе.
Для Лідзіі скончылася бестурботнае жыццё. Яна надакучыла «гаспадару», а калі прайшло яшчэ колькі часу, яна вымушана была дастаць свой запылены чамаданчык, спакаваць пажыткі, фарбы і пудры, і развітацца з пакоем.