Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
— Старая!— закрычаў Альберта.— Я прыйшоў, каб забіць цябе! — і ён выцягнуў шпагу, размахваючы ёю і страшэнна паводзячы бялкамі.
Старая сапраўды ледзь не памерла ад страху пасля такой выхадкі. Яна спалохалася і замоўкла.
Дзверы адчыніліся, і здзіўленая Лідзія замерла на парозе.
— Сіньёрьіна,— прамовіў Альберта, робячы нізкі паклон і шорхаючы пер’ем па падлозе,— маю гонар прадставіцца. Імператар Карл Пяты Габсбургскі, кароль Іспаніі, Аўстрыі, Італіі, Арагоны, Касцільі і Амерыкі...
Лідзія рассмяялася, у той час як старая ўсё яшчэ недаверліва пазірала то на аднаго, то на другога. Потым ужо канчаткова супакоілася, зразумеўшы, што гэта жарт, і зноў пасля ўсіх пачала ад душы рагатаць.
— Дык што ў цябе за гарнітур? — спытаў Люка.
— Як бачыш, касцюм,— адказаў Альберта. Ён зняў капялюш і паклаў яго на крэсла. Кот заўважыў гэта і пачаў гуляць з пер’ем.
— To чаго ты апрануўся ў яго? — спытала ў сваю чаргу Лідзія.
— Для балю. Касцюміраваны баль, ведаеш, што гэта такое?
— Звычайны маскарад,— адказала Лідзія.— Я таксама некалі танцавала ў масцы.
— Маскарад — гэта адно, а касцюміраваны баль — зусім іншае. Калі касцюміраваны баль, дык значыць трэба надзяваць касцюм.
— Вядома,— усміхнуўся Люка.
— Дык хіба гэта касцюм? — здзівілася дзяўчына.
— А чаго ж,— адказаў Альберта.— Гэта, праўда, не купальны касцюм, але таксама касцюм. Хаця жанчын я лічу за лепшае бачыць у купальніку.
— I ты ў такім выглядзе ходзіш па горадзе?
— Я ўзяў брычку, яна чакае мяне там унізе,— адказаў Альберта.— Але ў гэтым доме няма нічога выпіць?
Лідзія дастала з буфета бутэльку лікёру, якую Люка купіў раніцой. Старая спахмурнела.
— Ты не вельмі націскай, Альберта,— заўважыла яна,— ты ж ідзеш гуляць...
— To растлумач тады мне, што такое касцюміраваны баль,— запытала Лідзія.
— Эх,— уздыхнуў хлопец,— гэта вельмі складаная рэч.
— Ну, нічога, паспрабуй,— папрасіла дзяўчына.
— Цяжка нават растлумачыць, праўда, Люка?
— Вядома, — прамармытаў той. — Патрэбна шмат часу. Ды і абдумаць трэба.
— Хопіць з мяне кепікі строіць,— усміхнулася Лідзія.— Можаш не гаварыць, калі не хочаш.
— А Луіджы даўно не быў? — спытаў Альберта, мяняючы гаворку.
— Даўнавата,— адказала дзяўчына. Яна яшчэ нічога не ведала.— Мо два месяцы ўжо як яго не відаць. Ён ніколі так не рабіў.
— Хто ведае,— прамовіў Альберта.— Можа, ён куды з’ехаў?
— Прыйшоў бы развітацца са мной,— паціснула плячыма Лідзія,— я часта думаю пра гэта і нічога не разумею. Мы толькі ўчора гаварылі пра яго з Люкам.
— Я таксама не магу даўмецца,— пагадзіўся Альберта.— Проста знік чалавек. Я меркаваў, што сустрэну яго сёння ў вас.
— Часам я думаю, ці не пакрыўдзіўся ён з-за чаго-небудзь, — прамовіла дзяўчына. — Але ж, здаецца, я нічога дрэннага яму не зрабіла.
— Можа, ён захварэў? — выказала меркаванне старая.— Ці нават памёр?
Альберта зарагатаў. Старая пакрыўджана дадала:
— Няма чаго рагатаць: ты таксама можаш памерці, хоць заўтра.
— Можа, і сапраўды захварэў,— пагадзіўся Альберта.— Ён не дужа быў здаровы.
— Каб ведаць, дзе ён, я абавязкова схадзіла б да яго,— сказала Лідзія.
— Я і сам не ведаю,— адказаў хлопец.— Раней я заходзіў да яго, але пасля ён перабраўся, куды —
невядома. Пачакаем, ён янтчэ з’явіцца.— Хлопец заўважыў, што размова зрабілася занадта сур’ёзнай, і звярнуўся да Лідзіі: — Дык ты не хочаш даведацца, што такое касцюміраваны баль?
— Калі ты не раскажаш,— заўважыў Люка,— яна не даведаецца ніколі.
— Гэта баль, куды трэба ісці апранутым у адзенне старажытных часоў, у касцюмы розных герояў, якія жылі шмат стагоддзяў назад. Звычайна бярэцца прозвішча якой-небудзь вядомай гістарычнай асобы... не ведаю... ты памятаеш каго-небудзь?
— Гарыбальдзі, напрыклад? — падказала Лідзія.
— He, Гарыбальдзі — гэта надта сур’ёзна; але жанчыны бяруць жаночыя прозвішчы.
— Падыйшло б, напрыклад, «Дама з камеліямі»?..
— Вядома.
— I ўсе прыходзяць апранутымі так?..
— Як хто хоча.
— Гэта, відаць, вельмі цікава,— летуценна прамовіла Лідзія.— Я, да прыкладу, у што б магла апрануцца?
— Адкуль я ведаю? Напрыклад, сіньёрай васемнаццатага стагоддзя.
— Але ж касцюмы, відаць, каштуюць шмат. Ты як зрабіў яго?
— Узяў напракат. He ставала яшчэ, каб я купляў гэтыя лахманы!
— Ах! — усклікнула Лідзія.— Люка, чаму б не пайсці туды і нам? Дзе будзе гэты баль?
Люка змоўчаў. Альберта выпіў яшчэ шклянку віна.
— Як табе падабаецца ідэя? — звярнуўся ён да Люкі, усміхаючыся.
— Якая ідэя? — не зразумеў Люка.
— Узяць з сабою і Лідзію.
Люка зноў не адказаў. Ён падышоў да акна і паглядзеў на двор.
— Чаму? — спытала дзяўчына, з абурэннем паглядаючы на хлопца.— Ты не хочаш? Якая твая справа?
Люка не павярнуўся.
— Я табе кажу, чуеш? — прамовіла яна і зноў паўтарыла: — Чуеш?
— Яна з табой размаўляе, Люка,— засмяяўся Альберта.
— Што ты думаеш? — настойвала Лідзія.— Я б таксама магла апрануцца. Была б не горш за іншых.
— Так, так, цудоўная думка! — падхапіў Альберта.— Возьмем яе. Гэта было б цікава; апранем яе ў касцюм куртызанкі. Як ты думаеш, Люка, га? Скажам, што яна — мадам Пампадур,— і зноў зарагатаў.
— Хто такая Пампадур? — спытала Лідзія.
— Вялікая французская сіньёра,— адказаў Альберта.
— Што, яна на мяне падобна? — цікавілася дзяўчына.
Альберта зарагатаў.
— Так, але з пэўнага пункту гледжання,— кіўнуў хлопец і дадаў, звярнуўшыся да Люкі: — Заўсёды залежыць ад таго, з якога боку глядзіш, праўда, Люка?
— Досыць табе,— адказаў той нервова.— Кінь гэтыя жарты.
Лідзія пакрыўдзілася.
— От,— загаварыла яна,— ты заўсёды ўсё псуеш. Што тут дрэннага? Хіба не магу я таксама павесяліцца? Што я, не чалавек, як усе? Эй, я гэта табе гавару,— дадала яна, таму што Люка стаяў да яе спіной і глядзеў на вуліцу.
Хлопец павярнуўся:
— Няўжо ты не разумееш, што гэта смешна, калі ты сур’ёзна збіраешся ісці? — сказаў ён рэзка.
Лідзія спахмурнела.
— Як? Вы думаеце, калі я гавару, то гэта жарты? — запярэчыў Альберта.— Лідзія магла б пайсці і выглядала б цудоўна. Нават у касцюме імператрыцы... Так. А чаму не?..
Ён зноў надзеў капялюш і, схіліўшыся перад Лідзіяй, усклікнуў урачыста.
— Імператар Карл Пяты, на зямлі якога ніколі не заходзіць сонца, вітае Лідзію, над пасцеллю якой ніколі не заходзіць месяц.
I весела зарагатаў.
Падвечар зноў пачаў ісці снег. У цемры ночы яго не было відаць, і толькі ўнізе за акном, на вуліцы, сняжынкі траплялі ў святло ліхтароў, і тады можна было ўбачыць, як яны хутка і бясшумна падаюць долу. Было яшчэ не позна, але вуліца здавалася бязлюднай: толькі сям-там з’яўляліся рэдкія пешаходы; з акна яны здаваліся маленькімі жывёламі, падобнымі на кроліка ці сабаку, якія нібы паўзлі па снезе. У чорным люстры аконнага шкла адбівалася ўся кухня. Люка бачыў, што Лідзія ўсё яшчэ сядзіць ля печкі, трымаючы на каленях KaTa. Ён падумаў пра Альберта. Цяпер хлопец бавіў час сярод вясёлага натоўпу людзей. Відаць, яны бу-
дуць танцаваць увесь вечар, а ў канцы, апоўначы, пачнуць сустракаць Новьх год. Люка таксама мог бы пайсці на гэты баль, Альберта раней зваў яго, мабыць, дзеля гэтага і прыходзіў. Можа, падумаў Люка, хлопец меркаваў правесці тут некалькі гадзін да пачатку балю, павячэраць з імі, каб потым разам ісці. Але зразумеў, што ў гэтым доме не будзе весела і вырашыў не марнаваць часу. Лідзія амаль увесь час маўчала. Вячэра таксама не памагла развеяць сумны настрой, не прыбавіла весялосці. Люка прыслухаўся: з ніжніх паверхаў дома даляталі спевы, крыкі людзей, якія пачалі ўжо святкаваць. Старая драмала ў крэсле.
— Колькі цяпер часу? — спытала яна, усхапіўшыся.
Ніхто не адказаў.
— Мабыць, ужо дзесяць,— вырашыла яна. Потым, паклаўшы рукі на жывот, дадала: — Ух, я сёння добра напакавалася. Калі ноччу пачуеце выбух, то ведайце, што гэта я лопнула.
Лідзія прыўзнялася і падкінула ў печ палена.
— Ты не дужа старайся з дровамі,— заўважыла старая.
Дзяўчына зноў села і пасадзіла на калені ката.
— Яшчэ адзін год прайшоў,— сказала старая.— He памятаю дакладна, колькі я іх пражыла, але ўжо, мусіць, мнагавата. Добра вам, калі вы маладыя.
Зноў ніхто не адазваўса. Люка працягваў разглядаць постаць Лідзіі, якая адбівалася ў люстры шкла.
— Кепска, ой, кепска быць старой. Я ўвесь час баюся памерці. Каму хочацца паміраць? Нават калі ты стары...
Люка падышоў да грубкі, нібыта пагрэць рукі. Лідзія нават не зірнула на яго.
— Калі я захварэю, вы мяне не кінеце, га? — працягвала сваё старая. Яна добра выпіла, а ў такіх выпадках заўсёды пачынала размовы пра смерць.
— Хаця ўспомніце вашу старую, калі мяне не будзе на свеце?..
Потым дадала:
— Шчаслівыя вы, вас яшчэ гэтыя думкі не турбуюць. А я — хто ведае? — ці пражыву яшчэ гэты год? — Яна ўздыхнула і сумна прамовіла: — Святая мадонна, як я баюся памерці!— і зноў перакуліла чарку.
Люка крадком паглядзеў на Лідзію. Тая заўважыла і ўзняла вочы.
— Як ён муркае, і такі мяккі...— прамовіла яна, пяшчотна гладзячы ката.
Люка быў рады, што дзяўчына загаварыла з ім.
— Бо сыты,— падхапіў ён.— Відаць, яму ў нас някепска жывецца.
— Чаму,— спытала Лідзія, апусціўшы галаву,— ты не пайшоў разам з Альберта?
— А што там рабіць?..
Дзяўчына не адказала. Люка вярнуўся да акна і зноў пачаў глядзець на двор. Было прыемна, седзячы ў цёплым і сухім пакоі, бачыць на вуліцы снег.
— Яшчэ ідзе снег?
— Здаецца, ужо менш,— адказаў хлопец.
— Святая мадонна, — уздыхнула старая, — колькі сёлета снегу. Ніколі такога не было. Мабыць, памірае шмат людзей, усе няшчасныя адыходзяць з гэтага свету.
Крыкі ўнізе сталі гучней. Чуліся галасы жанчын.
— Яны святкуюць,— заўважыла Лідзія.
— Каб радавацца, не абавязкова ўзнімаць гвалт,— сказаў Люка.— Досыць, калі ў цябе проста добры настрой... У нас у вёсцы,— дадаў ён пасля паўзы,— апоўначы кідаюць аб сцены лямпачкі, каб яны ўзрываліся. Хлапчукі знарок захоўваюць іх цэлы год.
— У нашай вёсцы таксама,— кіўнула Лідзія.
— У нас зусім рэдка выпадае снег.
— У нас амаль ніколі.
— Наша вёска зусім маленькая, далёка ад горада,— працягваў Люка. Потым дадаў:—Калі я быў малым, аднаго разу на Новы год мы з хлопцамі ўкралі бутэльку лікёра і выпілі яе ўсю. Потым ледзь трымаліся на нагах.
Лідзія ўзняла вочы і ўсміхнулася.
— Хто ведае,— прамовіў Люка,— дзе мы будзем наступнага трыццаць першага снежня! Ці будзем яшчэ тут?