Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
Якраз у гэты час, паміж лютым і сакавіком, у Лідзіі пачаліся рвоты,— тыдні тры пасля хваробы
Люкі. Ці, можа, пачалося ў яе і раней, але яна так старанна хавала гэта, што Люка не заўважыў. Зараз жа, разважаючы і вяртаючыся ў думках назад, хлопец успамінаў, што ўжо некалькі тыдняў Лідзія мала ела і пазбягала сядаць за стол разам з ім. Толькі нядаўна ён заўважыў гэта, калі абедалі і дзяўчына раптам усхапілася, каб выйсці. Люка тады скончыў есці і пайшоў быў да Лідзіі, але яшчэ ў калідоры пачуў, што дзяўчына ванітуе; потым яна выйшла з прыбіральні, трымаючы насоўку ля рота. Цяпер ён разумеў, чаму яна схуднела, чаму сталі бледнымі яе шчокі, чаму пазбягала сядзець разам за сталом і часам ляжала ў ложку нават пасля абеду. На наступны дзень, і яшчэ некалькі дзён паўтарылася тое ж самае: Лідзія ўставала з-за стала пасля першай стравы і болып не вярталася. Але пасля таго, як Люка ўбачыў, дзяўчына не імкнулася ўжо пазбягаць яго за абедам. Яна болып не хавалася. Нават аднаго разу, усхапіўшыся вось так з-за стала, ледзь паспела пераступіць парог.
У той вечар Лідзія нікуды не пайшла. Яна сядзела каля грубкі, даўно астылай, утаропіўшы вочы ў падлогу і, здавалася, аб нечым думала. Люка глядзеў на яе жывот, дзе развіваўся маленькі жывы камочак, новае жыццё, якое ў пэўны момант мелася выйсці вонкі, на паветра і зрабіцца мужчынай, як і ён, Люка, або жанчынай. Яшчэ адна істота,— бескарысная, лішняя. Здавалася немагчымым, неверагодным. Люка зноў і зноў пазіраў на гэты жывот, закрыты тонкай матэрыяй, паркалём у кветкі, і думаў пра малюсенькі зародак, які жыў там, унутры. Можа ён велічынёй усяго з кулак, або яшчэ меншы: відаць, на яго жахліва было глядзець ці толькі ўявіць сабе. А яна насіла яго ў сабе і, калі
ела, давала есці і яму, калі піла, паіла і яго, і кожны ўздых, які яна рабіла, быў уздыхам таксама і для яго. Там, унутры, яна расціла чалавека са сваім жыццём, сваім светам. Калісьці і ён, Люка, і сама Лідзія — былі такімі вось зародкамі, а цяпер зрабіліся істотамі, якія думаюць, жывуць. Як хутка,— думаў Люка,— узнікае жыццё, і як цяжка яго пасля пражыць. Відаць, ужо вызначыўся пол гэтай істоты, якая некалі будзе нешта рабіць, рухацца, сустрэнецца з іншымі тварэннямі, што яшчэ павінны з’явіцца; колькі тысяч жыватоў носяць у сабе новае пакаленне, якое праз якіх трыццаць — сорак год пахавае сённяшняе і ў сваю чаргу прынясе ў падоле наступнае.
Гэтыя думкі не выклікалі ўсмешкі, не, тут нічога не было смешнага з любога пункту гледжання. He было тут нічога і трагічнага — усё натуральна і звычайна. I толькі, калі думаеш пра гэта, пачынаеш усведамляць, які гэта цуд — нараджэнне чалавека. Але думаць бескарысна, бо ўсё роўна нічога нельга тут ні паправіць, ні перайначыць. Яно заўсёды здзіўляла, мела ў сябе нешта таямнічае і гратэскавае. Гэта было іншае жыццё, іншы свет, які нараджаўся там, унутры, такі ж дзіўны і недасяжны, як і той, што чакае чалавека пасля смерці. I вось цяпер наступіла чарга Лідзіі выканаць свой абавязак. Яна жанчына, а ўсе жанчыны створаны дзеля гэтага.
Усё было зразумела, але Люка ўбачыў гэтыя рэчы ўпершыню. I зноў думалася: ён жыве, рухаецца, размаўляе, мае вочы, каб бачыць дамы, дрэвы, кветкі, ката — усё тое, што існуе вакол яго і стварае той свет, у якім людзі рухаюцца; і гэты свет цалкам змяшчаецца ў ягонай галаве, бо без яе ўсе рэчы
перасталі б для яго існаваць. I вось цяпер унутры Лідзіі, у яе жываце зарадзілася жывая істота,— з кветкамі, дрэвамі, небам, катом; толькі той, што развіваўся там, не ўсведамляў яшчэ гэтага, не бачыў нічога. Выходзіць, гэта страшная рэч, чэрава жанчыны, і яго мэта,— Люка толькі цяпер ясна ўсвядоміў,— не забава, але стварэнне самога жыцця.
Лідзія па-ранейшаму сядзела, утаропіўшыся ў падлогу і засяроджана малявала на ёй нейкія знакі. Старая пайшла спаць, і яны засталіся ўдвух. У нейкі момант дзяўчына падняла галаву і сустрэла позірк Люкі. У вачах яе было нешта такое, чаго раней хлопец не заўважаў.
— Я цяжарная,— сказала яна.
Потым зноў апусціла вочы і пачала вадзіць качаргой па падлозе. Хаця Люка ведаў гэта, словы вельмі ўразілі яго, і, можа, нават не самыя словы, а тое, як Лідзія сказала іх,— вельмі проста, будзённа, не чакаючы, калі ён спытае. «Цяжарная»,— вось у адзіным слове ўсё тое, аб чым ён толькі што думаў. Колькі тысяч разоў вымаўлялася гэтае слова, і кожны раз сэнс яго быў жахліва новым. Што адчувала жанчына, калі ўпершыню вымаўляла: «Я цяжарная»? Праўда, Лідзія не была звычайнай жанчынай, яна прастытутка, гуляшчая, а гэта, мабыць, зусім іншае. Але жыццё не рабіла выбару паміж жанчынамі. Для яго ўсе чэравы былі аднолькавыя, добрыя ці дрэнныя,— як для зерня, што можа вырасці на рознай глебе: глеістай ці пясчанай, тлустай ці пустой.
— Я ўжо здагадаўся,— адказаў Люка.
Лідзія зноў падняла вочы.
— Два месяцы ўжо,— прамовіла яна.
— 3 пачатку новага года,— Люка нібы ўзважыў даўжыню гэтага ч,асу.
— ...Ці з канца мінулага,— дадала дзяўчына.
— Гэта ўсё адно.
— He, не ўсё адно.
— Чаму?
— Ты хіба не разумееш?
— He,— здзіўлена адказаў Люка.
Лідзія з хвіліну глядзела на яго, нібы пераконваючыся, што ён гаворыць сур’ёзна, потым дадала:
— Тады бескарысна... не мае значэння...
Люка стараўся ўсвядоміць, што значылі гэтыя словы, і не знаходзіў адказу. Можа, у яго не было вопыту ў такіх справах і ён не мог зразумець?
— Ты кажаш, што ёсць розніца?— спытаў ён.
— Я кажу, што гэта мог быць апошні дзень мінулага года,— адказала дзяўчына.
I раптам да Люкі дайшло, што хацела сказаць Лідзія. Здагадка збянтэжыла яго, бо раней ён зусім не думаў пра гэта.
— Ты хочаш сказаць, што гэта... з таго вечара?..
— Нарэшце зразумеў,— пацвердзіла дзяўчына.
Але як яна магла ведаць гэта? Што яна хацела сказаць сваім намёкам? Люка раптам падумаў, ці не хоча яна абдурыць яго і зрабіць бацькам немаведама чыйго дзіця. Ён колькі разоў чуў пра такія рэчы, і гонар загаварыў у ім. He, ён не жадае, каб яго абкруціла такая жанчына. Хлопец зірнуў на яе, як на праціўніка, што гатовы кінуцца ў атаку, і падрыхтаваўся абараняцца. Але дзяўчына нічога больш не гаварыла і працягвала спакойна сядзець, не мяняючы позы. Быццам яна нічога не гаварыла, і нічога не здарылася. Люка пачакаў яшчэ трохі,
але ўбачыўшы, што Лідзія не збіраецца гаварыць, вырашыў пачаць першым.
— Скуль ты можаш ведаць, што гэта іменна ў той вечар?— спытаў ён.
— Я не хацела сказаць гэтага.
— Значыць, ты не можаш быць упэўненай,— працягваў хлопец.
Лідзія паглядзела на яго, неяк дзіўна ўсміхнулася.
— Я таксама гэтак думаў,— дадаў Люка.
— Што ты думаў?
— Што нельга ведаць пэўна, калі гэта здарылася.
— I гэта ўсё, што ты хацеў сказаць?
— Усё. Што ж яшчэ?
— Ці, можа, ты хацеў сказаць яшчэ, што нельга ведаць, хто яго бацька?
Люка апусціў вочы, Лідзія зразумела.
— Можа, таксама і гэта,— прамовіў ён.
— He, хто бацька, сказаць не цяжка,— Лідзія ўважліва паглядзела на хлопца.— Бацька ты.
Люка ўзняў вочы і сустрэўся з позіркам Лідзіі.
— Нарэшце! — усклікнуў ён рашуча.— Вось ты куды хіліла.
Лідзія зірнула на яго, потым зноў узяла ў рукі качаргу і пачала маляваць свае знакі.
— Ты нават сама не ведаеш, хто яго бацька,— злосна сказаў Люка,— а кажаш, што гэта я.— Здавалася, ён пачынае разумець яе гульню.
— Якая мне розніца?— спакойна адказала дзяўчына.— Думаеш, я збіраюся шукаць для яго бацьку? А калі кажу, што бацька ты, дык таму, што ведаю напэўна.
— Напэўна?
— Так. I, можа, ты жадаеш, каб я табе расказала, як я ведаю гэта? Хочаш, каб я растлумачыла, чаму не мог быць ніхто іншы?
Яна ўсміхалася, але ўсмешка была горкая, пагардлівая.
— Я нічога не хачу ведаць,— адказаў Люка.
— A то, можа, растлумачыць?— перапытала яна кпліва.— Я б з вялікай прыемнасцю растлумачыла табе.
Люка змоўчаў.
Але не палохайся,— дадала пасля паўзы дзяўчына.— Табе не будзе ніякіх турбот.
I зноў пачала вадзіць качаргой па падлозе.
Часта, нават у разгар работы, падлічыўшы нейкую суму ці скончыўшы справаздачу, Люка зноў і зноў вяртаўся да гэтай думкі. Зрабіцца бацькам, і зрабіцца ім так, у некалькі хвілін, два месяцы назад,— здавалася недарэчным, гэта было сапраўды смешным і бязглуздым. Нейкую мінуту назад ён быў проста хлопцам, і вось у наступную робіцца бацькам. Нават калі дзіця яшчэ ў вантробе маці, яно ўсё роўна яго. Ён бацька, а Лідзія маці. Гэта цяжка было ўсвядоміць, і ён намагаўся асэнсаваць усё, зразумець тое, што здарылася. Ён бацька, а яна маці. Так і ствараецца сям’я: бацька, маці, дзіця, потым яшчэ дзіця; вось шлях, па якому прайшлі ўсе, паступова губляючы гонар і запал маладосці. I ўсё ў адно імгненне. 3 таго вечара прайшло два дні, і яны болып не заводзілі гаворкі. Лідзія паводзіла сябе, як і раней, як быццам нічога не гаварыла, як быццам Люка нічога не ведаў. Яна нават паранейшаму жартавала. Але Люка ніяк не мог пазбавіцца гзтай думкі. Ён прыглядаўся да сваіх калег па працы, якія мелі сем’і. У іх не было нічога
незвычайнага. I тым не менш, кожнаму ў нейкі дзень жонка ўпершыню казала: «Я цяжарная». У гэтым не было нічога дзіўнага, і яны сапраўды здаваліся звычайнымі людзьмі, падобнымі да ўсіх астатніх: але ў тыя моманты яны, відаць, таксама адчувалі сябе інакшымі. У тое імгненне, калі дзіця з’яўлялася на свет, у гэтых крыках жанчыны яны павінны былі чуць таямнічы голас жыцця. Павінны былі адчуваць сябе неяк інакш — можа, вышэй ростам, можа больш адзінокімі, ізаляванымі ад навакольнага свету і, напэўна, бачылі свет неяк з вышыні ці з глыбіні.
Потым усё прайшло, і людзі забыліся на гэта. Цяпер яны разважалі аб палітыцы, аб выбарах, якія меліся хутка адбыцца, аб партыях, сацыяльных праграмах, заработнай плаце і прыбаўках. А ён тым часам зрабіўся бацькам. Калі б цяпер расказаць гэта ўсім, гэта нават не вельмі ўразіла б іх, як звычайная навіна, і яны б звычайна павіншавалі яго. Але для яго гэта мела вялікае значэнне: ён запаліў новае жыццё, і гэтая думка ніколі не выйдзе ў яго з галавы, нават калі тая істота яшчэ знаходзіцца ў чэраве маці. Цяпер Люка не сумняваўся, што з’яўляецца бацькам. Ён ведаў, што Лідзія не здольна хлусіць, і было ясна, што, сказаўшы гэта, яна не праследавала нейкую мэту. Хлопец шкадаваў, што падумаў пра яе так дрэнна, падазраваў нейкі падман.