Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
— У такім разе трэба паспрабаваць мне. Але досыць, яшчэ будзе час пагаварыць пра гэта. Ты, мусіць, хочаш даведацца, што новага ў вёсцы?
I ён пачаў расказваць пра нараджэнні, смерці і шмат якія іншыя маленькія здарэнні, сярод якіх было многа смешных. Абодва весела смяяліся, і Люку здавалася, што яны зноў знаходзяцца ў вёс-
цы, дзе нарадзіліся і выраслі, сярод зеляніны дрэў і парыжэлых палёў. Старая слухала і смяялася разам з імі. Нарэшце дон Альда спыніўся і спытаў, колькі часу.
— У нас няма гадзінніка,— адказаў Люка. Потым усміхнуўся: —Я зрабіўся такім багатым, што не магу нават набыць гадзінніка.
— У нас ёсць гадзіннік у Лідзіі,— прамовіла старая.
Люка паглядзеў на яе з дакорам. Ён баяўся, што старая скажа нейкае глупства.
— Позна ўжо,— сказаў дон Альда.— Мне трэба ісці. Заўтра раніцай ў мяне меса. Ты прыйдзеш паслухаць?
— Абавязкова,— запэўніў Люка.— Дзе яна будзе?
— Гэта тут недалёка. Выйдзем разам, я пакажу табе,— прамовіў свяшчэннік.— Але ты ўстанеш так рана?
— Мусіць жа, яна будзе не ў пяць гадзін! — смеючыся, спытаў хлопец.
— Я ведаю,— сказаў дон Альда,— каб была ў пяць, дык ты і не ўстаў бы. Ты не хочаш зрабіць ніякага намагання. Я цябе добра ведаю. Але супакойся: гэта а палове сёмай.
— Тады абавязкова прыйду,— паабяцаў Люка.
Хлопец быў нездаволены. Ён даўно адвык ад месы і цяпер ісці ў касцёл толькі таму, што там служыў месу дон Альда, было для яго вельмі непрыемным абавязкам. Але адмовіцца не было як.
Дон Альда ўстаў:
— А сіньёрына? — спытаў ён.— Я хачу развітацца з ёй.
Люка падазрона зірнуў на сябра. Але на твары
дона Альда нічога не змянілася, ён па-ранейшаму глядзеў на хлопца вачыма чалавека, для якога ў свеце не было нічога дзіўнага і незразумелага. Ён паклікаў дзяўчыну, якая нерашуча стала ў дзвярах.
— Добрай ночы,— прамовіў дон Альда.
— Добрай ночы,— паўтарыла Лідзія. Яны, стоячы, уважліва глядзелі адзін на аднаго.
— Хадзем,— прапанаваў Люка і накіраваўся да дзвярэй, каб выйсці з няёмкага становішча.
— Ага, пойдзем, — абазваўся дон Альда, — інакш мы спознімся. Заўтра раніцай,— звярнуўся ён да Лідзіі,— я быў бы вельмі рады ўбачыць вас на месе. Прыходзьце.
Дзяўчыне нічога не заставалася, як сказаць «дзякуй», але яна прамовіла гэта так ціха, што дон Альда наўрад ці пачуў. Ён яшчэ раз развітаўся, і яны з Люкам выйшлі.
Вярнуўіпыся, хлопец доўга сядзеў каля стала, чакаючы, пакуль выйдзе Лідзія, але яе ўжо не было дома. Яна паехала.
На наступную раніцу старая разбудзіла яго рана. Быў самы пачатак вясны, і на дварэ ў гэты час толькі пачынала віднець. Але пакуль хлопец мыўся, вокны яшчэ пасвятлелі, і на падаконніку зачырванеліся кветкі герані. Людзей на вуліцах было яшчэ мала, горад здаваўся маўклівым і свежым, вокны ў большасці дамоў былі зачынены. Над высокімі камяніцамі будынкаў пачынала святлець неба.
Прыйшоўшы к касцёлу, Люка ўбачыў, што ён яшчэ зачынены. Нейкі стары ў зашмальцаванай вайсковай шапцы ціхамірна драмаў каля дзвярэй. 3-пад шапкі, якая ссунулася яму на лоб, былі відаць толькі ружовыя шчокі ды вялізная барада.
Мусіць, гэта быў адзін з тых няшчасных, што так часта сустракаюцца ў горадзе і існуюць немаведама як, але ўсё ж існуюць, упарта чапляюцца за жыццё, не зважаючы ні на што. Відаць, ён правёў тут усю ноч, на адкрытым ганку каля ўваходу. Касцёл быў сціплы, акрамя гэтага не было ніякага месца, каб схавацца.
Па вуліцы з грукатам праехаў грузавік, і стары прачнуўся. Прыўзняўся на локці, паглядзеў угору, на святло, і салодка пазяхнуў. Потым устаў, паглядзеў на Люку, сышоў з ганка і накіраваўся ў прыбіральню, што была непадалёк ад касцёла. Вяртаючыся, падышоў да фантана, які таксама быў паблізу, напіўся, але мыцца не стаў. Тым часам з’явіўся дон Альда. Ён здалёк усміхаўся Люку.
3 ім прыйшоў чалавек, які адчыніў касцёл. Яны ўвайшлі, і Люка сеў на лаву. Дон Альда, пераапрануўшыся, пачаў рыхтавацца. У касцёле быў паўзмрок, і словы дона Альда гучалі пад купалам неяк асабліва глыбока і пранікнёна. Яму дапамагаў хлопчык, і Люка прыгадаў, як і ён калісьці хлапчуком прыслужваў у час месы і маці не адрывала ад яго вачэй. Ён усміхаўся, калі паварочваўся і сярод натоўпу, што запаўняў касцёл, сустракаў матчын позірк. Хто мог падумаць тады, што аднойчы, у гэтым горадзе, ён пачуе казанне дона Альда? Ён нібы бачыў сябе ў кароткіх штоніках, у царкоўным адзенні да кален. Ці магчыма, каб гэты хлопчык быў Люка? Цяпер ён не пазнаў сябе ў гэтым служку, што заўзята размахваў кадзілам, дапамагаючы дону Альда. I ўсё ж калісьці такое было.
Ён не чуў гуку, але неяк зразумеў, што ззаду яго нешта зварухнулася. Хлопец павярнуўся і ўбачыў, што жабрак таксама сеў на лаву. Праз хвіліну
да яго даляцеў рэзкі смурод яго адзення — агідны пах галечы.
Званок адарваў Люку ад роздумаў. Ён стаў на калені і, здавалася, сапраўды адчуў хваляванне: нібы стаяў перад некім выкрыты, як быццам зусім голы, не маючы апраўдання. Калі зноў сеў на месца, убачыў, што мадонны і святыя пасвятлелі, на іх паярчэлі фарбы; на дварэ, мусіць, пачаўся ўжо дзень. Малюнак жанчыны на ветражы прыгадаў яму Лідзію. Праз колькі часу, калі гэта яшчэ не адбылося, яна ляжа на ложак, вызваліцца ад дзіцяці...
Дон Альда скончыў і вярнуўся да Люкі, усміхаючыся, спытаў, ці не засумаваў ён. Потым выйшлі на вуліцу ў суправаджэнні жабрака. Дон Альда прывітаўся з ім, і той адразу працягнуў руку. Яны далі яму колькі лір і пайшлі далей. Люка баяўся, што дон Альда пачне цяпер выказваць крыўду і ўпікаць яго, але той нічога не сказаў. Толькі тады, вечарам, калі яны выйшлі разам ад Люкі, ён спытаў, ці не зрабіў хлопец чаго-небудзь благога.
Цяпер дон Альда гаварыў пра свой ад’езд, які быў прызначаны на сённяшні вечар, паведаміў, што размаўляў са сваім прыяцелем з гасцініцы і той паабяцаў знайсці для Люкі больш прыстойны пакой. Яны развіталіся і на рагу вуліцы разышліся, таму што дон Альда не ведаў яшчэ, у які час адыходзіць поезд. Люка пастаяў крыху, праводзячы позіркам хударлявую постаць свяшчэнніка, пакуль той не знік за паваротам. Здавалася дзіўным, што гэта быў той самы вясковы ксёндз, які дагэтуль быў простым, як звычайны селянін. I вось ён пакінуў сваю вёску, каб паехаць за блізкі свет у Чэхаслава-
кію. I Люку падумалася: як, сапраўды, цяжка здагадацца, што трымае чалавек у думках. Бывае, гадамі думаеш пра яго адно, а ён раптам у адзін дзень, у адно імгненне аказваецца зусім інакшым.
Люка зусім не збіраўся ісці да свяшчэнніка, з якім дамовіўся дон Альда, каб памяняць кватэру. «Навошта? — пытаў ён сябе.— Лепш з гэтым пачакаць і паглядзець, што будзе з работай». А потым—ён проста прывык да гэтага дома і не вельмі хацеў пераязджаць. Прывычка таксама ўтрымлівала яго.
Раніцой у аўторак, два дні пасля месы дона Альда, Лідзія вярнулася дадому. Яна выглядала, як і раней, толькі, можа, крышачку блядней была з твару і вочы глядзелі болып сумна; яна здавалася стомленай, схуднелай, як быццам вярнулася з далёкага падарожжа. Люка звярнуў увагу на жывот: ён таксама быў звычайным, як і раней, хоць унутры яго цяпер не было нічога, не было больш той істоты, што яшчэ зусім нядаўна магла з’явіцца на свет. I сама Лідзія здавалася нібы здзіўленай тым, што зрабіла. Аднак гэта прайшло, і цяпер усё было па-ранейшаму. Хіба толькі апошняя лічба ў ашчаднай кніжцы зноў паменшала, і на гэты раз на даволі значную суму.
Дзяўчына з сумам заўважала, як сума, замест таго каб павялічвацца, ужо колькі часу паўзе назад,— то паволі, то раптоўна, але рух гэты быў непазбежным, няўмольным, яго немагчыма было спыніць. Заўсёды траплялася нешта неспадзява-
нае, непрадбачанае, як здарылася ў гэты апошні раз. I ў гэты раз грошы былі патрачаны без ніякага набытку, нібы выкінутыя на вецер; проста дзеля таго, каб вызваліцца ад цяжару, каб стаць, як раней, хаця грошай зрабілася значна менш. Яе заробкі таксама ў апошні час зменшыліся. У тых месцах, дзе звычайна хадзіла яна, з’явіліся новыя суперніцы — некалькі маладых і энергічных дзяўчат, якія карысталіся большым поспехам. Яшчэ адзін удар напаткаў Лідзію, калі не стала магчымасці карыстацца сваім пакоем. 3 дома з’ехала адна сям’я, а на яе месца ўсяліўся з сям’ёй нейкі чыноўнік. Новыя жыхары адразу заявілі, што не жадаюць, каб у іхнім доме адбывалася такое. Яны нават пагражалі звярнуцца ў паліцыю. Адміністратар паабяцаў, што прымусіць дзяўчыну не прымаць больш у доме мужчын. Праўда, высяляць ён Лідзію не стаў, спаслаўшыся на закон, які не дазваляў гэтага, але запэўніў чыноўніка, што больш у доме такога не паўторыцца. Гэта дзяўчыне таксама каштавала. Ён і раней штомесяц браў з Лідзіі грошы за тое, што не звяртаў увагі, а калі прыходзіў, бывала, за кватэрнай платай і хабарам і заставаў дзяўчыну дома, то таксама заўсёды карыстаўся выпадкам.
Горш за ўсё, што пасля гэтага і астатнія жыхары, у болыпасці бедныя людзі, падбухтораныя чыноўнікам, пачалі зневажаць яе, пры кожным выпадку дэманструючы сваю пагарду. Цяпер тойсёй з суседзяў, спаткаўшы Лідзію на лесвіцы, знарок адварочваўся ўбок і пляваўся ці штурхаў яе кашолкай; дзеці навучыліся ад дарослых і таксама, калі дзяўчына праходзіла, перадражнівалі яе ці шпурлялі чым-небудзь наўздагон. Нават пачалі
гаварыць «шлюха». Аднойчы гэта сказаў пяцігадовы хлопчык.
Пасля ўсяго гэтага ўжо нельга было прыводзіць каго-небудзь да сябе. Давялося змяніць і раён, дзе яна хадзіла звычайна, і перайсці бліжэй да цэнтра, потым узяць пакой у гасцініцы, які каштаваў немалыя грошы. Да таго ж, дзяўчына мусіла аформіць медыцынскую картку, без якой немагчыма было ўладкавацца ў гасцініцы. Паліцыя часцяком рабіла праверкі, і калі знаходзіла ў нумарах жанчын без адпаведных дакументаў, яна закрывала гасцініцу, саджала ў турму вінаватую і штрафавала гаспадара. Дагэтуль Лідзія абыходзілася без карткі, але цяпер вымушана была запісацца, як усе астатнія. Дасюль яшчэ можна было думаць, што яна не зусім, як іншыя, можна было падманваць сябе. Але зараз усё гэта скончылася. Зараз яна мела кніжку, дзе было запісана яе імя, з фатаграфіяй, з подпісам урача, да якога цяпер трэба было наведвацца кожны тыдзень. I калі хадзіла да яго і сустракала там другіх, якія таксама чакалі, некаторых нават пазнавала з твару,— рабілася да болю ясна, што яна такая ж, як і яны, адна з іх. Часам якая-небудзь выходзіла ад урача з вачыма, поўнымі слёз або гневу.