Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
Дома ён застаў старую, якая сварылася з Лідзіяй.
— Яна хоча адрэзаць кату хвост,— паскардзілася дзяўчына.
— Навошта?— спытаў Люка.
— Ён ніколі не сядзіць дома,— сказала старая.— А каб прымусіць ката сядзець у хаце, яму трэба адрэзаць хвост і пакласці на комін. Так усе робяць.
— Ты чуеш, якая дурніца?— закрычала Лідзія.— Толькі паспрабуй адрэзаць яму хвост, я адрэжу табе тваю дурную галаву.
Мурза сядзеў між тым пад сталом, скруціўшыся ў клубок, і спалоханымі вачыма пазіраў на старую. Здавалася, ён усё разумеў. Люка зірнуў на Лідзію: валасы яе былі раскудлачаны, на аголеным плячы віднелася блакітная стужка бюстгальтара. Яму зноў прыгадалася Эстэр, і ён адвёў позірк ад Лідзіі.
Селі вячэраць. Люка паглядзеў на Лідзію; здалося дзіўным, што чым болып праходзіла часу, тым больш ён бачыў у ёй звычайную дзяўчыну; трэба было пэўнае намаганне, каб уявіць, кім яна была ў сапраўднасці, адсунуць далей яе асобу, якая ўсё болып набліжалася да яго. На працягу ўсяго вечара старая лаялася і бурчала — то на аднаго, то на другога, то сама на сябе. А пасля вячэры яна раптам страціла прытомнасць. Гэта здарылася ўпершыню. Яна неяк скамянела, утаропіўшыся некуды вачыма, працягваючы жаваць пустым ротам. Лідзія і Люка заўважылі гэта і са здзіўленнем сачылі за ёй. Некаторы час старая сядзела так, здранцвелая, працягваючы жаваць. Першая спахапілася Лідзія.
— Што з табой? Што з табой?—гаварыла яна, тузаючы старую за руку.
Люка таксама ўстаў. Ён стаяў перад старой, не ведаючы, што рабіць.
— Відаць, яна страціла прытомнасць,— сказаў ён.
Лідзія працягвала тузаць старую за руку. Зазваніў званок. Гэта быў Альберта.
— Воцат, давайце хутчэй воцат,— сказаў ён.
Лідзія дала яму бутэльку воцату; Альберта абмакнуў у яго палец і пачаў церці пад носам старой,
— Чорт пабяры! — усклікнуў ён.— Якія ў яе вусы!
Але старая не ачувалася. Цяпер яна нешта мармытала, праўда, слоў нельга было разабраць.
— Пабіце яе па шчаках,— параіў Альберта,— так заўсёды робіцца.
Ён пачаў ляскаць яе па шчаках, спачатку лёгенька, потым усё мацней. Люка з агідай глядзеў на хлопца, які так шчыраваў, даючы старой аплявухі. Але яны памаглі, і старая ачулася. Падняла галаву, здзіўлена пазіраючы навакол.
— Што гэта здарылася? Што вы тут рабілі? — спытала спалохана.
— Нічога страшнага,— сказала Лідзія,— гэта бывае з кожным.
Старая пачала лямантаваць і скардзіцца, зноў успомніла пра смерць.
— Я ледзь не памерла без свяшчэнніка,— гаварыла яна.— Запомні, Лідзія, і ты таксама, Люка. Калі здарыцца са мной яшчэ раз, адразу паклічце свяшчэнніка. Я не хачу памерці не спавядаўшыся.
— Добра, добра,— супакойвала Лідзія,— абавязкова паклічам.
— He, ты кажаш, каб толькі адчапіцца, кажаш, а потым не зробіш. Але памятай: калі не зробіш, то, памершы, я буду прыходзіць да цябе ўночы і цягаць за ногі. От пабачыш.
Альберта хацеў быў павярнуць размову на жарт, каб скончыць з гэтай гісторыяй, але старая ўзлавалася. Тады Альберта таксама абурыўся і ўвесь астатні вечар нібы не заўважаў яе.
УУгаварыць Лідзію аказалася не надта проста.
Хлопцы адчувалі, што справа ідзе не зусім гладка, і Альберта быў падумаў, ці не ўзяць з сабой якую са сваіх знаёмых. Але потым зразумеў, што гэта было б неасцярожна: наўрад ці знойдзецца такая, што згадзілася б іграць ролю Люкавай сяброўкі. У Люкі ж, са свайго боку, дзяўчат не было. Былі, праўда, сякія-такія знаёмыя па працы, але пасябраваць ён з ніводнай не паспеў; бо тыя, што яму падабаліся, мелі ўжо сваіх мужчын ці хлопцаў. Такім чынам, Альберта вырашыў спыніць выбар на Лідзіі. Але дзяўчына спачатку адмовілася: хлопцы хаця і не сказалі, што Эстэр графіня, але яна неяк адчувала, што нешта тут ёсць. Можа, яна проста баялася сустрэць нейкую другую і трапіць у няёмкае становішча. Але пасля ўдалося пераканаць яе; дзяўчына і сама даўно марыла пабыць калі-небудзь у нядзелю за горадам, правесці хаця б адзін дзень цікавей, як звычайна.
На вакзале, дзе Люка і Лідзія павінны былі сустрэцца з Эстэр і Альберта, Лідзія зноў было заўпарцілася і пачала даводзіць, што яна не хацела ехаць і не мае ніякага жадання сустракацца з незнаёмай. Але тым часам падышлі Альберта і Эстэр. Дзяўчыны насцярожана агледзелі адна адну. Эстэр трохі збянтэжаная, Лідзія раззлаваная. Эстэр, пасля хвіліны вагання, загаварыла з Лідзіяй, якая яшчэ не вырашыла, здавацца ці не. Лідзія з прыемнасцю адзначыла, што Эстэр не была прыгожай: гэта супакоіла яе. На Эстэр была шырокая спадніца ў кветкі — невялічкія букеты, у дзве ці тры кветкі, раскіданыя па блакітным полі. Лідзія ж апранула адну са сваіх лепшых сукенак — з тых, што прызначаліся для Аргенціны і захоўваліся ў спецыяльнай
шафе; яна іх ніколі не надзявала, баючыся збэсціць.
Калі селі ў поезд, Альберта пачаў расказваць смешныя гісторыі, і дзяўчаты развесяліліся. Яны смяяліся і размаўлялі, амаль не адчуваючы няёмкасці. Люка таксама смяяўся, і гэта становішча, якое спачатку так гняло яго, цяпер неяк перастала турбаваць. А калі на невялікай местачковай станцыі яны выйшлі з вагона, то ўсе былі задаволены і адчувалі сябе ледзь не сябрамі.
Насустрач траплялася даволі многа народу. Быў цудоўны веснавы дзень, і людзі павыходзілі з дамоў, каб пасядзець у кафэ ці пагутарыць са знаёмымі на адзінай у мястэчку плошчы. Тут таксама сцены дамоў былі пазаклеены выбарчымі плакатамі. Вялізныя афішы паведамлялі, што якраз у гэтую нядзелю, а другой палове дня тут выступіць нейкі аратар. На плошчы было шмат моладзі. Невялічкімі групамі, па тры-чатыры чалавекі, трохі звязаныя ў сваіх святочных гарнітурах, стаялі з веласіпедамі хлопцы. Напалову седзячы ў сядле, падпіраючыся адной нагой, яны як па камандзе паварочваліся, калі Люка і Альберта з дзяўчатамі праходзілі міма, забываючыся глядзець на местачковых дзяўчат, што гулялі падручкі па плошчы і таксама з цікаўнасцю разглядалі незнаёмых. Эстэр і Лідзія адчувалі на сябе шматлікія позіркі, і гэтая цікаўнасць забаўляла іх.
Потым збочылі ў невялікую вулачку, якая паўз агароды вяла за вёску. Эстэр ішла шпарка і была ў добрым гуморы. 3 аднаго боку вуліцы была драцяная агарожа, за якой некалькі хлапчукоў гулялі з мячом. Па вуліцы бегалі зачуханыя, абыякавыя сабакі.
Вулачка вывела іх за агароды, у поле, потым яны натрапілі на невялікі ручай і пайшлі ўверх па цячэнню. Эстэр трымала ў руках пакунак з піражкамі і пячэннем, якія яны купілі з Альберта ў горадзе. Яны то ішлі ўсе побач, то расцягваліся па аднаму, калі сцяжынка рабілася вузкай і вілася сярод густога хмызняку, што рос уздоўж берагу. Зямля вакол была чырвоная, нібы спаленая сонцам, і паміж мізэрных шнуроў пасеваў віднеліся камяністыя неўзараныя ўчасткі.
Эстэр забаўлялася, разгадваючы на адлегласці, чым засеяны той ці іншы кавалак зямлі — пшаніцай, ячмянём ці жытам, і калі памылялася, усе весела смяяліся. Больш за ўсіх у гэтым разбіраўся Люка, які вырас у вёсцы і змалку ведаў расліны. Потым пачалі паказваць дрэвы, і ў канцы ўжо Эстэр добра адрознівала белую акацыю ад таполі. Неўзабаве ручай стаў вузейшы і бег, нібы па цясніне, у высокіх і крутых берагах. У гэтым месцы праз яго сям-там былі перакінуты кладкі. Па адной з такіх кладак яны перабраліся на другі бераг; стрымліваючы дыханне, праходзілі па хісткіх жэрдках, асцярожна, але з прыемнасцю шоргаючы чаравікамі па драўлянаму мастку, які вісеў над імклівай вадой. Час ад часу з трывожным піскам пралятала міма імклівая птушка або ўзнімалася з поля, калі яны праходзілі міма. Эстэр пыталася пра іх назвы, але ніхто як след не мог адказаць. Нават Люка не ведаў, як іх назваць па-сапраўднаму, бо памятаў толькі мясцовыя назвы, тыя, што чуў ад сваіх вяскоўцаў. Але ў яго вёсцы гаварылі на дыялекце.
Эстэр ад непрывычнай хады расчырванелася і ўзмакрэла.
— Можа, давайце ўжо трохі адпачнём?—пра-
панавала Лідзія, убачыўшы, што Эстэр пачынае адставаць.
Знайшлі зручнае месца на беразе ручая і паселі адпачываць. Міма, уверх па цячэнню, чародкай праплылі качаняты, не звяртаючы ўвагі на людзей, порстка варушачы маленькімі пушыстымі хвастамі. Толькі круглыя вочкі з жоўтымі вейкамі глядзелі з жывой цікаўнасцю.
Альберта ўстаў, знайшоў невялікі плоскі каменьчык. Кінуў яго амаль паралельна паверхні вады, і той два разы падскочыў, перш чым патануць.
— Цяпер я паспрабую,— сказаў, устаючы, Люка. Некалі ў гэтай гульні ён не ведаў роўных сярод вясковых хлапчукоў. Ён таксама адшукаў камень і кінуў: той скокнуў чатьіры разы. Дзяўчыны запляскалі ў далоні ад захаплення.
Яны пачалі кідаць камні, але ў гэтым месцы іх цяжка было знаходзіць.
— Давайце спаборнічаць,— прапанаваў Альберта,— мы ўдваіх і вы ўдваіх.
— To мы ж, напэўна, прайграем,— засмяялася Эстэр.
Альберта пачаў спрачацца, што яны абавязкова перамогуць. Пайшлі шукаць камні ў полі. Пры кожнай знаходцы яны радасна ўскрыквалі; увесь час чуліся то прыемны, танклявы голас Эстэр, то вясёлы барытон Альберта, то звонкія радасныя ўскрыкі Лідзіі. Яны прынеслі ўсе камні на бераг, падзялілі пароўну. Эстэр і Лідзія былі вясёлыя і ўзрушаныя. Пачалі кідаць. К канцу спаборніцтва пераможцамі выходзіла пара Альберта — Эстэр, але з нязначнай перавагай.
— Пастарайся, Лідзія,— угаварваў дзяўчыну Люка, які ў гэтай любімай гульні свайго дзяцінства
хацеў абавязкова перамагчы.— Твой камень вырашальны. Можна яшчэ выйграць.
Усяго іхнія камні зрабілі дванаццаць скачкоў. У Эстэр і Альберта было чатырнаццаць. Лідзія кінула камень, і ён скочыў аж тры разы.
— Выдатна! — усклікнуў Люка.— Пятнаццаць!
— Мы перамаглі! — шчыра радавалася Лідзія.
Эстэр таксама смяялася, пакеплівала з Альберта, які вельмі перажываў.
— Малайчына,— сказаў Альберта Лідзіі,— ты заслужыла ўзнагароду. Я не ведаў,— дадаў ён жартоўным тонам,— што сярод тваіх добрых якасцей ёсць яшчэ і такая.
Ён сарваў ля вады некалькі сцяблоў чароту, сагнуў іх вянком і падышоў да дзяўчыны:
— Дай я табе надзену карону,— сказаў ён і, падняўшы свой вянок, дадаў нешта шэптам.
Лідзія выхапіла ў яго з рук вянок і кінула яго прэч, вочы яе бліснулі абурэннем. Альберта нібы здзівіўся і паспрабаваў ператварыць усё на жарт. Але Эстэр не ўсміхнулася, яна быццам і не заўважыла нічога. Потым раздражнёна павярнулася да Люкі:
— Хадзем? — спытала, нават не зірнуўшы на Альберта.