Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
Калі разабрацца, у гэтым доме Люка не дасягнуў нічога, хіба што пазнаёміўся з хлопцамі, што, як і ён, шукалі свайго выпадку; тых жа, што маглі дапамагчы, ведаў толькі з выгляду, і наўрад ці хто з іх пазнаў бы яго пры сустрэчы. У яго заўсёды было ўражанне, што ён выпадкова трапіў сярод гэтых людзей і ўвесь час заставаўся чужым, як быццам усе адчувалі падман. Можа, у думках яны пагарджалі ім за яго замкнёнасць, за тое, што ён быў не падобны на іх? Можа, імкнучыся спадабацца некаторым асобам, ён, наадварот, выклікаў толь-
кі недавер? Паразважаўшы так, Люка вырашыў тады павярнуць назад, каб у дадатак да ўсяго не сутыкнуцца тут, каля варот, з кім-небудзь са знаёмых графіні. Падумаў яшчэ раз пра Эстэр, паціснуў плячыма, злуючы на яе і на сябе за тое, што ледзь не закахаўся ў гэтае ганарлівае дзяўчо, якое нічога не разумее ў жыцці, нібы звалілася з Месяца. I пайшоў, скончыўшы, такім чынам, і гэтую гульню. Было шкада толькі, што страціў столькі часу, працуючы марна, ідучы не ў тым кірунку. «Але дзе ён, той правільны кірунак?» — пытаў сябе хлопец. Куды было ісці? Можа, усе шляхі аднолькава памылковыя або правільныя, і ўсё залежыць ад шчасця, выпадку? Ці ад здольнасці чалавека арыентавацца ў жыцці? Але ўменне арыентавацца — таксама якасць, якую трэба мець.
Ён дастаў цыгарэту і закурыў. Згарэлай запалкай пачаў было чысціць пазногці, але падумаў, што гэта таксама бескарысна, і выкінуў запалку.
Аднаго разу Люка наведаўся і да Альберта. Яны не бачыліся ўжо даўно, якраз з таго часу, калі ездзілі разам за горад. Цяпер Люка быў вольны і мог дазволіць сабе схадзіць куды-небудзь. Але не ведаў, куды. Каб пайсці ў кафэ ці ў кіно, трэба мець грошы. А ён цяпер не траціў нават на газету і прызвычаіўся кожны ранак хадзіць у цэнтр, каб праглядаць газеты на дошках каля рэдакцый. Хлопец прыдумаў шмат спосабаў бавіць час: чытаў розныя рэкламы і аб’явы, назіраў за трамваямі, наведваў вялікія магазіны, дзе можна было бясконца катацца на эскалатарах з паверха на паверх. Альбо гадзінамі пралежваў на ложку, разглядаючы плямы на столі, з якіх уяўленне стварала мудрагелістыя фігуры. To ўяўляўся чалавек з молатам, потым на
руках у яго з’яўлялася дзіця, то выходзілі нейкія звяры ці іншыя рэчы. Апоўдні, калі сонечныя праменні пранікалі ў пакой скрозь зачыненыя аканіцы, хлопец падоўгу вывучаў загадкавыя малюнкі святла, што ўтвараліся на падлозе і адбіваліся на сцяне. А калі сонца падала на вуліцу, скрозь вузкія шчыліны праектаваліся розныя цені, па іх ён навучыўся меркаваць, што адбывалася на двары. Цені адлюстроўваліся на сцяне, не раўнуючы, як на экране, толькі што дагары нагамі. Хлопец ужо мог адрозніваць цені аўтамабіляў, веласіпедыстаў, калёс; яны паволі выплывалі з паўцёмнага кута, рабіліся болып яснымі, акрэсленымі, калі праходзілі па цэнтры сцяны, і раптам знікалі, не даходзячы да другога краю, нібы раствараючыся ў паўзмроку.
I вось неяк у адзін з вольных вечароў ён завітаў да Альберта. Той, здавалася, не вельмі быў рады сустрэчы. Ён нешта вучыў: хутка павінен быў здаваць экзамены на дыплом. Хлопец расказаў, што Эстэр пасля таго выпадку ў трыснягу да самага дома не прамовіла ні слова, а калі сышлі з поезда, сказала яму «бывай». Ён яшчэ неяк заходзіў да яе, але дзяўчына нават не паглядзела ў яго бок. Паспрабаваў гаварыць, але яна адказала, каб ён ішоў да сваіх сяброў і сябровак. Больш Альберта туды не заходзіў: даводзілася шмат вучыць, у яго амаль не было вольнага часу. Расказваў ён гэта спакойна, як быццам яго зусім не турбаваў той інцыдэнт і ўсё, што праз яго адбылося. Здавалася, быў нават задаволены, адчапіўшыся, нарэшце, ад дзяўчыны. Люка ж, ідучы, думаў, што ён будзе злавацца і абвінавачваць яго ва ўсім, што здарылася.
Альберта сказаў, што найбольш важныя сувязі ён па-ранейшаму падтрымлівае, нават калі не на-
ведвае дом графіні. Спытаў пра Лідзію, але Люка ведаў, што пасля таго разу ён бачыў дзяўчыну і зноў спрабаваў чапіцца да яе.
— А Эстэр? — спытаў у сваю чаргу Люка.
— Больш я нічога не ведаю пра яе.
— Але ж яна. здаецца, была закахана ў цябе? Я ведаю, што тады ў хмызняках вы цалаваліся.
Альберта рассмяяўся:
— Гэта проста была камедыя!
Люку захацелася пажартаваць з яго, і ён дадаў:
— А казалі ж, што ты таксама быў закаханы, толькі маці не дазваляла...
Альберта гэта нечакана раззлавала.
— Хто табе казаў такое глупства?
— Я таксама думаў, што гэта няпраўда.
— Цудоўная была б гісторыя! Я хадзіў туды проста таму, што гэта было мне зручна. А цяпер, хай во атрымаю дыплом, дык толькі мяне тут і бачылі. У мяне ўжо ёсць добрае месца, якое чакае.
Ён паглядзеў на Люку з выглядам чалавека, які ўпэўнены ў сабе. I Люка разумеў, што гэта былі не толькі словы.
Неяк ён завітаў яшчэ раз і да адваката Рыгоні, хаця і ведаў, што зноў пачуе адны абяцанкі. I хлопец не памыліўся: адвакат таксама быў падобны да ўсіх астатніх. «Вельмі шкада... каб троху раней... не ад мяне залежыць... але заходзь... паглядзім...» і гэтак далей. «Звычайная гульня,— лаяўся ў думках Люка, слухаючы ўсе гэтыя ветлівыя словы,— звычайная гульня паноў і сіньёраў. Хто ведае, колькі стагоддзяў у гэтых палацах гаворыцца тое ж самае?» Ён слухаў абыякава, з недарэчнай, нейкай
ідыёцкай усмешкай на твары. Хіба ж ён не ідыёт? Прыйсці сюды, каб шукаць дапамогі...
— Дарагі друг... трэба спадзявацца... набярыся цярпення, пачакай...
Люка не ведаў, што Рыгоні шчыра шкадаваў яго і, каб не пазваніў яму з тыдзень назад нейкі важны чыноўнік, папрасіўшы тэрмінова ўладкаваць на працу другога, то ён аддаў бы гэтае месца Люку. Але хлопец не думаў пра тое. Яму лезлі ў галаву нейкія недарэчныя, бязглуздыя думкі. Слухаючы, ён стараўся ўявіць, які твар будзе ў адваката, калі пачаць раптам скакаць па пакоі альбо выліць чарнільніцу на яго лысую, як бубен, галаву. Нічога ён, вядома, не зрабіў, нават даволі ветліва развітаўся з адвакатам.
Потым накіраваўся да яго прэасвяшчэнства Асторы. Ідучы, забаўляўся, у думках раздзяваючы чалавека, што крочыў наперадзе. Некаторы час імкнуўся ўявіць таго голым, і гэта здавалася смешным; потым надакучыла, ён зноў апрануў яго. Гэты занятак часта дапамагаў хлопцу бавіць час, калі ён, бывала, гадзінамі без пэўнай мэты бадзяўся па горадзе. Уяўляць людзей голымі было і забаўна, і цікава, бо людзі трапляліся самыя розныя і паводзілі сябе па-рознаму.
Так Люка дайшоў да палаца, дзе жыў прападобны айцец. Той самы парц’е, як і тады, чытаў у сваёй шклянай будцы газету. Здавалася, што і газета ў яго тая ж самая, як і год назад, калі хлопец прыходзіў першы раз. Люка зірнуў і здзівіўся: сапраўды тая ж самая—«Corriere della mattina», «Ранішні кур’ер». Як у сук уляпіў. Як быццам гэты чалавек цэлы год прасядзеў вось так, не падымаючы галавы ад газеты. Здавалася, ён урос у гэты
пад’езд, у пыл і плесню гэтага дома, нібы стварэнне самой гэтай цвілі. Толькі нейкі выбух мог бы прабіць дзірку для сонечных праменняў і дзённага святла ў гэтым змрочным стральчатым скляпенні, разбурыць фігуру гэтага чалавека. Мусіць, ён чытаў яшчэ навіны той раніцы, якія адбыліся год назад, і, відаць, адказаў бы як год назад ці наогул не адказаў бы, каб яго спыталі аб нечым. Люка вырашыў праверыць, ці здольны ён яшчэ размаўляць, і спытаў пра яго прэасвяшчэнства. Той падняў галаву:
— Яго няма.
I зноў узяў газету, апусціўшы галаву, і час зноў спыніўся за гэтым шклом. У шкле былі няроўнасці, і таму, калі хлопец глядзеў праз яго, галава чалавека то прымала форму грушы, то расцягвалася, як пузыр, у бакі, трацячы абрысы, вырастаючы да пачварных памераў. Калі Люка пайшоў, у яго было такое ўражанне, як быццам ён пагаварыў з прападобным айцом і пачуў усё тое, што мог бы пачуць у час размовы.
А ўвечары зноў выйшаў з дому, каб пабадзяцца па горадзе. Ішоў уздоўж ракі, спыняючыся каля кожнага маста, і, узлакаціўшыся на парэнчы, падоўгу глядзеў на ваду, якая дрыжала недзе далёка ўнізе, пагойдваючы адбіткі гарадскіх агнёў; з прыемнасцю думаў, што дастаткова пераскочыць цераз парэнчы, і можна назаўсёды скончыць усё. Думаць пра гэта было неяк весела. Люка не прымаў цяпер усё так блізка да сэрца, як раней. Зараз усё здавалася не так страшна. Досыць было ў любы момант сказаць «канец», і ўсё магло сапраўды скончыцца. Ён нібы жыў у свеце, дзе ўсё было лёгка і магчыма. Нават не думалася, што ён існуе цяпер на гро-
шы Лідзіі, што Лідзія ў канцы месяца заплаціла за яго старой. Гэта таксама здавалася натуральным.
Яму прыйшла думка падняцца па лесвіцы наверх, і ён устаў; накіраваўся па прыступках, пераадольваючы рад за радам, пакуль не дайшоў да самых апошніх месц. Тут, на версе, амфітэатр Калізея меў вялізныя аркі, якія, нібы вокны, выходзілі на вуліцу проста з пляцоўкі, без поручняў і агарожы. Хлопец наблізіўся да краю і паглядзеў уніз, на горад. Горад здаўся на дзіва далёкім і спакойным: людзі, як мурашкі, мітусіліся на шырокіх вуліцах і плошчах; даганялі адзін аднаго маленькія, павольныя аўтамабілі з авальнымі, як у чарапах, чорнымі спінамі. Тут, наверсе, не было чуваць ніякіх гукаў, акрамя пошуму ветра ў вушах, які дзьмуў значна мацней, як унізе. Было страшнавата глядзець уніз з такой вышыні. Нешта штурхала яго скочыць туды, у бездань: ён спалохаўся і адступіў назад, убачыўшы, што дастаткова было аднаго імгнення, калі гэтая думка авалодала б ім, і ён зрабіў бы гэты апошні крок,— проста так, нават не ўсведамляючы, што робіць непапраўнае.
Хлопец пачуў крокі і рэзка павярнуўся: да яго, раскурваючы цыгарэтку, ішоў вартаўнік цырка.
— Тут небяспечна,— заўважыў ён, падыходзячы.
— Гэта праўда,— прамармытаў Люка. Ён адышоўся ад аркі і накіраваўся ўніз.
Але і тут, унізе, памерці ўсё роўна было лёгка: досыць было скочыць на вуліцы ўбок. Напрыклад, пад гэты шэры аўтамабіль, які імкліва праносіўся міма, блізка каля тратуара. Досыць ступіць крок,— і апынешся пад ім. Аднаго разу Люка бачыў, як
выглядае днішча машыны. Аўтамабіль ляжаў у кювеце дагары калёсамі. Гэта было жахліва,— бачыць, як аўтамабіль паказваў сваё металічнае бруха, плоскае і бруднае. Здавалася, гэтае бруха абуралася супраць неба, якое цямнела на захадзе, а тут, у кювеце, пачыналі збірацца цені; яны пільнавалі з-за дрэваў і агарожаў, пакуль не завалодалі сваёй ахвярай.