Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
— Мы заўсёды лёгка кажам: «хутчэй заб’юся», але потым баімся нават парэзаць палец,— сказаў ён разважліва.
— Але я не баюся памерці,— адказала Лідзія.— Калі ў час вайны самалёты бамбілі горад, я нават не ўставала з пасцелі.
— Гэта не тое,— запярэчыў Люка.— Тады ты не глядзела смерці ў вочы, не была ўпэўнена, што загінеш. Можа, іменна таму ты і не ўставала. Бо верыла, што не памрэш. Хіба не так?
Лідзія троху падумала, потым адказала:
— He ведаю дакладна. Можа быць, усё гэта так, як ты кажаш. Але нават калі б я ведала, што загіну, усё роўна не спалохалася б. Hi зараз, ні раней, каб давялося... У час вайны я дваццаць дзён хавала на гары англічаніна. А побач увесь час сноўдаліся немцы, сто разоў заходзілі ў хату. Каб даведаліся, яны б адразу забілі мяне.
— Англічаніна? — здзівіўся Люка.
— Так,— адказала дзяўчына. I дадала, сумна ўсміхнуўшыся: — Таго самага, што зрабіў мяне такой, як зараз...
Хлопец адвёў позірк убок, да акна. Ён болып нічога не пытаў, задуменна гледзячы на зорку, якая напамінала, што час ужо быў позні.
— Заўтра пайду яшчэ паспрабую наконт работы,— сказаў ён.
Назаўтра, ідучы да адваката, Люка думаў пра камандора Эпіскапа. Ён ужо заходзіў да яго праз некалькі месяцаў пасля першай сустрэчы; стары камандор ледзь успомніў яго «справу» і, вядома, нічога не зрабіў. Люка дагэтуль усміхаўся, прыгадваючы тую сустрэчу.
Адвакат, здавалася, быў вельмі рады яго прыходу. Але зноў сказаў, што трэба чакаць і спадзявацца. Люка зразумеў і развітаўся. Ідучы па вуліцы, ён у роспачы думаў, ці скончыцца калі-небудзь гэтая цяганіна. Як быцам усе згаварыліся паўтараць яму тое ж самае: «Пабачым... паспрабуем...
трэба пачакаць...» Ён пачынаў ужо думаць, ці не павывучвалі яны гэтыя словы ў нейкіх спецыяльных школах. Яны ж таксама некалі былі маладымі, хлопцамі, як ён цяпер, і таксама, мабыць, стукаліся ў дзверы, націскалі, каб прасунуцца сярод натоўпу, забяспечыць сабе нейкае месца ў жыцці. Хто ведае, колькі разоў яны самі чулі гэтыя словы? Бо так добра запомнілі іх, што маглі цяпер паўтараць бясконца і без адзінай памылкі, мяняючы толькі голас і вымаўленне ў залежнасці ад абставін і характараў. Адны вымаўлялі іх суха, гледзячы на дзверы, другія рэзка, трэція абыякава, чацвёртыя пяшчотна і ласкава, пятыя сумна, з адценнем шчырай спагады; хто паўтараў іх шмат разоў, хто гаварыў адзін раз, рашуча і цвёрда, хто паціскаў руку, хто не, хто ўставаў, каб праводзіць да дзвярэй, хто аставаўся сядзець, хто пакідаў нейкую надзею, хто адразу груба разбураў усякія ілюзіі. Разам з тым нельга было сказаць, што кожны гаворыць гэтыя словы па-свойму: каб звесці розныя метады ў нейкі каталаг, іх было б зусім нямнога. I ва ўсіх была яшчэ адна агульная рыса: усе яны аднолькава не мелі магчымасці нешта зрабіць, аднак абавязкова зрабілі б, каб маглі. I кожны хаваўся за гэтым сказам, нібы за калючым дротам, які працягваўся паміж сталом і наведвальнікам. За іх плячамі заўсёды нібы стаяла нечая здань, што замінала ім быць добрымі, гуманнымі, чулымі.
— Я б зрабіў, каб ад мяне залежала... каб мая воля...
Як быццам за кожным з іх нехта неўпрыкмет сачыў; схаваўшыся за спіной, падслухоўваў пад дзвярыма, падглядваў у замочную шчыліну, нібы злы дух, які не жадаў, каб людзі рабілі дабро. Бы-
лі і такія, што, здавалася, сапраўды пакутавалі ад таго, што не маглі памагчы. Але якраз гэтыя людзі рабілі горш за ўсіх, асабліва калі да іх трапляў які-небудзь бедны і даверлівы прасцяк, што лёгка адкрываў душу для надзеі. Пры гэтай сістэме вызваленне ад ілюзій адбывалася больш марудна, часам праходзілі доўгія месяцы і нават гады. I ўвесь гэты час, з дня ў дзень, чалавек марнеў, упадаў у адчай, хваляваўся, псуючы сабе кроў, пакуль не страчваў апошнія душэўныя сілы і веру. Гэтыя людзі непрыкметна даводзілі чалавека да адчаю, выпустошвалі яго душу. I нічога з гэтым нельга было рабіць. Ім пашчасціла выйсці пераможцамі ў гульні, а як з тымі, каму не пашанцавала?.. Што рабіць таму, хто не нарадзіўся дастаткова моцным, каб парваць гэтыя ланцугі?
— 3 голаду цяпер ніхто не памірае,— казалі Люкавы вяскоўцы. 3 голаду, мусіць, і папраўдзе яшчэ ніхто не паміраў: Люка, напрыклад, ніколі не чуў, каб чалавек недзе замертва ўпаў, сканаўшы ад голаду. Нават самы горкі бядак, апошні жабрак не паміраў ад голаду, не, бо кавалак хлеба ён знаходзіў заўсёды.
«Але хлеб — гэта яшчэ не ўсё,— разважаў Люка,— хлеб ядуць і жывёлы, якія не працуюць і не разумеюць нічога. Але каб жыць сярод людзей, мала мець толькі кавалакхлеба і трымацца на нагах...»
Лідзія надзела белыя басаножкі. Зноў надышоў час, калі можна было хадзіць у басаножках. Дзяўчына вельмі хацела купіць к лету новыя, але перадумала. Вырашыла не траціць ніводнага лішняга сольда, калі можна абысціся.
— Яны яшчэ, як новыя,— апраўдвалася яна.
Люка паглядзеў на басаножкі: яны былі прыгожыя, і ногі дзяўчыны выглядалі ў іх прывабна. Разглядаючы басаножкі, Люка адчуў, што збоку прыадчыніліся дзверы.
— Яшчэ засталася пляма ад кавы,— прамовіла Лідзія, падняўшы басаножку да святла,— як я не мыла, усё роўна не знікае.
Дзверы зноў рыпнулі. Люка азірнуўся: гэта быў Чарнамысы, які паволі ішоў да іх, неяк дзіўна прыгнуўшы галаву да падлогі. Здавалася, галава яму была цяжкай, і ён не мог утрымаць яе.
— Як разгультаіўся гэты кот, — заўважыў Люка.
— Дужа многа есць,— адказала Лідзія.— Ён хутка будзе, як парсюк, калі так пойдзе далей.
Чарнамысы неяк асцярожна пасоўваўся да іх. На сярэдзіне раптам спыніўся, паклаў галаву на падлогу. Потым заплюшчыў вочы. Здавалася, ён не заўважаў людзей.
— Каб яны не падаражэлі, я б купіла сабе новыя,— прамовіла Лідзія.
Чарнамысы між тым уладкаваўся там, дзе спыніўся, і, здавалася, заснуў. Галава яго была выцягнута на падлозе. Як быццам ён прыслухоўваўся да таго, што гавораць людзі.
— 3 кожным днём робіцца ўсё цяжэй,— працягвала дзяўчына.— Я кажу, што ў час вайны было куды лепей.
— Чаму?
— Тады была надзея, што хутка ўсё скончыцца, і пасля гэтага настане свята для ўсіх. Як цяпер памятаю: калі клалася спаць, думала заўсёды пра той час, калі скончыцца вайна. I хацелася, каб хутчэй міналі дні, нават месяцы, каб прычакаць таго дня.
I чым бліжэй той дзень, тым больш было радасці. А цяпер жывём нават горш, і ніякай надзеі, што гэта калі-небудзь скончыцца.
— Гэта праўда,— згадзіўся Люка.
Чарнамысы сапраўды заснуў пасярод пакоя. 3 таго часу як памерла старая, ён жыў больш на дварэ, чым у хаце. Прыходзіў вось так, нечакана, адкрываючы самастойна дзверы ці мяўкаючы, калі яны былі зачынены.
— Чарнамысы,— паклікала Лідзія,— чаго ты там ляжыш? У сподачку ёсць малако.
На кухні ў кутку стаяў сподачак Чарнамысага, у ім ад раніцы асталося трохі малака. Чарнамысы зварухнуўся і пайшоў да Лідзіі. Ён пасоўваўся паволі, нібы з недаверам, як быццам засяроджана думаў аб нечым, і цяжкая думка прыгінала яго галаву ўніз.
Лідзія адкрыла сумачку і выняла памаду. Потым узяла люстэрка і паставіла яго на стол, абапёршы на шклянку. Але люстэрка ўпала. Лідзія паправіла яго, паставіла болып вертыкальна, але яно ўсё роўна звалілася. Тады яна ўзяла яго ў руку, а другой стала фарбаваць губы. Ад памады яны рабіліся бліскучымі. Люка назіраў за дзяўчынай, імкнучыся ўспомніць, што нагадвалі яе вусны. Магчыма, яны былі падобны да сэрца, трохі сціснутага, выцягнутага ўпоперак; яны нагадвалі літару алфавіта: «W», перавернутае дагары нагамі, або «М».
— Ат, Чарнамысы,— прамовіла Лідзія,— чаго ты ўзлез на нагу? — I яна варухнула нагой, на якую Чарнамысы паклаў галаву.
Кот зваліўся на бок, каля самай нагі, раскінуўшы лапы і не расплюшчваючы вачэй. На белай Лідзінай басаножцы чырванела крывавая пляма.
— Глядзі! — усклікнуў Люка, паказваючы пальцам на пляму.
Лідзія зірнула на басаножку.
— А, каб на цябе ліха! — крыкнула яна і злосна пхнула нагой Чарнамысага; той некалькі разоў перакуліўся і застаўся ляжаць скручаны, з выцягнутымі лапамі. Цяпер галава была павернута ўверх. На чорным футры морды была відаць вялікая пляма крыві.
Люка падышоў да яго і прыўзняў галаву: вочы ката былі заплюшчаны. Хлопец трохі патрымаў галаву, нібы ў роздуме, потым апусціў: яна ўпала на падлогу з глухім стукам.
— Ён мёртвы,— сказаў Люка.
— Што ты кажаш? Мёртвы? — Лідзія ўсхапілася са стула і прысела каля ката.
— Божа, сапраўды мёртвы,— прамовіла яна, разглядаючы Чарнамысага.
— Бедны Чарнамысы,— уздыхнуў Люка.
— Бедны Чарнамысы,— паўтарыла дзяўчына, гладзячы труп ката. Потым дадала, сціскаючы кулакі: — Відаць, гэта тыя байструкі знізу. Але яны мне яшчэ заплоцяць. Здаецца, забіла б іх, мярзотнікаў. I няхай тады прыходзяць бацькі ці маці.
— Мусіць, такі ў яго лёс,— сказаў Люка.— Яму таксама не пашанцавала.
— Яны ненавідзелі яго,— адказала Лідзія.— Толькі і ўсяго.
I пайшла, трымаючы ў руцэ басаножку, каб вымыць пад кранам пляму.
Было нешта злавеснае ў доме, як быццам нейкая намова вісела над ім. Люка не ведаў, як гэта
назваць, але адчуваў амаль фізічна. Яго не пакідала нейкае трывожнае пачуццё, падобнае на прадчуванне няшчасця. Спачатку ён думаў, што іх яшчэ гняце напамінак аб старой, якая нібы аставалася сярод іх. Старая памерла, у гэтым не было ніякага сумнення, і хлопец даўно паведаміў у паліцыю, каб пазбегнуць непрыемнасцей. Але думка аб тым, што тут, у гэтым пакоі, жыў нябожчык, надавала нейкую халоднасць сценам, сталу, які захоўваў яшчэ пах старой, рэчам, што пастарэлі з ёй, што некалі былі новымі, як і старая некалі была маладой. Часам Люка, паклаўшы рукі на стол, рэзка адхопліваў іх, заўважыўшы, што паклаў іх на тое месца, дзе старая звычайна клала свае. Здавалася, што тут, на дрвве, яшчэ засталося нешта ад яе скуры; нейкі след, можа, трохі яе цяпла. Паветра, паўзмрок кухні таілі штосьці таямнічае, няўлоўнае, яно не знікала нават тады, калі адкрываліся вокны. Недзе ў куту заўсёды быў цень, і там хаваўся гэты злы дух, калі акно было расчынена і святло залівала падлогу.
Цяжкае ўражанне рабіла і гэтая неабходнасць быць удваіх, знаходзіцца ўвесь час разам. Пакутлівыя былі доўгія паўзы, хвіліны маўчання, калі адзін, падняўшы вочы, сустракаў позірк другога, і абое не ведалі, што сказаць. Тады здавалася, што яны не хочуць гаварыць з-за нейкай маўклівай згоды. Гэта гняло іх, перашкаджала радавацца; калі нехта з іх гаварыў альбо смяяўся, голас ці смех здаваліся занадта гучнымі, доўга луналі ў пакоі. А калі зноў наставала цішыня, яна здавалася яшчэ болып цяжкай, насцярожанай і яшчэ болып падкрэслівала гэты настрой.