Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
Галоўнае, што абвастрала ўражанні,— гэта ці-
шыня. Раней, калі яны жылі ўтраіх, Люка не заўважаў многіх дробязей. Цяпер жа, калі часта даводзілася быць аднаму, яны ўпарта лезлі ў вочы, хвалявалі яго ўяўленне. Нават цёмная паласа, што замест плінтуса праходзіла ўнізе па сценах, здавалася нейкай таямнічай і змрочнай. Гэтая паласа, дзе цень быў болып густы і куды ніколі не дасягала святло, сціскала пакой у халодных, пагібельных абдымках. У самім паветры было нейкае трывожнае чаканне, павольнае, але няўхільнае набліжэнне чагосьці. I крокі гучалі неяк асцярожна і глуха: здавалася, каб былі гукі звонкія, ясныя,— і цені зніклі б, паразбягаліся па сваіх кутках; але крокі здаваліся мяккімі, глухімі, яны, наадварот, выклікалі цені з іх сховішчаў, прымушалі лунаць па пакоі. Мяхі і вузлы, напакаваныя рэчамі, якіх раней Люка нават не заўважаў, цяпер ляжалі на вачах — вялікія, цяжкія, таксама ў нейкім трывожным чаканні. Было зразумела, што не напамінак аб нябожчыцы ствараў гэта ўражанне. Люка болып не думаў пра яе, хіба толькі зрэдку ўспамінаў. Было нешта іншае, што жыло ў ім самастойна, толькі народжанае, магчыма, уражаннем ад смерці старой. Нібы дух старой, адыходзячы, пакінуў пасля сябе гэтую атмасферу злых чараў і ценяў.
Толькі герань за акном не ведала ўсяго гэтага. Яна па-ранейшаму чырванела на фоне блакітнага неба, убіраючы з вышыні чацвёртага паверха шчодрае сонечнае святло. Яна не прасіла ў людзей, што жылі ў пакоі, ні вады, ні іншага сілкавання. Расла і адлічвала час па-свойму: святлела ўранку, чарнела падвечар.
Лідзія не адчувала такога, але нешта змянілася і ў ёй. Дзяўчына была больш заклапочанай, менш
жартавала, стала яшчэ настойлівей у барацьбе з жыццём, якое з кожным днём адбірала ў яе патроху грошай. У гэтыя дні яна рэдка думала пра Люку і пра Аргенціну: гэта было захавана недзе глыбока ўнутры. Калі яна ўсё ж час ад часу вярталася да сваіх мараў, то дзеля таго, каб набрацца сіл, каб прыгадаць, што яе чакае пасля гэтай зацятай барацьбы. Цяпер дзяўчына эканоміла і на харчах. Але атрымлівалася зачараванае кола: шкадуючы грошай і адмаўляючы сабе ў ежы, яна схуднела, шчокі ў яе праваліліся, і мужчыны менш звярталі на яе ўвагу. Паступова яна сапраўды набывала выгляд жанчыны пэўнай прафесіі.
Неяк вечарам да іх завітаў Альберта. Ужо колькі дзён ішоў дождж, і на дварэ прыкметна пахаладала. Альберта прыйшоў, калі хлопец і дзяўчына толькі кончылі вячэраць. 3 ім было яшчэ некалькі хлопцаў, у якіх з кішэняў тырчалі бутэлькі віна. Яны ўваліліся шумна, відаць, былі добра выпіўшы.
— Радуйцеся! — крыкнуў Альберта, уваходзячы на кухню.— Сёння мы атрымалі дыпломы. Усё скончана, дарагі Люка!
— Усё скончана,— паўтарыў другі.— Заўтра вяртаемся дадому.
Але яны адчувалі сябе няўпэўнена. Іх бянтэжыла прысутнасць Люкі, які маўчаў і не падзяляў іх весялосці. Лідзія спачатку таксама было сумелася, але потым настрой хлопцаў перадаўся і ёй. Сярод іх быў адзін,— рыжы, таксама з бутэлькай віна ў кішэні,— які не шумеў разам з іншымі. Ён толькі моўчкі ўсміхаўся і пазіраў на Лідзію.
— Сёння наша свята, сіньёрына,— звярнуўся ён да дзяўчыны.
Але што яна была за сіньёрына, усе ведалі, Аль-
берта прывёў іх знарок, каб пазабаўляцца, спадзеючыся, што Люкі не будзе дома. Цяпер жа, сустрэўшыся з хлопцам, Альберта нават адчуў задавальненне. Ён радаваўся, што робіць хлопцу непрыемнае. Ужо колькі часу ён цярпець не мог Люку,— яшчэ да паездкі за горад, і ў гэты вечар хацеў разлічыцца за ўсё.
— Гэта Рамелі, доктар права, гэта Рымондзі, таксама доктар права, гэта Андрэіні, доктар філалогіі...1
Рыжавалосы Андрэіні пачырванеў і злёгку пакланіўся.
— Гэта наш паэт, сіньёрына,— заўважыў адзін з хлопцаў, паказваючы на Андрэіні. Потым звярнуўся да хлопца: — Раскажы яшчэ раз, як табе забралася ў штаны мыш, калі ты пісаў вершы.
Лідзія пачала смяяцца.
— Гэта шчырая праўда, сіньёрына. I нават здарылася не ноччу, а сярод белага дня. Чаго ты маўчыш, раскажы сам, як у цябе было.
— Было вось як, сіньёрына. Сяджу я неяк за сталом і чую, як быццам неіпта шорхае ў мяне ў калашыне, у самым нізе. Было падобна на матыля. Потым я ўсхапіўся, падумаўшы, ці не мыш гэта, і сапраўды ўбачыў, як са штаноў выскачыла мышаня.
— I вы злавілі яго? — спытала Лідзія.
— Я спалохаўся... і было агідна браць яго ў рукі. Здаецца, дагэтуль бачу яго шэрую спіну. Ён уцёк за шафу.
— To раскажы таксама, куды ён табе залез. Ведаеце, ён не сказаў, але калі ўстаў з крэсла, то
1 У Італіі кожны, хто атрымлівае універсітэцкі дыплом, называецца доктарам. (Заўвага перакладчыка).
мышаня забралася яму аж да... прабачце... аж да мяккага месца.
Усе засмяяліся. Потым выцягнулі бутэльку і пачалі піць.
— Заўтра канец усяму. Заўтра мы станем беспрацоўнымі.
Альберта спрабаваў сказаць тост, але пракрычаў нейкае глупства. Люка назіраў за ім. Хлопец стаяў побач з Лідзіяй і ўвесь час прыставаў да яе. Хутка і астатнія пачалі гаварыць усякія непрыстойнасці і спрабавалі чапіцца да дзяўчыны.
Частаваў усіх рыжы. Адзін з хлопцаў звярнуўся да яго.
— Чырвоная галава, прачытай вершы.
Рыжы адмаўляўся, гаварыў, што нічога цяпер не мае. Тады той, што назваў яго «чырвоная галава» падышоў і раптам выцягнуў у яго з кішэні пакамечаны сшытак. Рыжы памкнуўся выхапіць яго, але толькі адарваў кавалак паперы.
— Чытай,— закрычалі	астатнія.— Сціхніце...
эй...
— Няма назвы... Як называецца гэты верш?..
— He мае значэння, чытай!..
Адно мне цяпер у жыцці засталося...
Але рыжы тузаў хлопца за рукаў і не даваў чытаць. Потым раптам працягнуў руку і разарваў ліст.
— Сціхні, не перашкаджай,— крычалі астатнія, цягнучы яго назад.
— Давай далей...
— Ліст жа парваны. Другі кавалак у руках аўтара.
Лідзіі было весела. Яе прымушалі піць, але яна як быццам не п’янела.
— Чытай што-небудзь другое.
— Правільна, давай другое.
— Гэта таксама без назвы. Ты нікуды не варты паэт.
Дні жыцця майго У душы ўсё адно...
— Гэта нешта сур’ёзнае,— заўважыў адзін з хлопцаў.— Яго трэба слухаць у цішыні.
Паэт адышоўся ўбок, скарыўшыся.
...Ападаюць, бы смецце, У яму, на дно,.,
Але ўсе зноў зашумелі, і далей нічога нельга было разабраць. Альберта наблізіўся да Лідзіі і нешта гаварыў ёй на вуха.
— Працягвай!.. Давай далей...
— Досыць! — крыкнуў другі.— Ён толькі наганяе нуду, нейкі склератычны верш...
— To паслухаем сіньёрыну,— прамовіў хлопец, які чытаў вершы.
— Мне хацелася б паслухаць, чым ён заканчваецца,— сказала Лідзія.
— Што заканчваецца? — спытаў той, што трымаў лісты.
— Верш.
— Добра, тады слухайце:
Але сметнікі чысцяць
Усе добрыя людзі.
Хто ж ад смецця-журботы Ачысціць мне грудзі?
— Я зараз ачышчу! — крыкнуў адзін.
— He, гэта я! Я магу тут дапамагчы.
— А мне падабаецца!..
— Я кажу, у яго ёсць будучыня!
— Галоўнае, у яго будуць грошы!
Яны крычалі і пілі. Альберта адной рукой абняў Лідзію за талію.
— Адчапіся ты. He трэба,— зняла яго руку дзяўчына.
— Ведаеце...— трымаючы ў руцэ бакал, звярнуўся Альберта да кампаніі, што сабралася вакол Лідзіі.— Яна вельмі спраўная сіньёрына. Нават умее размаўляць па-іспанску.
Лідзія пачырванела. Астатнія яшчэ бліжэй пасунуліся да яе, выказваючы сваё здзіўленне.
— Arriba Espana, adios amigos...
— Адкрыем шампанскае! — прапанаваў Альберта.
У столь з трэскам паляцелі коркі. Альберта ўскочыў на стол з бутэлькай у руцэ:
— За гэты бязглузды дыплом, які нічога не варты!..
— He, за нашага бязглуздага рэктара,— закрычалі астатнія.
Альберта, стоячы на стале, пачаў ліць на галовы хлопцаў шампанскае.
— Бласлаўляю вас у імя рэктара, прафесара і наглядчыка...— гаварыў ён, пырскаючы з бутэлькі. Потым злез, падышоў да Лідзіі і, ухмыляючыся, выліў рэшткі ёй на шыю і за каўнер. Лідзія ўздрыгнула, адчуўшы халоднае, і няўпэўнена паглядзела на Альберта, не ведаючы, прымаць гэта за жарт ці за выклік. Яна ўбачыла, як Люка падышоў да хлопца, сціскаючы кулакі, і з нянавісцю зірнуў яму ў твар.
— Ідзі адсюль, мярзотнік,— сказаў ён злосна.
Альберта кінуўся быў да Люкі, але яго затрымалі. Потым яму ўдалося вырвацца, і ён ударыў Люку ў твар. У таго пацякла з носа кроў. Ён таксама памкнуўся да Альберта, але іх разнялі. Нехта прапанаваў адвесці Альберта, і яны пайшлі, трымаючы хлопца за рукі.
— Шлюха і крэцін! — крыкнуў той, адыходзячы.
Люка і Лідзія засталіся адны. Хлопец пайшоў да ўмывальніка і падставіў твар пад кран, каб спыніць кроў. Потым сеў, адкінуўшы назад галаву. Становішча было смешнае, і яму хацелася, каб Лідзія не глядзела, не лезла са сваёй насоўкай, не пыталася ні аб чым. Дзяўчына ж, наадварот, завіхалася каля яго і ўвесь час цікавілася, ці не баліць яму. Люка глытаў кроў, запэўняючы, што ўсё гэта дробязь.
Калі кроў спынілася, Люка хацеў закурыць, але цыгарэт не аказалася.
— Я пайду прынясу,— прапанавала дзяўчына.
Праз некаторы час Лідзія вярнулася з цыгарэтамі, але была ўся мокрая. Валасы папрыліпалі к твару, з плацця струменілася вада.
— Ідзе дождж і вельмі холадна,— сказала, гледзячы на свае голыя рукі.
Яна азябла і калацілася.
VIII
Больш як тыдзень Лідзія была паміж жыццём і смерцю. Яна злягла на наступ-
ны дзень пасля прыходу Альберта, адчуваючы страшэнны боль ва ўсім целе. Ноччу ў яе паднялася высокая тэмпература, амаль да сарака градусаў.
Дзяўчына паклікала Люку сярод ночы, і ён убачыў, што яна ўся гарыць. Шчокі ў яе расчырванеліся, дыханне стала цяжкае. Калі гаварыла, губы ледзь варушыліся. Здавалася, яна спіць з адкрытымі вачыма, утаропіўшыся ў адну кропку. Люка ўсю ноч мяняў і прыкладаў ёй на лоб халодныя кампрэсы. Хворая стагнала і скідала з сябе коўдру. Хлопец зноў цярпліва накрываў яе, мякка даводзіў, каб пацярпела трохі, паспрабавала заснуць. Але дзяўчына глядзела на яго затуманенымі вачыма, не разумеючы слоў. Потым пачала трызніць. To мармытала нешта незразумелае, то крычала. Гаварыла, што пакой поўны залатых пчол. Бачыла караблі і хацела плысці на іх, потым зноў вярталіся залатыя пчолы. Ёй здавалася, што яны сядзяць на ложку, на столі, на твары Люкі. Увесь пакой быў запоўнены гэтымі пчоламі, якія ляталі і звінелі. Лідзіі трызнілася, што яны ў яе на твары, што яны джаляць яе. Яны балюча пякліся. Дзяўчына ўвесь час прасіла Люку, каб ён прагнаў іх, але пчолы не хацелі ляцець; наадварот, іх рабілася ўсё больш, яны аблеплівалі яе ўсю, ад іх укусаў гарэла скура. Пчолы пазалазілі нават у рот, і таму было цяжка дыхаць.