Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі

Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
Люка дагнаў яе, і яны пайшлі ўздоўж ручая. Хлопец нешта пачаў расказваць, каб адцягнуць яе ўвагу, а сам думаў пра неасцярожнасць Альберта, баючыся, каб чаго не здарылася. Ён яшчэ не чуў, каб Эстэр гаварыла так злосна, упершыню заўважыў у ёй гэтую раптоўную жорсткасць. Ззаду іх ішлі Лідзія і Альберта, які працягваў рагатаць і ўвесь час чапіўся да дзяўчыны. Ён то шчыпаў яе за бок, то ляпаў неўпрыкметку ніжэй спіны. I жар-
таваў, гаворачы, што гэта з-за няроўнасці дарогі павінен за нешта трымацца.
Потым ён глянуў на Эстэр. Адразу ўцяміў, што тая сёе-тое прыкмеціла, і, кінуўшы Лідзію, далучыўся да яе. Люка запаволіў крок, каб пачакаць Лідзію і даць Альберта і Эстэр прайсці наперад. Так яны ішлі некаторы час — моўчкі, падзяліўшыся на пары. Лідзія і Люка думалі пра нешта сваё, Альберта і Эстэр таксама маўчалі. Зноў стала чутна цурчанне вады, што вірылася ля берагу, паміж чаротаў.
Дайшоўшы да густых зараснікаў трыснягу, яны спыніліся і сабраліся разам. Эстэр усміхалася. «Хто ведае, што ёй мог нагаварыць Альберта?» —падумаў Люка.
— Гэта і ёсць вашы славутыя трыснягі?— спытала Эстэр, пазіраючы навокал.
— Яны самыя,— адказаў Альберта.— Табе не падабаецца?
— Наадварот, вельмі прыгожа. I часта вы сюды прыязджалі?
— He дужа... час ад часу,— няпэўна прамовіў хлопец.
Было відаць, што цяпер ён стаў вельмі асцярожным, каб не сказаць лішняга.
— Аднак,— дадаў ён весела, каб змяніць гаворку,— я лічу, што самае лепшае цяпер — заправіцца.— I ён паляпаў сябе па жываце.
Прыселі. Эстэр паклала на траву піражкі і пячэнне. Яна з прыемнасцю думала, што ўсё гэта выбрала ў магазіне сама, як быццам сама прыгатавала для ўсіх. 3 захапленнем глядзела на трыснёг, на ручай, на далёкія палі. У гэты момант яна адчувала сябе шчаслівай. Высокія цёмна-зялёныя сцяблы
трыснягу пагойдваліся і шамацелі. Лёгкі ветрык прыемна асвяжаў твар. Эстэр слухала гэты задуменны шолах трыснягоў і голас Альберта. Чула толькі яго, нават калі гаварылі ўсе астатнія.
Лідзія раз-пораз пазірала на яе; дзяўчына падабалася ёй, але была вельмі яшчэ маладая. Лідзія таксама ў гэтыя хвіліны забылася на ўсё: не думала ні пра горад, ні пра сваё жыццё, нават пра паездку ў Аргенціну. Яна жыла толькі гэтым момантам. Люка ўспомніў быў пра Луіджы, які летась таксама сядзеў з імі тут, на гэтай траве, а цяпер недзе гніў у зямлі. Але гэтыя думкі ненадоўга затрымаліся ў галаве.
Пакончыўшы з ежай, пачалі курыць. Лідзія адкрыла сумачку, узяла цыгарэту. Эстэр паглядзела на яе і таксама папрасіла ў Альберта цыгарэту. Той здзівіўся:
— Ты ж ніколі не курыла! — усклікнуў ён.
— Можа, ты проста не бачыў,— запярэчыла дзяўчына.
Альберта даў ёй цыгарэту, і яна пачала кашляць. На вачах з’явіліся слёзы, яна не магла вымавіць слова. Лідзія курыла і ўсміхалася. Эстэр, смеючыся, кінула цыгарэту, але відавочна шкадавала, што не здолела дакурыць яе.
— Я хачу піць,— сказала яна.— Трэба недзе знайсці вады. Ці няма тут якой крыніцы?
Крыніца была непадалёку, за трыснягамі. Вада ледзь струменілася з яе, амаль губляючыся сярод камення.
— Мы ж не ўзялі ніякай шклянкі,— прамовіла Эстэр.
— Тае бяды! — адказаў Альберта.— Будзем рабіць шклянкі з лісцяў.
Эстэр захацела пабачыць, як робяцца шклянкі з лісцяў. Альберта сарваў шырокі ліст, скруціў з яго нешта накшталт кулька.
— Вось, калі ласка, шклянка,— паказаў ён Эстэр.
Яны пайшлі, набраўшы з сабой лісцяў. Люка і Лідзія засталіся адны.
Люка думаў, як дзіўна было ўсё гэта; Эстэр была разам з Лідзіяй. Лідзія сядзела побач з Эстэр. Што, калі б яны ведалі ўсё адна пра другую! Было вельмі рызыкоўна зводзіць іх разам, але ўсё адбылося само па сабе, і цяпер здавалася зусім натуральным. «Гэта мы самі, у сваіх галовах ствараем недарэчнасці»,— падумаў Люка. Пакуль яны нічога не ведаюць, усё здаецца натуральным і звычайным. Але досыць адной даведацца пра другую, нават здагадацца пра нешта,— і адразу ўзнікне недарэчнасць. Тым не менш Люка адчуваў, што нешта ўсё ж было не так; у сапраўднасці гэтая гульня была небяспечнай, і больш за ўсіх вінаваты ў гэтым Альберта. Люка адчуваў, як у ім усё больш расла злосць на хлопца: кампанія Альберта рабілася для яго невыноснай. Ён выпрастаўся на траве і пачаў назіраць за аблачынкай, што паволі выплывала з-за трыснягу. Здавалася, што гэта трыснягі рухаюцца, а аблачынка вісіць нерухома. Яна была ўся пульхная і бялюткая, як з ваты. Хлопец назіраў, як аблачынка паволі наблізілася да сонца і закрыла яго. Навокал спахмурнела, і адразу адчулася свежасць. Сонца не было відаць, але там, дзе яно схавалася, воблака было святлейшым. Паглядзеўшы на палі, можна было ўбачыць, як па зямлі бег вялікі цень. Потым край аблачынкі засвяціўся і зноў паказалася сонца.
— Пайду таксама нап’юся,— прамовіла Лідзія.— Нешта горача.
Яна ўстала і пайшла за трыснягі. Трава тут была густая, і нават зблізку нельга было пачуць крокаў.
Непадалёку ад зараснікаў расло адзінокае дрэва, каля яго і была крынічка. Ледзь выбраўшыся з трыснягу, Лідзія заўважыла Эстэр, якая стаяла прыціснуўшыся спіной да дрэва, і Альберта. Яны цалаваліся. Дрэва амаль хавала іх, таму Лідзію яны не бачылі, Лідзія аслупянела ад здзіўлення. Эстэр моцна абхапіла шыю Альберта, а той трымаў яе за талію, галавой закрыўшы твар. Потым ён паклаў на талію другую руку і моцна прыціснуў дзяўчыну да сябе.
Лідзія паціху адотупіла назад і вярнулася да Люкі.
— Ведаеш... — прамовіла яна ўзбуджана, загадкава ўсміхаючыся.
— Што здарылася?
— Там... Эстэр і Альберта цалуюцца.
Люка быў уражаны. Ен ніколі не думаў, што Альберта дойдзе да гэтага. Стала да болю шкада Эстэр, і адначасова ўнутры яго зноў узнялася злосць на Альберта. Ён памкнуўся быў пайсці туды, але завагаўся. Лідзія запытальна глядзела на яго.
— Значыць, у іх гэта сур’ёзна,— прамовіла дзяўчына.
Люка ўзяў у рот зялёную сцяблінку і пачаў жаваць яе.
— Здаецца,— няпэўна адказаў ён.
Звонку хлопец заставаўся спакойным, але ў душы хваляваўся. Чаму, пытаў ён сябе, яго так уразіла гэтая навіна, і чаму ён не мог прадбачыць гэта-
га? Нешта непакоіла і балюча ныла ўнутры. Ён зноў ледзь не падняўся, каб пайсці.
— Альберта, відаць, гэта робіць з-за нейкага інтарэсу,— зноў прамовіла Лідзія.— Хіба ён ажэніцца з ёй?
Люка засмяяўся замест адказу. Ён дажаваў сцяблінку, праглынуў яе і ўзяўся за другую. Цяпер ён злаваўся і на Эстэр, якая так неразумна дазваляла Альберту цалаваць сябе.
— I ўсё ж вельмі добра, калі людзі кахаюць адзін аднаго,— летуценна заўважыла дзяўчына.
— Гэта бязглуздыя рэчы: каханне і ўсё астатняе,— адказаў Люка.
Лідзія змоўчала, пачаўшы жаваць пячэнне.
Скора Альберта і Эстэр вярнуліся. Нейкі цень, нібы здзіўленне, з’явіўся ў позірку дзяўчыны.
— Вада сапраўды тут добрая,— прамовіла яна.
Люка працягваў жаваць сцяблінкі травы. Усміхнуўшыся, павярнуўся да дзяўчыны.
— Відаць, нейкая асаблівая,— заўважыў ён з іроніяй.
— Сапраўды,— пацвердзіла Эстэр.
Люка рассмяяўся:
— Бачыш ты... нейкая асаблівая,— паўтарыў ён з націскам.— Відаць, вы сапраўды пакаштавалі нечага незвычайнага, калі так падалося.
Эстэр нерашуча зірнула на яго. Некалькі хвілін панавала няёмкае маўчанне, і ў гэтыя імгненні Люку здалося, што ўсё навісла над ім, нібы Дамоклаў меч; ад напружання ледзь не кружылася галава. Ён паспрабаваў усміхнуцца і зірнуў на астатніх: тыя глядзелі на яго, нібы чакаючы.
— Якая цябе муха ўкусіла?—спытаў Альберта.— Часам ты робішся проста смешным.
— To хіба кепска, калі ў кампаніі ёсць з каго пасмяяцца?—адказаў Люка.
— Трэба ведаць, як жартаваць,— сказаў Альберта.— Твае жарты дужа сур’ёзныя.
— Лепш не ўмею,— неахвотна агрызнуўся Люка.
— Ат,— махнуў рукой Альберта,— цябе не перагаворыш. To давайце лепш дакончым пячэнне.
— I віно,— дадала Эстэр, беручы ў рукі бутэльку і імкнучыся здавацца вясёлай.
Кожны па прыкладу Альберта зрабіў сабе з лісцяў шклянку. Налілі віна. Але пілі моўчкі, як быццам кожны задумаўся аб нечым сваім. Лідзія зірнула на Люку. Яна разумела, што той злаваўся, бо нешта не спадабалася яму ва ўсім гэтым; ці, можа, думала дзяўчына, яму надакучыла гэта кампанія?
— Дык, можа, хто-небудзь скажа тост? — спытаў Альберта, каб парушыць маўчанне.
— За нас чатырох,— прапанавала Эстэр.
— За нас чатырох.
Усе паднялі свае зялёныя бакалы і, седзячы, пачалі піць, нахіліўшыся ўперад, каб не заліцца. Лідзія раптам ускрыкнула.
— А, маць тваю... бог любіў! — вылаялася яна злосна, кладучы на траву бакал.
Пакуль яна піла, ліст у яе раскруціўся, і віно пралілося на сукенку. Яна падняла спадніцу, каб выліць яго: калені і ногі яе агаліліся; быў відаць блакітны матэрыял трыко.
Усе маўчалі, збянтэжаныя. У цішыні, здавалася, яшчэ лунала гэтае рэзкае, звонкае «бог», як быццам хто пракрычаў яго ў полі, на ўсю моц, і рэха яшчэ насіла адгалосак. На зялёнай тра.ве бялелі
прыгожыя ногі і ляжкі Лідзіі. Альберта прагна глядзеў на іх. Люка зірнуў на Эстэр: пасля першых хвілін разгубленасці яна ўспыхнула чырванню і таксама збянтэжана глядзела на ногі Лідзіі, якая працягвала церці пляму і злавалася, адчуваючы на сябе позіркі.
— Што здарылася,— спытала яна раздражнёна,— чаго вы на мяне так утаропіліся?
— Ты магла б лягчэй,— прамовіў Альберта.
— Таму што я памянула бога? Што дрэннага сказаць «бог любіў»? Хіба гэта лаянка? Мы ж не сярод свяшчэннікаў ці манашак.
Яна азірнулася, нібы шукаючы падтрымкі, але ўсе маўчалі. Люка глядзеў долу. Тады яна зноў павярнулася да Альберта:
— Бач ты, ён пачынае чытаць мне мараль,— абурылася яна.— Хіба ты сам такі ўжо святы?..
— Ну, годзе,— прамовіў Альберта прымірэнчым голасам.— Калі праз гэтую пляму, то нічога... He будзем гаварыць пра гэта...
— Ага, лепш памаўчаць,— насмешліва адказала Лідзія. Потым дадала злосна: — Сапраўды лепш не гаварыць,— і, устаўшы, пайшла да крыніцы мыць пляму. Эстэр таксама ўстала:
— Мне трэба ісці,— сказала яна, зірнуўшы на ручны гадзіннік.— Я пазнюся ўжо.
— Чакай,— спрабаваў затрымаць яе Альберта. Ён таксама падняўся.
— He, я пайду адна, заставайся са сваімі сябрамі.
Альберта на хвіліну спыніўся, вагаючыся:
—Эстэр,— прамовіў ён,— не трэба звяртаць увагі на гэты выпадак. Яна простая дзяўчына, паспрабуй зразумець яе.
— Няма тут чаго разумець,— суха адказала дзяўчына.— Я іду, таму што позна, от і ўсё.