Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
Яны падышлі да групы моладзі.
— Ты чуў? — спытала адна з дзяўчат у Альберта.— Джорджыо хоча прысвяціць сябе тэатру.
— Што ты кажаш? — усклікнуў Альберта.
Джорджыо прывітаўся з ім усмешкай.
— Я гаварыў, што тэатр сёння перажывае крызіс, таму што ў нас, моладзі, нестае фантазіі, мы ўжо не верым гэтым людзям на сцэне, што намагаюцца пераканаць нас, быццам яны не тыя, каго мы бачым. У акцёрах мы бачым звычайных людзей. Таму, калі яны іграюць ролю, мы не хочам ім верыць.
— To, можа, акцёрам не трэба іграць? — іранічна заўважыла Джавана.— Што ж тады яны павінны рабіць на сцэне?
— Даіць кароў,— раздражнёна адказаў Джорджыо.
— Цудоўна, даіць кароў без кароў, як зрабіў бы Вільдэр,— сказала Джавана.— Толькі жэстамі.
Усе засмяяліся. Джорджыо кінуў ў бок Джаваны злосны позірк і адказаў:
— Час пакончыць ужо з думкай, што трэба выводзіць характары, захоўваць верагодныя падабенствы. Лягчэй прымусіць паверыць у недарэчнасць, як у рэч верагодную, што быццам бы падобная да
жыццёвага факта. Я пачаў бы з перабудовы сённяшняга тэатра, трэба змяніць самы яго выгляд. Хіба ў грэкаў ён быў такі, як наш? А яны ж сёетое разумелі ў тэатры. Сённяшні наш тэатр прыстасаваны толькі для таго, каб жанчынам было зручна паказваць там свае капялюшыкі і ўпрыгожванні. Гэта салон, а не тэатр. Дарэчы,— дадаў ён, звярнуўшыся да Джаваны,— жанчын я не падпускаў бы да тэатра на гарматны стрэл, я наогул забараніў бы ім уваход.
Люка глядзеў на бакі, гэтыя размовы здаваліся яму пустымі. Магчыма, Джорджыо нешта і хацеў зрабіць, але сам не меў ясных думак; хутчэй ён проста разлічваў здзівіць усіх сваёй арыгінальнасцю, нейкай смелай ідэяй, але сам яе добра не ўяўляў. Яго штурхала жаданне паспрачацца, а не патрэба выказаць нешта. Таму цяпер ён шукаў нейкую думку, якая была б не падобнай да звычайных, агульнавядомых.
Думаючы пра гэта, Люка заўважыў, што ззаду яго прайшоў адвакат Рыгоні. «Нарэшце,— падумаў ён,— трэба паспрабаваць яшчэ раз пагаварыць з ім». I неўпрыкмет стаў сачыць за групай, дзе быў Рыгоні. Адвакат стаяў пасярод пакоя і нешта гаварыў.
Люка пакінуў групу і накіраваўся ў куток да століка, дзе лакей пачаў расстаўляць напіткі. Прайшоў міма адваката, але той не заўважыў яго, заняты размовай з іншымі.
Хлопец падаўся далей і спыніўся ля століка; вакол яго сабраліся ўжо людзі, і ён асцярожна прасунуўся наперад.
Падыходзілі іншыя. Напіўшыся, Люка павярнуўся быў, каб выйсці, але заўважыў ззаду сябе ад-
ваката, які чакаў моманту, каб праціснуцца да стала. Хлопец прывітаўся, каб той заўважыў.
Адвакат усміхнуўся яму:
— Калі ласка, Пінэлі,— папрасіў ён,— падайце мне шклянку.
Люка нават не стаў глядзець навокал: было зусім ясна, што адвакат звяртаецца да яго, але пераблытаў прозвішча. Хлопец з прыкрасцю падумаў, што ён толькі адзін з многіх, што вось так былі знаёмы адвакату.
Люка ўзяў са стала бакал і перадаў яго адвакату.
— Дзякуй, Пінэлі,— адказаў той.
Люка быў падумаў, ці не час цяпер жа паправіць яго: моў, прабачце, вы памыліліся, маё прозвішча Раньеры... Але адвакат павярнуўся ўжо да яго спіной і пайшоў разам з іншымі, з бакалам у руцэ. Хлопец, расчараваны, вярнуўся да Альберта. У думках ён пераконваў сябе, што памылка гэта не такая ўжо важная, галоўнае, што адвакат ведаў яго з твару, але не мог пазбавіцца непрыемнага пачуцця. I нават нельга было асабліва звяртаць увагу і падкрэсліваць гэта, бо адвакату таксама будзе няёмка, ён можа пакрыўдзіцца і, хто ведае, ці не ўспомніць пры выпадку пра гэта.
Хлопцы і дзяўчаты скончылі свае спрэчкі і цяпер прыгадвалі розныя смешныя гісторыі.
— Хадзем?— неўпрыкметку кіўнуў Люка Альберту, які, было відаць, таксама нудзіўся. Яны рушылі па залі. Цяпер сярод гасцей з’явілася Эстэр. Дзяўчына была апранута ў пышную сукенку, якая хавала яе хударлявасць. Дзве белыя кветкі ў валасах асвяжалі бледны твар. Вочы яе загарэліся, калі яна ўбачыла Альберта.
— Як твае справы? Што новага?— спытала Эстэр з усмешкай.
— Горача,— паскардзіўся Альберта.— Сёлета спёка пачалася зарана.
— Альберта заўсёды нечым нездаволены,— сказала дзяўчына.— ПІто здарылася? У вас такі сумны выгляд...
— He, гэта не сумны, відаць, мы проста стаміліся,— адказаў Альберта.
Эстэр нахілілася да іх і спытала ціха, па-змоўніцку:
— Кажыце праўду, вы занудзіліся тут, сярод гэтай публікі. Але я разумею вас, мне таксама надакучвае.
— To тады,— усміхнуўся Люка,— як кажуць, шчырасць за шчырасць: трохі ёсць.
Люка чакаў, што Эстэр засмяецца ці хаця б не зверне ўвагі на яго словы, але дзяўчына раптам спахмурнела. Хлопец і раней заўважаў, што нейкае слова, часам сказанае выпадкова, без ніякіх крыўдных намераў, слова, у якім цяжка было заўважыць нейкі намёк, магло сапсаваць дзяўчыне настрой. Здавалася, яна шукала шчырасці і цаніла яе, здавалася, ёй можна было сказаць аб усім, як добраму сябру, але ў сапраўднасці яна ніколі не адкрывалася да канца і была вельмі крыўдлівай. Выклікала на шчырасць, але крыўдзілася, калі праўда не падабалася ёй.
Альберта таксама заўважыў гэта і паспрабаваў выправіць памылку:
— Каб гэта можна было знаходзіцца толькі з тым, хто табе падабаецца, з кім прыемна,— прамовіў ён, гледзячы на Эстэр,— тады была б іншая справа.
Эстэр зноў пачала ўсміхацца.
— Я таксама стамляюся ад людзей. Часам прыходзіць думка, што лепей было б жыць вольна, без сувязей, без абавязкаў.
Люка здзіўлена паглядзеў на яе.
— Безумоўна,— абыякава пацвердзіў Альберта.
— Паслухайце,— ажывілася Эстэр. Яна троху сумелася, нібы шукаючы словы: — Чаму б нам не наладзіць неяк такі вольны дзень,— адным, без лішніх людзей?
— Вольны дзень?—здзіўлена паўтарыў Альберта.
— Ага, цэлы дзень,— адказала Эстэр.— Чаму б нам не паехаць калі-небудзь у нядзелю за горад, на цэлы дзень?
Люка таксама здзівіўся гэтай прапанове.
— Што вы думаеце рабіць у нядзелю пасля снедання?—працягвала дзяўчына.
— У нядзелю...— пачаў быў Альберта, нібы ўспамінаючы.
— Спадзяюся, ты не скажаш, што павінен вучыць,— перарвала яго Эстэр,— ты не падобны да таго, хто гібее над кнігамі.
— От бачыш, праўду кажуць, што выгляд падманвае,— сказаў Альберта.— А я між тым якраз вельмі многа вучу, у ліпені трэба здаваць курсавую. Даводзіцца шмат сядзець у бібліятэках,
— Бач ты, Альберта зрабіўся бібліятэчным пацуком,— смеючыся ўсклікнула Эстэр.
Хлопец зразумеў, што яму не вераць, і таксама засмяяўся.
— Добра,— згадзіўся ён,— можам паехаць у нядзелю.
— Цудоўна,— прамовіла дзяўчына і, апусціў-
шы вочы, дадала: — Нават... калі ў Люкі ёсць дзяўчына, хай возьме і яе, будзе весялей учатырох...
Потым звярнулася да Люкі:
— Спадзяюся, ён мае шмат сябровак, а?
— Ну вядома, вельмі шмат,— смеючыся, адказаў хлопец.
Вяртаючыся разам з Альберта дадому, Люка з непрыемнасцю слухаў яго размовы. Той, як заўсёды, пачынаў гаварыць то аб адным, то аб другім і да ўсяго ставіўся з пагардай, з усяго насміхаўся. Люку не падабалася гэта лёгкасць, з якой хлопец меркаваў аб усім, яго самаўпэўненасць.
— Ну, як твая праца, што чуваць?
Люку раззлавала гэтае пытанне. Якое, сапраўды, значэнне для Альберта мела яго праца? Іншая справа, калі пра гэта пытаўся Луіджы...
— Скуль я ведаю?— неахвотна адказаў ён.— Скора, відаць, кончыцца.
— Бяда невялікая,— прамовіў Альберта.— Гэты горад, як дойная карова: тут хопіць малака для ўсіх.
— Наўрад ці так,— запярэчыў Люка.— He так усё лёгка, як ты кажаш.
— Тут сотні ўстаноў, вялікіх і дробных, якіх ты нават і не падазраеш. У каго галава трохі на плячах, для таго заўсёды цёплае месцейка знойдзецца.
— Паслухаць цябе, дык гэтых месц тут бясконцае мноства,— адказаў Люка.
— Бо яно так і ёсць. Гэта робіцца проста: калі нейкая ўстанова А поўнасцю ўкамплектавана, але трэба знайсці месца для новага служачага, ствараецца аддзел ці нейкая ўстанова Б. Знаходзяць пакой, ставяць туды тэлефоны, стол, стул — і новы
аддзел да тваіх паслуг. Калі няма пакоя, усё адно: дастаткова паставіць яшчэ адзін стол, у крайнім выпадку, няма нават стала, дастаткова толькі крэсла. Потым шукаюць работу для новага аддзела,— для гэтага трэба перадаць частку папер. Калі раней, напрыклад, усе трымалі ў аддзеле А, то цяпер іх можна падзяліць: тыя, што прыходзяць у няцотныя дні, аддаюць у аддзел Б. Ці яшчэ прасцей: паперы, што прыходзяць у жоўтых канвертах, ідуць у аддзел А, белыя канверты — у аддзел Б.
— Гэта ўсё глупства,— прамовіў Люка.
— Чаму глупства? Можа, я выказаў гэта троху ўтрыравана, але гэта так. А потым, паступова, і гэтыя аддзелы Б запаўняюцца, робяцца важнымі, часам нават ператвараюцца ў самастойныя ўстановы і ствараюць свае аддзелы В, Г, Д... Гэта і ёсць, мой дружа, тэорыя дойнай каровы... досыць троху нахіліцца і працягнуць руку.
— Можа быць...— адказаў Люка.
У ім больш і больш расло пачуццё непрыязні да Альберта. Гэтыя яго словы: «досыць быць хітрым, увішным, умець уладкавацца» асабліва злавалі яго, бо хлопец адчуваў, што іменна гэтага ён і не можа. Да таго ж, яму проста надакучыла слухаць, хацелася застацца аднаму. Ён узрадаваўся, калі яны апынуліся на рагу, дзе Альберта мусіў павярнуць у другі бок, каб ісці дадому.
— To як мы зробім,— спытаў між тым Альберта.— Возьмем Лідзію?
Люку гэтая прапанова не падабалася. Каб былі разам Лідзія і Эстэр?
— Але Лідзія, мабыць, не згадзіцца.
— He трэба казаць ёй, хто такая Эстэр,— сказаў Альберта.— Калі няма іншага выйсця, прый-
дзецца спыніцца на Лідзіі. Нават можна сказаць ёй сёння пасля вячэры. Я зайду да вас.
Люка рушыў сваёй дарогай. Ён думаў то пра Эстэр, то пра дона Альда. Раніцай ён атрымаў пісьмо ад дона Альда, у якім той паведаміў, што рыхтуецца да падарожжа ў Афрыку... Але неўпрыкметку вобраз Эстэр запаланіў думкі і выцясніў успамін пра дона Альда... Эстэр нельга было назваць прыгожай. I ўсё ж побач з ёй было вельмі прыемна; твар яе такі пяшчотны, сімпатычны... Потым Люка зноў вяртаўся ў думках да дона Альда, які збіраўся ў Афрыку. Ён думаў, што дон Альда ніколі не зрушыцца са свайго месца, не кіне сваёй званіцы, што прытулілася пасярод убогіх палёў, на абочыне пыльнай дарогі; а выходзіць, ён паехаў, і нават паехаў за мяжу, спачатку ў Чэхаславакію, а цяпер вось збіраецца ў Афрыку. Ён не мог зразумець дона Альда, які заўсёды здаваўся яму чалавекам спакойным, простым. Цяпер кожны з іх ішоў сваім шляхам, і гэтыя шляхі разыходзіліся ўсё больш. Агульным у іх заставалася толькі месца нараджэння ды ўспаміны далёкага дзяцінства. Здавалася, што дон Альда канчаткова адарваўся ад яго, ідучы сваім, незнаёмым для яго шляхам.