Лішнія  Дантэ Арфелі

Лішнія

Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
74.54 МБ
Камерсант і прадстаўнік са злосцю глянулі на яго.
— Цікава, што вам так спадабалася? — з’едліва спытаў прадстаўнік.
Чыноўнік сумеўся.
— Я хацеў сказаць, што там жывуць... някепска,— разгублена адказаў ён.
— Народ грубы і нахабны,— адрэзаў прадстаўнік.— Колькі разоў там ні быў, заўсёды хочацца як мага хутчэй пакінуць гэты горад.
— Таму што сталіца, вось яны і выпінаюцца,— дадаў камерсант.
— I ўсе лічаць сябе ледзь не міністрамі,— адгукнуўся прадстаўнік,— таму што адзін ведае шафёра міністра, другі — кухара, трэці знаёмы са служанкай,— і ўжо думаюць, што ўсё ў іх руках.
— Што праўда, то праўда,— уздыхнуў камерсант.— Дастаткова каму-небудзь пачысціць прыбіральню міністра,— і ён ужо камандуе паловай Італіі. I гэта не плёткі. Я цяпер еду туды за дазволам на экспарт і добра ведаю гэту кухню. Вось ужо тры месяцы, як дамагаюся таго дазволу. Каб улагодзіць сяго-таго, выкінуў кучу грошай!
— Можа, у гэтым і ёсць праўда,— сказаў чыноўнік прымірэнчым тонам,— але не трэба перабольшваць. I, галоўнае, нельга абагульняць асобныя выпадкі.
Камерсант раззлаваўся. Ён сціснуў рукамі рамень на жываце і са злосцю адрэзаў:
— Толькі аднаго разу я чуў слушныя словы ад англічаніна. Гэта быў капітан Чырвонага Крыжа... Ён шчыра шкадаваў, што саюзнікі не бамбілі Рым.
— Але яго ж бамбілі,— запярэчыў чыноўнік.
— Хай бы лепш зусім зруйнавалі,— крыкнуў камерсант.— Іншыя паміралі, а яны не, яны толькі пацяшаліся відовішчам. Чаму, адкажыце вы мне? Але такое скончыцца, я вам кажу, калі-небудзь скончыцца!
Ніхто не запярэчыў. Прадстаўнік уткнуўся ў газету. Потым кінуў яе і пазяхнуў.
— Заўсёды так,— прамармытаў ён.— Апошнія кіламетры самыя доўгія. I не ведаеш ужо калі прыедзеш.
— Здаецца, цяпер асталося нямнога,— адказаў чыноўнік.
Прадстаўнік раптам ускочыў на ногі:
— О, дык мы ж прыехалі!
Усе падняліся з месц і схапіліся за чамаданы. Дзяўчына таксама ўстала і пачала глядзець у акно, за якім гарэла бясконцае мора агнёў. Люка ўзяў чамадан, паглядзеў ці ўсё на месцы, і падаўся да выхаду. Ён узруіпана ўглядаўся ў мноства агнёў, бачыў мігатлівыя агні рэклам. Лотым перад вачыма пабеглі першыя дамы прыгарада. Спачатку паплылі асобныя будынкі, ахутаныя змрокам, далей пачалі сустракацца купкі дамоў і першыя вуліцы, асветленыя рэдкімі ліхтарамі. Нарэшце, недзе ў вы-
шыні, паявіліся жоўтыя і зялёныя агні вакзальных семафораў, што мігацелі высока ў цемры, амаль зліваючыся з зоркамі.
НЛюка выйшаў з вакзала, спыніўся. Паставіў чамадан ля адной з калон, што трымалі вялізны будынак, і агледзеўся. Час быў яшчэ не позні, і на плошчы сноўдалася шмат народу. Перад ім разпораз хвацка тармазілі таксі, ледзь не наязджаючы на тратуар. Крыху далей, у цэнтры плошчы, увесь час спыняліся і ад’язджалі трамваі; насупраць удалечы шарэлі вялізныя шматпавярховыя гмахі, зіхацелі рознакаляровыя агні шыльдаў і рэклам. Адны надпісы раз-пораз успыхвалі і гаслі, другія нібы паўзлі па сценах; у розных кірунках ад плошчы разыходзіліся вуліцы, у іх час ад часу з пранізлівым жалезным скрыгатам знікалі трамваі. Люка ўспомніў пра зладзеяў, якіх яму наказвалі сцерагчыся, і ўзяў чамадан у рукі. Дык вось ён горад...
Хлопец разгублена глядзеў на вялікія камяніцы і адчуваў, як знікае ў сэрцы ўпэўненасць, што падтрымлівала яго аж да гэтага часу, амаль да самага прыезду на вакзал. Толькі ў апошнія хвіліны, калі цягнік спыніўся і пасажыры пачалі выходзіць з вагона, ён зразумеў, што нітка, якая звязвала яго з мінулым, ранейшым, парвалася назаўсёды. Нібы нешта вельмі дарагое адарвалася ад яго сэрца, і яно раптам стала пустым і халодным; магчыма, гэта ад успаміну пра родную вёску, якая да апошняга часу была ў яго недзе ва ўчарашнім, нават калі ехаў у цягніку, здавалася, яна яшчэ была побач. А ця-
пер, калі ён стаяў каля вакзала, вёска стала далёкай, недасяжнай, парвалася апошняя сувязь з блізкім і родным. I вось перад ім ляжыць вялізны горад. Раней, калі хлопец думаў пра горад, яму ўсё здавалася лягчэй і прасцей. А цяпер перад ім распасцерлася гіганцкая істота, якая ціснула яго з усіх бакоў, штурхала, прымушала рухацца — то злосным голасам насільшчыка, то нервовым і нецярплівым сігналам аўтамабіля, то патрабавальным звонам трамвая. Крычала тысячаіі галасоў, прыспешвала тысячамі спосабаў. Гэта быў горад, які ён сам выбраў для сябе. Але тут Люка не вінаваты. Хіба сапраўды ён сам выбраў горад? Добра падумаўшы, з гэтым не згодзішся. Перад гэтым адбылося шмат невялікіх і не такіх ужо важных на першы погляд падзей, што няўмольна, дзень у дзень аддалялі яго ад роднай вёскі і ўрэшце прымусілі пакінуць бацькоўскую хату. I юнак упершыню зразумеў, піто ў жыцці часам аказваюцца больш важнымі дробныя рэчы, чым вялікія падзеі. Вялікія самі з’яўляюцца вынікам тысяч і тысяч дробязяў, якія з гадзіны ў гадзіну, з дня ў дзень настойліва і няўмольна рыхтуюць апошні ўдар.
I вось ён тут, ля дзвярэй вакзала, з паходным чамаданам у руцэ,— як з рэкламнай паштоўкі. Некалькі тысяч лір у кішэні і маладосць у руках. Гэта сказаў яму дон Альда, вясковы свяшчэннік: «Маладосць у руках!» I, здавалася, ён бачыць яе, і'этую маладосць, напраўленую, як рэвальвер, на вялікі горад.
Нейкі хлопец наблізіўся да Люкі і спыніўся, засунуўшы рукі глыбока ў кішэні штаноў.
— Цыгарэты? Гумкі?
Гэта быў падлетак, якому наўрад ці было шас-
наццаць год. Ён запытальна глянуў на Люку і дастаў з кішэні некалькі пачак цыгарэт. На цэлафане зайгралі водбліскі гарадскіх агнёў.
— Якія цыгарэты?
— Замежныя. «Чэстэрфілд», «Люк-Страйк», «Бастон», «Лібэрці».
Назвы былі прыгожыя, прыгожымі былі і самі пачкі. I на цэлафане адбіваліся рознакаляровыя агні рэклам.
— Ну, дык як?
— Колькі ты хочаш?
Хлопец зноў паклаў цыгарэты ў кішэню.
— Гэта гледзячы за якія,— адказаў ён.
— Самыя танныя. Якія з іх?
— Вось гэтыя.
Люка купіў пачак. Але хлопец працягваў глядзець на яго.
— А як наконт...?
Люка адчуў варожасць да гэтага хлопца.
— He,— адказаў ён рэзка.
Хлопец пайшоў. Некаторы час ён шпацыраваў з абыякавым выглядам у натоўпе, потым загаварыў з нейкім чалавекам.
Люка адкрыў пачак, узяў цыгарэту і закурыў. Цыгарэты былі добрыя, ён даўно не курыў такіх, аж з часоў саюзнікаў. Нарэшце наважыўся пайсці. Трэба было недзе знайсці начлег. А назаўтра можна будзе заняцца пошукамі болып сталага месца.
Ён зрабіў некалькі крокаў і толькі намерыўся рушыць праз плошчу, як побач пачулася: «Калі ласка...» Гэта была дзяўчына, яна стаяла ў ценю, прытуліўшыся да калоны, і працягвала да яго руку з цыгарэтай. На дзяўчыне быў плашч з паднятым капюшонам.
— Калі ласка... Дазвольце прыкурыць?..
Люка ведаў, што сустрэне ў горадзе гэтых жанчын, і глядзеў на яе з цікаўнасцю. Дзяўчына — зусім звычайная, як усе іншыя, хоць і прастытутка. Гэта слова адразу прыйшло ў галаву. «Прастытутка»,— у думках паўтарыў хлопец. Ён даў ёй прыкурыць. У слабым святле запалкі паспеў разглядзець, што жанчына была хударлявая, не надта прыгожая, але і не брыдкая, яна, абапёршыся плячом аб калону, глыбока зацягнулася цыгарэтай.
— Ну, дык што? — спытала яна, калі пераканалася, што Люка агледзеў яе.
— Дык што...— паўтарыў ён.— He ведаю.
Вядома, яна не была красуняй, але непрыгожай яе таксама нельга было назваць. Праўда, Люка не вельмі добра разгледзеў яе твар. Талія яе была сцягнута поясам плашча, і здавалася, што дзяўчына маладая і статная, у яе прыгожыя ногі.
— Ты толькі цяпер прыехаў?
— Ага.
— I здалёк?
— Ага, даволі далекавата.
— Дык, мусіць, стаміўся, не? — Яна курыла, не мяняючы паставы.
— He ведаю,— адказаў	Люка.— Магчыма,
трохі.
— А ў мяне якраз ёсць добры сродак ад стомы,— сказала дзяўчына, смеючыся.
— Твой сродак, наадварот, толькі наганяе стому,— заўважыў Люка.
— Бач, які ты,— нібы пакрыўджана прамовіла яна.— Адразу пачынаеш думаць дрэннае. Я мела на ўвазе ложак.
— Я таксама,— усміхнуўся Люка.
Дзяўчына ўсміхнулася, некаторы час працягвала курыць моўчкі, неяк задумённа апусціўшы вочы. Заўважыла, што Люка разглядае яе ногі, і непрыкметна заклала нагу за нагу, каб схаваць парваны чаравік.
— Ну, дык што? — паўтарыла яна рашуча, кідаючы акурак.
Люка паглядзеў ёй у вочы. У зрэнках адлюстраваліся жоўта-белыя агні рэклам, што гарэлі ззаду яго. Яна была прывабнай, і ён мімаволі пачаў заўважаць у ёй толькі добрае. У яе былі прыгожыя валасы, зграбная фігура, скрозь плашч выразна акрэсліваліся грудзі.
— Дык што ж,— спытала зноў дзяўчына,— доўга яшчэ будзеш думаць?
— А куды спяшацца? — адказаў Люка.— Пачакай.
— Чаго я павінна чакаць? Пакуль табе стукне шэсцьдзесят і ты ўжо будзеш ні на што не здатны?
Люка засмяяўся, але смех яго быў даволі штучны.
— Усё роўна,— адказаў ён.
— Што ўсё роўна?
— Ды так...
— Можа ты хочаш сказаць, што не здатны? — хітра ўсміхнулася дзяўчына.
— Што?!. Калі ўжо хочаш ведаць, дык я яшчэ як здатны.
— Дык тады... пойдзем? — прапанавала яна. Потым дадала:
— He прымушай мяне марна траціць час. У мяне яго не многа. Калі хочаш ісці — хадзем, бо будзе позна.
Люка не мог адважыцца. «Якое глупства,— думалася яму.— Які дурань! Так пачынаць знаёмства з горадам! Нібы ніколі не бачыў жанчын». I яшчэ,— колькі яна захоча за гэта? Бадай, можна было б пайсці. Ён не адчуваў стомы, і блізкасць жанчыны выклікала ў ім жаданне пабыць з ёй. Але ён намагаўся гаварыць знарок груба, каб не здацца нейкім хлапчуком, які адразу трапіў на вуду, і каб даць ёй добра зразумець, хто ён і хто яна.
— Яно было б можна, але...— ён не знаходзіў слоў,— колькі ты хочаш?
Здалося, што гэтыя словы вымавіў нехта другі, чужым голасам, і ён са здзіўленнем адчуў, як яны адгукаюцца ў ім. Ён заўважыў, што пытанне яго прагучала не так, як яму хацелася, не зусім абыякава.
— Ат,— сказала дзяўчына,— аб гэтым мы дамовімся, думаю, што спрачацца не будзем.
«Мне трэба абавязкова ведаць наперад,— разважаў Люка.— Але чаму яна прымушае болып чым трэба пытаць пра гэта? Нічога не разумее».
— He,— адказаў ён уголас.— Кажы зараз, ці я не пайду.
— Ну... дзве тысячы.
Люка паглядзеў ёй у твар.
— Што, многа? — спытала дзяўчына.— Як жа ты хацеў? Дарма?
— Гэта многа,— адказаў Люка.
Дзяўчына памякчэла.
— Многа, кажаш. А ты не ведаеш, што палова з іх ідзе за пакой? Што ты думаеш? Я цябе павяду пад мост? Ці ў пад’езд? А астатняе ты не лічыш? Я павінна задарма, а?