Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
Цяпер здавалася, што ён смяецца. «Праўду кажа, так яно і было»,— падумаў Люка. А ўголас сказаў:
— He, ён ні ў чым не запэўніваў мяне, ён толькі сказаў, што калі ў вас будзе магчымасць зрабіць што-небудзь, вы зробіце.
— Але ж ён ведае, добры чалавек, што я нічога не магу зрабіць. Ці хаця б павінен быў прадбачыць гэта. Добра, калі вы... Але ён, ён жа ведае. Святая душа, святая душа,— паўтараў Асторы.
У гэты час зазваніў тэлефон, свяшчэннік раптам зноў пасур’ёзнеў і падняў трубку:
— Ах! Дзень добры, ваша правасхадзіцельства, так... так...
Люка пачаў разглядаць карціну на сцяне. Гэта была галава Хрыста з цярновым вянком на лбе.
з якога сцякалі кроплі крыві. На твары, звернутым ўгору,— пакута і здзіўленне.
— Так, я згодзен,— гаварыў Асторы, усміхаючыся.— Добра... ну, вядома, вядома...
Пасля паклаў трубку.
— Дык вось,— сур’ёзна звярнуўся ён да JiroKi,— я думаю, вы зразумелі тое, што я казаў?
— Я бачу сам,— адказаў хлопец,— разумею, але...
— Ва ўсякім разе,— перабіў яго свяшчэннік,— яшчэ паглядзім, хто ведае... Ніколі не трэба траціць надзею. Будзем спадзявацца на лепшае,— дадаў ён горача.
Пастукалі ў дзверы, і ўвайшоў парцье.
— Камандор Леоні,— паведаміў ён.
Свяшчэннік хуценька ўстаў з крэсла і пайшоў насустрач камандору, які ў гэты момант з’явіўся ў дзвярах.
— Дзень добры, дзень добры, камандор,— загаварыў ён узруіпана, паціскаючы таму руку.— Як маецеся? Як здароўечка? Усё добра? А як ваш хлопчык? Паправіўся ўжо? Цудоўна!
Камандор усміхаўся, задаволены прыёмам. Асторы пасадзіў яго ў мяккае крэсла. Люка зразумеў, што ён тут лішні, і падняўся ісці.
— Ах,— усклікнуў свяшчэннік, падыходзячы да яго.— Дык вось, вы ж бачыце самі, праўда? Але не бядуйце, не трацьце надзеі.
— Нічога, усё роўна дзякую вам за ўсё,— адказаў Люка. Ён зразумеў, што так лёгка тут нічога не атрымаеш.— Можна да вас яшчэ зайсці? — спытаў ён у свяшчэнніка. Той крыху разгубіўся.
— Вядома, вядома. Заходзьце.
Усміхаючыся, ён лагодна паклаў яму руку на
плячо і падштурхнуў да дзвярэй. Спускаючыся па лесвіцы, Люка праклінаў свяшчэнніка. Адкуль яму было ведаць, што прападобны Асторы сам шкадаваў, што быў вымушаны праводзіць яго такім чынам.
Калі хлопец праходзіў вестыбюль, парцье ў шкляным катуху толькі на хвіліну прыўзняў галаву, абыякава зірнуў на яго і зноў уткнуўся ў газету, не прамовіўшы ні слова.
На вуліцы непадалёку ад варот стаяў шыкоўны лімузін.
III Была другая палова дня, і Люка накіраваўся IV дадому. «Дадому!» — гэтае прывычнае слова выклікала ў яго іранічную ўсмешку. Раніцой ён прачнуўся, ледзь толькі пачаў займацца дзень. Зноў убачыў сябе побач з прастытуткай, якая яшчэ спакойна спала. Тонкі праменьчык сонца праз зачыненыя аканіцы падаў на яе голыя грудзі. Гэта была тая ж самая дзяўчына, што і ўчора вечарам, але здавалася зусім непадобнай. Сёння яна выглядала маладзейшай, быццам пасвятлела і пасвяжэла з твару. Вобраз яе, што захаваўся ў памяці Люкі з мінулага вечара, стаў расплыўчатым і далёкім. Дзяўчына цяпер здавалася прыгожай.
Потым ён дамовіўся са старой наконт харчавання на гэтыя першыя дні. Па праўдзе кажучы, старая сама прапанавала гэта, а Люка згадзіўся, таму што цана памярноўная і лепшае наўрад ці можна было знайсці. «Паглядзім, чым яна будзе карміць?» — падумаў ён. Пасля, як бы паміж іншым,
наракаючы на сваю галечу, старая прапанавала хлопцу таксама і начлег. «Я вазьму свой матрац і буду спаць у кухні, а ты ў маім пакоі». Яна паказала яму невялікі пакойчык побач з тым, дзе спала дзяўчына. Ён быў так застаўлены старой мэбляй, нейкімі мяшкамі, што ў ім ледзь можна было павярнуцца. У кутах стаялі скрынкі, складзеныя ў піраміды адна на адну, некаторыя былі перавязаны шнуркамі, іншыя стаялі так, з шэрымі ад пылу накрыўкамі. Скрынкі былі ўсюды — у кутах, пад ложкам, на шафе і крэслах.
— Вось тут ложак,— гаварыла старая, узбіваючы рукамі сяннік.
— Тут ты будзеш спаць, як папа. Зірні, які мяккі,— і яна паспрабавала рукой ложак, так што зарыпелі спружыны.
Пасля нядоўгіх спрэчак наконт цаны за поўнае ўтрыманне Люка згадзіўся. «Пакуль што,— разважаў ён,— мне трэба эканоміць. Нельга быць надта пераборлівым, калі ў кішэні пуста». I, каб супакоіць сумленне, ён абяцаў сабе пакінуць гэты дом адразу ж, як толькі з’явіцца магчымасць.
Яшчэ на лесвіцы Люка пачуў моцны пах кухні. Унізе на прыступках сядзелі дзеці і сёрбалі суп з вялікіх алюмініевых талерак. Убачыўшы незнаёмага, яны застылі з паднятымі лыжкамі, здзіўлена ўтаропіліся на яго, разліваючы на сябе суп. Хлопец усміхнуўся і пяшчотна пагладзіў аднаго з іх па галаве, але той заплакаў. Люка адшукаў патрэбныя дзверы і пазваніў. Адчыніла Лідзія. Яна была ў лёгкай сукенцы, у пантофлях.
— О, каго я бачу,— усміхнулася яна.
Люка таксама ўсміхнуўся.
— Дзень добры.
— Калі ласка, праходзьце, «сіньёр»,— апошняе слова Лідзія прамовіла з націскам.
— Дзякую, «сіньёра».
Дзяўчына паглядзела на яго пакрыўджана, нават злосна.
— Я яшчэ буду сіньёрай, а з цябе сапраўднага сіньёра ніколі не выйдзе.
— Хто ведае! — прымірэнча адказаў хлопец.
Выйшла старая і пачала крычаць:
— Досыць вам абодвум, усё ўжо гатова, ідзіце да стала. Я даўно хачу есці.— Потым звярнулася да Люкі: — Пабачыш, які сёння харч! Я патраціла безліч грошай дзеля цябе, ведаеш?
— He звяртай увагі,— заўважыла Лідзія,— яна і мне заўсёды кажа тое самае.
Старая павярнулася да яе:
— Замест таго каб спаць да палудня, прайшлася б калі са мной па магазінах ды паглядзела, колькі на цябе трачу.
— Хіба толькі на мяне? — спытала Лідзія.
— Па тым, як я ем...— пачала была старая, але не скончыла.
Увайшлі на кухню. Гэта быў невялікі, так-сяк пабелены пакойчык. Гаспадар дома пасля вайны не вельмі клапаціўся аб рамонце; ён толькі збольшага пабяліў, чакаючы, калі закон дазволіць яму выгнаць старую. ці калі яна сама памрэ. На цаглянай печцы стаяла газавая плітка, якая блішчала, як ковая, хоць і служыла шмат год. Гэтую плітку старая вельмі берагла, баючыся, што яна сапсуецца і давядзецца купляць новую. На крзсле, у куце, кучай ляжалі анучы. Стол быў накрыты, і пасярэдзіне яго, проста на цыраце стаяла вялікая каструля, з якой ішла пара. У пакоі было
светла, і гэтая пара, што ўзнімалася з каструлі пад столь, гэтыя талеркі на стале, жанчыны побач выклікалі ў хлопца прыемнае адчуванне нечага інтымнага, сямейнага, цёплага.
Старая ўвесь час гаварыла:
— Ешце, ешце. Мне больш падабаецца глядзець. Прыемна бачыць, калі ў цябе добра ядуць.
Люка ўсміхнуўся, бо заўважыў, як старая, з’еўшы макароны, выліла сабе ў талерку рэшткі супу.
— Маладыя! Што можа быць лепшага, чым глядзець, як яны ядуць. Здаецца, толькі паглядзіш на вас — і ўжо сыты.
— Так, гэта адразу відаць,— сказаў Люка.
Лідзія гаварыла мала і здавалася пакрыўджанай. 3 Люкам яна зусім не размаўляла.
— Гледзячы на вас, я ўспамінаю кінафільм, што калісьці мне давялося бачыць,— гаварыла старая.— 3 вас атрымалася б добрая пара.
— Пара няшчасных,— усміхнулася Лідзія.
Люка пакрыўдзіўся, бо дзяўчына закранула балючае.
— He ведаю, пра якую пару ты гаворыш,— адказаў ён.
Лідзія спачатку не зразумела. Потым скоса кінула на хлопца пагардлівы позірк:
— Ты няшчасны ва ўсіх адносінах,— прамовіла яна.
Люка зразумеў намёк і не знайшоў, што адказаць.
— Ат,— умяшалася ў размову старая,— вы яшчэ маладыя. Вы павінны есці і ні аб чым не думаць. Лідзія, дай яму мяса.
Перадаючы Люку талерку, Лідзія зачапіла локцем бутэльку з алеем. Бутэлька ўпала на падлогу
і разбілася. Старая залямантавала і, сціскаючы кулакі, накінулася на дзяўчыну.
— Шлюха праклятая, паглядзі, што ты нарабіла? Толькі. на гэта ты і здатная!
Лідзія ўспыхнула, але змоўчала. Старая ўстала з крэсла і, не перастаючы крычаць, пачала збіраць кавалкі шкла.
— Нічога, бяды там тае! — паспрабаваў супакоіць яе Люка.
— Як гэта нічога? — усхапілася старая,— табе нічога, бо гэта не тваё! Добра казаць, калі чужое. Яна была яшчэ поўная. Я толькі ўчора наліла яе.
— He мае значэння,— адказаў Люка.— Я вам заплачу за яе.
Старая адразу супакоілася і зноў села за стол.
— Добра, калі заплоціш. Але я не з-за грошай, гэта мяне зусім не цікавіць. Галоўнае, што гэта прыносіць няшчасце.
— Гэта ўсё казкі.
— Я не веру ў забабоны, у розныя прыкметы,— запярэчыла старая,— але ў гэта веру.
— Чаму?
— Было такое. Ты от паслухай. Калі памёр мой чалавек — ён служыў на чыгунцы, яшчэ да вайны,— мы таксама жылі тады ў гэтым доме. Тут унізе была дзяўчынка, яна заўсёды прыходзіла да нас, часам мы гулялі з ёй цэлыя дні, таму што дзяцей у нас не было. Дык вось сяджу я аднаго дня, абедаю, а муж быў на працы. Са мной была толькі тая дзяўчынка. Яна тады незнарок і скінула бутэльку з алеем. Але я не верыла, што гэта на бяду. А праз які тыдзень раніцай клічуць мяне на станцыю. А ён ужо ляжыць на падлозе, нерухомы.
— Хто?
— Мой стары. Яго накрылі нейкай анучай, і мне відны былі толькі ногі. Бедалага! Здаецца, і цяпер яшчэ бачу тыя боты, што тырчаць з-пад коўдры. Ён трапіў пад цягнік.
— Пад цягнік?
— Хай будзе пухам яму зямля, небараку, але ён вельмі любіў выпіць. Гэта было яго няшчасце. Казалі, што ў той вечар ён добра пачаставаўся. Якое гэта было няшчасце! 3 таго часу я ўжо і не жыла па-людску. Ён пакінуў мяне ў вялікай бядзе.
Лідзія паднялася, каб выйсці.
— Куды ты, Пупа? — спытала старая.— Ты злуешся? Пупа, хадзі сюды, пачакай. Чаго ты ўсхапілася? 3-за нейкай кроплі алею? Хлопец жа заплоціць за яго.
Лідзія ўзяла на камянку запалкі, прыкурыла і накіравалася да дзвярэй. Выходзячы сказала:
— Калі ты не перастанеш называць мяне Пупа, кіну цябе назусім і ніколі больш не вярнуся.
— Пупа, хадзі сюды!
Дзяўчына ўжо выйшла і зачыніла за сабою дзверы, таму апошнія словы старая амаль пракрычала. Потым заўважыла, што зноў сказала «ІІупа», і спалохалася.
— Ох! Гэта ў мяне вырвалася, я не хацела. Пачакай!
Потым звярнулася да Люкі:
— Яна адразу крыўдзіцца, гэтая дзяўчына. Слова нельга сказаць.
— Але ж яна незнарок скінула тую бутэльку,— заўважыў Люка.
— Яна вельмі нервовая. У мяне былі другія дзяўчаты. Тая, што была да яе, наадварот, заўсёды
ўсім была задаволена. Мы з ёй вельмі сябравалі. Мне падабаюцца прыязныя, вясёлыя людзі.
— He ва ўсіх аднолькавы характар,— адказаў хлопец.