Лішнія
Дантэ Арфелі
Выдавец: Беларусь
Памер: 290с.
Мінск 1965
Хлопец сцвярджальна кіўнуў галавой. Камандор устаў, за ім падняўся і Люка.
— Мне няёмка настойваць,— прамовіў ён,— але ці не маглі б вы дапамагчы мне раней чым пады-
дзе чарга? Справа ў тым, што я не маю магчымасці чакаць... некалькі месяцаў.
— He, не,— запярэчыў камандор.— Гэта было б несправядліва ў адносінах да іншых.
— Але што я магу зрабіць? — вырвалася ў JiroKi. У адчаі ён міжвольна павысіў голас.— Як я буду жыць гэты час без працы?..
Камандор спыніўся і ўважліва паглядзеў на яго.
— Ведаеце... паслухайце... вы сапраўды член нашай партыі? У пісьме нічога не гаворыцца.
— Так,— адказаў Люка,— вядома, запісан.
Стары паглядзеў на яго з сумненнем.
— Скажыце мне шчыра, не таму, што гэта мае нейкае значэнне. Я дапамог бы ўсё роўна, нават калі б вы былі з другой партыі. Якая розніца,— загаварыў ён ажыўлена.— Вось гэта сапраўдны сацыялізм, а не той, што прапагандуюць сенатары, паверце мне. Але я пытаюся, каб ведаць, як мне сябе паводзіць. Неяк раз я трапіў у вельмі непрыемнае становішча з адным чалавекам, рэкамендаваным мне арганізацыяй Чывітэлі. Мне сказалі, што ён наш, і я дапамог яму. А пасля давялося чырванець за яго. Мала, што сам аказаўся нахабным і дзёрзкім, дык яшчэ і іншых на фабрыцы падбухторваў; потым высветлілася, што ён, акрамя нашай, быў запісан яшчэ ў дзве партыі. Які тьіп, га? Пасля таго я навучыўся быць асцярожным. Ды ўжо ж! Адкуль я магу вас ведаць? — звярнуўся ён да хлопца.— Гэта добра... ёсць пісьмо з арганізацыі... але... ці Mary я давяраць? У таго таксама было пісьмо...
— Камандор, я разумею вашы сумненні,— ад страху голас Люкі прагучаў урачыста і рашуча,— але будзьце спакойны, я вам кажу шчыра.
— Лепш адразу высветліць усё. Дык кажыце праўду.
У Люкі з’явілася смелая думка:
— Я магу паказаць білет,— і ён зрабіў рух, быццам збіраўся выняць з кішэні пінжака кашалёк.
— He, не, барані божа,— горача запярэчыў камандор.— Я сказаў проста так, не таму, што не давяраю вам. Я зусім не сумняваўся. He, не, не турбуйцеся, я ж не сенатар які, якому галоўнае — пасведчанне сацыяліста. Сапраўдныя сацыялісты пазнаюць адзін аднаго адразу.
Яны выйшлі з гасцінай і накіраваліся да выхаду. Камандор адчыніў дзверы.
— Дык жадаю ўсяго найлепшага, дружа, паспрабую зрабіць, што змагу... Але... не падумайце чаго-небудзь, я пра білет так... прыгадалася, ведаеце... я лічу за лепшае, каб чалавек адразу сказаў мне: «не, я не запісаны»,— дык тады я ведаю, як сябе паводзіць, каб не трапіць у непрыемнае становішча перад таварышамі... перад партыяй. Дык бывайце, усяго найлепшага.
Стары паціснуў хлопцу руку і ўжо з парога дадаў:
— Ды ўжо ж. Лепш заўсёды казаць шчыра. Праўду сказаць ніколі не позна.— Ён хацеў дадаць: «нават стоячы на лесвіцы», але пасаромеўся і вярнуўся ў пакой, раззлаваны на сябе, баючыся атрымаць яшчэ адну праборку ад кіраўніцтва партыі. Сеў за стол і пачаў упарадкоўваць паперы, буркочучы пад нос. «Толькі гэта і заслужыш, робячы людзям дабро». Успомніў словы і жэст Люкі, калі той памкнуўся быў дастаць з кішэні білет, і трохі супакоіўся, але тут жа прыгадаўся злосны твар партыйнага кіраўніка, перад якім трапіў у такое непрыем-
нае становішча з тым хлопцам,— і яго зноў пачалі даймаць сумненні. «Што з таго? — падумаў камандор, і настрой яго канчаткова сапсаваўся.— Хай бы ён выняў той білет, калі яму ўжо так хацелася. Можа, ён у яго пратэрмінаваны, ці наогул выдадзены некалькі год назад... На гэтым свеце трэба заўсёды быць асцярожньім».
Так праходзілі тыдні, дзень за днём, і ў памяці Люкі той дзень, калі ён прыехаў у горад, быў ужо недзе далёка-далёка. У бясконцых бадзяннях па кабінетах час ляцеў імкліва. Здавалася, гэтыя людзі гулялі ў мяч, і ён быў тым мячом, які ігракі штурхалі з аднаго канца горада ў другі. Самае жахлівае, што ў гэтых бадзяннях і чаканнях марнаваўся час, процьма часу. Перш чым звярнуцца да той ці іншай асобы ў другі раз, здаралася, трэба было чакаць у прыёмнай не адзін дзень, каб не здацца людзям дакучлівым і нахабным. А адтуль яго зазвычай перапасылалі ў другое месца, да другога чалавека, а таго другога, як высвятлялася, няма дома ці мо ён знарок не хацеў яго прымаць. У такім бясконцым, пакутлівым чаканні праходзілі дні, і, самае галоўнае, траціліся апошнія грошы. Люку часам проста здзіўлялі абыякавасць і ледзяны спакой гэтых людзей. Здавалася, людзі збіраюцца жыць вечна і таму нікуды не спяшаюцца.
Амаль тыдзень ён чакаў, перш чым зайсці да прападобнага Асторы. Але і на гэты раз не застаў яго дома. На наступны дзень ён літаральна падпільнаваў свяшчэнніка, і зноў адбылася тая ж камедыя, што і ў першы раз; хлопец дамагаўся пэўнага адказу, а свяшчэннік усяляк выкручваўся і
3 Зак. 971
65
імкнуўся як хутчэй выставіць яго за дзверы. Нарэшце зразумеўшы, што хлопец будзе хадзіць бясконца і, каб пазбавіцца ад нежаданага госця, прападобны надумаўся напісаць яму рэкамендацыйнае пісьмо на імя адной асобы. Люка накіраваўся туды, але чалавека не было. Сказалі, што ён паехаў з горада на некалькі дзён. Зноў давялося чакаць — чатыры дні. На пяты дзень ён трапіў нарэшце ў яго кабінет. Чалавек сядзеў за вялізным сталом, заваленым паперамі, чарніліцамі, тэлефонамі. Каб сказаць тое, на што звычайна ідзе не больш пяці мінут, Люку запатрабавалася цэлая паўгадзіна. He паспяваў ён кончыць фразу, як званіў тэлефон; ён пачынаў усё спачатку, але як толькі даходзіў да галоўнага, з’яўляўся кур’ер ці швейцар; хлопец, пачакаўшы, зноў пачынаў тлумачыць сваю справу, але тут нехта прыносіў на подпіс паперы. Было відаць, што прысутнасць Люкі для таго — дакучлівая, лішні клопат, ад якога трэба пазбавіцца як мага хутчэй.
— Заходзьце, заходзьце... пабачым... што-небудзь зробім... Калі будзе магчымасць...
Люку ўжо галава гудзела ад гэтых слоў, якія ён чуў штодзень дзесяткі разоў. Але ў глыбіні душы хлопец і сам разумеў, што ўсе гэтыя людзі ў нечым мелі рацыю. Хто ведае, колькі такіх, як ён, хадзіла і настайвала, прыехаўшы з розных канцоў, з розных гарадоў Італіі. Можа, у гэты самы момант, калі ён сядзіць тут за столікам са сваёй шклянкай кавы, нехта, поўны адчаю ці ружовых надзей, сядае ў цягнік і пакідае сваю правінцыю, сваю вёску, каб пашукаць шчасця ў вялікім горадзе.
Што ён меў пасля цэлага месяца пошукаў? Абяцанні, болып нічога. Люка трымаў за ручку пустую чашку, задуменна круціў яе на сподачку. Рэшткі
кавы плёскаліся пры кожным рэзкім штуршку, пакідаючы на сценках дзіўныя малюнкі, у якіх часам угадваліся рэальныя прадметы.
Успомніў, што ў Албаніі ёсць жанчыны, якія прадказваюць будучыню па кававай гушчы. Італьянскія салдаты кпілі з іх і смяяліся з прадраканняў гэтых сівіл, калі яны абяцалі шчаслівае будучае; але калі часам здаралася, што адказ быў дрэнны, той жа самы салдат, які хвіліну назад смяяўся са шчаслівага лёсу саслужыўцаў, рабіўся заклапочаным і сумным, пачынаў пазбягаць таварышаў, пад уражаннем нядобрых прадказванняў, ад якіх не ведаў, як вызваліцца.
«Якое глупства,— падумаў Люка,— хто можа ведаць тое, што будзе?»
Аднаго разу здарылася так, што салдат, якому албанская варажбітка прадракла няшчасце, сапраў' ды менш як праз месяц быў забіты ў сутычцы з napтызанамі. Яго таварышы спусціліся тады з гор, раз’юшаныя, і доўга шукалі на ўскраінах горада тую вядзьмарку, каб адпомсціць ёй.
«Быццам нехта вінаваты ў нашым лёсе»,— падумаў хлопец.
Перад вачыма паўсталі ваенныя могілкі, дагледжаныя самімі салдатамі, дзе проста ў зямлі, без труны і ўрачыстасцей, было пахавана столькі альпійскіх стралкоў. На дне чашкі ён, здаецца, убачыў таго салдата, якому тады сам капаў магілу. Салдат быў доўгі і цяжкі, на шапцы ў яго тырчала новае пяро, якое пасля таварышы падарылі Люку — на шчасце. «Новае пяро!»—паўтарыў хлопец з горыччу.
Гучна размаўляючы, у кафэ ўвайшлі дзве жанчыны, заказалі аперытыў. Люка павярнуўся да стой-
кі, дзе маляўніча зіхацелі рознакаліберныя бутэлькі лікёраў і шэрагі пустых куфляў. Афіцыянт, у белай куртачцы, з чорнымі прылізанымі валасамі, падаў аперытывы. Жанчыны выпілі і пайшлі, пакінуўшы за сабой духмяны водар дарагіх духоў.
«Новае пяро — на шчасце!» — яшчэ раз у думках паўтарыў хлопец.
Надыходзіў вечар, на вуліцы запаліліся неонавыя надпісы і рэкламы. Трамваі праходзілі бітком набітыя людзьмі, якія вярталіся з работы; у машынах ехалі тыя, для каго забавы і гульні толькі пачыналіся. Па тратуарах шпацыравалі жанчыны. Гэта быў час, калі прадстаўніцы прыгожага полу выходзілі на вуліцы, каб на людзей паглядзець і сябе паказаць. Яны праходзілі парамі, весела размаўляючы, альбо ў адзіночку, чапурыстыя і стрыманыя, альбо з мужчынамі, дзёрзкія і ўпэўненыя, у вузенькіх спадніцах, такіх цесных, што скрозь іх ззаду трохкутнікам вырысоўваліся штонікі, хвалюючы мужчынскае ўяўленне.
«Гэтыя пачынаюць у сем,— падумаў Люка,— а Лідзія выходзіць у дзесяць. Лідзія позніцца на тры гадзіны, і, відаць, гэта на ўсё жыццё».
Палоска неба на процілеглым баку над дамамі паступова пачала афарбоўвацца ў фіялетавы колер. Быў цёплы, прыгожы вясновы адвячорак. Люка глянуў угору, спадзеючыся ўбачыць ластавак, але іх чамусьці не было.
Ён зноў пакруціў пустую чашку і зазірнуў на дно. Прыгадаўся ўчарашні вечар, выпадак ніяк не выходзіў з галавы ўвесь сённяшні дзень.
Люка спаў у пакойчыку старой і добра чуў, як Лідзія штоноч вярталася дадому з кім-небудзь. Гэта было непрыемна, і ў той жа час абуджала яго ці-
каўнасць, выклікала жаданне паглядзець. Мінулай ноччу, пачуўшы, што Лідзія, як звычайна, вярнулася з нейкім чалавекам, ён пачакаў трохі, пасля ўстаў з пасцелі. Прыдумаў прычыну на выпадак, калі старая спаткае яго ў калідоры, і прынік да замочнай шчыліны. Мужчына быў у гадах, тоўсты і паважны. Мусіць, нічога няма ў тым незвычайнага; калі б гэты чалавек апрануўся і выйшаў на вуліцу, ён быў, як і ўсе другія мужчыны; ён размаўляў бы з іншымі мужчынамі і іншымі жанчынамі, і ніхто нават і не падумаў бы пра яго кепска. Знаёмыя віталіся б з ім, паважалі б яго; перад намі па-ранейшаму быў бы сіньёр X, адзін з тысяч сіньёраў на нашай зямлі,— магчыма, добры муж і бацька; вярнуўшыся дадому, ён пяшчотна пацалуе дзяцей, распранецца, як звычайна, сядзе за стол насупраць жонкі і распытае яе пра навіны.
«Між іншым,— падумаў хлопец,— гэты чалавек адчуваў тое ж самае, што і ўсе. Усе мы падобны адзін да аднаго. I я, мусіць, такі ж самы, калі паглядзець на мяне».