Літоўская гаспадыня
ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты...
Выдавец: Полымя
Памер: 366с.
Мінск 1993
Там, дзе дрэў няшмат, розгі, якія авечкі пакідаюць пасля яды, ужываюць для ацяплення. Абразаць дрэвы пачынаюць з сярэдзіны ліпеня і працягваюць да сярэдзіны жніўня, бо менавіта тады ў іх больш за ўсё сілы і сока. А каб не пашкодзіць дрэвам, трэба голькі часткова адразаць ад іх галінкі.
Баранам і выбракаваным авечкам, якіх адкормліваюць на зарэз, гэта піццё перастаюць даваць за тыдзень перад забоем. А яшчэ за тыдзень да таго значна збаўляюць колькасць пойла^бо мяса ад яго набывае непрыемны прысмак і пах.
У тых месцах, дзе вырошчваюць шмат струкавых раслін, салому ад якіх можна даваць усім авечкам прынамсі адзін раз у дзень (да таго ж няма нястачы простай збожжавай саломы), льга эканомна карміць мерыносаў. Звычайна ў дзень на адну жывёлу расходуюць паўтара фунта сена, на аўцаматку — па два фунты, на барана — па аднаму фунту сена і адносна болыпую колькасць саломы.
ЯК АБЫХОДЗІЦЦА БЕЗ СЕНА
Простыя авечкі пры наяўнасці брагі і бульбы могуць спажываць адну салому, старанна расцёртую, і гарох. Толькі пасля акоту аўцаматкам і ягнятам неабходна дабаўляць нацярушанай саломы з сенам. Калі ж так гадаваць мерыносаў, будзе вялікая страта воўны. Але ў крайнім выпадку, як зусім няма добрага сена, лепш страціць аднойчы даход ад шэрсці, чым прывіць авечкам зародак гібелі ад шкоднага корму.
АБ МЫЦЦІ АВЕЧАК
НАКОЛЬКІ ВАЖНА ДОБРА МЫЦЬ
Мыццёавечак — вельмі значная справа. Самы малы недагляд, нядбайнасць шкодзіць воўну ці ўтварае цяжкасці ў яе збыце. Пакупнікі маюць зачэпку рабіць заўвагі аб якасці шэрсці і на той падставе прапаноўваюць больш нізкую цану.
ЯК УТРЫМЛІВАЦЬ АВЕЧАК, КАБ ВОЎНА Ў IX HE БЫЛА ПЛЯМІСТАЙ.
ЯК ЧЫСЦІЦЬ ЯЕ СЫРОВАТКАЙ
Старанны догляд жывёлы ці не найпершая ўмова таго, каб мыццё воўны дало жаданы вынік. Гэтыя клопаты не абмяжоўваюцца мерамі засцярогі яе ад бруду знешняга паходжанйя, накшталт крошак кармоў. Абавязкова майце на ўвазе, што авечкі не павінны трапляць пад дождж, бо адно безумоўна — частае намаканне воўны, асабліва калі адразу пасля дажджу настане гарачыня, ды яшчэ перад стрыжкай, прыводзіць да ўзнікнення гнілі на канцах шарсцінак, пазбавіцца ад чаго нельга нават пры мыцці самай чыстай вадой. Акрамя таго, дождж заганяе ў воўну пыл і бруд, якія заўсёды знаходзяцца на яе паверхні, a потым яны ці зусім не вымываюцца, ці зрабіць тое можна з вялікімі цяжкасцямі. Калі авечак знянацку выганяюць на ўрадлівыя, залішне сакавітыя і зарослыя буйной травой пашы, грэбуючы апісанымі тут перасцярогамі, перапынкамі і зменамі выпасу, у іх з’яўляюцца зялёныя выдзяленні, падобныя на панос, што вельмі забруджваюць латакі, карыты, яслі, подсціл. Ды і сама жывёла кладзецца на гэты кал, гадзіць воўну зялёным колерам, адмыць які адной вадой ніяк нельга. Хіба толькі воцатам ці добра пракіслай сыроваткай удаецца вывесці такі бруд. Пасля выдадення плям сыроваткай, як толькі тыя месцы
пабялеюць, іх трэба зноў старанна прамыць вадой, бо воўна, што высахла ад кіслот, становіцца вельмі калянай.
У ЯКОЙ ВАДЗЕ МЫЦЬ АВЕЧАК
Вада павінна быць мяккай, лепш цякучай, чым стаячай. Дно ракі ў такім месцы зручней выбраць цвёрдае, жвіровае, каб авечкі і людзі не каламуцілі глеем ваду.
МЫЦЦЁ I ПАДРЫХТОЎКА ДА ЯГО
Найперш трэба ў кожнай авечкі па магчымасці выбраць з воўны пацяруху і ўсялякае буйное смецце. Потым жывёле неабходна добра адмокнуць, каб бруд размок як належыць. Само ж мыццё пачынаецца з таго, што авечкі два разы пераплываюць нейкую адлегласць, напрыклад сто футаў, скачуць у ваду з моста, паднятага на вышыню трох метраў. Калі яны плывуць, нехта мусіць накіроўваць іх уздоўж ракі. Іншы ў канцы плавання, стоячы на мастках, абабітых дошкамі накшталт агароджы, дапамагае аслабелай скаціне і выганяе на мураву, абавязкова густую і чыстую, паколькі авечкі часта падаюць ад цяжару намоклай воўны і таму могуць зноў забрудзіцца. Плаваючы, яны зусім не павінны напружваць свае сілы, бо шэрсць утрымлівае іх на паверхні вады. Цяжка ім толькі выходзіць на бераг.
Пасля двухразовага заплыву жывёлы пачынаецца мыццё. Там, дзе вада стаячая і больш прыдатная для растварэння тлушчу, якім насычана воўна, становяцца па тры ў розных месцах работнікі. Авечкі ў гэты час плывуць у той бок, куды іх штурхнулі па адной. Адзін з работнікаў ловіць скаціну за шыю адной рукой і прыўзнімае палёгку над вадой, а другой выціскае бруд з воўны на ілбе і галаве. Астатнія два гэткім жа чынам мыюць іншыя часткі тулава. У выніку на ўсю авечку затрачваецца толькі некалькі хвілін. Воўну бяруць не ўсёй жменяй, касмылямі, a выціскаюць яе канцы, у якіх захоўваецца бруд. У гушчы руно звычайна чыстае, калі авечку добра даглядалі і захоўвалі яе ад дажджу. Калі ж воўну захватваюць усёй жменяй, тады шарсцінкі
выслізгваюць з-пад націску пальцаў, тузаюцца і гэта прычыняе жывёле нясцерпны боль.
Паколькі ўсіх авечак немагчыма памыць адначасова, іх купаюць па чарзе ці пасля купання трымаюць недалёка ў агароджаным месцы ў цяні.
Належыць таксама часта паліваць скаціну з агароднай лейкі, каб не прасыхалі канцы воўны, асабліва ў гарачыню і на ветры, бо да яе зноў прыстане бруд і вымыць руно будзе яшчэ цяжэй.
ПАЛАСКАННЕ ВОЎНЫ ПРЫ КУПАННІ
Старэйшы аўчар са сваімі памочнікамі павінен упэўніцца, што кожная авечка старанна памыта і воўна чыстая. А калі каторыя брудныя, іх мыюць другі раз, потым прымушаюць плыць зноў, a стаміўшыхся выцягваюць на бераг. У вадзе пры гэтым выпалоскваецца ўсё руно, кожная збітая пасма разблытваецца і воўна набывае належны выгляд.
ПАЎТОРНАЕ МЫЦЦЁ
Калі першае купанне не ўдалося, паўтараць яго адразу марна з-за сухасці воўны: яна страціла свой тлушч, што не спрыяе знішчэнню бруду на руне. Мыць авечак другі раз можна не раней чым праз дзесяць ці чатырнаццаць дзён, як шэрсць зноў набудзе тлушч. Зберагаючы іх ад дажджу і пылу, льга разлічваць на лепшыя вынікі купання.
ЯК АБЫХОДЗІЦЦА 3 ЖЫВЁЛАЙ ПАМІЖ МЫЦЦЁМ I СТРЫЖКАЙ
Пакуль воўна на авечках зусім не высахла і іх яшчэ не астрыглі, неабходна выбіраць па магчымасці такія пашы, дзе няма пылу. Нават дарогі, што вядуць туды, калі іх нельга абмінуць, трэба паліваць вадой, каб пазбегнуць ці прынамсі паменшыць асяданне пылу. Праз колькі часу жывёла высахне, цяжка дакладна вызначыць: гэта залежыць ад вільготнасці паветра і гушчыні воўны. Калі самае густое руно каля шыі дастаткова сухое, можна быць упэўненым, што воўна ва ўсім статку ўжо высахла. Адразу неабходна авечак стрыгчы, іначай яна зноў забрудзіцца. Аднак некаторыя гаспадары чакаюць чатырнаццаць дзён пасля мыцця і разлічваюць на тое, што шэрсць напоўніцца тлушчам і будзе болып важыць. Але ж той, хто жадае выгадаць у вазе, траціць у кошце, бо для фабрык прыгодна сухая воўна.
МЫЛА ЛЕПШ HE ЎЖЫВАЦЬ
Мыць авечак трэба зусім без мыла, бо яно ўтрымлівае ў сабе солявыя рэчывы, якія шкодзяць воўне. А натуральны тлушч, што звычайна знаходзіцца ў шэрсці, гэтак жа добра спрыяе вывядзенню падчас мыцця ўсялякага бруду, як і мыла.
СТРЫЖКА АВЕЧАК
УМОВЫ ЯКАСНАЙ СТРЫЖКІ.
ЯК ПАВІННЫ РАЗМЯШЧАЦЦА СТРЫГАЛЬШЧЫКІ
Стрыжка — настолькі вядомая і звычайная справа і да таго ж у такой ступені залежыць ад спрыту стрыгальшчыкаў, вастрыні і зручнасці нажніц, што амаль нічога не застаецца аб ёй сказаць. Хіба дапоўню наступным: падчас работы належыць захоўваць увагу, стрыгучы па магчымасці нізка, роўна і асцярожна, каб не параніць скуру. У добрых авечак яна тонкая і мягкая, лёгка захопліваецца нажніцамі разам з воўнай. Каб стрыгчы роўна і хутка, варта браць нажніцамі самыя маленькія пасмачкі і абразаць іх адну за другой. Асабліва неабходна асцярожнасць пры стрыжцы авечак з густым руном. Аднак у большай ступені якасць работы абумоўліваецца выгодным размяшчэннем стрыгальшчыкаў. У многіх месцах стрыжку праводзяць на мураве ці на падлозе, засланай дошкамі, на якіх садзяцца людзі і трымаюць перад сабой звязаную жывёлу. Але ў такім нязручным становішчы стрыгуць звычайна дрэнна і марудна. Лепш карыстацца сталамі, знарок для гэтага зробленымі ці састаўленымі з пагабляваных дошак, што кладуцца на бочкі і козлы трохі нахілена ў адзін бок1.
Сталы павінны быць даўжынёй у чатырнаццаць футаў, шырынёй у тры футы, а вышынёй — зручнай для стрыгальшчыка, які стаіць. На двух сталах, размешчаных уздоўж і побач, дзесяць работнікаў могуць лёгка стрыгчы такую ж колькасць авечак. Іх, звязаных, кладуць на стол так, каб больш высокі бок стала займала абстрыжаная воўна, тады яна не намокне ад мачы, сцякаючай па схілу процілеглага краю стала. Такое становішча авечкі вельмі зручнае для стрыгалыпчыка. Яго вока заўсёды будзе знаходзіцца на той адлегласці ад нажніц, адкуль яму добра відно, як адразаць воўну і не захопліваць нажніцамі скуру. А гэта часта здараецца, калі чалавек сядзіць на траве ў невыгодным становішчы, дарэмна стамляецца і не можа здалёк убачыць, на колькі ўзнялася скура ад нацягвання воўны.
АСЦЯРОГА ПРЫ СТРЫЖЦЫ АВЕЧАК
Стрыгучы ягнят, асабліва самак, неабходна вельмі ўважліва сачыць за вымем, бо можна лёгка знявечыць саскі. Шрам ад загоенай раны шкодзіць выдзяленню малака. Такая неасцярожнасць становіцца ў болынасці выпадкаў прычынай таго, што ягняты ссуць аўцаматку толькі з аднаго боку. А добра вядома, якія нязручнасці ад гэтага ўзнікаюць: траціцца малако, шкодзіцца вымя і г. д. У дарослых авечак саскі большыя і не так лёгка падвяргаюцца пашкоджанням. Таму стрыжку маладых самак варта даручаць толькі самым спрытным стрыгальшчыкам. А калі з-за вялікай колькасці авечак так нельга зрабіць, няхай вопытныя майстры прынамсі выстрыгаюць месцы вакол вымя, а астатнюю
Габлююць дошкі дзеля таго, каб руно за шурпатую паверхню не чаплялася
і не блыталася, а нахіл неабходны для сцёку мачы.
работу пакідаюць іншым. Ранкі ж неабходна адразу змазаць маззю з тлушчу і смалы.
ЧАС СТРЫЖКІ
Стрыжка заўсёды павінна праводзіцца ў ясны і цёплы дзень у маладзік, каб воўна хутчэй і гусцсй расла. Мерыносаў стрыгуць адзін раз у год, у чэрвені ці жніўні, простых авечак — два разы ў год, менавіта вясной, калі паветра зробіцца больш цёплым, і восенню, перад тым як паставіць іх у хлявы.
САРТАВАННЕ ВОЎНЫ
Добрую воўну звычайна сартуюць. Асобна кладуць шэрсць са спіны і жывата, дзе яна танчэй і мякчэй, і асобна — з шыі і бакоў, менш тонкую і мяккую. Самая дрэнная — з кумпякоў і падбрушша.