Літоўская гаспадыня
ці Навука аб утрыманні ў добрым стане хаты...
Выдавец: Полымя
Памер: 366с.
Мінск 1993
Торф, згнілы ў кучы і змешаны з гашанай вапнай, ператвараецца ў самае лепшае і самае моцнае ўгнаенне. Вывозіць яго на палеткі лепш за ўсё ў пачатку зімы па першым санны.м шляху. Замерзлы торф можна пасячы на камлыгі. Гэтым спраўней заняцца людзям, вольным ад паўсядзённых абавязкаў па гаспадарцы. Тых не варта адцягваць на іншыя работы.
Паколькі звычайным чынам складана выгарнуць гной з такіх глыбокіх ям, добра выкарыстаць прыладу (яна палягчае працу), што скрозь ужываюць за мяжой. Па абодва бакі я.мы ўкопваюць высокія і моцныя слупы. На іх зверху прымацоўваюць папярочныя рухомыя бэлькі, гэткія ж, як журавель у студні. На больш кароткім канцы бэлькі вешаюць шырокую скрыню. Адна са сценак яе лёгка адчыняецца пры дапамозе дошкі з ручкай, за якую сценку можна выцягваць уверх. Скрыню апускаюць у яму, а людзі, што стаяць там з сахарамі і рыдлёўкамі, хутка напаўняюць яе. Іншыя ж знаходзяцца наверсе, падымаюць скрыню, націскаючы на супрацьлеглы канец бэлькі. А паколькі галава слупа злучана з бэлькай жалезнай шрубай, то пры завароце даўжэйшы канец бэлькі паварочваецца ў іншы бок гнаярні, каб фурманкам было зручна пад’ехаць пад скрыню. Праз адтуліну пры ўзняцці адной са сцен скрыні гной ссоўваецца і выкідваецца на калёсы. Тым часам супрацьлеглая скрыня спускаецца ўніз і запаўняецца гноем. Такім чынам работнікі не губяць марна час. Адны з іх нагружаюць скрыню гное.м, другія яе апаражняюць, фурманкі ж безупынна змяняюцца, пад'язджаючы радамі з абодвух бакоў гнаявой ямы.
прасачыць, адкуль шкода: ад лісіцы ці драпежных птушак. I ў такім разе змяніць месца выпасу або са стрэльбай падпільнаваць шкодніка.
Штодзённа належыць пільна назіраць, ці не адчыняе хто ноччу замкоў і засавак. Калі ж з’явілася сумненне альбо падазрэнне, можна непрыкметна ўвечары (каб ніхто не ўбачыў) насыпаць пясок каля дзвярэй, а ўранку паглядзець, ці ёсць сляды. Льга яшчэ прыкласці да дзвярэй і вушака васковую пячатку з тасьмой. Здаралася, што зладзеі вымалі дзверы, не парушаючы замкоў. Таму жыта ў засеках неабходна адзначыць надпісамі і літарамі. Калі нехта ўзяў зверху — выявіць лёгка. А калі хто-небудзь знізу адсыпаў, на зерні застануцца ямкі. Да засыпкі збожжа варта заштукаваць дзіркі па вуглах свірна, шчыліны ў падлозе забіць дошкай ці замазаць глінай з точанай цэглай, каб пацукі не цягалі зерне ў падполле. Падмурак таксама лепш агледзець, каб з яго нельга было дастаць камень і знізу дабываць збожжа. Калі дах прадзіравіўся — папраўце, каб нідзе не цякло.
Як зерне вохкае, непрасушанае, яго неабходна часцей пераварушваць. У вокнах пастаўце краты і трымайце іх адчыненымі дзеля змены паветра. Вокны павінны размяшчацца адно насупраць другога і як мага ніжэй, каб свежае павстра праходзіла па паверхні зерня. Калі ж у збожжы пазаводзіліся насякомыя, трэба рабіць так, як згадана ў раздзеле Хатнія таямніцы.
Мякіну па сартах засыпаюць у знарок для таго зробленыя засекі, a зімой ёю кормяць жывёлу і птушак.
Пазаддзе, якога ў добрым зерні не болей, чым паўбочкі на дзесяць бочак чыстага зерня, адсыпаюць і адкормліваюць ім парсюкоў, а таксама гатуюць з яго мяшанку для птушак.
НА ЖЫВЁЛЬНЫМ ДВАРЫ
Кожную карову належыць абавязкова чысціць двакроць у тыдзень. А паколькі адначасова ўправіцца з цэлым статкам нельга, трэба штодзённа чысціць трэць яго. Такім чынам якраз праз тры дні падыдзе чарга да кожнай жывёлы. Пастухоў варта замацаваць за пэўнымі каровамі, і яны будуць адказваць за ахайнасць іх догляду. Дзеўкі таксама павінны даіцьадных і тыхжа кароў, тадыахмістрыня будзе ведаць, хто вінаваты, калі карова дрэнна выдаена. У час ацёлу ахмістрыня абавязана некалькі разоў на ноч прайсціся з ліхтаром па аборы, каб дапамагчы каровам. Штодня ўвечары пастух дакладвае, ці ўся жывёла здаровая. А калі адна з кароў захварэла альбо ёй няможацца, ён павінен адразу ж аддзяліць яе ад астатніх і адвесці ў асобны хлсў. Штовечар неабходна пералічыць скаціну, каб адразу ж шукаць недастаючых, вызначыць, ці не робяць шкоды статку ваўкі. Нікому не даваць дазволу пасвіць быдла на панскіх выганах, палях і сенажацях. Належыць сачыць, каб звычайная жывёла не злучалася з пародзістай, бо парода можа звесціся ці панская скаціна захварэе ад чужой.
У выпадку гібелі жывёлы старшы пастух паведамляе аб гэтым. Ен атрымае загад і будзе ведаць, ці закопваць здохлую скаціну
са скурай, як зараза падскурная. Калі ж не, скуру варта зняць і неадкладна прынесці аканому. У любым выпадку ён павінен зрабіць засечку на дубцы для мстак, адна палова якога знаходзіцца ў пастуха, а друтая захоўвасцца ў аканома ці ахмістрыні. Страту неабходна адзначыць і ў спісе. Страты авечак, свіней і нават птушкі адзначаюцца такім жа чынам.
Старшы пастух адказвас за ўсе скуры і іх утрыманне ў належным выглядзе да вырабу. Скуры аддадзеных на кухню цялят і бараноў ён абавязаны забраць сабе, а потым расцягнуць і высушыць іх як след, каб не сапсаваліся і не ляжалі ў кучы волкімі.
НА КУХНІ
Дзе-дзе, а на кухні належыць захоўваць асаблівую чысціню і ахайнасць. Сталы, кухонныя дошкі, качалкі не толькі штодзённа, а нават некалькі разоў на дзень пасля кожнага ўжывання трэба скрэбці, шараваць і мыць. Каструлі і іншы медны посуд раз у тры месяцы ці прынамсі раз у два мае сэнс зноў вылудзіць. Пасля карыстання яго неабходна вымыць ці вышараваць сухой травой або саломай з пяском і выцерці. Дрэнна робяць тыя, хто не чысціць посуд адразу, дазваляе рэшткам ежы прысыхаць. Яны прыліпаюць так моцна, што потым іх нялёгка саскрэбці. Да таго ж ад моцнага шаравання посуд хутка псуецца. Калі ж кухар будзе патрабаваць ад кухцікаў адразу ж мыць і выціраць яго чыстым кухонны.м ручніком, тады посуд даўжэй паслужыць і важдацца з ім давядзецца менш. Кожную рэч, нават бліскучую ад чысціні, неабходна адразу ставіць на пэўнае месца. На кухні нельга пакідаць нічога бруднага. Усялякія плямы на падлозе трэба зараз жа выцерці ці засыпаць пяском.
Кухар і кухцікі мусяць апранацца чыста і насіць на галаве каўпакі, іначай валасы могуць трапляць у ежу. Людзям належыць часцей зменьваць бялізну і адзежу, самім хадзіць кожную суботу ў лазню. Мыла і чысты ручнік павінны быць заўсёды напагатове. У кухні нікому ні пры якой падставе не дазваляецца спаць.
Посуд кожны вечар пералічваецца кухарам і кухня зачыняецца на замок. Пасля працы на кухні кухцікі могуць чым-небудзь займацца: ці вучыцца чытаць і пісаць, ці гатаваць кухонныя прыпасы.
У абсталяванай на англійскі лад кухні неабходна сцерагчыся, кабне праліць вады ці іншай вадкасці, асабліва сцюдзёнай, на жалезную пліту, паколькі яна можа лопнуць. Каб такога не здарылася, пліту пасыпаюць тоўстым слоем пяску. Тады вадкасць не трапляе на жалеза і не пашкодзіць яго. Гэта таксама засцерагае ад чаду.
Пры кожнай кухні варта выкормліваць аднаго ці двух парсюкоў. Харчаваць іх лепш абрэзкамі і націнай ад гародніны, а таксама памыямі. Калі-нікалі дадайце гародніну, муку з неправеянага зерня, a на сканчэнне адкорму нават муку з чыстага зерня. Сачыце, каб з памыямі не трапілі парсюкам кавалкі мяса і вантробы птушак і жывёлы, бо з гэтага яны хварэюць на трыхінелёз. Агароджа, у якой парсюкі стаяць, заўсёды павінна быць чыстай (глядзі раздзел Адкорм парсюкоў).
Пер’е птушкі і дзічыны неабходна збіраць у адным месцы. Яно пойдзе на пярыны для слуг і чэлядзі, а таксама на горшую пасцель для гасцей (спосаб апрацоўкі пяра даецца ніжэй). Пух і пер’е ахмістрыня абавязана адсартаваць і трымаць у сябе.
Крывёю заколатага быдла патрэбна паліваць пладаносныя дрэвы ці выліваць яе ў гнаявую яму.
Скуры цялят і бараноў кухар здае адразу старшаму пастуху. A тыя, што знімаюць з зайцоў, льга прадаваць потым оптам шапачнікам.
Кіндзюкі цялят, старанна ачышчаныя, сушаць (спосаб указаны ніжэй) дзеля ўжывання пры прыгатаванні галандскіх і швейцарскіх сыроў.
Добры кухар клапоціцца аб тым, каб на кухні нічога не глумілася, а наадварот, каб прыносіла якую-ніякую карысць. Усе кухонныя прыправы, саленні і вяндліна ў яго прыгатаваны своечасова і знаходзяцца пад рукой. У некаторых кухараў ёсць такі недахоп: яны даводзяць да псавання запасы, бо не скарысталі іх у належны час. Каб пазбегнуць гэткае недарэчнасці, неабходна ўсё заносіць у спіс, зазначыўшы колькасць шклянак і посуду. Тады будзеце памятаць, калі і што трэба выкарыстаць.
Спарожнены драўляны посуд добра ачысціце, вышаруйце і пастаўце туды, дзе не вельмі суха. Да ўжывання заліце яго сцюдзёнай вадой і няхай так сгаіць два дні. Потым выпарце варам, дадаўшы туды духмяныя травы, і дажджыцеся, пакуль вада астынс. Пасля посуд трэба вымыць і выцерці, пранумараваць і занатаваць, каб ён не знікаў няведама куды. Бочкі ад агуркоў і капусты не павінны выкарыстоўвацца на іншыя мэты, нельга ў іх наліваць луг, бо яны псуюцца.
У ПАКОЯХ
Кожны з лёкаяў і слуг мусіць выконваць пэўную частку работы. Напрыклад, адзін адказвае за буфет. Ён трымае ў ахайнасці сталовы і чайны посуд і прыносіць яго да стала. У дадатак пільнуе, каб абед, вячэра ці чай падаваліся ў прызначаны час. Сталовае срэбра,
настольнікі, сурвэткі пасля прыбірання са стала пералічвае, каб у выпадку страты (а гэта пры абслугоўванні гасцей неаднаразова можа здарыцца) льга было хутчэй даведацца і вярнуць.
Другі лёкай мусіць прыбіраць пакоі, падмятаць і наглянцоўваць падлогу. Яго абавязак — зрання працерці вокны, каб шкло на іх не рабілася мутным, запацелым ад вілыаці. Штодзённа, таксама ранкам, ён старанна выцірае пыл з усёй мэблі, фарфору, крышталю і іншых дробязей, парасстаўляных у пакоях. Акрамя таго, без напамінку два ці тры разы ў дзень ён здымае пыл з усіх столікаў, канторак, камодаў і этажэрак. А ўсякі раз пасля прыбірання са стала ў сталовай падмятае падлогу і пракурвае ўвесь дом. 3 дзвярэй, драўляных гзымсаў і панеляў, аконных рам абавязкова штодзень выцірае пыл. а калі яны афарбаваны белай фарбай ці пакрыты лакам, то мые іх вадой з мылам кожны тыдзень.
Улетку выводзце мух, каб не запаскудзілі мэблю. 3 гэтай жа мэтай не адчыняйце вокны, пакуль яны не будуць застаўлены рамамі з цюлем ці сеткай.
Увесь год стаўце пасткі на пацукоў, не дазваляйце ім пладзіцца. Пасцелі, шчыліны каля сцен і панеляў штотыднёва аглядайце і залівайце тытунёвым растворам (глядзі раздзел Хатнія таямніцы). Пасцель таксама неабходна раз ці двакроць у тыдзень як зімой, так і ўлетку праветрываць на двары. Калі ў доме госці, кожны гасцявы апартамент даручыце аднаму з чалядзінцаў. Ён будзе даглядаць знаходзячыхся там людзей, а таксама прыносіць ім усё, што спатрэбіцца.