Marginalis
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 198с.
Мінск 2018
IV
Мінула болып за дваццаць гадоў з моманту заканчэння ўніверсітэта. За гэты час Джэйк Джонс прарабіў вялікую працу. Яшчэ ў юнацтве ён зацікавіўся вывучэннем мёртвых ды знікаючых моў. Цяпер ён стаў прызнаным спецыялістам у гэтай галіне, і ў яго была магчымасць выкладаць у самых прэстыжных універсітэтах ЗША. Аднак Джэйк адмовіўся ад гэтага, і, як цяпер пацвярджалася, нездарма. Ён цалкам усведамляў, што наўрад ці дасягнуў бы тых вынікаў, якімі мог ужо цяпер ганарыцца. Такая цікавасць да мовы, а ў прыватнасці да рознага кшталту рэдкіх дыялектаў, мёртвых і знікаючых моў, была не выпадковай. Яшчэ ў дзяцінстве ён даў сабе клятву разгадаць таямніцу сямейнай рэліквіі, і заставаўся ёй верны да канца.
Ягоны бацька—Альберт Джонс — нарадзіўся ў невялікім амерыканскім мястэчку Блэкфут у “штаце-самацвеце” Айдаха з насельніцтвам крыху менш за чатыры тысячы чалавек. Яго продкі былі рабочымі. Бацька працаваў на
чыгунцы, а маці вяла хатнюю гаспадарку. Па сямейнай легендзе менавіта дзякуючы дзеду Альберта — Джорджу Джонсу — іх горад атрымаў 13 студзеня 1885 года статус акрутовага цэнтра: за дзень да ўступлення ў сілу пастановы аб статусе акрутовага цэнтра горада ІглРок, Джордж падкупіў аднаго з чыноўнікаў, які і памяняў Ігл-Рок на Блэкфут.
Альберт пайшоў па сямейных стопах: таксама, як і бацька, ён уладкаваўся на працу ў чыгуначную кампанію, дзе і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, маці Джэйка Джонса, — Кларай. Альберт быў неадукаваным, але лагодным і працавітым хлопцам, а Клара — рахманай і спраўнай дзяўчынай. Хто ведае, як склалася б іх жыццё, калі б не вайна. Усяго за месяц да нараджэння сына ён пайшоў на фронт, а маладая жонка засталася пад наглядам бацькоў Альберта.
Маладога хлопца з маленькага гарадка ўразіла і захапіла Еўропа з яе пышнай архітэктурай, здзівіла разнастайнасць культур, моў і традыцый. Але разам з тым яго задушылі зверствы вайны — смерць і чалавечая жорсткасць. Па вяртанні іх адносіны з Кларай змяніліся, у ім як быццам з’явіліся два зусім розныя чалавекі. Бывала, Альберт зрываўся і займаўся бутэлькапрыкладствам, заліваючы жудасныя ўспаміны алкаголем, а затым пераходзіў да рукапрыкладства. Пасля падобных зрываў ён нязменна маліў жонку аб прабачэнні, казаў, як яе кахае, станавіўся такім жа добрым і мілым,
як у ранейшыя гады. Нягледзячы ні на што, Клара не магла выстаяць, яна заўсёды паддавалася мальбам мужа. У гэтыя перыяды прасвятлення ён быў для Джэйка лепшым, самым клапатлівым, якім толькі можа быць бацька. Але ўсё зноў паўтаралася. Так у сям’і Джонсаў чаргаваліся крайнія ступені шчасця і гора.
Адным з трафеяў, які Альберт прывёз з Еўропы, была старажытная кніга, якую ён знайшоў у забітага ім немца. Як пазней высветлілася, гэта быў ці то сам Георг Шміт-Рор, ці то ягоны падручны. Шміт-Рор быў уплывовым нямецкім мовазнаўцам. У 1942 годзе ён узначаліў вучэбна-даследчыцкі аддзел прыкладной сацыялогіі мовы “Анэнэрбэ”. Менавіта калі ён кіраваў аддзелам, да яго ў рукі трапіла кніга, якую даставілі з усходняга фронту.
Спадчына продкаў — як перакладаецца з нямецкага назва “Анэнэрбэ” — уяўляла сабой акультна-ідэалагічную арганізацыю. Яе даследаванні праводзіліся не толькі ў Нямеччыне. Так, шэраг экспедыцый быў арганізаваны ў розныя куткі свету, у прыватнасці, адна з экспедыцый наведала Тыбет. Кола інтарэсаў арганізацыі было досыць шырокім. “Анэнэрбэ” складалася з мноства спецыялізаваных аддзелаў, пачынаючы з аддзела генетыкі раслін, астраноміі, батанікі, раскопак і заканчваючы аддзелам народных легенд, казак і car, аддзелам народнай медыцыны і нават аддзелам насыпных заселеных узгоркаў. “Анэнэрбэ” зай-
малася вывучэннем Дзіды Лёсу, якім рымскі цэнтурыён Гай Касій Лонгін ударыў паміж чацвёртым і пятым рабром укрыжаванага Хрыста, пошукам Святога Грааля — чары, з якой Хрыстос піў на Тайнай вячэры, і нават спрабавала выкрасці з бразільскага музея Хрустальны чэрап. Таму не дзіўна, што падчас вайны загадкавая кніга адразу ж патрапіла менавіта ў гэтую арганізацыю.
Для малаадукаванага Альберта гэта была проста дарагая сэрцу старадаўняя рэч. Іншая справа — яго сын Джэйк. Кніга прысутнічае ва ўсіх ягоных дзіцячых успамінах. Маленькім хлопчыкам ён спрабаваў дамагчыся ад бацькі, што ў ёй напісана, на якой мове, хто яе аўтар, адкуль і калі яна ўзялася, чаму ў ёй няма малюнкаў і многае іншае. Трохі пасталеўшы — будучы ўжо ў старэйшых класах, — Джэйк цвёрда вырашыў самастойна разгадаць гэтую дзівосную кнігу. Большую частку вольнага часу ён праводзіў у бібліятэках, спрабуючы знайсці хоць нейкія зачэпкі. Чытаў усё, што траплялася пад руку: кнігі па крыптаграфіі, філалогіі, старажытнай пісьменнасці, геральдыцы, зборнікі сімвалаў народаў свету. Падобныя чытанні моцна паўплывалі на самаадукацыю хлопчыка, але так і не дазволілі знайсці адказы на галоўныя пытанні.
Аднак неўзабаве наканавана было адбыцца падзеі, якая ў корані змяніла характар пошукаў юнага даследчыка. У адзін з суботніх дзён, калі ўся сям’я песцілася на сонцы ў двары або
бавіла час дома перад тэлевізарам, раздаўся званок ад даўняга прыяцеля Альберта, з якім ён пазнаёміўся па вяртанні з фронту. Джэйк рос цікаўным дзіцёнкам, яго цікавіла практычна ўсё. Так і гэтым разам хлопец узяўся дапытваць бацьку пра тое, з кім ён размаўляў, адкуль ведае гэтага чалавека, чым той займаецца. У выніку высветлілася, што знаёмы яго бацькі — Абрахам Сінкоў — спецыяліст па крыптаграфіі, быў кіраўніком праграмы бяспекі камунікацый пры Агенцтве нацыянальнай бяспекі, а цяпер працуе прафесарам Універсітэта штата Арызона. Для Альберта слова “крыптаграфія” было незнаёмым і незразумелым, таму тлумачыць сыну, чым займаецца яго знаёмы, было справай няпростай. Спрабуючы хоць нешта вывудзіць са сваёй памяці, бацька казаў пра тэксты, шыфры і галаваломкі. Тлумачэнні былі блытаныя і невыразныя, але Джэйк усё ж здагадаўся, пра што ідзе гаворка, і пачаў дакараць тату за тое, што той нават не падумаў звярнуцца па разгадку кнігі да свайго прыяцеля. Альберт адчуваў сваю нікчэмнасць перад настолькі адукаваным чалавекам, што выклікала ў яго заўсёды дыскамфорт пры зносінах з Абрахамам. Таму ён ніколі не выступаў у якасці ініцыятара іх зносін, і тым больш яму было няёмка пра штосьці прасіць. Амаль год давялося Джэйку ўпрошваць бацьку. У выніку Альберт пагадзіўся толькі на тое, каб сын сам паехаў з кнігай да Абрахама. Нават патэлефанаваць яму
і дамовіцца аб сустрэчы з сынам каштавала Альберту неверагодных унутраных высілкаў.
Знаёмы Альберта выявіўся лагодным і адкрытым чалавекам, ён прыняў Джэйка, якога бачыў упершыню, як старога добрага сябра. Маладога чалавека не менш здзівіла, што такі дарослы гутарыў з ім як з цалкам роўным і па ўзросце, і па статусе. Гэта асабліва ўсцешыла Джэйка і адразу ж прывязала да будучага калегі. Яны гутарылі ўвесь дзень, не заўважаючы часу, і ў роўнай меры выказвалі бязмерную цікавасць адзін да аднаго. Джэйк дзяліўся ўсім, што ведаў, распытваў пра кнігу. А Абрахам, перш распавёўшы трохі пра сябе і знаёмства з Альбертам, падзяліўся некаторымі здагадкамі пра загадкавыя тэксты і даў юнаку некалькі парадаў на будучыню.
У маладыя гады Абрахам скончыў Гарадскі каледж Нью-Ёрка, затым выкладаў матэматыку ў школах, пасля чаго пачаў працаваць крыптографам на ўрад. Падчас вайны ён быў адпраўлены ў Вялікабрытанію для абмену вопытам, дзе нават наведаў Блетчлі-парк. Затым доўгі час працаваў у АНБ, а цяпер быў прафесарам матэматыкі ва ўніверсітэце.
Абрахама ўразіла эрудыраванасць такога маладога чалавека, і ён прапанаваў яму сустрэцца зноў. На працягу наступнага года Джэйк прыязджаў яшчэ шмат разоў, і паміж імі даволі хутка завязаліся моцныя сяброўскія стасункі. Старэйшы калега ўзяў на сябе ролю настаўніка і памочніка. Ён бачыў у Джэйку
вельмі перспектыўнага спецыяліста і нават прапанаваў свайму маладому сябру дапамагаць з аплатай навучання ва ўніверсітэце. Альберт не быў здольны не толькі ацаніць талент сына, але і аплаціць ягоную вучобу. Абрахам жа не меў уласных дзяцей, але меў неабходныя сродкі ды сябра, што меў патрэбу ў іх. Перш хлопец адмовіўся, бо бацька быў бы катэгарычна супраць гэтага. Але ў далейшым было вырашана, што Альберт нічога пра гэта не даведаецца. Пасля заканчэння школы Джэйк паехаў на працу ў іншы штат, дзе паралельна, употай ад бацькі, атрымліваў адукацыю ва ўніверсітэце. Як і раней, ён працягваў мець зносіны са старэйшым калегам і ўсё бліжэй знаёміцца не толькі са сваёй спецыяльнасцю, але і з таямніцай старажытнай кнігі.
У кнізе выкарыстоўвалася столькі моў, што вывучыць іх усе было не толькі немагчыма, але і не мела б сэнсу. Звычайная расшыфроўка таксама заняла б неймаверна шмат часу. Досыць хутка Джэйк прыйшоў да прыблізнага разумення схемы даследавання. Перш было варта ўзяцца за знікаючыя мовы і дыялекты, пакуль іх носьбіты былі яшчэ жывыя. Менавіта іх планаваў адшукаць Джэйк, каб звярнуцца па дапамогу ў чытанні тых ці іншых урыўкаў. I толькі пасля гэтага ён планаваў звяртацца да спецыялістаў па мёртвых мовах ці, у выпадку адсутнасці экспертаў па тых ці іншых мовах, меўся вывучаць пісьмовыя крыніцы, здольныя праліць святло на адсутныя часткі мазаікі.
У крайніх выпадках, як меркаваў Джэйк, калі ён сутыкнецца з невядомай або даўно зніклай мовай, давядзецца ўсё ж расшыфроўваць кожны ўрывак паасобку. Таму свой выбар ён спыніў на крыптаграфіі.
Ва ўніверсітэце Джэйк вывучыў латынь, старажытнагрэцкую, санскрыт, царкоўнаславянскую, іўрыт, копцкую і арабскую мову. За сваё жыццё яму ўдалося вывучыць больш за трыццаць моў. Але ён не вельмі гэтым выхваляўся, бо ведаў, што некаторыя з ягоных калег валодалі значна болыпай колькасцю моў. Да часу завяршэння вучобы Джэйк ужо склаў спіс урыўкаў кнігі. Першая частка спісу складалася з жывых і распаўсюджаных моў, да іх ён планаваў звярнуцца ў апошнюю чаргу. Затым ішлі ўрыўкі на знікаючых мовах, чытаннем якіх ён планаваў заняцца ў бліжэйшы час. Пасля іх ішлі ўрыўкі на мёртвых мовах. Чацвёртая частка спісу складалася з урыўкаў, што так і не ўдалося распазнаць. У далейшым іх трэба было аднесці альбо да другой ці трэцяй часткі, альбо вылучыць у блок урыўкаў, напісаных на невядомых мовах і дыялектах — іх, у сваю чаргу, трэба было расшыфроўваць. Першая частка ўключала каля трохсот моў, другая прыкладна столькі ж, у трэцюю ўваходзіла амаль чатырыста, а вось у чацвёртай частцы спісу значылася крыху менш за семсот моў і дыялектаў. У выніку, Джэйк здолеў вылучыць больш за паўтары тысячы розных моў, на якіх была напісаная кніга.