Marginalis
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 198с.
Мінск 2018
Перш яна трапіла ў рукі да кнігагандляра, якога звалі Хорхе, ён неўзабаве перапрадаў яе ідальга па імені Альварэс. Той прайграў яе свайму прыяцелю Джону — ангельцу па паходжанні, які падараваў кнігу сыну Герберту. Праз восем гадоў, падчас знаходжання Герберта ў англійскім горадзе Эксэтар, кнігу скраў зладзюжка, якога звалі Том. Ён, у сваю чаргу, прадаў яе калекцыянеру па імені Джордж. Калі ж надышлі цяжкія часы, Джордж заклаў кнігу Бенедыкту — знаёмаму сябра траюраднага брата жонкі Элізабэт, так і не здолеўшы выкупіць яе назад. Бенедыкт,
у сваю чаргу, умудрыўся яе згубіць, праязджаючы праз горад Сан-Мало, дзе кнігу падабраў афіцэр Альфрэд.
Менш чым за дзвесце гадоў кніга змяніла больш за дваццаць уладальнікаў, пабываўшы ў мностве еўрапейскіх гарадоў. У адзін час яна доўга ляжала на паліцах з іншымі кнігамі, забытая ўладальнікам, нібы дзіця, няздольнае дамагчыся бацькоўскай увагі і любові. Бывалі і такія ўладальнікі, што пяшчотна пергортвалі яе старонкі з дня ў дзень, спрабуючы хаця б наблізіцца да таямніцы рукапісу. Для адных яна не адрознівалася ад хламу, для іншых жа была рэліквіяй. Толькі некаторыя здзяйснялі нясмелыя спробы разгадаць, што на самой справе было схавана пад вокладкай, але ўсе як адзін цярпелі паразу за паразай. Пасля доўгіх падарожжаў кніга трапіла да швейцарскага гандляра, у якога яе выкупіў і прывёз у Нясвіж Антоній Альбрэхт з роду Радзівілаў.
Уплывовы палітык і дыпламат, прадстаўнік аднаго з найвялікшых беларускіх родаў, ён наведваў у 1918 годзе еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Швейцарыю, для забеспячэння дыпламатычнай падтрымкі нядаўна створанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Новы набытак мусіў заняць годнае месца ў Нясвіжскай бібліятэцы. У момант пакупкі Антоній Альбрэхт не мог ацаніць каштоўнасці кнігі, не ведаў яе паходжанне і ўзрост, але ўсё ж выклаў за яе вялікую суму. Варта было ўзяць рукапіс
у рукі, як Антоній адчуваў цеплыню, што разлівалася па целе, нішто вакол у гэтыя імгненні не было здольнае парушыць яго спакой і прымірэнне. Нешта таямнічае і зачаравальнае суправаджала знаходку Антонія Альбрэхта.
Пасля яго смерці ў 1935 годзе вялікую спадчыну перадапошняга ардыната Нясвіжа ўспадкаваў малодшы брат Леон Радзівіл, які і стаў новым уладальнікам кнігі. Ён славіўся лагоднасцю і адкрытасцю. Як і многія прадстаўнікі свайго роду, ён не толькі цікавіўся, але і займаўся мастацтвам. Мабыць, варта адзначыць, што па дзіўным збегу абставінаў рукапіс, знойдзены ў Швейцарыі, усё яшчэ не быў занесены ў бібліятэчныя каталогі Нясвіжскага палаца. Пра існаванне кнігі Леон даведаўся ад аднаго служачага, што працаваў у брата. Той не толькі займаўся працай у бібліятэцы Радзівілаў, але быў таксама кімсьці накшталт захавальніка кнігі. Пры жыцці Антонія Альбрэхта пра яе ведалі толькі яны двое. Леона падобныя акалічнасці здзівілі, і ён вырашыў падысці да вывучэння старажытнага рукапісу як мага больш грунтоўна, перш чым уносіць яго ў каталогі. 3 гэтай мэтай ён нават звязаўся з некаторымі еўрапейскімі даследчыкамі. Але і ў Леона рукапіс затрымаўся ненадоўга — усяго толькі на чатыры гады. Даследаванню так і не наканавана было адбыцца. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты салдатамі Чырвонай арміі. Леон быў арышта-
ваны, і яго з сям’ёй вывезлі ў Маскву, а палац, што некалі быў адным з самых багатых і пышных у Еўропе, чарговы раз за ягоную гісторыю падверглі варварскаму рабаванню.
На кароткі час кніга трапіла ў рукі камкора Чырвонай арміі Аляксандра Міхайлавіча, які падараваў яе ў знак удзячнасці маскоўскаму навукоўцу Віктару Сямёнавічу, пад чыім кіраўніцтвам працаваў ягоны сын Юрый. Неўзабаве камкор быў прызнаны ворагам народа і расстраляны. Аляксандр стаў адным з многіх, хто памёр у хуткім часе пасля таго, як зрабіўся ўладальнікам старажытнай кнігі, таямніцу якой так ніхто яшчэ і не здолеў разгадаць. Ці была ў гэтым нейкая містыка або проста выпадковасць — вызначыць дакладна немагчыма.
Ill
Да заходу заставалася яшчэ гадзін пяць, але ён ужо чакаў Анастасію. Сёння была іх чарга рыць тунэль, і яны насуперак негалоснаму правілу збіраліся заняцца каханнем, перш чым узяцца за працу. Гэта было нават не столькі правілам, колькі лагічнай неабходнасцю: прадуктыўна займацца знясільваючай фізічнай працай пасля кахання было немагчыма. Немагчыма не толькі таму, што капаць тунэль справа не з лёгкіх, але перш за ўсё таму, што рабіць усё гэта даводзілася звычайнымі сталовымі прыборамі — відэльцамі і лыжкамі. Здабыць рыдлёўку ці іншы металічны прадмет, буйнейшы за лыжку, не было дзе.
За апошнія тры месяцы тунэль павялічыўся ў лепшым выпадку на некалькі метраў. Усё атрымалася б, магчыма, і раней, але ўмовы былі яшчэ тыя. Кожную ноч капалі хлопец у пары з дзяўчынай, каб сустрэчы не выклікалі падазрэнняў, а выглядалі як звычайныя наведванні з мэтай заняцца сэксам. Пачыналі пасля заходу, калі ўсе ўжо спалі. Як правіла,
хлопец капаў, накладваючы зямлю ў глыбокую талерку — самую глыбокую, якую толькі магчыма было здабыць, — а дзяўчына выносіла яе на паверхню. Працавалі без святла, навобмацак. Усяго ў гэтым прадпрыемстве бралі ўдзел пяць чалавек.
Першапачаткова план уцёкаў з’явіўся у Аляксандра, ім ён у адну з начэй падзяліўся з Кацярынай. Удваіх маладыя людзі ўсё доўга абдумвалі, сумняваліся, абмяркоўвалі, але неўзабаве пачалі. Па некаторым часе да іх далучыўся Міхаіл, а праз яго і Анастасія. Дзмітрый жа апынуўся ў групе ўцекачоў зусім выпадкова, пасля таго як аднойчы выявіў вынікі іх працы. У падобнай сітуацыі было два варыянты: або ўсё прападзе марна, а яны будуць жорстка пакараныя, або ім давядзецца прыняць пятага. Быў, вядома, і трэці варыянт, але яго адразу ж адкінулі. У любым выпадку, дадатковая працоўная сіла была не лішняй.
За апошнія гады Аляксандр не раз праклінаў дзень, калі пагадзіўся на ўдзел у гэтым эксперыменце. Умовы выглядалі досыць прывабнымі. Незадоўга да васямнаццатага дня нараджэння да яго ў інтэрнат завітаў чалавек у чорным гарнітуры, строгі, але досыць добразычлівы. Спачатку той распытваў, як жывецца без бацькоў, якія планы на будучыню, а затым паступова падышоў да сутнасці прапановы. Падрабязнасці пра эксперымент мужчына ў чорным не раскрываў. Аляксандру толькі было прапанавана адправіцца на дзесяць гадоў
з групай такіх жа маладых людзей, як і ён, на самыя ўскраіны краіны, дзе для іх пабудаваны невялікі гарадок. Працаваць не патрабавалася, будуць карміць і даваць усё неабходнае. Еш, чытай, глядзі фільмы — адным словам, рай. У абмен за ўдзел у эксперыменце Аляксандру паабяцалі па вяртанні даць кватэру і пажыццёвую пенсію.
Шчаслівае, забяспечанае і бесклапотнае жыццё без абавязкаў — фантастычная прапанова не толькі для маладога чалавека без бацькоў і перспектыў, але, мабыць, для любога разумнага чалавека. Нядобра, вядома, савецкаму чалавеку гультаяваць, але чаму б і не, калі выпадак натрапіўся. Да таго ж, як сцвярджаў мужчына ў чорным гарнітуры, гэта выдатная магчымасць паслужыць для будучыні сваёй радзімы, а такое сярод людзей цэніцца. Таму Аляксандр практычна не раздумваючы даў згоду. Васямнаццаці гадам шэрага жыцця ў адным памяшканні наканавана было змяніцца дзесяццю гадамі ўражваючага вопыту. Пры любым раскладзе ён заставаўся ў выйгрышы.
Усё атрымалася не так проста, адной згоды было мала, трэба было яшчэ прайсці некаторыя выпрабаванні. Аляксандр не вельмі любіў рознага кшталту тэсты, заданні і выпрабаванні, але дзеля такой справы варта было пазмагацца. Праз год, пасля шэрагу скрупулёзных медыцынскіх абследаванняў, яго і яшчэ дзевяноста дзевяць маладых людзей з усіх канцоў
краіны пераправілі на самалётах па ўсходнім напрамку, дзе размяшчаўся закрыты ваенны гарадок. Там Аляксандр зноў сустрэў мужчыну ў чорным касцюме, з якім бачыўся перад сваім васямнаццацігоддзем.
Сотню хлопцаў і дзяўчат сабралі ў мясцовым доме культуры, дзе мужчына ў чорным гарнітуры, які прадставіўся Віктарам Сямёнавічам, пасля цёплага прывітання правёў кароткі інструктаж.
— Я ганаруся сваёй краінай за тое, што ў ёй ёсць такія смелыя маладыя людзі, як вы. У хуткім часе выпадзе магчымасць паслужыць дзеля будучыні сваёй радзімы. Вам наканавана даказаць непрыяцелям Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і ўсяму свету, што камуністычны ўклад — самы лепшы і, у рэшце рэшт, з’яўляецца непазбежным на шляху пабудовы справядлівага, квітнеючага і шчаслівага чалавечага грамадства. Каб даказаць гэта, у вас ёсць цэлых дзесяць гадоў.
Ужо заўтра вы адправіцеся ў сацыялістычнае паселішча, дзе для вас падрыхтавана ўсё неабходнае: дамы, бібліятэка, кінатэатр, сталовая, спартыўная зала і многае іншае. Ежу, адзенне, сродкі асабістай гігіены і медыкаменты вам будуць кожны тыдзень дастаўляць на самалёце. Як і ў сапраўдыным камуністычным грамадстве, у нашым селішчы няма нічога асабістага — усё з’яўляецца агульным: дамы, рэчы, абавязкі і нават палавыя партнёры. Вам трэба будзе размеркаваць паміж са-
бой некаторыя дробныя бытавыя абавязкі, ад якіх мы не здолеем вас зберагчы: прыгатаванне ежы, прыборка тэрыторыі, абслугоўванне кінатэатра і некаторыя іншыя. У астатнім жа ад вас нічога не патрабуецца, ад вас нават не патрабуецца працаваць. Адзінае, што вам трэба будзе, — гэта пабудаваць сапраўднае камуністычнае грамадства, самае справядлівае і шчаслівае. Якім чынам будуць дасягнуты дадзеная мэты, залежыць толькі ад вас. Усё неабходнае вам у гэтай няпростай, але пачэснай і цікавай справе будзе прадастаўлена.
У добры шлях! Ура, таварышы!
На наступны дзень сто маладых хлопцаў і дзяўчат павезлі з завязанымі вачыма — у сувязі з крайняй сакрэтнасцю месцазнаходжання — на некалькіх аўтобусах. Дарога заняла цэлы дзень, і позна ноччу група з сотні маладых людзей была дастаўлена пад канвоем узброенага суправаджэння на месца паселішча. Стомленая і галодная моладзь адразу ж асвоіла ў сталовай загадзя прыгатаваную вячэру, пасля чаго суправаджальнікі пакінулі тэрыторыю паселішча, а маладыя людзі разбрыліся па хатках. Хто быў жвавей, адразу ж заняў бліжэйшыя баракі, іншым жа давялося ў цемры яшчэ каля гадзіны шукаць незанятыя пакоі.
На заўтрашні дзень, нягледзячы на доўгую дарогу, многія падняліся зранку ды адразу ж узяліся аглядаць тэрыторыю. Пяцьдзясят хлопцаў і пяцьдзясят дзяўчат хаатычна пера-