Marginalis
Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 198с.
Мінск 2018
Мы жылі недалёка ад гарадскога парку. Блізка таксама знаходзіліся вакзал, крыху далей — цэнтральная плошча з помнікам Леніну, гарадскі басейн, гарадская бібліятэка, Дом быту, Дом культуры і іншыя значныя для невялікага горада месцы. Таму, як правіла, я перасоўваўся па горадзе пешпіу. Карыстацца транспартам даводзілася толькі ў тых выпадках, калі ехаў у госці да бабулі або прабабулі. Прабабуля Агаф’я, або, як мы яе ласкава называлі, бабуся, перш таксама жыла ў сваім доме, але крыху пазней пераехала жыць у кватэру, якая знаходзілася ў старым горадзе, і, каб наведаць яе, мне даводзілася праехаць на аўтобусе ўвесь горад. Было два варыянты. Альбо ехаць кароткім маршрутам №1, альбо маршрутам №11, які рабіў вялікі круг, але праязджаў недалёка ад дома маёй бабулі, якую, праўда, у той час я практычна не наведваў. Каб патрапіць у бібліятэку, басейн або секцыю гімнастыкі — асноўныя месцы майго вольнага часу па-за домам, — можна было пад’ехаць адзін прыпынак на гарадскім транспарце, але яго паслугамі я, як правіла, у гэтых выпадках не карыстаўся. Я крыху адхіліўся ад лініі свайго апавядання, і зараз самы час да яе вярнуцца.
Калі на мапе дом, школу і лазню адзначыць кропкамі і злучыць, то атрымаецца трохкутнік. Ад школы да лазні было хвілін пяць хады, а ад дома да лазні або школы — ад дзесяці да пятнаццаці. 3 Львовічам мы хадзілі ў лазню, калі не памыляюся, па выходных. Мы ўваходзілі ў вялікі будынак (а па дзіцячых мерках — велізарны), куплялі квіток ды праходзілі ў левы блок, дзе размяшчалася мужчынскае аддзяленне.
[He магу ўтрымацца і не зрабіць рэмарку. 3 цягам часу я бываў яшчэ ў мностве падобных устаноў, і чамусьці ў большасці з іх мужчынскае аддзяленне размяшчаецца менавіта ў левай частцы ад увахода.]
3 распранальні дзверы праз маленькі прылазнік вялі ў асноўнае памяшканне, большага за якое я да гэтага часу яшчэ не бачыў нават у сталічных лазнях. Там шчыльнымі шэрагамі стаяла мноства каменных лавак, на якіх сядзелі ці стаялі каля іх дзясяткі аголеных мужчын усіх узростаў — ад двух-трохгадовых да васьмідзесяцігадовых. У пачатку і канцы гэтага гіганцкага памяшкання мясціліся душавыя. У процілеглым канцы ад увахода знаходзіліся дзверы, за якімі хаваўся невялікі басейн. Менавіта хаваўся! Ен практычна ніколі не працаваў, і за ўвесь час мне ўдалося туды патрапіць толькі адзін раз. Побач былі дзверы, што вялі ў апарню. Яна складалася з некалькіх узроўняў драўляных прыступак і больш была падобная на амфітэатр старажытнагрэцкага кшталту.
Пасля лазні мы з Львовічам заўсёды заходзілі ў бар. Паміж намі існавала нешта накшталт негалоснага пагаднення, што я не буду “выдаваць” цётцы Рыце гэтае адхіленне ад маршруту, які вядзе дадому. Падобнае адхіленне было і ў маіх інтарэсах, бо ў бары дзядзька купляў мне пірожнае, і ў выніку маленькая таямніца станавілася ўжо не чыёйсьці, а нашай агульнай, што, вядома ж, яшчэ больш падахвочвала мяне захоўваць маўчанне. Але прысмакі прадаваліся толькі ў бары, які знаходзіўся на другім паверсе будынка гарадской лазні, а мы часцей за ўсё наведвалі той, што быў на сярэдзіне нашага шляху, і гэтая акалічнасць часам падштурхоўвала мяне вызваліцца ад зароку маўчання. Гэта была вельмі каларытная ўстанова, класічны бар савецкага кшталту, дзе пірожных і знаку не было. У далёкім куце маленькага памяшкання за прылаўкам стаяла касірка. Уздоўж вокнаў размяшчалася некалькі круглых сталоў на высокіх ножках, стоячы за якімі пілі нешматлікія наведвальнікі. Мы прыходзілі туды з Львовічам ненадоўга. Ен купляў вялікі куфаль піва, часам з бутэрбродам, перакідваўся некалькімі фразамі з прадаўшчыцай, выпіваў піва і мы сыходзілі, працягваючы шлях у кірунку дома. Асабліва запамінальнай была знешнасць адной з касірак, з круглай прычоскай кучаравых валасоў і вельмі яркім макіяжам. 3 цягам часу я сустрэў яе, калі з былымі аднакласнікамі адзначаў шостую гадавіну за-
канчэння школы ў рэстаране, што знаходзіўся праз дарогу ад таго бара, які мы наведвалі з дзядзькам. Яна працавала гардэробшчыцай і, мне на здзіўленне, зусім не змянілася за гэтыя трынаццаць-пятнаццаць гадоў.
Але бывала, што справа не абмяжоўвалася півам пасля лазні, а прымала болып сур’ёзныя абароты. Здаралася, што дзядзька выпіваў. He ведаю, як і дзе гэта адбывалася, памятаю толькі, як дзядзька з цёткай вельмі моцна сварыліся. У гэтыя перыяды мне было страшна, але не за сябе, а за цётку, і я, мякка кажучы, вельмі злаваўся на Львовіча. Некалькі разоў адбываліся асабліва крытычныя сітуацыі, аднак пра іх я згадваць не хачу. Але я ніколі не ўмешваўся, інстынктыўна разумеючы, як належыць сабе паводзіць дзіцёнку ў сварках паміж дарослымі. Тады, як і цяпер, я лічыў любыя словы суцяшэння ў дачыненні да блізкіх людзей бессэнсоўнымі і нават апашляючымі сам працэс суцяшэння, таму адзінае, што я мог зрабіць у такіх выпадках, — сесці побач і злёгку прыабняць цётку Рыту ў знак падтрымкі. Памятаю толькі, як адзін раз, калі сітуацыя дасягнула крытычнага піка, я ціхенька падышоў да ўваходных дзвярэй і зачыніў іх на кручок, думаючы, што дзядзька выйшаў на двор, але неўзабаве высветлілася, што ён усё ж застаўся дома і я гэтак жа ціха назад зняў з дзвярэй кручок.
Мабыць, яшчэ горш было, калі я заставаўся з п’яным Львовічам сам-насам. He таму, што
ён мог мне ўчыніць нешта шкоднае, але хутчэй таму, што я не мог адасобіцца, схавацца, бо ўсе расповеды, усе дзеянні, уся ўвага была накіраваная толькі на мяне, я не мог проста ўзяць і сысці. Псіхалагічна ў такіх сітуацыях я адчуваў сябе несвабодным. Аднойчы дзядзька выпіў (слова “напіўся” занадта моцнае і ўжываецца да асоб іншага роду, таму тут я яго не выкарыстоўваю), калі цётка Рыта паехала ў Мінск да маіх бацькоў. Быў ужо вечар, і цётка сказала мне збірацца ехаць у Мінск. Адзіным, што я тады склаў з сабой у заплечнік, былі маленькія гантэлі, падараваныя мне Львовічам. Наўрад ці я ў той вечар з’ехаў з Барысава і, здаецца, усё ж застаўся дома, але памятаю, як псіхалагічна і эмацыйна складана было сысці.
He аднойчы даходзіла нават да таго, што мы з цёткай сыходзілі з дому. Неяк позна ўвечары мы пайшлі ночыць да сяброўкі маёй цёці — таксама школьнай настаўніцы. Некалькі разоў мы сыходзілі на дастаткова працяглы перыяд і разы два жылі ў бабулі, а адзін раз і зусім на кватэры былой цётчынай аднакласніцы. Мы жылі там так доўга, што нават набылі тэлевізар. Менавіта ў пачатку гэтага перыяду цёця, не жадаючы сустракацца з Львовічам, папрасіла мяне забраць нешта па дробязі з яе рэчаў. Мой эмацыйны стан быў як у жахлівым сне, калі спрабуеш застацца незаўважаным, набліжаючыся да месца, у якім знаходзіцца нешта пагрозлівае. Я зайшоў на падворак. Усе
дзверы былі наросхрыст. Было чуваць, што дзядзька знаходзіцца ў зале, і я паспрабаваў асцярожна праслізнуць на кухню, каб, хутка ўзяўшы неабходныя рэчы, выслізнуць незаўважаным. Але не атрымалася.
Гэты перыяд, калі мы жылі на кватэры цётчынай аднакласніцы, пачаўся пасля нараджэння ў Львовіча і цёці Рыты дачкі — маёй дваюраднай сястры Соні. Тады яна яшчэ не навучылася хадзіць, ёй было менш за год.
Мая цётка Рыта была другой жонкай Львовіча. I так атрымалася, што ў нованароджанай Соні ўжо былі дзве сястры, малодшая з якіх была на трыццаць два гады старэйшая за яе. Але яшчэ больш незвычайна выглядаў той факт, што Соніна пляменніца была на сем, а пляменнік на дванаццаць гадоў старэйшыя за сваю цёцю. Ад першай жонкі Ганны ў дзядзькі былі дзве дачкі — Ларыса і Вольга, а таксама ўнукі Віталік і Валянціна. Калі нарадзілася Соня, маёй цётцы было трыццаць шэсць, а Львовічу семдзесят гадоў.
Прыкладна праз тры гады пасля нараджэння дачкі ў дзядзькі выявілі рак. Ён спрабаваў сабрацца з сіламі, але я памятаю, як імкліва ў Львовіча, моцнага, дужага дагэтуль, схуднела цела, асунуўся твар. Памятаю, як Львовіч, раней самы энергічны і жыццярадасны з усіх, хто быў у маім дзяцінстве, усё часцей стаў праводзіць час лежачы. Складана ўзгадаць падрабязна той перыяд пасля нараджэння маёй дваюраднай сястры. Адзіным болып ці менш
выразным успамінам з’яўляецца карціна, як Львовіч ляжыць днём у пасцелі, а маленькая Соня гуляецца побач на падлозе або лазіць па ложку каля таты.
Пра смерць Львовіча я даведаўся, калі быў з бацькамі ў Крыме. Мне было чатырнаццаць гадоў, а яго дачцэ толькі чатыры гадкі. Там жа, у Крыме, але за два гады да гэтага, я пачуў па радыё і пра смерць Васіля Быкава. Памятаю, як пасля размовы па таксафоне маці паведаміла: “Тэлефанавала Рыта, сказала, што Львовіч памёр”. Тады я схаваў свае перажыванні за нейкай фармальнай фразай, вырашыўшы не ўскладняць сітуацыю сваімі роспытамі. He ведаю, чаму смерць дзядзькі і чужога мне чалавека цяпер так цесна сутыкаюцца ў асацыятыўным павуцінні маёй памяці. Магчыма, таму, што і адна, і другая вестка насціглі мяне ў Крыме ў досыць кароткім часавым прамежку. А магчыма, таму, што — не пабаюся здацца пафасным у сваёй аналогіі — для мяне асабіста смерць Львовіча была такой жа стратай, якой была смерць Быкава для Беларусі. Нават цяпер, настальгуючы па тых часах, праведзеных з Львовічам, адчуваю, як да горла падступае камяк, як гэта бывае, калі хочацца плакаць.
Але калі тады я яшчэ не быў здольны ўсвядоміць тое, што адбылося, у поўнай меры, то для маёй цёткі перыяд пасля смерці мужа стаўся сур’ёзным выпрабаваннем. He толькі эмацыйна-псіхалагічным, якое выпадае на
долю таго, хто страціў блізкага чалавека. I не толькі выпрабаваннем выхоўваць маленькае дзіця ў адзіночку. Але, у літаральным сэнсе, выпрабаваннем нанова вучыцца жыць ва ўласным доме, вучыцца новай паўсядзённай рэчаіснасці. Бо, як я згадваў раней, Львовіч быў, калі можна так сказаць, усёабдымным у сваёй дзейнасці. Прыгатаванне ежы, догляд за гародам, гаражом, домам, рашэнне бытавых і многіх іншых паўсядзённых пытанняў ды клопатаў, ад якіх дагэтуль мая цётка ў асноўным была вызвалена, адным махам зваліліся на яе плечы. А да гэтага дадаваліся клопаты па выхаванні маленькай дачкі і пляменніка, не кажучы ўжо пра цяжкую працу ў школе з яе жудаснай бюракратыяй і апантанымі дзецьмі.
У гэты перыяд я стараўся пасільна дапамагаць цётцы не толькі па хаце, але і з Соняй. Добра, што, акрамя ўсяго іншага, Львовічу ўдалося выхаваць ува мне і самастойнасць. Бывала, цётка Рыта баялася адпраўляць мяне аднаго на электрычцы ў Мінск. У падобных выпадках ён ужываў досыць моцны аргумент, прыклад з уласнага жыцця: “Я ў яго гады ўжо адзін ездзіў у Ленінград...” або “У яго гадах я пешшу з Ленінграда ў Барысаў падчас вайны ішоў...”