Marginalis  Кірыл Стаселька

Marginalis

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 198с.
Мінск 2018
43.24 МБ
Мама амаль кожнае лета адпраўляла яго ў Ленінград, у госці да сваёй сястры Вольгі. Там жа ў 1941 годзе ён і заспеў вайну, якая надоўга разлучыла яго з маці і сястрой. Тады яму было ўсяго дзесяць гадоў. Яму карцела хутчэй дамоў. Да таго ж як ён, адзіны мужчына ў сям’і, мог заставацца ў гэтым горадзе, калі жыццям яго блізкіх пагражала вайна? У такіх умовах выправіцца ў родны горад было немагчыма, ды і хто б яго адпусціў. Але Валодзя цвёрда вырашыў самастойна вярнуцца ў Барысаў. У адзін з дзён, калі нікога не было дома, ён проста сабраўся і сышоў, нікому нічога не сказаўшы. 3 сабой у дарогу ён узяў толькі рафінад, некалькі яек і трохі хлеба — гэтага магло хапіць на першы час. Сыходзячы ў тую раніцу з хаты цёці Олі, пакідаючы Ленінград, ён і ўявіць не мог, што яго чакае, як гэты шлях дадому цалкам яго зменіць, ператварыўшы з маленькага хлопчыка ў мужчыну, які многае пабачыў ды зведаў.
Яго шлях доўжыўся каля чатырох гадоў, за якія ён пешшу прайшоў больш за семсот кіламетраў. Выпрабаванні, што выпалі на яго долю, здолеў бы вытрымаць, мабыць, не кожны дарослы, не кажучы ўжо пра дзіця. Ежы не было, разлічваць магчыма было толькі на дары прыроды або дапамогу незнаёмых людзей. Начаваць даводзілася там, дзе заспее ноч. Утульны цёплы ложак цётчынага дома змянілі палі, стагі сена, узлескі. За гэты час ён не аднойчы стаяў на мяжы смерці, але дзесь-
ці дзякуючы выпадку, а дзесьці дзякуючы дапамозе чужых, зусім незнаёмых людзей цудам заставаўся ў жывых. Падзеі тых гадоў з іх крывёю, страхам, смерцю назаўжды ўрэзаліся ў дзіцячую свядомасць.
У памяці ўсплывала, як некалі наткнуўся ў адной з вёсак на нямецкую аблаву. Салдаты, прыняўшы цёмнавалосага хлопчыка з вялікімі вачыма за яўрэя, заштурхнулі яго ў калону да астатніх. Ен пачаў прасіць, маліць адпусціць яго, спрабаваў растлумачыць, што ён не яўрэй. Але хто б звярнуў увагу на дзіцячыя просьбы ў гэтым гуле крыкаў і рыданняў. Магчыма, ён так і загінуў бы ў той вёсцы, калі б не адзін салдат, які вывеў Валодзю з калоны ды прымусіў зняць штаны. Пераканаўшыся, што хлопчык не абрэзаны, адкінуў яго прэч. Ужо ў дарослым жыцці яму здаралася жартуючы адмахвацца адносна ўласнай знешнасці, успамінаючы гэты эпізод: “Я для сябе гэтую тэму закрыў яшчэ ў дзяцінстве. Нават немцам здолеў даказаць, што не яўрэй”.
Бывала, што ў дарозе сустракаў хлопцаў, такіх жа, як і ён, — адзінокіх, у пошуках уласных бацькоў. Аднойчы пазнаёміўся з трыма хлопчыкамі, але іх сумесны шлях быў нядоўгім. У адну раніцу Уладзіміра аглушылі гукі выбухаў — міны. Зямля густым воблакам разляталася ва ўсе бакі, а разам з ёй плоць яго нядаўніх спадарожнікаў. I зноў яго жыццё выратаваў выпадак, які затрымаў на месцы начлегу і не даў ступіць на міннае поле.
Імкненне вярнуцца дадому не дазваляла заставацца на адным месцы. Напэўна, даўжэй за ўсё ён затрымаўся толькі ў вёсцы Ігнатава. Там Валодзя вандраваў з хаты ў хату, дапамагаючы пасвіць жывёлу. У падзяку за дапамогу мясцовыя дзялілі з хлопчыкам скупую ежу і давалі начлег. Апошнім, у чыім доме ён жыў, быў дзед Мядзведзь — справядлівы, добры, але замкнёны і нелюдзімы мужык, які спазнаў праз вайну большае гора, чым голад або калецтва. 3 часам Уладзімір даведаўся, што ягоную ўнучку згвалцілі партызаны. Як падобнае магло адбыцца і што пасля здарылася з няшчаснай дзяўчынай, засталося таямніцай.
Там жа, у Ігнатаве, ён і пазбавіўся некалькіх пальцаў. Усё хутчэй адбылося з-за дзіцячага глупства. Неяк з вясковымі дзецьмі знайшлі ў ваколіцах гранату і вырашылі дзеля забавы кінуць каля дома аднаго з мясцовых, але Валодзя не паспеў, і яна выбухнула практычна ў ягоных руках. Нямецкі лекар найбліжэйшага шпіталя, куды хлопчыка прывёз дзед Мядзведзь, толькі кінуў: “Заўтра”. Увесь гэты час яго мучыў пякельны боль. Але на наступны дзень было яшчэ горш. Рука, спехам пераматаная палатнянай анучай, прыкарэла да грудзей. Боль толькі нарастаў: калі адрывалі ад грудзей прысохлую руку, калі ампутавалі пальцы, зашывалі далонь. Валодзя плакаў, крычаў, клікаў маці.
Да сустрэчы з ёй заставалася ўжо няшмат. Атрымаўшы ад сына ліст, напісаны алоўкам
на маленькай паперцы, Еўдакія выправілася ў Ігнатава. У лісце-трыкутніку Валодзя дзіцячым почыркам пісаў: “Вітаю, дарагая мама і сястра Таня! Я знаходжуся ў вёсцы Ігнатава. Мама, калі ты жывая, то дай мне хутчэй адказ. Калі мне ўсё расказваць, як мне было, вельмі доўгая песня. Мама, прашу цябе, дай хутчэй адказ, зусім я разгубіўся і сіратой тры гады пас кароў. Дай хутчэй адказ”.
Ён сустрэўся з маці ўжо ў Ржэве, дзе пазней дапамагаў аднаўляць дарогу на Ленінград. Еўдакія ўсім паказвала фотакартку, распытвала пра сына. Убачыўшы адно аднаго, яны кінуліся насустрач. Еўдакія з усёй моцы абняла Валодзю. Яны яшчэ доўга плакалі і абдымалі адно аднаго, баючыся зноў разлучыцца. За гэтыя гады ён падрос, узмужнеў, але болып за ўсё змяніўся погляд — ён стаў дарослым, сур’ёзным. Яна адразу ж заўважыла скалечаную руку сына, але Валодзя апярэдзіў яе: “He зараз. Потым усё раскажу”.
Цяпер Уладзімір выдатна валодаў і левай рукой. Яна нават амаль не саступала правай. Ён перадаў бармэну грошы і, узяўшы куфлі, накіраваўся да аднаго са столікаў. Неўзабаве з прыбіральні вярнуўся Андрэй.
— О, і на мяне ўзяў. Дзякуй!
— У наступны раз будзеш сам, бо мне ўжо дапамагчы тут прапаноўвалі.
— Без пытанняў. 3 мяне піва.
— Ды ладна ўжо.
Выпіўшы піва, мужчыны развіталіся з бармэнам і выйшлі на вуліцу. Пачынала цямнець.
— Дадому? — удакладніў Андрэй.
— Так. Яшчэ шмат спраў. А ты?
— Я таксама. На наступным тыдні, як будзе больш часу, можам паўтарыць.
— Так, вядома. Да сустрэчы.
— Пакуль, Валодзя.
Развітаўіпыся з прыяцелем, Уладзімір адправіўся дадому. Замест таго, каб ісці па звыклым маршруце, Уладзімір пайшоў іншай дарогай — у абыход. Яму хацелася яшчэ трохі прагуляцца. 3 галавы не выходзіў выпадак з мінаком. Магчыма, і сапраўды варта было дагнаць, як і прапаноўваў Андрэй? Гэта нічога не каштавала, і наўрад ці выглядаў бы дурней, чым калі крычаў на ўсю вуліцу. Але з чаго было ўзяць, што гэта Азіз, ён нават не разгледзеў твар мінака. Толькі мімаходам, дый тое ў адлюстраванні. Адкуль яму было тут узяцца?
Уладзімір спрабаваў перад сабой апраўдацца, спрабаваў трохі супакоіцца, але думкі пра былога вучня было цяжка прагнаць. У Конга ў яго было шмат студэнтаў. Але Азіз запомніўся яму больш за іншых. He толькі таму, што з часам іх адносіны сталі досыць сяброўскімі, але і таму, што менавіта ад яго Уладзімір аднойчы пачуў доўгую і заблытаную гісторыю пра старажытную кнігу і яе ўладальнікаў. Ен нярэдка ў памяці вяртаўся да гэтага аповеду, асобных яго момантаў, так да канца і не ведаючы, якая частка
гісторыі праўдзівая. За гэтыя гады паўстала шмат пытанняў, якія ён абавязкова задаў бы Азізу ў выпадку, калі жыццё звядзе іх зноў. Магчыма, сёння яму выпаў шанец, але ён яго ўпусціў. У любым выпадку, у глыбіні душы ён ведаў, што гэтая гісторыя праўдзівая, хоць і мае мноства перабольшанняў ды недакладнасцяў, як і любы пераказ.
Нярэдка Уладзімір разважаў пра ўладальнікаў кнігі, пра іх лёсы, асабліва ў пераломныя моманты ўласнага жыцця. Нягледзячы на багаты вопыт, ён зноў і зноў здзіўляўся, наколькі непрадказальная і зменлівая лінія чалавечага жыцця. Гэта тычылася не толькі герояў пачутай ім гісторыі, але і яго ўласнага жыцця, якое не аднойчы ўваходзіла ў крутыя, небяспечныя віражы. Так і цяпер, шпацыруючы па вуліцах Мільяны, Уладзімір чарговы раз спрабаваў разабрацца ў заблытаным лабірынце сваёй біяграфіі.
Усё сваё свядомае дзяцінства ён жыў з кляймом “сын ворага народа”. Ягоны бацька Леў Іванавіч быў у партыі і працаваў камсоргам шклозавода. Ен пазнаёміўся з Еўдакіяй Мікалаеўнай — маці Уладзіміра — у Барысаве, куды яна прыехала пагасціць да брата Івана. Той быў накіраваны на Барысаўскі шкляны завод для абмену вопытам. Еўдакія нарадзілася ў Петраградзе ў сям’і майстрашкловыдзімальшчыка Мікалая Мядзведзева і Еўдакіі Іванаўны. А дзядуля Уладзіміра па бацькоўскай лініі да рэвалюцыі працаваў
упраўляючым у лагойскім маёнтку вядомага графа Яўстафія Тышкевіча, ад якога Іван атрымаў у падарунак поўны збор твораў свайго любімага пісьменніка — Льва Мікалаевіча Талстога. Менавіта ў гонар гэтага пісьменніка пасля назвалі бацьку Уладзіміра.
Леў і Еўдакія ажаніліся амаль праз год пасля знаёмства. А яшчэ праз год у іх нарадзіўся сын, якога назвалі ў гонар Уладзіміра Ільіча Леніна. Гэта быў самы шчаслівы перыяд жыцця іх сям’і. Маладыя пасяліліся ў доме Алены Станіславаўны — маці Льва. Еўдакія пасябравала са сваякамі мужа, з якімі яны пасля адзначалі ўсе святы. Кожную нядзелю вялікай сям’ёй адпраўляліся на бераг Бярэзіны, дзе яны рыбачылі, весяліліся і гулялі. Там жа, каля ракі, Леў з жонкай нярэдка любілі паляваць на качак.
Будучы інструктарам у райкаме, Леў без астатку аддаваўся рабоце, нягледзячы на парок сэрца. Удзельнічаючы ў калектывізацыі, ён аб’ездзіў вялікую колькасць вёсак. Здаралася сустракацца і з мноствам несправядлівасцей, праз якія ён моцна перажываў. Бывала, па вяртанні дзяліўся з жонкай:
— Вялікая сям’я, працавітая, не наймалі парабкаў, а іх раскулачылі. Як я спрачаўся! He пагадзіліся, звезлі!
Але ён, тым не менш, быў верны партыі да самых апошніх дзён. Нават калі быў арыштаваны, нават у апошнія секунды жыцця, перад самым расстрэлам.
He менш старанна бацька Уладзіміра працаваў і ў якасці дырэктара на шклозаводзе «Кастрычнік», які ўзначаліў ужо ў дваццаць восем гадоў, скончыўшы ў Ленінградзе курсы чырвоных дырэктараў. Усяго за год здолеў давесці адстаючы завод да ўзроўню перадавога. У 1937 годзе бацька адправіўся ў Маскву слухачом прамакадэміі імя Молатава, адкуль часта пісаў жонцы, з цяжкасцю пераносячы расстанне з сям’ёй. У пачатку лютага настала маўчанне, наступіла пагрозлівая невядомасць. Праз некалькі месяцаў Еўдакія атрымала ў папяроснай скрынцы канверт без маркі і адраса. Дрыготкімі рукамі яна беражліва дастала брудную паперку са следам ад бота. Гэта быў ліст ад Лёвы. Гэта быў апошні ліст ад бацькі: “Мілая Дусенька! Калі я вытрымаў следства, карцэр, этап, то праца мне не страшная. Я не вінаваты. Патрабую перагляду справы. Дуся, вер, я быў і застаюся сапраўдным камуністам і хачу, каб дзеці былі такімі ж! Пацалуй маці. Прывітанне ўсім. Цалую, Лёва”.