Marginalis  Кірыл Стаселька

Marginalis

Кірыл Стаселька
Выдавец: Галіяфы
Памер: 198с.
Мінск 2018
43.24 МБ
Карлас і раней не быў гаспадаром жыцця, але цяпер перастаў быць гаспадаром і ва ўласным доме. Досыць хутка яго новая сужыцелька ўстанавіла свае правілы, якія ён, хоць і неахвотна, усё ж прыняў. Унутрана ён супраціўляўся новаму парадку, але гэта была плата, свайго кшталту дамова паміж ім і Альжбетай, якая цяпер узяла на сябе клопат пра дом і пра ягонага сына. Клопат пра Дыега-Хасэ, мабыць, як і раней, насіў хутчэй фармальны характар. Акрамя таго, Карласу даводзілася назіраць грэблівае і нават здзеклівае стаўленне да сына
з боку сужыцелькі, якая ў сваёй ролі была вельмі падобнай на злую мачыху са старых казак. Асабліва моцна яго раздражнялі паводзіны распешчанага Герберта, які не ўпускаў магчымасці падражніць Дыега-Хасэ. Нярэдка ён адкрываў дзверы каморы, курчыў таму грымасы, шчыпаў і смяяўся з безабароннага інваліда. У такія моманты бацька адчуваў жаль да сына і нянавісць да Герберта. Альжбета не тое што не карала сына за падобныя паводзіны, адмахваючыся ад заўваг сужыцеля, маўляў, “гэта ж дзеці, яны проста гуляюцца”, але часта нават патурала. Страшна было ўявіць, як гэтая парачка здзекавалася з Дыега-Хасэ ў яго адсутнасць. Карлас назапашваў у сабе крыўду і злосць, але нічога зрабіць так і не адважваўся. Шмат разоў ён пракручваў у галаве, як вернецца дамоў і ва ўсім разбярэцца, прыструніць гэтую нахабную жанчыну, але, калі ён прыходзіў дадому, уся рашучасць знікала, смеласць рассейвалася перад самым малым напорам моцнага характару шалапутнай і істэрычнай сужыцелькі.
Так яны пражылі каля двух гадоў. Карлас быў на мяжы сваіх нервовых і фізічных магчымасцяў, мроячы то пра ўцёкі, то пра смерць Альжбеты і яе сына, то пра сваю ўласную і Дыега-Хасэ. За гэты час у іх не было ніводнага шчаслівага моманту, Карлас толькі напераменку адчуваў нянавісць, злосць, страх, крыўду, жаль, віну і ніводнага станоўчага пачуцця. Альжбета была існым хатнім монстрам, якога ён уласнаручна прывёў у сваё жыццё.
Яшчэ болып яго палохала карціна будучыні, у якой Герберт вырасце і з няўрымслівага шкоднага хлапчука ператворыцца ў бескантрольнага юнака, а потым і грубага жорсткага мужчыну. Тады ён і яго маці зробяць з жыцця Карласа яшчэ горшае пекла. Магчыма, нічога не змянілася б і страшная карціна будучага здабыла рэальнасць, калі б не адзін выпадак, які давёў Карласа да мяжы і выбіў са шкарлупіны.
Аднойчы па вяртанні з рэдакцыі ён пабачыў агідную карціну. Дыега-Хасэ, усміхаючыся, сядзеў у лужыне мачы і фекаліяў, а Герберт макаў анучу для чысткі абутку ў гэтыя спаражненні і метадычна запэцкваў твар ягонаму сыну. Пры з’яўленні Карласа сын пачаў усміхацца яшчэ мацней, усяляк спрабуючы выявіць сваю радасць, а Герберт не толькі не засаромеўся і не спалохаўся, але пачаў рагатаць. Карлас адчуў прыліў нянавісці і злосці, які цалкам авалодаў моцным мужчынам. Ён падняў за грудкі Герберта, які ўсё смяяўся, бо яшчэ не паспеў усвядоміць, да чаго ўсё ідзе, ды выкінуў хлопчыка з каморы. Той, стукнуўшыся галавой аб сцяну, заплакаў і пачаў істэрычна клікаць маму на дапамогу. Карлас узяў вядро з вадой і пачаў змываць з твару сына бруд. Ён рабіў гэта спакойна і мерна, быццам нічога не здарылася, але апантаны крык Герберта ўсё мацней распальваў у ім злосць. Альжбета, прыбегшы на віск сына, адразу зразумела, у чым справа. Яна хутка падняла Герберта і занесла ў спальню, спрабуючы суцешыць сына.
Праз паўхвіліны яна вярнулася і з усёй сілы ўдарыла Карласа па галаве, высыпаючы на яго град лаянкі:
— Ты што робіш, ідыёт?! Як ты асмеліўся? Ты такое ж убоства, як і твой сын. Два ідыёты... Даўн. Калі не я, вы тут разам згніеце...
Некаторы час ён не звяртаў увагі на Альжбету, працягваючы абмываць сына, але ў канчатковым выніку злосць Карласа дасягнула мяжы. He намераны больш слухаць галашэнне сужыцелькі, ён вырашыў скончыць усё адным махам, адправіць усіх да чорта. Карлас хутка павярнуўся да Альжбеты, схапіў яе за горла і трохі стукнуў галавой аб сцяну.
— Заткніся, паскудзіна, інакш я прыб’ю цябе і твайго дэбільнага сына. Узяла хуценька свайго недамерка з усімі пажыткамі і прэч адсюль.
Пасля гэтых слоў ён як бы адляпіў жанчыну ад сцяны і адштурхнуў падалей. Тая не ўтрымалася на нагах ды павалілася. Затым хутка паднялася і кінулася ў спальню да сына. Збіраючы рэчы, сужыцелька не пераставала дасылаць Карласу праклёны і пагрозы, але ён, адключыўшыся ад таго, што адбываецца, нічога не чуў, працягваючы абмываць сына. У гэты момант ён адчуваў да Дыега-Хасэ нейкую пяшчоту. Хлопчык, нічога не разумеючы, усміхаўся і глядзеў на бацьку. Яго вочы выпраменьвалі першародную чысціню і шчырую любоў. Затым Карлас асцярожна распрануў сына, перанёс у ванную і памыў цалкам. Даўно ўжо сцямнела, калі ён аднёс Дыега-
Хасэ ў спальню і паклаў на ложак. Альжбеты з Гербертам ужо даўно не было. Яна забрала ўсе свае рэчы і нават крыху болып. У адплату жанчына пакінула пасля сябе беспарадак, пабіты посуд, зламаныя прадметы і сапсаваную мэблю. Дужыя рукі Карласа беражліва атулілі хлопчыка цёплай коўдрай, а ён сам, не распранаючыся, лёг побач. Хутка Дыега-Хасэ заснуў. За такі доўгі час яны яшчэ ніколі раней не спалі разам. Нават адразу пасля свайго нараджэння хлопчык спаў асобна ад бацькі.
Лежачы на баку, Карлас разглядаў рысы твару сына. Па шчоках мужчыны цяклі слёзы. Дыега-Хасэ быў яго сынам, яго крывёю, быў адзіным родным чалавекам на ўсёй зямлі. Як ён мог сябе паводзіць гэтак злосна і чэрства! Яму было шкада сына. Як магло здарыцца, што Дыега-Хасэ давялося вытрываць столькі пакут ад чужых людзей і нават ад уласнага бацькі, перш чым у таго прачнулася любоў і разуменне. Карлас злаваўся на сябе і ўвесь навакольны свет за ўсю тую несправядлівасць і злосць, што абрынуліся на ягонага сына, і за тую, з якой яму было наканавана сутыкацца ўсё астатняе жыццё. Пры гэтых думках Карлас расплакаўся, але паспеў выбегчы на кухню, каб не разбудзіць Дыега-Хасэ. Яму захацелася абараніць сына, зрабіць яго шчаслівым. Цяпер ён быў поўны рашучасці здзейсніць усё магчымае і немагчымае. Таму, калі ён даведаўся пра “Храм народаў”, адвёз сына да бабулі, каб адправіцца ў Джонстаўн. Паездка ў джунглі
Гаяны здавалася шчаслівым выпадкам, шанцам. Нават у самыя цяжкія моманты, перад тварам катаванняў і зневажанняў, Карлас не пакідаў Джонстаўн у надзеі выкарыстаць гэты шанец дзеля свайго хлопчыка.
I вось цяпер, убачыўшы ці то Альжбету, ці то вельмі падобную на яе жанчыну, ён кінуўся бегчы. Вядома ж, ён не баяўся былой сужыцелькі. У яго дзеяннях хутчэй было нешта інстынктыўнае. Нешта, што ўплывала на яго на працягу ўсяго свядомага жыцця. У апошнія гады, асабліва пасля Джонстаўна, яму часта мроіліся то Альжбета, то Габрыэла, то бацькі. У чужых тварах, манерах, рухах Карлас нярэдка прыкмячаў блізкія, добра знаёмыя дробязі. Так Габрыэла змахвала рукой валасы, з такой усмешкай бацька глядзеў на людзей, а вось так любіла сядзець яго маці. У падобных дробязях ён падсвядома спрабаваў знайсці пацверджанне, што Габрыэла не памерла, што бацькі яшчэ жывыя і ім удалося эміграваць. Бачачы хаду ці манеры, уласцівыя бацькам, ён нярэдка бег за чалавекам, спрабуючы таго разгледзець бліжэй. Ен дакладна не ведаў, што здарылася з Дыега і Хінай. Хутчэй за ўсё, бацькі даўно памерлі. Страшнай была нават не столькі іх магчымая смерць, колькі невядомасць, што ўвесь час прымушала яго даганяць і разглядаць выпадковага мінака.
З’язджаючы з Гаваны, ён адчуў пякучае жаданне выказаць да іх усю сваю любоў і падзяку, але тады пасаромеўся. Здавалася, яшчэ
рана, ён зробіць гэта як-небудзь пазней, калі яны прыедуць ці будуць ужо старэнькімі. Але ён іх так больш ніколі і не пабачыў. Таму, калі прайшло ўжо столькі гадоў, яго ўсё яшчэ мучыла тая юнацкая нерашучасць. Іх сям’я заўсёды ўяўлялася Карласу асаблівай. Дыега і Хіна ставіліся да сына як да роўнага. Яны ніколі не білі і нават не лаялі сына, нягледзячы на яго выбрыкі. Нават суседзі і знаёмыя дзівіліся з гэтых цёплых і даверлівых стасункаў у іх доме, дзе, здавалася, заўсёды пануюць шчасце і весялосць. У памяці нярэдка ўсплываў выпадак, які асабліва добра ілюстраваў прыняты ў іх сям’і спосаб выхавання. Гуляючыся ў двары, маленькі Карлас разбіў суседскае акно. Іншыя бацькі адразу ж адлупцавалі б падшыванца, але ў іх сям’і ўсё было зусім інакш. Дыега і Хіна пасадзілі сына перад сабой і спакойна, без усялякіх бацькоўскіх маніпуляцый ды зневажанняў, абмеркавалі з дзіцёнкам тое, што адбылося. Дыега і Хіна не ўяўлялі сабой узор строгасці, але і не былі абыякавымі бацькамі. У іх быў проста свой падыход да выхавання. Маці была для Карласа крыніцай цяпла і пяшчоты, добрым дарадцам і настаўнікам, а бацька выступаў свайго роду хаўруснікам, “сваім хлопцам”, сапраўдным сябрам. Ён прывучыў сына да рыбалкі і джазу. А калі Карлас зацікавіўся літаратурай і вырашыў стаць пісьменнікам, Дыега пачаў шчодра забяспечваць сына кнігамі. Бацькі заўсёды падтрымлівалі яго пачынанні, спрабуючы ва ўсім яму дапа-
магчы і падтрымаць. Пасля расстання з імі Карласа пастаянна мучылі згрызоты, што ён так і не здолеў апраўдаць надзеі і намаганні бацькоў. Таму, чарговы раз убачыўшы на вуліцы чалавека, падобнага на Дыега або Хіну, дарослы мужчына адчуваў, акрамя радасці, і дзіцячае хваляванне, у страху прадчуваючы, што давядзецца засмуціць бацькоў гісторыяй свайго няўдалага жыцця.
Усю астатнюю ноч Карлас дарэмна спрабаваў выспацца перад заўтрашняй сустрэчай з Мары. Ён не ведаў нават прыкладны кошт кнігі, але шчыра верыў, што яна не падмане. Калі сума ўсё ж апынецца добрай, ужо заўтра ён развітаецца з Парыжам і адправіцца дадому, да Дыега-Хасэ. Жані была ўжо немаладой жанчынай. Карласа мучыў страх, што з ёй нешта здарыцца, а няздатны паклапаціцца пра сябе Дыега-Хасэ можа ў такім разе пакалечыцца, а то і зусім памерці з голаду. Таму, прачнуўшыся наступнай раніцай, ён адразу ж набраў нумар цешчы, каб пераканацца, што з сынам усё ў парадку.
— Жані, як вы, як там мой сынок?
— Усё добра, ён зараз спіць. He перажывай ты так! Сам як, калі плануеш вярнуцца?
— Здаецца, нядрэнна. Калі пытанне вырашыцца сёння, больш тут не затрымаюся і адразу ж вылечу да вас, хутчэй за ўсё ўвечары. У любым выпадку яшчэ набяру крыху пазней.
— Калі спатрэбіцца затрымацца, не хвалюйся, у нас усё добра.