Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
з дакорам, і сказаў: «Замоўкні!» Ты разумееш, Барбара? — усклікнуў Гендрык, закрываючы далонямі чырвоны твар.— Разумееш, як гэта жахліва! Зусім суха, зусім ціха ён сказаў мне: «Замоўкні!». А я ж уявіў сябе дарма што не пераможным арханёлам!
Гендрык замоўк. I пасля доўгай паўзы сказаў:
— Згадаеш такое, і як усё адно ў пекла спускаешся. — I недаверліва спытаў: А ў цябе няма такіх успамінаў, Барбара?
He, у Барбары такіх успамінаў не было. I Гендрык адчуў раздражнёнасць, мала не злосць.
— Вось, менавіта! — усклікнуў ён, і ўваччу ў яго ўспыхнуў злы агонь. — Вось менавіта! Табе ў жыцці не даводзілася па-сапраўднаму саромецца. А са мною гэта здаралася часта. Тое здарэнне было толькі першае. Мне часта бывала так сорамна, я так пакутаваў, быццам мяне чэрці смажаць на патэльні. Ты разумееш, Барбара? Можаш ты мяне зразумець?
V
Сужэнец
Напрыканцы жніўня маладая пара разам з Нікалетай фон Нібур выправілася ў Гамбург. У віле ўдавы консула Мёнкебэрга Гендрык зняў увесь першы паверх, дзе былі тры пакоі, маленькая кухня і ванная. Каб абставіць вялікія ўтульныя пакоі, купілі мэблю, і гэтыя салідныя выдаткі давялося ўзяць на сябе тайнаму радцу Брукнеру.
Нікалета захацела жыць у гатэлі.
— He пераношу мяшчанскага духу ў доме гэтай Мёнкебэрг! — заявіла яна горда і нервова.
Барбара прымірэнча сказала, што консуліха па-свойму мілая і дэкаратыўная асоба.
— У кожным разе, я ладжу з ёю выдатна, — дадала яна.
Фраў Мёнкебэрг падарыла ёй на ўлазіны двух кацянят чорнае і белае, і як магла, старалася дагадзіць ім.
— Я вельмі радая, дзіця маё, бачыць вас у сябе,— бажылася пажылая дама новай жыліцы. Мы ж людзі аднаго кола.
Фраў консуліха, дачка універсітэцкага прафесара, у маладосці ведала Брукнера, калі той яшчэ быў прыватдацэнтам у Гайдэльбэргу. Яна запрашала Барбару да сябе ўгору на гарбату.
Нікалета змрочна кпіла з таго, што Барбара прымае гэтыя запрашэнні. Яна ж, у сваю чаргу, прымала ў сябе ў гатэлі акрабатаў з вар'етэ, танцоўшчыкаў і какотак — Гендрык дрыжаў ад думкі, што ў гэтую арыгінальную кампанію магла з недарэчнай, але зусім не выключанай выпадковасці трапіць і Джульета, прынцэса Тэбаб. 3 якою радасцю прыняла б у сябе фройляйн фон Нібур Чорнуто Венеру! Яна ж надта ганарылася сваім снабізмам.
— Людзі, якіх мой бацька палічыў бы вартымі сваёй дружбы, неблагія і мне, — казала яна, высока падняўшы галаву, кожнаму, хто згаджаўся выслухаць гэтыя тырады.
Зрэшты, нельга адмаўляць, што гэтым часам Нікалета была ў бліскучай форме. Усё ў ёй, здавалася, напружылася, напялося; усё ў ёй ззяла, спакушала, іскрылася, быццам яна была зараджаная электрычнасцю. Яшчэ пераможней, чым звычайна, яна насіла адважную юную галаву з пукатым лобам, вялікім сагнутым носам, яркімі вуснамі, бліскучымі зубамі. Большасць мужчын з трупы Мастацкага тэатра ўжо па вушы ў яе закахаліся. Моц лаялася і плакала, бо Петэрсэн зноў не валодаў сабою і рассупоніўся — ён не мог адмовіць сабе ў прыемнасці запрасіць Нікалету на неверагодна дарагую вячэру ў гатэль «Атлантык». Прычына на дрэнны настрой была і ў Морэнвіц, якая прывыкла служыць распрыгожаму Банэці эрзацам непрыступнай маленькай Ангелікі, а цяпер яе інфернальная абаяльнасць выціснулася больш вострай, сапраўднай і моцнай чароўнасцю гэтай Нікалеты. I што сэнсу ў тым, што памкнёная да мэтаў Рахэль мазала губы ў чорна-фіялетавы колер, ужо нічога не пакінула ад сваіх брывоў і курыла даў-
жэзныя цыгарэты «Вірджынія», хоць ад іх ёй млосна рабілася? Нікалета пырскала кашэчымі вачыма і гіпнатычна ўводзіла ў кожнага перакананасць, быццам у яе цудоўныя ногі як тыя індыйскія казачныя гіпнатызёры, якім удаецца пераканаць зачараваных слухачоў, што яны перанесеныя туды, дзе паветра сіняе, дзе растуць пальмы і па дрэвах скачуць жывыя малпы.
Хоць Оскар X. Кроге, па сутнасці, трываць не мог фройляйн фон Нібур, ён па настойлівай парадзе свайго сябра Шміца, які сцвярджаў, што публіцы «такое» падабаецца, прапанаваў ёй галоўную ролю ў першай восеньскай прэм'еры: у французскім баевіку Нікалета іграла трагічную даму з паўсвету, якую ў канцы трэцяга акта забівае адзін яе палюбоўнік. Маладога забойцу меўся іграць Банэці, чый твар, на якім была пыха і агіда, выдатна пасаваў да ролі. Сутэнёра са знешнасцю віднага гера, а, па сутнасці, гнюснага тыпа іграў Гёфген. А фраў фон Гэрцфэльд, якая пераклала і апрацавала п'есу, была за рэжысёра.
-	У гэтай п'есцы вы будзеце мець большы поспех, чым у «Кнорке», — прарочыла яна Нікалеце, якою памацярынску апекавалася з таго часу, як пачала раўнаваць Гендрыка.
—	Па сутнасці, і я так думаю, — холадна адрэзала Нікалета. — Гамбург яшчэ не ведаў такога поспеху.
—	Цьху-цьху, каб не сурочыць. Але я пэўны, мы пакажам п'есу сама мала трыццаць разоў запар, — выскаляўся Шміц, прымхліва пастукваючы па дрэве.
Калі заслона ўпала, у зале паднялася бура, Нібур выклікалі і выклікалі — публіка хацела на біс яшчэ раз паглядзець сцэну смерці. Яно і праўда, крыкі і жэсты Нікалеты, калі Рольф Банэці падняў на яе рэвальвер,
ашаламлялі. Грыміць стрэл, трагічная куртызапка падае, выкручваецца ўсім целам, крычыць, гаворыць даўжэзны маналог, асыпаючы раўнівага каханка ў прыватнасці і ўсіх мужчын наогул самымі горкімі і даходлівымі папрокамі; яна моліцца; зноў крычыць; канае.
На раніцу прэса хорам хваліла Нікалету. Усе газэты пагаджаліся, што гэта велізарнае, неверагоднае дасягненне. «Нікалета фон Нібур на парозе вялікай кар'еры!» — загаловак на першай паласе дзённай і самай папулярнай гамбургскай газэты. Такі самы змест быў і ў рэцэнзіях, дасланых у берлінскія газэты. Каля касы Мастацкага з раніцы выцягнуліся даўжэзныя чэргі, якіх Гамбург не бачыў ужо каторы год. На наступныя пяць паказаў эфектнай драмы пра прастытутку ўсе білеты былі распрададзеныя ўмомант.
А Нікалета ў дзень прэм'еры атрымала такую тэлеграму ад Мардэра:
«Патрабую каб ты неадкладна прыехала крп забараняю табе прастытуявацца на памосце крп маё мужчынскае самалюбства пратэстуе супроць твайго прыніжэння крп дысцыплінаваная жанчына абавязана безумоўна падпарадкоўвацца геніяльнаму мужчыну які намераны падняць яе да сябе крп чакаю цябе заўтра на вакзале крп у гэтай рашаючай сітуацыі тваё непаслушэнства пад любой адгаворкай будзе мець наступствам разрыў са мною — сусветным сумленнем кск Тэафіл.»
Нікалета ўладарным жэстам адпусціла некалькіх танцоўшчыц, якія зайшлі да яе павіншаваць з поспехам. Яна патэлефанавала Гёфгену і скупа растлумачыла яму, што праз гадзіну ад'язджае ў Паўднёвую Германію. Гендрык спытаўся, ці трэба разумець гэта за
жарт, ці не звар'яцела яна. Яна суха патлумачыла: ні тое, ні другое. Проста яна адмаўляецца ад ангажэменту і наогул ад артыстычнай кар'еры. Ролю ў французскай п'есе пра прастытутку можна перадаць любой іншай актрысе. Рахэль Морэнвіц напэўна ведае яе напамяць. А ёй, Нікалеце, у свеце важна толькі адно: каханне Тэафіла Мардэра.
Ад жаху ў Гендрыка аж голас прапаў, ён прамармытаў:
— Ты захварэла. Я зараз прыеду да цябе на таксі.
Праз дзесяць хвілін яны з Барбарай ужо стаялі ў пакоі Нікалеты, якая пакавала чамаданы.
Высакародны, нервовы твар Барбары пабялеў, як сцяна, да якое яна прыхілілася. Барбара маўчала; Нікалета маўчала; Гендрык гаварыў. Спачатку ён кпіў, пасля перайшоў да мальбы, нарэшце пачаў пагражаць і шалець.
— У цябе ж кантракт! Ты будзеш плаціць няўстойку.
Нікалета ціха, але з уласцівай ёй выразнасцю адрэзала:
— Наўрад ці ў гера Кроге будзе ахвота ўвязвацца ў працэс з Тэафілам Мардэрам за правы на маю персону.
Гендрык пачаў заклікаць яе да розуму:
— Твая кар'ера пойдзе на глум. Ніводзін тэатр у свеце цябе ўжо не ангажыруе.
А яна на гэта:
— Я ўжо сказала, што з найвялікшай радасцю адмаўляюся ад кар'еры. Тое, што я атрымліваю ўзамен, у тысячу разоў каштоўней, значней і цудоўней.
Голас яе ўжо страціў рэзкасць. Хутчэй ён зрабіўся меладычным ад стрыманай радасці. Гендрык не мог схаваць, як ён уражаны. Гэтая дзяўчына рабілася ўсё
больш загадкавай. Няўжо існуюць жарсці, каб так забіралі ўсяго чалавека цалкам, што ён аж ахвяруе кар'ерай, якая абяцае так многа? Гендрыку не хапала фантазіі ўявіць сабе пачуцці, да якіх не дарасло ягонае сэрца. Жарсці, якія ён ведаў, заўсёды былі на карысць ягонай кар'еры. Ён ніколі не дазваляў ім шкодзіць кар'еры, а тым больш, барані божа, ламаць яе.
— I ўсё дзеля гэтага нахабнага прарока, — сказаў ён нарэшце.
Нікалета выпрасталася, падняла нос і прашыпела:
— Забараняю табе гаварыць такім тонам пра самага вялікага з усіх, хто сёння жыве на зямлі, пра майго жаніха.
Гендрык стомлена ўсміхнуўся і выцер пот з твару.
— Ну што ж, — сказаў ён, давядзецца пра ўсё паведаміць небараку Кроге.
Пакуль ён тэлефанаваў у Мастацкі тэатр, Барбара першы раз загаварыла, і голас яе быццам прабіваўся праз флёр жалобы.
— Значыцца, ты збіраешся за яго замуж? — спыталася Барбара.
— Дзіва што, калі толькі ён мяне такую возьме! — злавесна вясёла, не глянуўшы на сяброўку, адрэзала Нікалета.
Барбара сказала:
— Ён на трыццаць гадоў за цябе старэйшы. Ён табе за бацьку можа быць.
— А і тое праўда, сказала Ніка'іета, і ў яе прыгожых вачах успыхнула полымя вар'яцтва. — Ён мне ўсё адно, што бацька. У ім я зноў знайшла страчанага. Як усё адно праз нейкі цуд аднавіліся ранейшыя повязі.
Барбара заклінала:
—	Ён жа хворы чалавек.
Нікалета горда ўзняла галаву і адказала:
—	Гэта высокая хвароба генія.
Барбара толькі застагнала ў адказ:
—	О Божа, о Божа мой, — і засланіла твар рукамі.
Калі праз чвэрць гадзіны ўвайшлі Оскар X. Кроге, дырэктар Шміц і фраў фон Гэрцфэльд, Нікалета ўжо спакавала ўсе свае куфэркі і стаяла ў вестыбюлі гатэля, чакаючы машыну, каб ехаць на вакзал.
Шміц, які раптоўна страціў мяккасць у голасе, дзіка крычаў, пагражаючы паліцыяй і арыштам; Оскар X. Кроге шыпеў, як стары кот, а Нікалета адбівалася, як драпежная птушка. Фраў фон Гэрцфэльд спрабавала апеляваць да яе розуму, але пранозлівая пагарда і ледзяны пафас Нікалеты змусілі яе замоўкнуць. Усе гаварылі наперабой: Шміц скардзіўся, што ўсе білеты прададзены, Кроге гаварыў пра недахоп мастакоўскай адказнасці і чалавечай прыстойнасці, а Гэрцфэльд ахарактарызавала паводзіны Нікалеты як пошлую істэрыку, дарэчную, бадай, ва ўзросце палавога сталення. Барбара непрыкметна пакінула гатэль. Нікалета з'ехала, не развітаўшыся з ёю.