Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
I Петэрсэн і Рольф Банэці называлі маладую жонку Гёфгена «сваім хлопцам»; тата Ганзэман буркліва дабразычыў ёй, бо яна спраўна плаціла за ежу; швейцар Кігур вітаў яе па-вайсковаму, бо ведаў, што яна дачка тайнага радцы; дырэктары Шміц і Кроге часта гутарылі з ёю. Шміц спачатку абмяжоўваўся паблажлівымі какетлівымі жартамі, але неўзабаве зразумеў яе разумную і дзейсную цікавасць да фінансавых клопатаў тэатра і ўжо ўцягваў яе ў працяглыя размовы на гэтую заўсёды актуальную, вечна трывожную тэму. Оскар X. Кроге, са свайго боку, адкрыў ёй сваю скруху пра сумніўны рэпертуар Мастацкага тэатра. Стары паборца інтэлектуальнага тэатра, ён быў сведкам таго, як у ягонай установе скетчы і аперэты пачалі выціскаць сур'ёзныя рэчы. Віна тут клалася не толькі на Шміца, які пра ўсё павінен быў меркаваць з пазіцыяў касавага збору. За зніжэнне літаратурнага ўзроўню быў адказ-
ны таксама і Гёфген, як парадаксальна гэта ні магло здацца. Ён гаварыў пра рэвалюцыйны тэатр, а сам ставіў дурныя п'ескі на забаву публіцы. Рэвалюцыйны тэатр — так і не адчынены — апраўдаў бы пастаноўку баевікоў. Кроге, нягледзячы на сваё прынцыповае непрыняцце камунізму, зайшоў аж так далёка, што ўжо актыўна выступаў за неадкладнае адкрыццё запланаванай студыі, якая разам з рэвалюцыйным духам унесла б у тэатр свежы струмень сапраўднага мастацтва. А Гендрык, выдалікатніваючыся ў красамоўстве, сцвярджаў, што спачатку трэба абсалютна заручыцца любоўю публікі і прэсы на пастаноўках рэчаў лёгкіх і даступных, а ўжо толькі тады замахвацца на стварэнне рэвалюцыйнага тэатра. Магчыма, што Ота Ульрыхс, такі ж сама цярплівы, як і поўны энтузіязму, верыў гэтым довадам свайго добрага сябра. Але Барбара была больш скептычная.
Яна любіла гутарыць з Ульрыхсам. Ёй падабалася безумоўнасць і прастата ягонага мыслення. Сама яна больш схілялася да сумненняў. Зрэшты, яна запэўнівала, што нічога не разумее ў палітыцы, і ў гэтым Гендрык яе падтрымліваў.
— Ты не маеш аніякага ўяўлення, наколькі ўсё гэта сур'ёзна, — казаў ён, накідаючы на сябе маску старой тыранічнай гувернанткі. — Ты да ўсяго падыходзіш з пазіцыяў гульні, з халоднай цікаўнасцю. Вера ў рэвалюцыю для цябе толькі пацешны псіхалагічны феномен. А для нас гэта святая святых.
Так гаварыў Гендрык. Ота Ульрыхс, які добрую палавіну жыцця і даходаў аддаў палітычнай працы, здаваўся менш строгім. Ён па-бацькоўску прывячаў Барбару, але заўсёды прыязна.
— Вы прыйдзеце да нас, Барбара, я ведаю, — казаў ён упэўнена. — Вы ж ужо цяпер ведаеце, што з намі праўда і будучыня. Вы толькі крышачку баіцеся прызнацца ў гэтым самой сабе і зрабіць адпаведныя высновы.
—	Можа, я і праўда проста крышку баюся, — усміхалася Барбара.
А тым часам яна не магла ўдосыць наздзіўляцца з той дабрадушнай цярплівасці, з якою ён ставіўся да Гёфгена, які так марудзіў з рэвалюцыйным тэатрам. Яна прыспешвала Гёфгена, настойвала хутчэй адкрыць тэатр, зрэшты, яна мела на тое свае асабістыя, эгаістычныя падставы: ёй хацелася зрабіць эскізы дэкарацыяў для першай пастаноўкі з рэвалюцыйнага цыклу.
— Яно, канечне, так — справа гэта не мая, — ледзь не кожнага дня даводзіла яна Гендрыку, — у мяне вера ў сусветную рэвалюцыі — не святая святых, але мне сорамна за цябе, Гендрык. Калі ты сур'ёзна не возьмешся за справу, ты проста паставіш сябе ў смешнае становішча.
Пасля такіх заўвагаў твар у Гендрыка бляднеў, рабіўся непранікальным. I яго вочы пачыналі касавурыцца ўжо не з какецтва, а ад раздражнення.
Ён звысака адказваў:
—	Дылетанцкая балбатня. Твая цемната ў пытаннях рэвалюцыйнай тактыкі абсалютная.
Яго рэвалюцыйная тактыка заключалася ў тым, што ён кожны дзень прыдумляў усё новыя і новыя выкруткі, каб толькі адцягнуць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра. Але каб хоць што-небудзь зрабіць для рэвалюцыі, ён неспадзявана рашыў выступіць з дакладам на тэму «Пра сучасны тэатр і яго маральную адказнасць». Кроге, які ўсё больш натхняўся гэтай тэмай,
аддаў Гёфгену памяшканне Мастацкага тэатра на нядзельную раніцу. Даклад Гёфгена быў складзены часткова са словаў поўнага энтузіязму дырэктара, часткова са словаў Ота Ульрыхса і зрабіў даволі моцнае ўражанне: гэта была патэтычная прамова, якая нікога ні да чога не абавязвала і ў якой як ліберальна, так і памарксісцку настроеныя маладыя людзі з залы знайшлі шмат фразаў і выразаў, якія вельмі ім спадабаліся. У канцы ўсе запляскалі, і амаль усе былі перакананыя ў сумленнасці мастацка-палітычных памкненняў Гендрыка. На другі дзень пра гэта падрабязна пісалі ў rasaTax. Такіх водгукаў якраз і чакаў Гендрык Гёфген.
— Цяпер сітуацыя выспела, пара дзейнічаць, заявіў ён, па-змоўніцку пераглянуўшыся з Ульрыхсам.
Выбралі п'есу для прэм'еры ў рэвалюцыйным тэатры. Праўда, гэта была не тая радыкальная п'еса, якую выбралі і збіраліся рэпетыраваць летась. У апошні момант Гендрык з тактычных меркаванняў спыніўся на п'есе з эпохі вайны ў трох актах — пра жахі зімы 1917 года ў адным буйным нямецкім горадзе. П'еса мела расплывісты пацыфісцкі характар, у ёй не было яўна сацыялістычных ідэяў. Барбара зрабіла эскізы дэкарацыяў: бедны пакоік, шэрая вуліца з чэргамі па хлеб. Ота Ульрыхсу і Гедзе фон Гэрцфэльд далі галоўныя ролі.
Гёфген-рэжысёр працаваў на першай рэпетыцыі з шалёным натхненнем. Калі ён са стрыманым пафасам дэкламаваў даўжэзную абвінаваўчую прамову, якую павінна была сказаць у канцы трэцяга акта фраў фон Гэрцфэльд у ролі трагічнай маці, Ота Ульрыхс крадком выціраў слёзы і нават Барбару прабрала. Але да другой рэпетыцыі Гендрык асіп на глебе нерваў. На
трэцюю прыйшоў накульгам. У яго раптам зацякло правае калена, ён скардзіўся, што не можа яго разагнуць. I нарэшце, на чацвёртую рэпетыцыю явіўся з такім бледным і злосным тварам, што ўвагнаў усіх у страх і, як выявілася, не без падставаў, бо быў у самым агідным настроі, абазваў фраў фон Гэрцфэльд дурніцай, а суфлёрцы Эфой прыгразіў неадкладным звальненнем.
— Вы сабатуеце, крычаў ён на яе. Думаеце, я не ведаю чаму? Магчыма, партыйныя сябры гера Мікласа далі вам такое заданне! Але мы пакладзём гэтаму канец, знойдзем на вас управу, дамо рады і вам, і вашаму спадару Мікласу, і вашаму чыстаплюю геру Кнуру і ўсёй вашай выклятай хеўры, гэта ўжо паверце мне на слова!
I Эфой не дапамаглі ні горкія слёзы, ні божбы, што ні ў чым такім яна не вінаватая.
Пасля гэтай рэпетыцыі, якая пакінула ва ўсіх самыя непрыемныя ўспаміны, Гёфгена паклалі ў пасцель з жаўтухай. Два тыдні ён не паяўляўся ў тэатры. Ульрыхс, Банэці і Ганс Міклас падзялілі паміж сабою ягоныя ролі. Пасля выздараўлення ён паявіўся, слабы, змораны, і яго брыльянтавыя вочы пацьмянелі і пажаўцелі. Адкрыццё рэвалюцыйнага тэатра адклалі на няпэўны час: урач катэгарычна забараніў Гендрыку Гёфгену браць на сябе якую б там ні было нагрузку, акрамя бягучай і неадкладнай.
Прынамсі, для аднаго члена трупы Мастацкага тэатра такое развіццё падзеяў было ў радасць: Ганс Міклас ззяў, трыумфаваў. Ён жа з самага пачатку ведаў, што ўся гэтая гісторыя з так званым рэвалюцыйным тэатрам была чыстая хімера — пра гэта ён заявіў
уголас у «Г. М.», і дакорлівыя позіркі фраў фон Гэрцфэльд не маглі ўтрымаць яго ад шматразовага паўтору гэтых слоў. Яго ўпарцісты твар, здавалася, прасвятліўся ад той прыемнасці, якую ён атрымаў ад фіяска рэвалюцыйнага тэатра. Цэлы дзень ён быў у гуморы, насвістваў і спяваў, чорныя ўпадзіны на шчоках прапалі, ён перастаў кашляць і нават частаваў Эфой гарэлкай. Такога яшчэ ні разу не здаралася, і добрая жанчына сказала:
— Хлопча, хлопча, сёння ты зусім спанталычыўся.
Вядома, прыемны інцыдэнт мог палепшыць настрой юнаму Мікласу толькі мімалётна, ненадоўга. Ужо на другі дзень твар яго зноў зрабіўся злосным і замкнёным, зноў пазначыліся ўпадзіны на шчоках, кашаль зноў выклікаў трывогу.
«Як ён усіх нас ненавідзіць, — думала Барбара, назіраючы за ім. Яе не пакідала абыякавай змрочная абаяльнасць нявыхаванага юнака. Густая, непаслухмяная чупрына над светлым лобам, цёмныя кругі вакол задзірыстых вачэй і ўпарты, хваравіта-яркі рот былі ёй мілейшыя за стомленую мітусню на твары ў прыгожага Банэці. У вузкай, статнай постаці маладога Мікласа — у гэтым натрэніраваным, гнуткім і славалюбным целе — было нешта такое, што кранала Барбару. Таму яна часам спрабавала ўцягнуць яго ў размову. Спачатку ён адказваў жонцы ненавіснага яму начальніка азлобленым недаверам. Але спакваля Барбары ўдалося заваяваць яго прыхільнасць. Часам яна запрашала яго на куфель піва і бутэрброд у «Г. М.» такія праявы ўвагі Ганс Міклас умеў цаніць. I калі Барбара злавалася на Гендрыка, ёй было асабліва прыемна забаўляць гутаркай гэтага злоснага хлапчука.
— А ці не хацелася б вам правесці са мною вечар з'едлівасці? — прапаноўвала яна тады.
I ён адразу згаджаўся. Ён заўсёды згаджаўся на «вечары з'едлівасці», асабліва калі яго частавалі півам і мясам.
3 цікаўнасцю, да якое дамешвалася немалая доля жаху, слухала Барбара Мікласа, які расказваў, як ён любіў і ненавідзеў. Ніколі яна не сядзела за адным сталом з чалавекам, што трымаўся б такіх думак і поглядаў, якія гэты хлопчык адстойваў з такім фанатызмам. Ёй было ясна, што ён пагарджаў усім тым, ненавідзеў усё тое, што ёй самой, яе бацьку і яе сябрам было дарагое, без чаго яны не маглі жыць. Што ён меў на ўвазе, калі з такім шалам нападаў на «пракляты лібералізм» альбо высмейваў «пэўныя жыдоўскія і зжыдзелыя колы», якія, на яго думку, разбурылі нямецкую культуру? «Так, ён мае на ўвазе ўсё тое, што я заўсёды любіла, у што заўсёды верыла, — думала Барбара. — Ён мае на ўвазе свабоду, калі гаворыць пра «жыдоўскую свалату». I яна спалохалася да глыбіні душы. Тым не меней цікаўнасць прымусіла яе не спыняць размовы, якая, на яе думку, насіла проста неверагодны характар. Ёй здавалася, што з цывілізаванага свету, у якім яна прывыкла жыць, яна пераносіцца ў зусім іншы, чужы і дзікі. Чым натхнялася такая загадкавая істота, як Ганс Міклас? Якія ідэі і ідэалы распальвалі яго разбуральны пал? Ён марыў пра «свабодную ад яўрэяў» нямецкую культуру, і Барбара здзіўлена ківала галавой. Калі ж яе дзіўны субяседнік пачаў тлумачыць ёй, што «ганебны Версальскі дагавор павінен быць разарваны», а германская нацыя павінна зноў стаць «абароназдольнай», вочы ў яго