Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
— Гайнц!
Імя, якога ён саромеўся, ад якога адмовіўся... Але было соладка да жудасці пачуць яго з вуснаў негрыцянкі. Тым не меней ён прымусіў сябе груба яе абарваць:
— Што ты сабе дазваляеш? Ты за мной сачыла?
У адказ яна пакепліва махнула прыгожай моцнай рукой:
— Ша-ша, радасць мая! Будзеш выдурнівацца, я прыйду ў тэатр і нараблю скандалу!
Яму не дапамагло цыканне.
— Ты рашыла мяне шантажаваць?
Яна выскалілася:
— А то ж бо не!
I заблішчалі яе зубы і вочы.
Яе шырокая ўсмешка была настолькі подлая, што яму страшна зрабілася, ён адчуў, што супрацьстаяць ёй немагчыма. Ён заштурхнуў Джульету ў пад’езд, баючыся, што нехта можа прайсці міма і ўбачыць яго ў такой кампаніі. Так, прынцэса Тэбаб выглядала не вельмі прэзентабельна. Фетравая шапачка, глыбока
насунутая на лоб, заношаны цесны жакецік былі таго самага ярка-зялёнага колеру, што і высокія бліскучыя боцікі. Вакол шыі боўталася боа з брудных раскашлачаных белых пёраў. Над гэтым жалю вартым уборам цямнеў шырокі твар з тоўстымі абветранымі губамі і сплюснутым носам.
— Колькі табе? — рэзка спытаўся ён. — У мяне самога цяпер няма грошай...
Яна адказала амаль шальмавата:
— Грашыма не адкупішся, малпачка ты мая цукровая. Ты павінен бываць у мяне.
— Што гэта табе ў глузды ўбілася? — прамармытаў ён дрыготкімі губамі. — Я жанаты...
Але яна строга абарвала яго:
— He мялі лухты, баран. Спадарыня жонка не можа табе даць таго, што табе зараз трэба. Я прыглядалася да яе, тваёй Барбары.
(Адкуль яна ведала імя? Нявінная акалічнасць — што яна ведала яе імя, напоўніла Гендрыка асаблівым страхам.)
— He з яе пер'ечкам у высцігі кідацца, — дадала прынцэса Тэбаб, дзіка зіркаючы.
У Гендрыка ад страху на лобе выступіў халодны пот, калі ён падумаў, што чарнамазіна аблае Барбару, дачку Брукнера, «качкай-нязграбай». Але Джульета яўна не схілялася да працягу гэтай тэарэтычнай гутаркі. Грозным тонам, які патрабаваў неадкладнага адказу, яна сказала:
— Дык калі ж ты прыйдзеш да мяне?
У пакойчыку пад дахам, шэрым і зусім пустым, упрыгожаным толькі рэпрадукцыяй рафаэлеўскай мадонны, якая толькі падкрэслівала галечу і нэндзу, зноў
пачаліся страшныя экзэрсісы, якія раней выконваліся на фоне дэкарацыяў буржуазнага пакоя ў кватэры консуліхі Мёнкебэрг. Малады сужэнец зноў дыхаў чужым, але і родным пахам, настоеным на самых танных парфумах, змяшаным з дыханнем джунгляў. Ён зноў слухаўся грубага гаўклівага голасу, плескачоў, рытмічнага прытопу настаўніцы. Тут ён зноў дэкламаваў французскія вершы, калі, стогнучы ад стомы, падаў на цвёрдыя нары, якія служылі ложкам дачцэ правадыра. Але цяпер гэтыя змрочныя ігрышчы, якім Гёфген, як і раней, аддаваўся двойчы на тыдзень, прыводзілі да новай, агіднай кульмінацыі, якой раней не бывала. Калі ўсё канчалася і фройляйн Джульета пакідала свайго задаволенага і змардаванага вучня ў спакоі, Гендрык у гэтай каморцы, перад гэтай жанчынай заводзіў гаворку пра сваю жонку Барбару.
Тое, што ён крыў ад сціпла-выпрабавальнай і раўніва-напружанай цікаўнасці сваёй прыяцелькі Геды фон Гэрцфэльд, тое, што ён крыў ад сяброўскай цікаўнасці свайго аднадумцы Ота Ульрыхса, у тым якраз ён і прызнаваўся Чорнай Венеры, якая адна і толькі адна магла зваць яго Гайнцам: ён спавядаўся ёй, як пакутаваў праз Барбару, з ёй і толькі з ёю ён прымушаў сябе быць шчырым. Ён нічога не хаваў ад яе, нават сваёй ганьбы. Калі фройляйн Мартэнс даведалася пра ягонае фіяска ў ложку, пра яго мужчынскую ганьбу, яна рагатала доўга, груба, ад шчырай душы. Гендрык курчыўся ад гэтага рогату, ён быў яму страшнейшы за самыя страшныя лупцоўкі. А дачка правадыра выскалялася:
— Ну, калі гэта так, салодзенькі мой, калі яно і праўда ўсё так, дык не чакай ад сваёй красуні нейкай там павагі.
Ён расказаў ёй пра ранішнія Барбарыны «канкуры», якія яму здаваліся выклікам; ён скардзіўся на ганарыстыя экстравагантнасці.
— Робіць сабе кактэйлі з сырых яец з дзесяццю вострымі соўсамі і глядзіць на мяне зверху ўніз толькі таму, што я сваё яйцо ем, як звычайны смяротны, з талеркі. Усё ў маёй кватэры павінна быць такое, як у доме яе бацькі і бабулі. Яна нават забараніла мне ўзяць слугою майго маленькага Бёка. Такі мілы і такі мне верны, з ім бы яна не магла згаварыцца супроць мяне. Але не — ці ж бо яна вытрывае ў доме такога чалавека? Вось яна і прыдумляе розныя зачэпкі і божыцца, што маленькі Бёк не можа трымаць у доме парадку, a сама ж яго нават на вочы не бачыла! Ён столькі гадоў мой касцюмер, і я магу прысягнуць, што парадак ён трымае ідэальны. I вось мы ўзялі нейкую апоўзлую старэчу, якая дваццаць гадоў служыла ў генераліхі, каб толькі нічога не мяняць у жыцці дачкі тайнага радцы.
Усё гэта Чорная Венера выслухоўвала з вялікай цярплівасцю, яна прыняла да ведама, што Барбара круціцца ў прыстойных гамбургскіх колах («у тайных радцаў і дырэктараў банкаў», — з нянавісцю сказаў Гендрык), куды яго, актора Гёфгена і на парог не пускалі, альбо запрашалі Барбару «з мужам». Ад такога прыніжэння ён адмаўляўся. Барбара наведвала месцы, якія былі яму чужыя альбо варожыя, — універсітэты, салоны. Яна бясконца пісала і атрымлівала пісьмы, а Гендрык нават не ведаў, з кім гэта яна ў такіх цесных стасунках. На ўсё гэта ён горка скардзіўся сваёй Чорнай Венеры. Ён пытаўся ў Джульеты, што яна думае, ці няма ў тых лістах, якія Барбара пасылае бацьку, генералісе альбо падазронаму сябру маладосці Себасцьяну, чаго-небудзь
абразлівага для яго, Гендрыка. Прынцэса Тэбаб не магла яго супакоіць на гэты конт.
— А напэўна ж яна здзекуецца з мяне! — усклікнуў Гендрык. — Калі б сумленне ў яе было чыстае, яна паказала б мне хоць адзін з тых лістоў. А яна ніколі нічога не паказвае.
Гэта асабліва мучыла Гендрыка і асабліва яго прыніжала — ён жа колькі бо разоў паказваў Барбары лісты, якія атрымліваў ад маці, фраў Бэлы.
— Але годзе, больш яна не ўбачыць ніводнага, — заявіў ён чорнай дачцэ правадыра. — Навошта мне расхінаць перад ёю ўсю душу, калі ў яе ад мяне спрэс адны тайны? У дадатак ёй хапае нахабства смяяцца з пісьмаў маёй маці.
I сапраўды, Барбара смяялася ад душы, калі Гендрык паказаў ёй пісьмо, у якім фраў Гёфген паведамляла, як закончыліся апошнія заручыны Ёзі. «Мы ўсе вельмі радыя, што ўсё закончылася так удала»,— пісала бедная маці. I тут Барбара доўга смяялася. Зрэшты, Гендрык і сам павесяліўся: у той час ён таксама лічыў гэтае месца ў матчыным пісьме вельмі смешным. Крыўда прыйшла пазней, калі ён усё прыгадаў, спавядаючыся Чорнай Венеры.
— У яе сям'і ўсё святое! усклікнуў ён. — Пра фраў генераліху і яе ларпетку слова жывога не скажы. А з маёй маці можна смяяцца колькі ўлезе.
Такімі скаргамі і лямантацыямі канчаліся візіты ў паддашак Джульеты. Перш чым пакласці на начны столік пяць марак і пайсці, ён казаў сваёй прынцэсе, што кахае яе куды, куды больш, чым Барбару.
— Гэта няпраўда, — адказвала Джульета спакойным і глыбокім голасам. — Зноў хлусня.
На гэта Гендрык усміхаўся шматзначна, хваравіта, пакепліва, крыху прасветлена.
— Хлусня? — перапытваў ён ціха. I потым светлым голасам з паднятым падбародкам: Ну, мне пара ў тэатр...
Рэпетыцыі новай пастаноўкі «Сну ўлетнюю ноч», у якой Гендрык іграў караля эльфаў Абэрона, і падрыхтоўка да вялікага рэвю былі яму важней і хвалявалі куды больш, чым складанае, але пустое пытанне, каго ён кахае больш — Барбару ці Джульету.
Наш брат не мае права ўхіляцца ад працы дзеля прыватных справаў, — тлумачыў ён сваёй прыяцельцы Гедзе. — Бо мы ж такі, зрэшты, найперш — мастакі, — казаў ён, і твар яго набываў складаны горда-пераможны, пакутніцкі выраз.
Барбара, якая праводзіла дні ў спорце, чытанні, маляванні і пісьмах, альбо на выстаўках, альбо ў універсітэце, часам вечарамі заходзіла ў тэатр па Гендрыка. Бывала, яны праводзілі гадзінку ў грымёрнай альбо ў «Г. М.»,— праўда, Гендрык не вельмі любіў гэта. Падазраючы, што жонка будзе падбіваць супроць яго калегаў, ён усяляк перашкаджаў кантактам паміж ёю і трупай. Марна спрабавала Барбара зрабіць накіды дэкарацыяў ддя адной зімовай прэм'еры. Гендрык шмат разоў абяцаўся ёй перагаварыць з тэатральнай дырэкцыяй, дабіцца заказу, і кожнага разу прыходзіў з адказам, што дырэктары Шміц і Кроге зусім не супроць такой ідэі, але што ўсё рушыцца ад супраціўлення фраў фон Гэрцфэльд.
I гэта не было высмактана з пальца. Геда і насамрэч рабілася нязноснай і змрочнай, як толькі гаворка заходзіла пра Барбару. Палкая рэўнасць рабіла разум-
ную жанчыну злоснай і несправяддівай. Яна не магла дараваць «гэтай» Барбары, што Гендрык ажаніўся з ёю. Наўрад ці фраў фон Гэрцфэльд была настолькі пахапная, каб мець нейкія сур'ёзныя віды на Гендрыка. Яна ведала пра дзіўныя густы любага ёй чалавека, яна была прысвечана ў змрочную таямніцу ягоных узаемінаў з прынцэсай Тэбаб. Роля, якою яна мусіла задавольвацца — і шмат гадоў задавольвалася — была роля сястры і даверніцы. I раптам менавіта гэтую роліо ў яе аспрэчвае Барбара. Геда цешыла сябе тым, што суперніца грае ролю недасканала... Гендрык не гаварыў пра гэта адкрыта і ясна, але абвостраны інстынкт раўнівіцы і без таго адгадваў усё сам: фраў фон Гэрцфэльд ведала, што тут крыецца, — дачка тайнага радцы занадта патрабавалыіая. Трэба забыць пра сябе, адмовіцца ад сябе, каб сужыцца з Гендрыкам Гёфгенам. Бо такі чалавек, як ён, найперш думае пра сябе. А Барбара патрабавала ад яго занадта шмат. Яна прэтэндавала на шчасце. 3 гэтага фраў фон Гэрцфэльд толькі пагардліва пасмейвалася. Чаго ж не разумее фанабэрыстая Барбара? Адзінае шчасце, якое можа даць мужчына тыпу Гендрыка Гёфгена, — гэта яго хвалюючая прысутнасць, яго чароўная блізкасць...
Нешта падобнае адчувала і маленькая Ангеліка, але мілае і пяшчотнае стварэнне ў адрозненне ад ужо прыстарэлай Гэрцфэльд здолела цалкам аддацца волі лёсу. Маленькая Зіберт пакутавала, але не ненавідзела. Жонку Гёфгена Барбару яна прыняла з нясмелым шанаваннем. Калі тая, якой яна зайздросціла, аднаго разу ўпусціла з рук хусцінку, Ангеліка хуценька нахілілася падняць. Барбара не без подзіву падзякавала, а маленькая Зіберт пачырванела, бездапамож-
на заўсміхалася і спалохана змружыла блізарукія вочы.
Адносіны Барбары з безнадзейна закаханымі ў яе мужа фраў фон Гэрцфэльд і Ангелікай былі заблытаныя і цяжкія, але тым шчырэйшыя былі яны з астатнімі дамамі трупы. 3 Моц яна мела звычку падрабязна абгаворваць цэны на прадукты, краўцоў і хібы мужчынаў наогул і характарнага актора Петэрсэна ў прыватнасці. Барбара ўмела так міла выслухоўваць словацечывы прастадушнай, тэмпераментнай жанчыны, што Моц прыйшла да высновы, якую яна ахвоча выказвала, што маладая фраў Гёфген «класная баба». Гэтае меркаванне падзяляла і Морэнвіц: Барбара нават не мазалася і наогул ані не прэтэндавала на «інфернальнасць», а тым самым ніяк не магла быць канкурэнткай адстаўленай рыхлі.