Мяжа
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 264с.
Мінск 2011
Званіць Феліксу? I ён прыйдзе, насмешлівы або злосны, і пачнуць яны перазвоньвацца на ўсё возера, бо не адразу ж знойдзеш, і пойдуць гютым назад, і ён, Галубоўскі, мокры, аблезлы і нікудышны, паўстане перад «дамамі»...
Гукаць рыбакоў? А мо сам выграбуся? Мо не так усё кепска? Яно ж нібыта не глыбока, утапіцца не ўтопішся...
Ён сціскаў у руцэ тэлефон — і не званіў. Набіраў у рот паветра — і маўчаў. Холадна вельмі было... I вельмі сорамна.
Вось табе прынцыповасць! Вось яна, плата за маральнасць — заместа ўзнагароды! А не трэба было акторстваваць, дурыць, капрызіць не трэба было — і не праваліўся б, не замярзаў бы цяпер, не боўтаўся б, як дзярмо ў псльцы, не стаяў бы раскіракаю — а ляжаў бы ў цёплым ложку з дзеўкаю, як Фелікс, мабыць, зараз... Трэба яна табе была, гэтая прынцыповасць? А калі б Фелікс не сказаў бяскрыўднае «баішся» — застаўся б? He, не застаўся б... Калі б Фелікс нават каўнер адрываў, утрымліваючы, — уцёк бы. Чаго ўжо тут... He кожнаму, дарагі мой, дадзена, не так гэта проста, як у тваіх анекдоціках!..
Плакаць хацелася і ад холаду, і ад бяссілля, і ад сораму... А сама больш — ад несправядлівасці.
Ён і заплакаў. Стаяў па іюяс у ледзяной вадзе, пад гэтым вечным месячным святлом, маленькі, скалелы, напалоханы, бездапаможны — мікраскапічная пылінка ў Космасе, і хныкаў, румзаў так, што салёныя слёзы ажно ў нос зацякалі!
Ужо ў мазгах у яго пачало муціцца. Месяц, вада, лёд, снег, лес, агеньчыкі палатак і агеньчыкі зорак, і белае, і чорнае, і сіняе... Ён перастаў усхліпваць. Закінуў галаву, углядаючыся ў неба, невядома што там шукаючы. Месяц быў той самы, што суправаджаў яго ўсё жыццё, ад дзяцінства і да сёння, зазіраў у яго пакой, у кухню, асвятляў яму сумесна з ліхтарамі мілыя мінскія вуліцы... А цяпер сеяў сваё сіняе, халодна-прыцягальнае, мёртвае святло і не было яму аніякай — абсалютна ніякай справы да таго, што чалавек так несправядліва гіне!..
— Хто тут? — раптам пачулася зусім блізка.
Ён хацеў адказаць: «Памажыце, замярзаю, таплюся», — але не змог, словы захраслі ў горле.
— Руку давайце!.. Ды смялей, не бойцеся... Як вас уперла сюды?
VII
У палатцы, ці хутчэй гэта быў нейкі шалаш, гарэлі, ціха патрэскваючы, штук пяць свечак-лампадак, невялічкіх, але ад іх было светла, цёпла і нават утульна. Пахла плаўленым парафінам, свежай рыбай і трохі бамжатняю.
Галубоўскі сядзеў у кутку на лахманах, прагна глытаў гарачы чай з алюміневай конаўкі, адчуваючы, як марудна, млявай прыемнай хваляю разліваецца цяпло па змучаным целе і спалоханай, збалелай душы.
Яго збавіцель корпаўся нешта ў кутку, перабіраў свой рыбацкі скарб і (быў, відаць, з пароды «галубоўскіх») усё гаварыў, гаварыў — ціха, манатонна:
— А я чую, нехта боўтаецца... Плёхае... Спалохаліся? Ды тут не ўтопішся — неглыбока... Адно холадна... Вы піце, сёрбайце хоць гарбату! Як ведаў — заварыў акурат... Трэба ж, як калоціць вас, беднага! Яно каб у пасёлак, ды выкруціцца, пасушыць вас... Бо як вы ў электрычцы паедзеце? Ці потым па горадзе? Як-ніяк сталіца, а вы ў мокрым... Пазіраць будуць, падумаюць немавед што...
Галубоўскі не мог вызначыць яго ўзрост, не бачыў і яго твару — рыбак увесь час нібы знарок паварочваўся да яго то спінаю, то бокам. Але здавалася, чалавек гэты яшчэ не стары, чамусьці абавязкова з барадою, з мяккімі, вельмі добрымі і вельмі сумнымі вачыма. I ад таго, што ён так шкадуе яго, чужога і дурнога Галубоўскага, называе бсдным, асабліва ад гэтага мілага «выкання» Галубоўскаму хацелася прытуліцца да яго і яшчэ трохі ціха паплакаць.
— Грэйцеся, піцс на здароўе... На электрычку ішлі? Дача тут? Мабыць, дача... У мяне таксама была... I дача, і машына, і жонка, і кватэра ў Мінску... Усё было, як у людзей. Цяпер толькі халупа тут, у пасёлку... Болып нічога няма. Я б вас завёў, дык там месяц не палена, халадрыга, дроў няма... Памерла ў мяне жонка, во дзе бяда... I паліць няма каму... I навошта? А ў мінскай кватэры дачка, з сужыцелем жывуць... Хай жывуць. Я ім не суддзя. Зімой толькі кепска — холадна ў хаце, у халупе маёй... Адзінока... А вы жанатыя? 1 дзсці ёсць? I працуеце? На фірме? I машына свая? Хаця цяпер у каго іх няма... Толькі жыві... Шчаслівыя вы, і такія маладыя яшчэ... I мне грэх скардзіцца! Многа не трэба — як, мусіць, і вам... Што маю — тое і маё. Скора пацяплее, а там вясна, лета, жыві не хачу... Возера, сонца, рыба, палатка гэтая... Рыбакі выкінулі, я падабраў, падлатаў, яно і нічога, жыць можна... Яшчэ гарбаткі? ГІіце на здароўе. пакуль гарачая... Ды і пойдзем патроху. На станцыю... Бо ў пасёлак, да чужых, толькі сунься —
яшчэ ў прытон пападзеш, тут гэтага дабра поўна... Хто наркатой займаецца, хто самагонам, хто блудам... У мяне ў самога, сказаць вам, дачка такая. Гэта каторая ў Мінску. Выгнала вось з кватэры... Хай. Я не ў крыўдзе... Жывіце. Яе вось толькі шкада, нібыта і замужам — і бл...дзь. А ў вас нічога! Усё добра ў вас... Пасядзіце, дапівайце, я вас да самага вагона давяду. Палкі толькі пабярэм, ды і пойдзем — яно хоць месячна, светла, а паспрабуй прайдзі такім лёдам!..
2002, 2007 гг.
«КУДА НДТН В ЛЕСУ?»
Іван Аляксеевіч вяртаўся з грыбоў на станцыю.
Дарога паўсюль вяла праз лес, ён цягнуўся ледзь не да самага перона. Нядаўна адкропаў дожджык, яшчэ не паспела распагодзішіа. У паветры стаяла імжа, між дрэў вісеў сіняваты туман. Было волка, ціха і неяк сонна, пахла летам, лесам, дажджом, туманам і, канечне ж, грыбамі — тым непаўторна шчымлівым, бясконца мілым водарам моху, сырасці і грыбной цвілі.
Іван Аляксеевіч нікуды не спяшаўся. Суботні дзень, электрычкі бегаюць часта. Крочыў сабе па перасечанай каранямі, усыпанай мокрай ігліцай і лісцем дарозе, і крыху шкада яму было, што мала пабыў у лссе, не выхадзіўся так, каб ногі гудзелі. Сваё дзесяцілітровае вядро ён не заўважыў, як набраў, прычым адных белых і асінавікаў, нарэзаў іх нсяк хутка, напоўніў вядро даверху, акурат каб накрыўка легла: ён хутчэй без шкадавання выкінуў бы лішняе, чым вязці напаказ, дражніць чужое вока — нельга хваліцца ўдачай!
Каля апошняга павароту Іван Аляксеевіч спыпіўся пад хвояй, зладзеявата паглядзеў па баках і пачаў спраўляць малую патрэбу... Як тут зусім блізка ці то жаночы, ці то дзіцячы голас крыкнуў пранізліва, рэзка:
— Э-гэ-гэй!!!
Іван Аляксеевіч уздрыгнуў ад нечаканасці. Людзей у лесе ён увогуле не цярпеў, звычайна калі яшчэ здалёк заўважаў грыбнікаканкурэнта, затойваўся, стараўся схавацца, мяняў маршрут — абы не перасячыся дарогамі; што ўжо казаць пра розных крыкуноў-галёкалаў — такіх ён амаль ненавідзеў. Усё ж цяпер нават не павярнуўся на голас, спакойна дарабіў, што хацеў, і толькі пачаў прыводзіць сябе ў парадак, як — зноў:
— Э-ге-гэй! Ку-дай-це-лісу!!! — прычым гэтую лісу патрабавалі вось зараз, кроў з носу.
Іван Аляксеевіч крэкнуў, сплюнуў ціха вылаяўся. I якіх толькі прыдуркаў няма на свеце! Вось ужо сапраўды, і сеяць не трэба — самі растуць...
— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — проста-такі залямантаваў голас — нейкія скандальна-істэрычныя, зусім не лясныя ноткі зазвінелі ў ім, такія недарэчныя, настолькі чужыя гэтым хвоям, верасам ды імхам, гэтай спакойнай цішыні і адзіноце, што Івану Аляксеевічу не па сабе стала, крыху нават страшнавата і разам з тым цікава: якую лісу? навошта? хто яе так дабівасцца?
Ён асцярожна, хоць і ведаў, што заўважыць яго, апранутага ў цёмна-зялёны плашч-дажджавік, амаль немагчыма, рушыў на голас. Стаіўся за кустом арэшніку, адагнуў галінку...
Зусім блізка, метраў за дзесяць ад куста, на палянцы, стаяла жанчына, а мо дзяўчына — твару не відаць было. У руках — нічога. Зграбная постаць. Адзенне не лясное — кідкае, стракатае. 3-пад кароткай скураной куртачкі знізу і зверху вытыркаецца світар, высокі каўнер шчыльна аблягае шыю. Шнураваныя боцікі чыстыя, глянцавата блішчаць...
Івану Аляксеевічу захацелася ўбачыць яе твар. Прыгінаючыся, хаваючыся за дрэвамі, усё гэтак жа ціха ступаючы, ён абышоў палянку, падкраўся яшчэ бліжэй, паднырнуў пад старую елку, густыя лапы якой звісалі да зямлі, шалашом, і з гэтага надзейнага схову ўжо добра, у профіль, разгледзеў жанчыну... Якая жанчына! — гадоў сямнаццаць ад сілы... Твар юны, чысты, з тонкімі рысамі... Валасы, вусны... Прыгожая, дагледжаная, шляхетна-пародзістая (умомант і беспамылкова вызначыў чалавек вясковай гадоўлі Іван Аляксеевіч). Абсалютна нармалыіая! Што за чорт? Ну, голас-то, праўда, псіхованы...
«Гарадская? Распешчаная? — падумаў Іван Аляксеевіч. — Аранжарэйная?» Прыпёрлася з сям’ёй ці з кампаніяй, адстала... Разгубілася, спалохалася... Заблудзіцца тут малое дзіця не можа. Месца вытаптанае-выхаджанае, станцыя побач, перыядычны шум з чыгункі, скрозь поўна сцежак, якія ўсе зліваюцца ў адну — да станцыі.
Ну што. Усё ясна. У цябе свой клопат, у мяне — свой, табе стаяць на палянцы і лісу гукаць, мне — дамоў ехаць, справы рабіць...
— Ку-дай-це-лісу?!! Ку-дай-це-лісу?!! — не ўнімалася дзяўчына, толькі рэха па лесе ляцела. — Ку-дай-це-лісу?!!
«Не — вы мяне ў гэта не ўблытаеце», — падумаў Іван Аляксеевіч. Такое ў яго было правіла, адію на ўсе выпадкі жыцця — «вы мяне ў гэта не ўблытвайце!» Правіла як правіла. He горшае за іншыя. Прынамсі, не падвяло яго яшчэ ніколі, «ні ў прозе, ні ў дарозе», — як
сказаў паэт, ні ў грыбах, ні на рыбалцы, ні ў сям’і, ні ў адпачынку, ні на рабоце, а працаваў ён шафёрам, ці, па-іхняму, «вадзіцелем»: зорачкі ў гры рады на кабіне яго «МАЗа» свсдчылі, колькі год пракруціў ён «баранку» без аварый — роўна столькі, колькі за яе трымаўся. Такія ж зорачкі можна было смела маляваць нябачнай фарбай і на скрыжалях яго лёсу. Жыццё яго кацілася роўна, ціха, гладка — як «мазаўскія» колы па харошай дарозе. Вясковую асцярожнасць, педантызм, падазронасць ён некалі ўдала прышчапіў да гарадской практычнасці, учэпістасці, цынізму і дажыў гэткім гібрыдам да 50 гадоў прыпяваючы. Ніколі не курыў. Піў рады ў гады і толькі пад закуску. Жонка — медсястра ў паліклініцы. Двое дарослых сыноў, жанатыя, уладкаваныя, жывуць асобна, унук ад Пеці — Сярожка і ўнучка ад Колі — Машанька. Тыповая сярэдняя бсларуская сям’я. Усе больш-менш здаровыя (дзякуючы Богу і жончынаму блату ў паліклініцы), усе адносна шчаслівыя...
Што яшчэ пра яго сказаць? Якія штрыхі дадаць да яго партрэта? Напрыклад, якая была ў яго палітычная арыентацыя? Ды ніякай. «Вы мяне ў гэта не ўблытвайце!» — вось і ўвесь сказ, ці тычылася гэта незапланаванай выпіўкі, ці сямейных разборак, ці праблем на працы, ці палітычных размоў любога ўхілу. I за такую цвёрдасць, яснасць пазіцыі заслужыў ён людскую павагу, справядліва заняў свас месца пад сонцам, і называлася яно — «сапраўдны мужык». Сябры вымаўлялі гэта з павагай, а жонкі сяброў — з некаторай зайздрасцю.