Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
Пранеслася і пайшла ў нябыт шведская навала. Людзі пачалі забываць аб страшных падзеях, звязаных з ёй. Зарос густою травою курган. Але не знайшоў спакою ў чужой зямлі крывавы генерал Вэнстрам. Стала з’яўляцца страшэнная здань непадалёку ад таго месца, дзе быў ён пахаваны. Цёмнымі начамі ўставала яна на шляху прахожых і прасіла аб нечым са слязьмі ў голасе. Набожныя сяляне з бліжэйшага сяла Скварцы пры сустрэчы з ёй хрысціліся і гаварылі:
— Знікні, д’ябальскае насланнё! Мы не разумеем тваёй мовы.
Аднойчы, кажуць, гасцяваў у тых мясцінах нейкі студэнт з Віленскага універсітэта. Ён пачуў словы здані і пераклаў іх на родную беларускую мову. Аказалася, што здань па-шведску просіць падараваць ёй пальчатку для левай рукі, называе сябе генералам, хваліцца сваімі жахлівымі подзвігамі.
Удумліва слухалі людзі і галовамі, разумеючы, ківалі.
Паехаў студэнт, а нічога не змянілася. Колькі ні сустракалі здань мясцовыя жыхары, усё адштурхвалі яе словамі: «Не разумеем цябе».
Падаць жа пальчатку, значыць, дазволіць генералу спакойна заснуць у зямлі, якую заліў ён пры жыцці крывёю нявінных ахвяр. Падаць пальчатку — значыць, усё дараваць. А гэта хіба можна?
Пэўна, і вам калі-небудзь давядзецца праязджаць праз вёску Скварцы, што на Дзяржыншчыне. I ўбачыце вы зарослы высокай травой курган, і ўстане вам на шляху здань са сваёй просьбай. Усё будзе залежаць толькі ад вас. Дык паспрабуйце ж не памыліцца ў выбары.
ЧАРЛуШЦА-
ПРЫГАЖуНЯ
пытайце ў сонца, хто самы ўладны ў гэтым краі, і яно адкажа: князь Рацібор, сын мудрай Барыславы. Спытайце ў ветру, хто самы дужы з людзей тутэйшых, і ён адкажа: князь Рацібор, сын старой Барыславы. Спытайце ў горнага арла, хто самы смелы на зямлі гэтай, і ён адкажа: князь Рацібор, сын гордай Барыславы...»
Так славілі людзі Ляхавіцкага князя па ўсім краі, удзячныя яму за тое, што перамог ён, урэшце, разбіў у вялікай бітве злых ворагаў-качэўнікаў, якія, паверыўшы ў непераможнасць сваю, спакон веку рабавалі і палілі землі гэтыя.
Весела святкавалі сваю перамогу воіны. У княжацкай грыдніцы накрылі доўгія дубовыя сталы. Сотня слуг уносіла без перапынку ў залу для піравання новыя стравы. Яшчэ сотня разлівала віно па чарах. Стаяў шум, звон, гамана.
Адкінуўшыся на высокую спінку шырокага разьблянага крэсла, стомленым вокам азіраў сваіх гасцей князь Рацібор. Побач з ім, роўная і высокая, нібы сасна, сядзела старая княгіня Барыслава, адзіная жанчына, якой дазвалялася прысутнічаць на вясёлых княжацкіх забавах.
— Сын мой, Рацібор, чаму я не бачу на вуснах тваіх усмешку? — спыталася яна.— Хіба не тваю перамогу адзначаем мы зараз?
— Усё так, маці. Але нельга князю весяліцца, пакуль хаця б адзін з яго падданых сумуе.
— Хто ж тут сумуе, сыне?
— Мой добры канюшы Бяляй. Ці пір наш яму не даспадобы, ці ў сэрцы яго пасяліўся неспакой?
— Дык спытай яго пра гэта і, даведаўшыся пра ўсё, развесяліся ўрэшце.
Кліча князь да сябе канюшага і пытаецца ў яго:
— Ці не злая думка пра мяне, гаспадара твайго, мучае цябе так, што не ясі ты, не п’еш за сталом маім?
— Няма супраць цябе, княжа, у Бяляя ніякай злой думкі,— адказвае канюшы.— Але страціў я пакой, бо па-
чуў серабрысты смех Чараўніцы-Прыгажуні, якая жыве ў лесе ля блакітнай ракі.
Здзівіўся князь, але нічога не сказаў, адпусціўшы канюшага.
— Сын мой,— зноў пытаецца княгіня-маці,— хіба не супакоіў цябе адказ твайго закаханага слугі? He злоба супраць цябе, але каханне віною яго настрою. Развесяліся ж, я хачу ўбачыць тваю ўсмешку.
— Пра якую весялосць кажаш ты, маці? Зірні: яшчэ два маіх воі сумуюць: лоўчы Воўк ды сотнік Дабрыта,— кажа Рацібор.
1 вось клічуць да князя гэтых дваіх, і, без адзінай усмешкі, адказваюць яны на суровыя пытанні.
— Аднойчы, у час палявання, я пачуў у лесе песню Чараўніцы-Прыгажуні, і спакой пакінуў мяне,— расказвае Воўк.
— Табе, дружа, лягчэй, а вось я дык бачыў яе, неверагодную красуню,— кажа Дабрыта.— А хіба можна пасля гэтага думаць пра нешта іншае?
Адпусціў лоўчага ды сотніка князь Рацібор і задумаўся: «Чаму я ніколі раней не чуў пра Чараўніцу-Прыгажуню? Хто яна? Адкуль з’явілася? Навошта на людзей маркоту наводзіць? I ці сапраўды прыгажосць яе такая, што кожны страчвае розум?»
I загарэлася ў ім нясцерпнае жаданне самому сустрэцца з таямнічай красуняю. Устаў ён з-за стала:
— Зараз жа еду да яе!
I захвалявалася старая Барыслава:
— He трэба, сыне! Навошта выпрабоўваць лёс? А раптам гэта — злая вядзьмарка, і сурочыць цябе? Што будзем мы ўсе рабіць, страціўшы свайго князя?
Але непахісным было Раціборава рашэнне.
Узяўшы ў праваднікі Бяляя, Ваўка ды Дабрыту, князь смела накіраваўся ў лес. Яны доўга блукалі па гушчары, пакуль перад самым заходам сонца не выйшлі да блакітнай ракі, якая пераразала змрочны лес амаль напалову.
Вакол ракі было зусім мала дрэў, ды і тыя — танюткія, маладзенькія. I таму коннікам, што выбраліся з гушчару, здавалася, быццам само сонца спусцілася сюды, каб акунуць свае косы-промні ў рачныя хвалі. Ля ракі знайшлі яны маленькую хатку — жытло Чараўніцы-Прыгажуні. Але яе самой нідзе не было. I князь Рацібор вырашаў чакаць яе тут. Спадарожнікам жа сваім ён наказаў вяртацца і супакоіць княгіню-маці.
Неахвотна і хмура накіравалі назад коней сваіх Бяляй, Воўк ды Дабрыта. А князь пад ласкавы смех вады, пад ціхі шэпт лістоты непрыкметна для сябе заснуў.
Калі ж расплюшчыў ён вочы, перад ім стаяла, схіліўшыся, краса неверагодная, бярозка стройная, крынічка гаючая, Чараўніца-Прыгажуня. Ен адразу зразумеў: гэта яна, бо прыгажосць яе была такой, што нават розум адмаўляўся яе ўспрымаць.
I сустрэўся блакіт вачэй Раціборавых з чарнатою велізарных вачэй Чараўніцы, быццам неба дзённае і начное.
I зразумеў князь, што гэта — лёс яго, што гэта — яго адзінае каханне. Моўчкі працягнуў ён руку красуні, і, таксама моўчкі, яна паклала на яе сваю.
Доўга сядзелі яны так. Толькі калі ўжо зусім сцямнела, князь здолеў, урэшце, раскрыць вусны, каб спытацца пра імя дзяўчыны.
— Чарнава,— засмяялася яна.
— Ці не таму цябе так назвалі, што ты — дачка злога Чарнабога, які калісьці пакляўся перад Перуном загубіць род чалавечы?
— Зусім не,— адказала прыгажуня.— Але паглядзі, якога колеру ў мяне вочы і валасы.
I дзяўчына абедзвюма рукамі ўзняла над галавой тоўстую чорную касу, такую доўгую, што яна, калі Чараўніца ішла праз лес, заўсёды цалавалася з зямлёю і травой.
— Я чакала цябе, князь,— вымавіла прыгажуня, ласкава гледзячы на Рацібора.— Колькі разоў, седзячы каля вады, я паўтарала: прыйдзі да мяне. I вось ты тут. Дзякуй табе, княжа, што пачуў мой покліч. Але пойдзем у хату. Ужо цёмна і становіцца халодна. Я пачастую цябе мёдам, які падаравалі мне лясныя пчолы, грыбамі і ягадамі. Я хачу, каб табе спадабалася ў мяне.
Усю ноч прагаварылі Рацібор і Чарнава, і дзяўчына ўрэшце адкрыла яму таямніцу сваёй незвычайнай сілы над людзьмі.
— He, княжа, я не вядзьмарка. Але валодаю вялікім дарам ад багоў. Ён і радасць мая, бо дапамог сустрэцца з табою, і гора, бо вакол мяне зараз адны закаханыя, а я не магу гэтым жа адказаць ім усім.
А пачалося ўсё ў сцюдзёную зімовую ноч, у якук> без вясёлага агню, песень ды скокаў — не сагрэцца. У тую ноч, калі кожны з нас славіць і ўсхваляе жонку Перунову, верную Каляду, якая сыходзіць штогод у адзін і той жа час
на зямлю, каб тут, сярод людзей, нарадзіць вялікага Дажбога.
У беднай хатцы майго бацькі таксама чакалі прыходу Каляды і таксама ведалі, што калі людзям не ўдасца ў гэтую ноч абараніць пяшчотную жонку Перунову ад гневу бога зімы, сівога Зюзі, адпудзіць агнём ды весялосцю яго завірухі ды маразы, не народзіцца Дажбог, не прыйдуць у наш край сонца і вясна.
Але з голаду ніколі не цягне на песні ды скокі. Сям’я ж наша ў тую лютую зіму вельмі галадала, і таму ўсе мы сядзелі ціхенька ў сваёй хаце, прыціснуўшыся адзін да аднаго, і слухалі выццё завеі за вакном.
Раптам хтосьці пастукаў у нашы дзверы, і ледзь чутны, слабы голас папрасіў нас адчыніць і даць прыстанак няшчаснай вандроўніцы. Гэта аказалася бледная, бедна апранутая жанчына-жабрачка. Яна ледзь трымалася на нагах ад холаду і стомы. Бацька пасадзіў яе ля агню, і мы яшчэ доўга адчувалі, як калоціцца яна, ніяк не можа сагрэцца.
I, сапраўды, мабыць з той хвіліны, як жанчына ўвайшла ў наш дом, завіруха разгулялася яшчэ больш. Здавалася, моцны марозны вецер хутка сарве дах нашай хаты, зломіць дзверы, так што ўсе мы ператворымся ў вялікія ледзяшы. Цяпер у завыванні завеі нам чулася не жаласная скарга, а пагроза.
Са страхам глядзелі мы адзін на аднаго, і тады бацька наказаў мне, як самай старэйшай, пець. I я заспявала сваю любімую песню пра сонца і лета, пра Купальскіх багоў і Папараць-кветку. Здаецца, за вакном сцішэла. Я спявала ўсё гучней і весялей. Быццам ад песень гэтых рабілася кожнаму цяплей.
I, што самае дзіўнае, госця наша пад гукі іх пачала з бруднай жабрачкі ператварацца ў прыгожую княгіню. Толькі тады мы зразумелі, што гэта — сама Каляда. I яна прыйшла менавіта да нас. Ашаломленыя, мы не спускалі вачэй з багіні, а яна, усміхаючыся, дзякавала нам за тое, што мы выратавалі яе ад злога Зюзі і яго памагатых.
— Да людзей прыйдзе Сонца-Дажбог, а разам з ім вясна і лета,— сказала яна.— Вы павінны быць за гэта ўзнагароджаны. I я ўжо ведаю, чым аддзячыць гэтую хату. Няхай у ёй вырасце прыгажосць незвычайная, краса неверагодная, лябёдка белая, рамонак духмяны, — і яна пака-
зала на мяне.— I няхай заўсёды цягнуцца да яе людзі так, як цягнецца ўсё жывое да цяпла і сонца.
Цяпер зразумеў ты, князь мой, чаму дар гэты для мяне і радасць, і гора...
* * *
Забыўся пра ўсё на свеце, страціў галаву князь Рацібор з тых часін, як сустрэўся з Чараўніцай-Прыгажуняй. Глядзеў ён на сваіх вояў з суровымі, мужнымі, пасечанымі ў бойках тварамі, а бачыў пяшчотнае аблічча Чарнавы. Слухаў звон зброі ды конскае іржанне, а чуў ціхі ласкавы голас красуні. Удыхаў пах дыму і жалеза — і здаваўся ён яму духмяным водарам цела і валасоў каханай. Усё часцей, кідаючы дружыну сваю, знікаў Рацібор у лесе, а вяртаўся адтуль ціхі і лагодны, быццам гасцяваў у вялікіх багоў.
I страшна стала мудрай Барыславе, бо зразумела яна, што, калі захоча, стане Чараўніца-Прыгажуня гаспадыняй над яе сынам, і скончыцца тады час улады Барыславінай. Вось кліча старая княгіня да сябе канюшага Бяляя, лоўчага Ваўка ды сотніка Дабрыту. Ласкавую гаворку з імі заводзіць, віном поіць, пра Рацібора з Чараўніцай расказвае: «Хутка сваёй жонкаю лясную прыгажуню назаве князь Рацібор. Адбярэ ён у вас ваша каханне».