• Газеты, часопісы і г.д.
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    страсны выгляд, поўныя халоднага розуму прамовы і заўсёды добра прадуманыя дзеянні многія параўноўвалі з рымлянінам-стоікам, то тут здарылася нешта зусім незразумелае. Ён стаў нястрыманы і палкі. Са здзіўленнем і жахам сябры губернскага саветніка назіралі, як кідае пан-«рымлянін» свой гонар, сваё бездакорнае імя і рэпутацыю, сваю высакародную сівізну пад ногі юнай какеткі, якая, здаецца, нават не заўважае гэтай страсці, што разгарэлася як полымя ад выпадковай іскры.
    Больш за ўсіх пакутавала маці пана Вікенція. 3 горыччу неаднойчы гаварыла старая:
    — Ты ўжо немалады, сын мой. Яна побач з табою — дзяўчынка. Нават калі даможашся яе схільнасці, ці здолееш ты патрабаваць ад стварэння юнага, лёгкага, як пух дзьмухаўцу, вернасці?
    I, падыходзячы разам з маці да люстэрка, закаханы мужчына гаварыў ёй:
    — Зірні, маці, на мяне. Хіба я такі ўжо стары? Сорак гадоў з невялікім не пакінулі на мне непрыемнага адбітку. Сівізна на скронях толькі пасуе сапраўднаму мужчыну. Ды і ў каго з нас, што перажылі вайну з Напалеонам, яе няма? Твар амаль без маршчын, постаць не сутулая. Я яшчэ маю права любіць і быць любімым. Толькі б яна згадзілася...
    I ў думках ён дадаваў: «Дзеля яе — мая маладосць, што прайшла ў адзіноце, усе раны, атрыманыя мною ў бітвах, усе веды мае, уся неразмененая па дробязях пяшчота — усё, што маю. I яна не зможа не ацаніць гэтай ахвяры. Калі яна спазнае мяне бліжэй, чыстая яе душа не будзе і мысліць аб здрадзе...»
    Ішоў час, а хвароба-каханне і не думала пакідаць пана Вікенція. 3-за гэтага не заўважыў ён, як невядома чаму раптам застаўся адзіным прыхільнікам юнай прыгажуні. Усе маладыя высакародныя кавалеры тактоўна саступілі яму. Гэта супала з распаўсюджаннем дзіўных чутак пра паводзіны губернатарскай дачкі ў пансіянаце.
    Добрапрыстойныя матроны абмяркоўвалі гэтыя весткі, з неадабрэннем ківаючы галовамі. Бацькі забаранялі сваім дочкам сустракацца з былой сяброўкай. Ад усеагульнай пагарды і нездаровай цікаўнасці дачку губернатара не ратавала і высокая бацькава пасада. Бо калі ў Маскве і Пецярбургу грошы і тытул нявесты звычайна закрывалі ўсім рот, то ў такой правінцыі, як Мінск, чысціня і цнота яшчэ лічацца найкаштоўнейшым пасагам. На дзяўчыну, пра якую ходзяць непрыстойныя чуткі, зверне ўвагу хіба толькі скончаны гуляка, авантурыст без граша ў кішэні, альбо чалавек без імя і становішча.
    У спалоханай губернатаравай сям’і не было б магчымасці пазбавіць дачку ад людскога зларадства, калі б побач не было паважанага пана Вікенція. Яго сумленнае імя, яго чысціня і бязгрэшнасць павінны былі выратаваць рэпутацыю панны Генцэвіч. Заручыны адбыліся ў пагодлівы майскі дзень. Нявеста сарамліва апускала вочы, жаніх быў ахутаны светлай радасцю. Вянчанне прызначылі на жнівень.
    Змрочнымі былі твары ў сяброў пана Вікенція, але нетактоўныя заўвагі і роспыты ён рашуча абрываў. Суровым і халодным тонам рымляніна Вікенцій Фрыбес папярэдзіў, што будзе страляцца з кожным, хто толькі паспрабуе словам ці справай прынізіць яго каханую.
    — Ты сапраўды верыш у яе сумленнасць? — спыталася маці пана Вікенція, застаўшыся сам-насам з сынам.— А калі тое, што пра яе гавораць, праўда? Сярод сведак яе ганебных паводзін — салідныя, уплывовыя людзі, якія не могуць хлусіць.
    — Я кахаю яе, маці,— перапыніў мужчына,— і веру, што яна шчыра згадзілася на шлюб. А што было ў яе жыцці да гэтага, мяне не цікавіць. I я не дазволю нікому чарніць імя маёй нявесты.
    — Хай аберажэ цябе святы Вікенцій ад вялікай памылкі,— прамовіла маці і з уздыхам перахрысціла сына.
    Губернатар вырашыў, што апошнія месяцы да вяселля яго дачка правядзе ў маёнтку пад Мінскам, хаваючыся ад людскога погаласу. У Мінск яна вернецца толькі пад імем жонкі губернскага саветніка. Гэта будзе надзейная абарона яе гонару. Пан Вікенцій пяшчотна развітаўся са сваёй нявестай. Ён з задавальненнем правёў бы дзяўчыну да маёнтка, але ў Мінску яго чакала яшчэ шмат неадкладных спраў.
    У клопатах мінуў амаль месяц.
    Аднойчы раніцай пан Вікенцій прачнуўся з вялікім жаданнем забыцца на ўсё, сесці на каня і скакаць, як мага хутчэй ад гарадскога жыцця, ад дробязных клопатаў і несапраўдных пачуццяў. Ён спешна адмяніў некалькі сустрэч і выехаў за горад. Свежы вецер ударыў яму ў твар, пах зеляніны дурманіў. У гэтыя хвіліны хацелася думаць толькі аб прыемным. I ён успомніў пра сваё каханне і накіраваў каня па дарозе да маёнтка, дзе знаходзіцца яго нявеста. Калі засталося ўжо менш як пяць вёрст, пан Вікенцій заехаў у лес на хвіліну і нарваў духмяны букет.
    Юнай панны не было дома. Прыслуга сказала, што прыгожая гаспадыня, як заўсёды ў такі час, адправілася ў гай конна.
    — Адна? — здзіўлена спытаўся пан Вікенцій.
    Слугі спалохана сціхлі. Пан Вікенцій прышпорыў каня і паскакаў у той бок, куды, як сказалі, накіравалася яго нявеста.
    Яму не давялося доўга шукаць. На лузе ля ракі ён знайшоў двое асядланых коней, якія спакойна пасвіліся. Аднаго з іх, шэрага ў яблыках, пан Вікенцій адразу пазнаў. Гэта быў яе конь. Але чый жа другі? Спешыўшыся, ён пайшоў да невялічкай хаткі, якая стаяла на высокім правым беразе ракі і была добра бачна. He падыходзячы
    да яе, пан Вікенцій пачуў звонкі смех сваёй нарачонай, потым страсны шэпт і зноў смех, шум валтузні, гукі пацалункаў. Ён спыніўся, бо сэрца чамусьці застукала так моцна, што яму стала страшна, каб стук гэты не пачулі тыя, хто быў у хаце.
    Пан Вікенцій вярнуўся да пакінутага каня і, адвёўшы яго за дрэвы ў гай, затаіўся. Яму здалося, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль дзверы адчыніліся і на парозе ўзніклі дзве постаці. Яны, абняўшыся, пайшлі да коней. Раптам, ужо на лузе, гэтая парачка спынілася і замерла ў доўгім пацалунку.
    Пан Вікенцій са здзіўленнем разглядаў свайго саперніка. Гэта быў малады афіцэр-улан. Сукенка юнай панны была моцна пакамечаная, валасы растрапаныя, у іх заблыталіся жоўтыя травінкі сена. Счырванелая, з бліскучымі вачыма, яна здавалася яшчэ больш прыгожай, чым звычайна. I ад раптоўна падступіўшай ярасці пан Вікенцій застагнаў.
    Дачакаўшыся, калі тыя двое зніклі, ён доўга гнаў свайго каня, пакуль спакой, так характэрны для пана-«рымляніна», не вярнуўся да яго. Тады ён пад’ехаў да маёнтка Генцэвічаў і прама ў дарожным адзенні прайшоў у пакой да панны.
    Яна сядзела перад вялікім люстэркам і расчэсвала валасы, рыхтуючыся да пасляабедзеннага адпачынку. Убачыўшы ў люстэрку постаць жаніха за сваёй спінай, яна ўскрыкнула і, бледная, абярнулася да яго. Твар пана Вікенція сапраўды быў страшны ў гэтую хвіліну.
    — Вы? — спыталася яна з хваляваннем, але ўжо праз імгненне ўзяла сябе ў рукі.— Вы з’явіліся вельмі нечакана. Я нават спалохалася. Але адкуль вы? I што з вамі? Такі пагляд... Вам дрэнна? У вашым узросце ехаць па такой спёцы! Вы не беражэце сябе...
    — He трэба,— перарваў яе пан Вікенцій.— Я ўсё ведаю. Я бачыў яго...
    Успыхнуўшы, юная панна адвярнулася ад свайго жаніха і міжволі схапіла ў рукі расчоску. Але пану Вікенцію ў люстэрка было добра бачна яе выява, яе агідлівы выраз твару, злосны пагляд, тое, як у адчаі кусае яна збялелыя вусны. «У вашым узросце...» — успомнілася, як яна прагаварыла гэта. I ён, неразумны, мог паверыць у тое, што яна яго пакахала!
    — Вы можаце не адказваць мне, панна,— з іранічнай усмешкай прагаварыў пан Вікенцій,— але вам павінна
    быць зразумела, што пасля гэтага я не магу без страты ўласнага гонару ажаніцца з вамі...
    — Вы шпіёнілі за мной! Вы —нікчэмны чалавек! — закрычала раптам яна.— Што ж, спяшайцеся ачарніць мяне, кіньце мой гонар на забаву натоўпу!
    Голас яе сарваўся, і панна зарыдала. У душы пана Вікенція нешта абарвалася.
    — Вы кахаеце адзін аднаго? — спытаўся ён са спачуваннем.— Магчыма, мая прапанова перашкодзіла вашаму шчасцю? Я бяруся ўсё ўладзіць. Вы зможаце ўзяць шлюб...
    He даслухаўшы яго, губернатарава дачка раптам зайшлася ў істэрычным смеху.
    Пан Вікенцій замаўчаў, сціхла і губернатарава дачка. Вочы нядаўніх жаніха і нявесты сустрэліся. I ён зразумеў, што слова «каханне» для гэтай маладой жанчыны проста пусты гук. I ўпершыню з жалем падумаў пра яе бацькоў, успомніў зацкаваны пагляд старога губернатара, чырвоныя ад слёз вочы яго жонкі — такімі бачыў ён іх аднойчы.
    — He хвалюйцеся, панна,— прагаварыў ён холадна.— Дуэлі не будзе. Аб вашым учынку ніхто не даведаецца. Гэта я вам абяцаю.
    Ён вярнуўся ў Мінск познім вечарам пастарэлым на некалькі гадоў. Спаў вельмі нядоўга і неспакойна. А раніцай абвясціў сябрам, што ў сне да яго з’явіўся святы Вікенцій. Святы моўчкі падвёў яго да люстэрка, якое паказала яму твар сівога чалавека, увесь у дробных зморшчынках, з пагаслымі вачыма і паблеклымі вуснамі. I ён зразумеў, што хацеў ашукаць прыроду, калі надумаў ажаніцца з той, што гадзілася яму ў дочкі.
    Цэлы месяц гэтай навіною жыў Мінск. Потым размовы сціхлі. Скасаванае такім чынам вяселле не магло быць расцэнена як абраза нявесты. Але губернатар паспяшаўся адвезці дачку да родзічаў у Пецярбург, дзе яна хутка акруціла нейкага маладога чалавека, сціплага і рамантычнага. Пан Вікенцій за кароткі час стаў зноў халодным і ўраўнаважаным «рымлянінам». I яго маці ад душы дзякавала за гэта святому сынаваму заступніку.
    У вялікай радасці і задавальненні яна на ўласныя грошы паставіла пры дарозе ад Мінска на Наваградак калону з драўлянай фігуркай дамініканскага манаха — каталіцкага святога Вікенція. Пазней на яе месцы была пабудавана Багародзіцкая капліца і пастаўлены абраз Маткі Боскай. Але шмат хто памятае яшчэ «вікенцьеўскі слуп» і гісторыю, што звязана з ім.
    ЛПОШНЯЯ АХВЯРА
    ета было такое гарачае, што трэскалася зямля пад нагамі, і трэшчыны былі нібы глыбокія
    барозны, праведзеныя велізарным плугам волата. Вада ў калодзежах знікла, згарэлі трава і лістота на дрэвах, засох нават свяшчэнны дуб на капішчы, на гары. Тады шмат каму стаў з’яўляцца ў сне страшэнны цмок. Луска на целе яго была чырвонай і гарачай, бы распаленае вуголле, з пашчы вырываўся агонь, а з ноздраў — густы дым. Ад гэтага кашмару людзі стагналі і трызнілі, але не маглі прачнуцца: абязводжанае, слабое цела не слухалася. У гэты час стары вяшчун паклікаў да сябе свайго сына Рамонка.
    Рамонак быў звычайны юнак, вясёлы і шалапутны, таму жыў не з бацькам на гары, а ў сяле, дзе было шмат гожых дзяўчат. Вяшчун толькі аднойчы паклікаў да сябе сына. Стаміўшыся ад скаргаў заклапочаных бацькоў мясцовых красунь, стары патрабаваў ад Рамонка клятвы, што з гэтых часоў для яго будзе існаваць толькі адна дзяўчына, суджаная яму яшчэ з нараджэння, ціхая і сціплая Шчарыца, якую кахаў Рамонак па-сапраўднаму. Юнак даў слова і сумленна трымаў яго, таму цяперашні бацькаў выклік вельмі здзівіў.