• Часопісы
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    — Што са мною, стары? — зрывістым голасам спытаў князь.
    — Раніцай ты будзеш бачыць, але вельмі слаба, вечарам жа зрок зноў здрадзіць табе. I так будзе заўсёды. Можаш мне верыць, княжа, я ведаю гэтую хваробу.
    — Божа! — ускрыкнуў князь.— Значыць, мне не варта нават вяртацца. Каму патрэбны сляпы князь? Mae ворагі заб’юць мяне, а я нават не даведаюся, хто з іх зрабіў гэта.
    Ён закрыў твар рукамі, і праз некаторы час ужо спакойным голасам папрасіў:
    — Стары, дай мне атруты. Ты ж, здаецца, ведаеш, з якіх зёлак яна гатуецца. Такая, каб не было ні пакут, ні страху.
    — Гэта словы слабога, княжа,— адгукнуўся пустэльнік.
    — А што ж мне яшчэ застаецца?
    — Зараз — спаць. А заўтра я паспрабую дапамагчы табе.
    Шэрай раніцай разбудзіў пустэльнік князя. Ішлі яны нядоўга. Спыніліся каля гліністага ўзгорка, дзе рос густы арэшнік. 3-пад яго карэнняў ледзь бачным струменьчыкам прасочвалася вада.
    — Калісьці тут біла крынічка,— задуменна расказваў пустэльнік.— I вада была гаючай, і многія хваробы лекавала. У пашане ў людзей была крыніца: сцякаліся яны сюды за цудоўнай вадою з усіх бакоў. Але аднойчы здарылася вялікая бяда. Стары князь, твой бацька, паляваў у нашых лясах, конь яго схіліўся да вады, каб напіцца, паслізнуўся і зламаў нагу. Князь загадаў пакараць крыніцу, засыпаць яе. Тады і апусцелі гэтыя мясціны.
    Здзіўлена слухаў князь пустэльніка, які імкнуўся набраць у берасцяны коўш хаця б некалькі кропель каштоўнай вадкасці.
    — Калі б, княжа, табе вады гэтай папіць зараз, ды вочы ёй прамыць, хвароба прайшла б, дык хіба набярэш? — уздыхнуў стары.— Вельмі ж цяжкі грэх узяў на сваю душу бацька твой, засыпаўшы крыніцу! I хвароба твая — кара за грэх той.
    Тады прагучаў упарты малады князеў голас:
    — Я буду бачыць, чуеш, стары? Буду! Уласнымі рукамі расчышчу вадзе шлях, дам ёй волю, дзеля сябе і дзеля іншых, тых, хто таксама пакутуе на хваробы.
    Штодзень прыводзіў пустэльнік князя да крыніцы, і ўвесь дзённы час, пакуль зрок яшчэ неяк служыў князю, ён раскопваў пахаваную калісьці ваду. Напачатку яе збіралася толькі на тое, каб змачыць вочы, а потым і больш, каб зрабіць глыток-другі. Але праз тыдзень раптам з-пад князевых пальцаў вырваўся, заспяваў, зазвінеў чысты струменьчык. I піў гэтую ваду князь вялікімі, прагнымі глыткамі, і падстаўляў свае вочы пад яе, і слёзы радасці, змешваючыся з пырскамі, сцякалі па яго шчоках.
    I тады ён убачыў, спачатку няясна, а потым усё выразней галіны дрэў з трапяткім зялёным лісцем, сонца паміж верхавінамі соснаў, добры, увесь у дробных маршчынах твар пустэльніка. I яшчэ ён убачыў далёкія постаці коннікаў — гэта княжыя отракі скакалі да яго, радуючыся, што нарэшце адшукалі свайго гаспадара.
    Кажуць, яшчэ шэсць тыдняў ездзіў князь Мсціслаўскі да крыніцы, пакуль не стаў зрок яго такім вострым, што змог ён весці наперад свае палкі ў час бітвы пры Грунвальдзе.
    А на зямлі, дзе сваімі рукамі адрадзіў князь гаючую крыніцу, па яго жаданню быў пабудаваны манастыр, настаяцелем якога стаў добры пустэльнік.
    Час разбурыў і абветрыў сцены Пустынскага манастыра. Але і зараз яшчэ жыве мсціслаўская крынічка, бо забываецца зло, а дабро перажывае стагоддзі.
    МРАЙКА — чужов ІМЯ
    сць у Барысаўскім раёне, ля вёскі Мсціж, рэчка-невялічка. Раней, мабыць, і глыбейшая была, зараз зусім абмялела. Мрайкай яе клічуць. Чаму Мрайка? Што значыць гэтая назва? Пэўна, не з славянскіх вуснаў упершыню сарвалася гэтае слова, не ў славянскай галаве нарадзілася-узнікла яно.
    Даверымся старому паданню...
    Адбылося гэта ў далёкія часы, калі зрэдзь з’яўляліся на ўскраінных землях беларускіх княстваў татары. Білі бязлітасна нахабных ханаў мясцовыя ваяводы, таму і стараліся нечаканыя госці як мага асцярожней дзейнічаць на гэтай зямлі.
    ...Аган прыслухаўся, выцягнуўшы ўгару доўгі кашчавы палец. Гэта быў знак маўчання, і яго спадарожнікі імгненна сціхлі, утаропіліся вачамі на Агана. Татараў было трое. He ханы, не мурзы — звычайныя воіны з чорнымі ад сонца і пылу тварамі. Аган быў самы старэйшы з іх. Яму, найбольш кемліваму з трох, было дадзена важнае даручэнне, і ён спяшаўся выканаць яго. За гэта, ён ведаў, чакае ўзнагарода, і таму ў смакаванні прыемнага моманту ўжо заплюшчваў вочы і з асалодай пагойдваў галавой з боку ў бок. Але раптам Аганавы мары спыніў дзіўнага паходжання гук, доўгі і вабны, падобны аднолькава і на стогн, і на крык радасці. Праз нейкі час ён паўтарыўся, за ім — яшчэ і яшчэ.
    — Гэта адтуль,— шэптам сказаў адзін з Аганавых спадарожнікаў, кіўнуўшы галавой у бок лесу.— Там людзі.
    Аган гаротна зацмокаў языком. Рухацца далей стала небяспечна, і татары спешыліся, прывязаўшы звыклых да ўсяго стомленых коней. Злуючыся, Аган кінуў аб зямлю шапку з валенага футру, сеў пахмурны. Яго спадарожнікі ўладкаваліся трохі далей і адразу ж павялі нячутную размову.
    А лес звінеў, спяваў, пераклікаўся. Гукі маладых празрыстых галасоў быццам адляталі ў нябёсы ад кожнага дрэўца, кожнага кусточка. Славянскія дзяўчаты гукалі вясну. Магчыма, татары не спалохаліся б, калі былі б
    упэўненыя, што ў лесе толькі адны дзяўчаты. Але ж яны добра ведалі: ніколі светлакосыя чужаземкі не ходзяць без надзейнай аховы, а блакітныя вочы іх абаронцаў занадта ж зыркія. Дзявочыя галасы гучалі недзе далёка, яны не набліжаліся, але і не знікалі. Іншага шляху, як праз лес, не было, таму татары маўкліва чакалі.
    Раптам зашамацела ў кустах, і невядома адкуль на ўзлесак, проста перад татарамі, выпырхнула дзяўчына. Яна не чакала ўбачыць незнаёмцаў, і яе вочы, вялікія і круглыя, бы ў дзіцяці, сталі яшчэ большыя. Нават не ўскрыкнуўшы, яна кінулася назад, у лес. Гэта прымусіла ўсіх трох мужчын адначасова сарвацца з месца. Сугдай і Камай, Аганавы спадарожнікі, забеглі дзяўчыне наперад, перарэзаўшы ёй шлях да сваіх. Яна спынілася, уся падалася назад. Аган імгненна зразумеў, што зараз дзяўчына закрычыць, і кінуўся ёй пад ногі, паваліў на зямлю. Звязаная скуранымі рамянямі, славяначка праз некалькі імгненняў ужо ляжала ў сядле. Аган, цмокнуўшы, пацягнуў повад. Конь спалохана заржаў. Рэха падхапіла гэтае ржанне. I быццам у адказ, загуло, зазвінела па лесе: «Марыя! Марыська! Марыйка!». Татары прыспешылі коней.
    Ля невядомай рачулкі з крынічна-празрыстай вадой спыніліся. Коні прагна пацягнуліся да вады. Аган таксама пырснуў сабе ў твар і адкінуўся на зямлю, цяжка дыхаючы. Астатнія падышлі да яго...
    — Навошта табе гэтае дзяўчо? — спытаў малады воін Сугдай.
    — А ты хацеў, каб яна прывяла сваіх мужчын?
    — Але нас усё роўна пачулі! Ты мог забіць яе там, на месцы,— запярэчыў звычайна маўклівы Камай.
    — Яны чулі каня — не нас. Хіба коні ёсць толькі ў Батыевых воінаў?
    — I што, ты павязеш яе з сабою? — зноў запытаў Сугдай.
    Аган падышоў да дзяўчыны. Яна была ўжо на зямлі і адчайна спрабавала пазбавіцца путаў. Зусім яшчэ юная, прыгожая, як веснавая пралеска, з хвалістымі ільнянымі валасамі,— Аган міжвольна залюбаваўся.
    — Хто ты, мая паланянка? Маленькая славянская багіня, князёўна ці проста чысты струмень вады? — урэшце вымавіў ён.— Ты — мая ўдача, я забяру цябе ў Арду!
    — Мы дапамагалі табе лавіць яе. Яна належыць нам усім аднолькава,— ціха сказаў Камай.— Здабычу трэба дзяліць.
    — Камай кажа правільна,— падтрымаў Сугдай.
    Аган спахмурнеў:
    — Ці вы дурні? Як можна дзяліць тое, што не дзеліцца? Няўжо вам патрэбна будзе ваша доля, калі я рассяку яе на тры роўныя часткі?
    — Кінем жэрабя,— прапанаваў Камай.
    — Камай, хіба я калі-небудзь крыўдзіў цябе? Скажы, што табе не патрэбна дзяўчына, і атрымаеш вось гэты мяшэчак з золатам,— прагаварыў Аган.
    Камай завагаўся, аднак працягнуў руку да мяшэчка і моўчкі адышоў убок.
    — Сугдай, табе калісьці падабаўся мой белы жарабец. Адно слова — і ён будзе тваім,— працягваў Аган. I Сугдай таксама адступіўся.
    Лагодна ўсміхаючыся, Аган звярнуўся да славяначкі: — Бачыш, як ты мне падабаешся? У мяне даўно ўжо не было такой прыгожай здабычы. Але я ведаў, што калінебудзь пашанцуе і Агану. He пужайся мяне, ты не будзеш рабыняй.
    Толькі дзяўчына не разумела чужой мовы і пазірала, нібы звярок. Аган разрэзаў скураныя путы і паспрабаваў абняць маладую прыгажуню. Раптам яна моцна штурхнула яго, скокнула ўбок і пабегла. Немаладому Агану цяжка было дагнаць славянку. Камай і Сугдай, адмовіўшыся ад здабычы, не дапамагалі яму. Але багі Аганавы, відаць, памяталі аб ім. Дзяўчына нечакана паслізнулася на мокрай купіне.
    ...Утрымліваючы ўсім целам сваю здабычу, ён раптам адчуў у сабе моцны голас прыроды, тое пачуццё, якое лічыў, даўно забілі ў ім гады...
    Аганавы вочы глядзелі ў начное неба. Ён быццам упершыню бачыў зоры — далёкія кастры нябесных качэўнікаў. Ён здзіўляўся ім, лічыў іх. Ён не памятаў больш пра сваё даручэнне. Яму было добра... Побач з Аганам, на яго руцэ, ляжала тая, чыё каханне ўзяў ён тут, ля ракі. Яна ціха плакала.
    — He трэба, Мрайка,— паспрабаваў ён супакоіць яе.— Цябе ж Мрайкай клічуць? Я чуў, так крычалі твае сяброўкі. Ты будзеш маёй жонкаю. Гаспадыняй пасаджу ў сваім шатры.
    Але дзяўчына не разумела яго, ды і ніколі б не зразумела, нават калі б даведалася пра сэнс ягоных слоў. Аган не заўважыў, як наваліўся на яго зверху, проста з зорнага неба, глыбокі спакойны сон.
    ...Рэзкі боль і ўдушша прымусілі яго прачнуцца. Аган закрычаў і падскочыў. Ён не адразу зразумеў, што адбылося. Перад ім стаялі спадарожнікі-татары. У Сугдая ў руцэ блішчэў акрываўлены нож. Юная паланянка ляжала на зямлі, уся ў крыві. Кроў цякла і па шыі у Агана.
    — Яна спрабавала перагрызці табе горла,— хмура сказаў Камай.— He жанчына, а ваўчыца. Усе яны ў гэтых землях ваўкі, ведзьмары ды пярэваратні. Сугдай заўважыў своечасова, ты павінен быць яму ўдзячны.
    Доўга са здзіўленнем і страхам углядаўся Аган у твар мёртвай дзяўчыны. Ніколі ён не бачыў яшчэ такую нянавісць і такую духоўную моц.
    — Я ведаю, чаму вялікі Батый так і не здолеў зрабіць гэтых людзей сваімі даннікамі,— ціха прамовіў урэшце ён.
    Раніцай татары паехалі далей. А маладое прыгожае цела славянкі кінулі ў раку, каб схаваць сваю чорную справу. Толькі няма на зямлі нічога, што засталося б тайным. Спачатку ардынцы, а потым і беларусы пачалі называць рэчку, што прыняла няшчасную Марыйку, словам, кінутым чужынцам,— Мрайка.
    ТАЯМНІЦА ГЛЫБІНЬ свіцязянекіх