• Часопісы
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    Але тут і пачаў збывацца Кулінін вырак. Падзяліў бацькаву спадчыну старэйшы брат Рыгор Крак, ды несумленна. Хату, усё начынне, зямлю і жывёлу ўзяў сабе, а малодшаму, Яўхіму Краку, дасталося толькі небагата грошай. Затаіў злосць на Рыгора Яўхім, пайшоў па людзях дзяліцца сваёй крыўдай. Даведаліся пра турботы аднаго са спадчыннікаў старога Крака шалапутныя хлопцы, сталыя наведвальнікі карчмы. Акружылі Яўхіма Крака са спачуваннем і добрымі словамі. За яго ж грошы самога дап’яна напаілі — гэтак нібыта лягчэй гора перажываць. Паверыў, што шчырыя з ім новыя сябры, малодшы сын Яна Крака. Дапамаглі тыя ў хуткім часе разарыцца яму канчаткова. Стаў Яўхім Крак беспрасветнай галотай, заўсёды яго, п’янага і бруднага, можна было бачыць у карчме.
    He даспадобы гэта было старэйшаму брату, які ўсур’ёз заняўся купецкай справай. Наказаў неяк Рыгор Крак сваім людзям прывесці брата. I калі тыя выканалі наказ, абвясціў Яўхіму, што бярэ яго да сябе на службу, толькі каб ён не сароміў сям’ю. Але крыўда малодшага сына Яна Крака была такой вялікай, што выказаў ён яе брату:
    — Я рады, што з-за мяне ў цябе меншае прыбытак. Служыць да цябе, душагуба, не пайду. Але зраблю ўсё, каб яшчэ больш нашкодзіць табе. А калі, па бацькавых словах, для нашай сям’і няма нічога больш ганебнага, чым мець сваяка-разбойніка, дык разбойнікам і стану. Ты будзеш гандляваць з купцамі, а я іх у лесе буду падпільноўваць і рабаваць. Западозраць цябе, Рыгор Крак, у змове са мною, і пазбавішся ты ўсіх сваіх пакупнікоў. Такая будзе мая помста!
    I сапраўды, назбіраў Яўхім Крак вакол сябе ліхіх людзей, якім ужо, як і яму, было няма чаго страчваць, і павёў іх у лес.
    I сталі багатыя госці аб’язджаць за сто вёрст гэтыя мясціны, і пачалі сяляне наракаць Богу за тое, што дазволіў акаянным разбойнікам сумленных людзей палохаць.
    Задумаўся Рыгор Крак: як вярнуць купцоў, як пазбавіцца ад брата-разбойніка? Праехаўся ён па бліжэйшых вёсках, плакаў-наракаў на неразумнага Яўхіма, прасіў даравання за тое, што мае такога брата, заклікаў сялян, якім таксама не давала жыцця разбойная шайка, сабрацца талакою ды вызваліць лясы ад ліхіх людзей.
    I пайшлі сяляне ў лясы, выклікаўшы для падтрымкі з гораду салдат. Аблажыўшы разбойнае логава, пералавілі ўсіх памагатых Яўхіма Крака, акрамя яго самога. Павезлі іх судзіць у Слонім.
    Задаволены, вяртаўся дамоў Рыгор Крак. Толькі чакала яго там непрыемная навіна. He ведаючы, што аблаву на разбойнікаў арганізаваў Рыгор, прыбег паранены Яўхім ратавацца да старэйшага брата.
    Але Рыгор Крак загадаў сваім слугам звязаць Яўхіма і выдаць яго мужыкам. I хаця самасуд у тыя часы быў забаронены, павесілі мужыкі Яўхіма Крака на бярозе.
    Пазбавіўся ўсіх сваіх клопатаў Рыгор Крак. I так удала пайшла яго справа, што ў хуткім часе першым багацеем стаў ён у павеце. Пачаў скупляць навакольныя землі, разараючы сялян. Купіў і тую вёску, дзе мужыкі расквіталіся з Яўхімам Кракам. Яе назваў ён у памяць аб падзеі, што дапамагла яму так разбагацець, Малой Кракоткай. А тая вёска, дзе знаходзілася яго сядзіба, стала Вялікай Кракоткай.
    Горка жартавалі з гэтай нагоды сяляне: малодшы Крак быў маленькім разбойнікам — яго і павесілі, старэйшы Крак — вялікі разбойнік: за тое перад ім вымушаны шапкі здымаць.
    Гэты жарт успамінаюць жыхары абедзвюх Кракотак і зараз, калі іх просяць распавесці пра гісторыю іх вёсак.
    русллчыны гульні »
    возеры Нарач заўсёды вадзіліся русалкі,— пачаў сваё апавяданне дзед Яўсей, хітрымі вачыма абводзячы слухачоў. Сярод іх гэтым разам былі і студэнты, што прыехалі ў Мядзель збіраць фальклор.—Я сцвярджаю гэта таму, што сам неаднойчы бачыў іх. Маладыя людзі могуць мне не верыць — не трэба. Але тое, аб чым я зараз вам раскажу, адбылося сапраўды, гадоў пятнаццаць назад. Тады да нас таксама завітаў з Мінска студэнт збіраць песні, байкі, гульні і яшчэ шмат розных рознасцяў. Цыбаты такі, крыху сутулаваты і ў акулярах. Доўга хадзіў па бабках са сшытачкам. Ну, нашых жанчынак, асабліва тых, хто ўжо ў гадах, хлебам не кармі, дай уволю пабалтаць. Увесь сшытак дробным почыркам спісаў. Пад канец хтосьці яму і на мяне паказаў. А я вазьмі ды скажы: «Хлопча, навошта табе ўсё гэта? Баба, яна — дурніца. Адно слова праўды скажа, а пасля сто слоў хлусні. Ты б сам схадзіў апоўначы на возера ды паглядзеў, як там русалкі карагоды водзяць. Глядзіш, і толку больш было б».
    Ну, ён рассмяяўся на гэта:
    — Хіба вы, дзядуля, у казкі гэтыя верыце?
    — Веру, а як жа інакш,— адказваю,— і ты паверыш, калі яны да цябе, даўгакосыя бессаромніцы, кінуцца ласкатаць ды шчыпаць.
    Слова за слова, згадзіўся ён дзеля жарту ў бліжэйшую ноч ля Нарачы прагуляцца. А ноч выдалася месячная, светлая, нядзельная. Спачатку на вуліцах дзяўчаты з дзецюкамі гулялі, песні спявалі, потым мужыкі мясцовыя пачалі бойку, шум ад якой быў вельмі далёка чутны. Сціхла ўсё толькі апоўначы. Тады і выйшаў студэнт са сваім сшытачкам на вуліцу. Дайшоў ён да берага, пахадзіў, пакідаў каменьчыкі ў ваду, стаміўся ды прысеў на ўзгорку. I сам не заўважыў, як заснуў. Разбудзілі яго нечыя галасы, смех, песні. Расплюшчыў вочы. Бачыць, непадалёк ад яго ў промнях месячнага святла нейкія постаці. Тры красуні з распушчанымі валасамі, у вяночках і доўгіх кашулях, узяўшыся за рукі, водзяць карагод.
    Валасы ва ўсіх — аднолькава доўгія, і аднолькава ў іх заблыталіся водарасці. Толькі колеру рознага. Першая прыгажуня — бялявая, другая — чарнявая, трэцяя — русявая. Ды і вяночкі на галовах з розных кветак. У першай — валошкавы, у другой — рамонкавы, у трэцяй — лілейны.
    Скончылі красуні спяваць ды танцаваць, размаўляць пачалі.
    — Ноч сёння ціхая, светлая, сястрыцы,— кажа адна з іх,— даўно такой не было. Апошні раз, памятаю, месяц гэтаксама свяціў, калі я ўтапілася.
    — Гэта рака цябе, сястрыца, клікала да сябе, вабіла,— адказала другая.— Гэта мы з хваляў цягнулі да цябе рукі.
    — Мы хацелі, каб ты зразумела: сярод людзей горш жыць, чым сярод нас. Хіба мы ашукалі цябе? — прамовіла трэцяя.
    I, пачуўшы такую размову, схаладнеў наш студэнт ад жаху, бо зразумеў, што перад ім — русалкі. Па-звярынаму, на карачках ён дабраўся да хмызняку і схаваўся там. Нашы ж бабулькі, апавяданні якіх ён так старанна запісваў, папярэдзілі яго, наколькі небяспечна трапляцца на шляху ў русалак: зацалуюць, заласкочуць да паўсмерці, а потым завалакуць у возера.
    Здаецца, русалкі не заўважылі студэнта. Яны наблізіліся да старога карчакаватага дуба, што рос на самым беразе возера. Бялявая прысела ля яго карэнняў, чарнявая прыхілілася спіной да ствала, а русявая хутка апынулася на шырокай галіне, утульна прыладзілася там.
    — Будзем распавядаць адна адной паданні, сёстры,— сказала яна.— Паглядзім, хто з нас лепшая апавядальніца.
    — Згодны,— адгукнуліся іншыя. Кінулі яны жэрабя, выпала першай гаварыць бялявай.
    — Даўным-даўно,— пачала яна,— на зямлі гэтай жылі людзі-волаты. Ростам яны былі, як карабельныя сосны, і жылі гэтаксама доўга, як дубы. Але ў тыя далёкія часы на зямлі існавалі крыўда і зло. Давялося сутыкнуцца з імі прыгажуні Галіне, нявесце майстра Васіля. Ён кахаў яе так моцна, як не кахаюць зараз. У знак гэтага вялікага кахання падарыў майстар Галіне цудоўнае срэбнае люстэрка, якое сваімі рукамі адліў. Увесь свет, здавалася, адлюстроўваўся ў Васілёвым падарунку. Але здарылася вялікая бяда. Кінуў на Галіну злы., жорсткі пагляд багацей Барына і вырашыў, што павінна дзяўчына належаць яму. Загадаў Барына сваім слугам схапіць Галіну і прывесці ў яго церам. Даведаўся пра тое Васіль, кінуўся ратаваць
    сваю нявесту. Са зброяй у руках верныя Васілёвы сябры напалі на хату Барыны. I ў жорсткай бойцы майстар Васіль загінуў. У адчаі кінула з даху церама дзяўчына цудоўнае люстэрка — і разляцелася яно, як шчасце Галіны і Васіля, на кавалкі. А потым кінулася наўздагон люстэрку сама красуня... Кажуць, асколкі ад люстэрка сталі азёрамі. Самае вялікае з іх Нарач. А Галіна абярнулася чайкай. Кружыць яна з тых часін над возерам, плача аб долі сваёй, любага кліча.
    — Цікавая гэта гісторыя,— прамовіла чарнявая русалка.— Але мая — лепшая:
    Ніхто не ведае, калі і як у нашы мясціны трапіла салодкагалосая гуслярка, з якіх земляў і якія шляхі прывялі да нашага возера чарнакосую Нару. Але аднойчы з’явілася яна тут, і людзі здзіўлена пераглянуліся паміж сабою: як маглі яны жыць, не ведаючы пра такую красу?! Добрая яна была і гордая. За гэта, ды яшчэ за дзіўныя песні палюбілі яе тутэйшыя людзі.
    У тых жа мясцінах стаяў княжацкі замак. Пачуў князь пра Нарыну прыгажосць ды вырашыў пабачыць яе. Запрасіў гуслярку да сябе, і калі прыйшла яна, свабодная і смелая, папрасіў спець што-небудзь. I ўдарыла па струнах гуслярка. I палілася гордая песня пра мужных рыбакоў, якія не баяцца раз’юшанай стыхіі, і пра іх пяшчотных сябровак, што ў буру выходзяць з паходнямі на бераг сустракаць каханых.
    Заслухаўся князь, заглядзеўся на дзявочую красу.
    — Ты павінна стаць маёй жонкай,— сказаў ён урэшце.— Ты будзеш спяваць толькі для мяне, і прыгажосцю тваёй буду любавацца я адзін.
    I зачыніліся перад гусляркай дзверы на волю. Тры дні ў чаканні вяселля сумавалі сябры красуні з рыбацкага паселішча. Шкадавалі яны гордую Нару. Але ў дзень шлюбу запалаў княжацкі замак. 3 дзікімі крыкамі выбягалі з яго госці. Калі полымя ахапіла высокую вежу, з яе ў азёрныя хвалі кінулася жаночая постаць. Нара, падпаліўшы замак, паспела выратавацца. А князь загінуў у агні.
    Вынырнуўшы, дзяўчына даплыла да бліжэйшага рыбацкага чоўна, улезла ў яго, ударыла па вадзе вяслом, і панеслі яе кудысьці ўдалечыню хвалі. Некалькі імгненняў, і Нарына постаць зрабілася нябачнай у густым тумане. Тыя, хто рынуліся даганяць яе — вярнуліся ні з чым. У ярасці кінулі ў возера гуслі красуні.
    3 тых часін, як наляціць на возера вецер — спяваюць яго хвалі, бы струны Нарыных гусляў. Ніколі больш не бачылі людзі ў гэтых мясцінах гордай Нары, але заўсёды памяталі пра яе. Яны далі свайму возеру імя дзяўчыны — Нарач.
    — Мая гісторыя больш дзіўная,— прамовіла русявая русалка. — Яна пра пана Кошчыца, што жыў калісьці ў Мядзелі. Нядобры гэта быў чалавек. Здзекваўся са сваіх сялян, абражаў суседзяў, не даваў жыцця жонцы. «Пілаваў» яе, гаротніцу, за тое, што не нарадзіла яму дзіця. Але, пэўна, Бог не жадаў, каб ад такога лютага звера, як Кошчыц, пладзіліся нашчадкі. Аднойчы хтосьці параіў пану ехаць у Рым святым паломнікам. Пакаяцца перад самім Папам Рымскім у грахах, каб ён упрасіў Госпада падараваць Кошчыцу сына. I пан паслухаўся парады. Заступніцтва папы за грэшніка, пэўна, дапамагло. Бо калі вярнуўся Кошчыц у сваю сядзібу, вывелі яму насустрач ільнавалосага маленькага панічка. Але дарэмна спадзявалася Кошчыцава жонка, што муж пераменіцца. Пан заставаўся такім жа лютым і, як раней, здзекаваўся з яе. He вытрымала няшчасная жанчына, збегла ад жорсткага мужа. Застаўся злы Кошчыц адзін. У першы дзень пасля жончыных уцёкаў ён загадаў пакараць на стайні ўсіх слуг. А на другі задумаўся: хтосьці павінен наглядаць за маленькім панічом. Выбралі дзеля гэтага гожую сялянскую дзяўчыну Браніславу. I яна была добрай нянькай. У тым, што здарылася, Браніслава не была вінаватая. Аднойчы на паляванні пан Кошчыц дзеля забавы застрэліў вясковага хлапчука. Чалавечы суд не мог пакараць яго за гэта, але Божы суд адбыўся хутка. Панічок гуляў ля возера, аступіўся і паляцеў у ваду з абрыва. Адзіны нашчадак пана Кошчыца загінуў. У ярасці пан загадаў закуць Браніславу ў ланцугі і жывою закапаць у зямлю. Доўга стогны няшчаснай даносіліся з месца пакарання. А потым сціхлі. Але не назаўсёды. У навальнічныя ночы чуюцца яны ў завыванні ветру, які гоніць-кідае азёрныя хвалі на бедныя рыбацкія хаты...