Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
— Пра што ты кажаш, каханы! — з крыўдай і абурэннем пярэчыць Любляна.— Я буду заўсёды чакаць цябе. I праз дзесяць, і праз дваццаць гадоў Любляна застанецца вернай Яраславу...
He трэба давярацца, ідучы на бойку, клятвам прыгожай жанчыны аб вечнай вернасці. Няхай вернасць, перш чым быць усхваленай, пройдзе выпрабаванне часам.
Штодзень, седзячы ля слюдзянога вакенца за вышываннем, з сумам углядалася Любляна ўдалечыню. Ці не з’явяцца ў клубах пылу коннікі, наперадзе якіх — волат са знаёмым мужным тварам.
I аднойчы сапраўды ўзвіўся ажно да нябёсаў дарожны пыл пад капытамі ваярскіх коней, што вярталіся пераможцамі пасля жорсткай сечы. Але вёў іх не Яраслаў. Па рудой бародцы і амаль чырвоных валасах пазнала Любляна лепшага мужавага сябра Лютабора. Са сваёй сотняй наблізіўся ён да Яраслававага церама. I яго трывожны пагляд сустрэўся з усхваляваным паглядам Яраслававай жонкі.
— Прыгожая Любляна, нядобрую вестку нясу я табе. Удача адвярнулася ад Яраслава. Я сам бачыў, як быў пасечаны ён на кавалкі варожымі мячамі. Загінула і ўся яго сотня, таму няма каму больш расказаць табе пра гэта, акрамя мяне. Але будзь спакойнай, прыгожая Любляна. Mae воіны адпомсцілі за Яраслава. Вораг разбіты і пабег, пакідаючы за сабою крывавы след...
Дзень за днём плача Любляна, дзень за днём супакойвае яе Лютабор. I ўвесь гэты час ахоўвае церам няшчаснага Яраслава, не дапускаючы сюды нікога, Лютаборава сотня.
Хто скажа зараз, як яно там атрымалася, але не паспеў малады месяц тры разы ператварыцца ў стары, а Любляна ўжо стала называцца Лютаборавай жонкаю. I пайшло жыццё ў светлым цераме такое, быццам і не было ніколі на свеце Яраслава. 3 раніцы да вечара новы гаспадар праводзіў час у пірах ды паляваннях. Усе забавы яго падзяляла і Любляна. Нафарбаваная ды нарумяненая, апранутая ў яркія тканіны, абвешаная незлічонай колькасцю ўпрыгожанняў, гэта была ўжо зусім іншая жанчына. He тая, сціпласцю ды цнотай якой ганарыўся мужны Яраслаў. Але хіба не становіцца жанчына менавіта такой, якой хоча бачыць яе муж?
Прайшоў год, і нішто не перашкаджала таму жыццю, якое прынёс сюды Лютабор.
Толькі аднойчы, здаецца, спакой прыгожай гаспадыні быў парушаны. У той дзень Любляніны служанкі знайшлі ў садзе ля ракі мёртвае цела воіна з Яраслававай сотні, старога Шчэрба. Увесь акрываўлены, амаль у лахманах, ляжаў ён, раскінуўшы рукі сярод духмяных кустоў бэзу.
Лютабор, здавалася, быў таксама здзіўлены, але менш усхваляваны, чым жонка.
— Мне вельмі шкада Шчэрба,— сказаў ён Любляне.— Але такога канца трэба было чакаць. Ці ведаеш, ён жа збег з поля бою ў самы разгар сечы. Напэўна, хаваўся ўвесь гэты час па лясах. А сюды звярнуцца за дапамогай яго прымусіла толькі бяда. Ці то са зверам спаткаўся, ці то ліхія людзі паранілі. Дапоўз да саду твайго, Любляна, ды ад ран і сканаў...
Паверыла Любляна Лютаборавым словам. Так і не даведалася праўду. 3 палону ўцёк Шчэрб, каб расказаць Яраслававай жонцы пра вялікую здраду.
Першай была кінута на ворага Яраславава сотня, і павінна яна была завесці злыдняў у засаду, дзе Лютаборава сотня ўдарыла б ім у спіну. Але калі надышоў час, не кінуўся Лютабор на дапамогу сябру, здаля назіраў са сваімі воямі, як гінуць Яраслававы ратнікі.
Даўно зайздросціў Лютабор Яраславу. Чорную здраду даўно рыхтаваў. Але не ўсё так адбылося, як марыў каварны сябра. He загінуў Яраслаў, параненым быў узяты ў палон. Шчэрб, які знаходзіўся заўсёды побач са сваім военачальнікам, таксама трапіў у няволю. 3 рызыкай для жыцця стары воін уцёк, каб папярэдзіць Любляну і адкрыць праўду Менскаму князю. Але быў забіты ля сцен церама па загаду Лютабора...
Час заглушыў Люблянін неспакой, яна забылася думаць пра дзіўную Шчэрбаву смерць. Тым больш што набліжалася вялікая перамена ў яе жыцці. У чаканні яе перастала суправаджаць мужа на паляваннях, стала больш пераборлівай у ежы. Узнімаючыся па крутой лесвіцы ў сваю святліцу, ступала яна асцярожна і павольна. I ўся пунсавела, апускала вочы ўніз, калі акружалі яе ў лазні служанкі, каб дапамагчы — раней яна не мела патрэбы ў такіх паслугах.
Горда трымаўся Лютабор, увесь апошні час не сыходзіла з яго твару ўсмешка. Ён чакаў сына, якому марыў перадаць у спадчыну ўсё, што раней належыла княжацкаму любімцу Яраславу...
Аднойчы, калі Лютабор, як заўсёды, прападаў у лясах у пагоні за паляўнічай славай, нешта страшнае здарылася ў пакоях Любляны. Слугі пачулі адчайны гаспадынін крык і кінуліся ёй на дапамогу. Яны знайшлі яе непрытомную на падлозе. Маладая жанчына хутка ачуняла, але ні на адно пытанне не адказвала і толькі горка плакала.
Паляўнічы азарт завёў Лютабора далёка ў лес. Рудабароды сотнік і не заўважыў, як апынуўся адзін. Раптам за яго спіной зашамацелі кусты ляшчыны. Думаючы, што гэта хтосьці з яго людзей, Лютабор нават не азірнуўся. I толькі голас, падазрона знаёмы, прымусіў яго ўздрыгнуць.
— Дзень добры, Лютабор. Як ты жывеш з тых часоў, як стаў здраднікам?
У простым адзенні воіна, трымаючы ў руках нацягнуты лук, перад Лютаборам стаяў Яраслаў. Зарослы густой барадой, схуднелы, але нягледзячы ні на што, жывы.
— Калі ты не баязлівец, апусці лук, Яраслаў,— ледзь вымавіў пабляднелы Лютабор.— Я растлумачу табе ўсё.
— He трэба тлумачэнняў. Я ўсё ведаю, бо толькі што меў размову з Люблянай. Так, яна таксама здрадніца, але няхай судзіць яе за гэта Бог, бо здрадзіла яна толькі мне. А на табе кроў лепшых менскіх воінаў. Калі б не князевы вопыт ды смеласць, мы былі б разбітыя. 3-за сваёй зайздрасці ты здрадзіў роднай зямлі, і таму пакаранне прыйдзе да цябе яшчэ пры жыцці.
Сабраўшы ўсю сваю мужнасць, Лютабор засмяяўся:
— Што ж, Яраслаў, ты застаў свайго ворага непадрыхтаваным для абароны. Можаш забіць мяне.
— He, Лютабор,— адказаў Яраслаў.— Калі б я хацеў расквітацца з табою за ўласныя крыўды, мы б ужо біліся. Але смерць у двубоі будзе занадта ганаровай для цябе. Ты пойдзеш з гэтага жыцця ганебна. Дзеля гэтага я і ўцякаў з палону. Ужо зараз верныя мне людзі вядуць сюды князя з яго воямі. Ён едзе чыніць над табою суд. He спяшайся ж ратавацца, здрадніка знойдуць паўсюль.
Быццам у адказ на Яраслававы словы, удалечыні загучаў княжацкі рог. На гук гэты абярнуўся Яраслаў. У імгненне яго цела пранізала Лютаборава страла. Яраслаў упаў. Рудабароды сотнік сцебануў каня, і той узвіўся на дыбкі. Але не ўдалося ўцячы ад расплаты Лютабору, бо застагнаў, з цяжкасцю ўзняўся на адно калена смяротна паранены Яраслаў. Усе апошнія сілы ўклаў ён у тое, каб
нацягнуць цеціву. Са стралой, пасланай наўздагон ворагу, жыццё пакінула Яраслава... Лютабораў конь скінуў забітага вершніка...
Іх знайшлі недалёка адзін ад аднаго княжацкія дружыннікі. Менскі князь загадаў выцягнуць з мёртвых целаў стрэлы і паслаць той, што адначасова была жонкай абодвух, разам з наказам ісці ў манастыр. Лютаборавай сотні было дадзена дараванне. Але воінаў гэтых князь прызнаў недастойнымі насіць мячы. Ім загадалі пасяліцца ў наваколлі Яраслававага церама і па-сялянску працаваць на гэтай зямлі. Новае паселішча назвалі Прылукі, памятаючы пра тыя лукі, з якіх былі выпушчаны дзве стралы, што загубілі двух княжацкіх сотнікаў, сумленнага і здрадніка.
МАДАННШ РОД
ахаваліся яшчэ на беларускім Палессі казачныя лясы, якія
спяваюць. I спеў той — незвы-
чайна цудоўны. Той, каму давядзецца выпадкова пачуць яго, запамятае гэтае дзіва на ўсё жыццё і ўжо ніколі не пакрыўдзіць ні дрэва, ні кусціка.
Кажуць, лес-пяюн ёсць і на Лунінеччыне. Тры дзівосныя песні ведае ён. I першая — ранішняя, пра зязюлю, што носіцца па лесе, шукае-кліча свайго зніклага брата: «Я-куб! Я-куб!» Калісьці птушка гэтая была маладой багатай жанчынай. I яна пашкадавала для галоднага хлопчыка-сіраты, брата свайго, кавалак хлеба, месца ў хаце. Пайшоў хлопчык у лес ды згінуў. Тады ператварыў Бог жорсткую жанчыну ў птушку. Быць ёй у гэтым абліччы наканавана да тых часін, пакуль не знойдзе брата.
Другая ж песня — паўднёвая. Яна — пра хуткую Прыпяць. Праз усе перашкоды імчыць яна да свайго жаніха, магутнага Дняпра. I калі не хапае ёй моцы альбо на шляху вырастае неадольная гара, разліваецца злавеснае балота, на дапамогу ёй прыходзяць добрыя рэкі-сяброўкі: рахманая Цна, ціхая Лань, вясёлая Ясельда. Уліваюць яны ў стомленую Прыпяць сваю ваду, як свежую кроў у вены, каб змагла прыгажуня-нявеста скончыць свой шлях у пяшчотных абдымках каханага. У песні сваёй лес называе Прыпяць Трыпяцю, па колькасці беларускіх рэк, што ўпадаюць у яе. Рэк гэтых — тры разы па пяць. Але самая дзіўная песня лесу — начная. Яна — пра маці вялікага роду лясных волатаў, пра Маланню...
* * *
Была Малання невыказнай прыгажуняй. Калі са сваімі аднагодкамі ішла яна ў лугі плясці вянкі — схіляліся перад яе красою кветкі. Калі ўначы выходзіла на ганак сваёй хаты, каб зірнуць на неба, ад зайздрасці гаслі зоркі. Кожны з местачковых хлопцаў быў бы шчаслівы, калі б толькі зірнула на яго Малання з ласкаю.
Але ўсю пяшчоту красуня захоўвала для маладога паляўнічага Рамана, чалавека прышлага, сына невядомых тут нікому бацькоў. Ці за гэта, ці мо за незвычайную ўдачлівасць, але недалюблівалі яго хлопцы. Злосна назіралі яны за Раманам, калі той, смеючыся, пасля чарговага палявання складаў каля ног сваёй каханай багатую здабычу: вавёрак ды зайцоў, аленяў ды лісаў. Здаралася, нават і мядзведжую шкуру кідаў на зямлю перад Маланняю. Толькі ваўкоў ніколі не страляў малады паляўнічы.
— Навошта? — смяяўся.— Мяса ў іх не спажыўнае, шкура — непрыгожая, на скаціну нашу яны не нападаюць, бо хапае ім ежы пакуль і ў лесе.
I гэта таксама крыўдзіла Раманавых юнакоў-аднагодкаў. Здавалася ім, хоча Раман паказаць, што ён не толькі больш удалы, але і разумнейшы за ўсіх. Некалькі разоў змаўляліся хлопцы гуртам пабіць «нахабнага чужынца», ды адгаворвалі іх своечасова старыя:
— He дурэйце, моладзь! Чалавек, якому заўсёды так шанцуе, дабром усё роўна не скончыць. Няхай жа лёс спыніць Рамана, не вы.
Усе ведалі пра тое, што Раман і Малання падабаюцца адно аднаму. Але шмат хто спадзяваўся, што прыгажуня не адважыцца звязаць свой лёс з чалавекам, які звязе яе ад родных мясцін. Тым не менш, восенню, праз год пасля таго, як з’явіўся Раман тут, у хаце ў Маланні пачалі рыхтавацца да вяселля.