• Часопісы
  • Млын на сямі колах Беларускія народныя легенды і паданні

    Млын на сямі колах

    Беларускія народныя легенды і паданні

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 334с.
    Мінск 1998
    104.05 МБ
    Шчасліва жылі Сонейка ды Месяц у зіхатлівым цераме сярод аблокаў. He прайшло і года, як з’явіўся ў іх сынок — волат Ярыла, тварам ды станам падобны на бацьку, залатымі валасамі -— на маці. У сем год ён ужо мог кіраваць абедзвюма калясніцамі.
    Аднойчы ў госці да Сонейка завітала яе даўняя сяброўка, бледная зорка Вечарніца. Апошні час рэдка бачыла яе залатакосая жонка Месяца. Казалі, быццам абрала сабе для жытла Вечарніца алмазны церам далёка за морам, на тым баку зямлі, дзе пануе вечны змрок.
    — Якое ж жыццё можа быць у краіне, дзе ніколі не рассейваецца цемра? — спыталася ў здзіўленні Сонейка.
    — Гэта сапраўды, сяброўка, цяжка даводзіцца жывым істотам у тым краі,— уздыхнула Вечарніца.— Таму мы з малодшай сястрой, румянай зоркай Ранішніцай, шкадуючы насельнікаў тых земляў, імкнемся, як можам, асвятляць іх жыццё. Таму і пасяліліся ў той краіне. Але мала моцы ў нас. Бо не маем ні тваіх залатых валасоў, ні тваёй залатой калясніцы. Ах, калі б ты была такой добрай, сяброўка, і хаця б зрэдку наведвала тыя далёкія мясціны! Свет прыйшоў бы ў заморскія землі, і ўсё там расквітнела б і ўзнялося, як тут.
    Моцна задумалася Сонейка.
    — Канешне, мне не было б цяжка перабрацца праз мора на маёй калясніцы. Але ж у той час, як залатагрывыя коні панясуць мяне адсюль, на гэтую зямлю сыдзе непраглядны змрок. А ўсё ж жывое тут так прывыкла да святла.
    — He страшна, Сонейка,— запярэчыла Вечарніца.— У той час, пакуль ты будзеш вандраваць у далёкіх краінах, тут цябе заменіць твой прыўкрасны муж. Праўда, святло ад яго валасоў і ззянне ад яго калясніцы не такія моцныя, але цемра ўжо не будзе вельмі густой і не напалохае нікога. А калі ты будзеш вяртацца з далёкай вандроўкі дамоў, заморскія землі адправіцца асвятляць срэбракудры Месяц.
    — Але ж гэта будзе значыць, што мы з мужам зусім не будзем бачыцца? — спалохалася Сонейка.
    — He, навошта ж,— усміхнулася Вечарніца.— Раніцай і вечарам на небе будзем з’яўляцца мы з сястрой. I вам будзе дастаткова гэтага часу.
    Падумалі Сонейка і Месяц аб прапанове Вечарніцы і вырашылі паслухацца яе.
    3 тых часін і павялося: спярша на небе з’яўляецца румяная Ранішніца, пасля ўрачыста ўязджае з-за мора на
    сваёй калясніцы Сонейка, яе змяняе Вечарніца; за ёю, напаўняючы дзіўным срэбным святлом усё наўкол, над зямлёй праплывае Месяц.
    Расквітнелі заморскія землі гэтаксама, як і нашы. У вялікай падзяцы схілілася ўсё жывое перад дабратой прыгожых багоў. Тут бы жыць ды радавацца. Але прыйшла нечаканая-негаданая бяда. Стаў прыглядацца Месяц да румянай Ранішніцы. I падалося раптам яму, што яна прыгажэйшая за Сонейка...
    Калі даведалася светлая багіня пра здраду, горка заплакала. Тры дні на зямлі ішоў дождж. А пасля загрукатаў гром, заблішчэлі хуткія маланкі. Гэта даведаўся пра крыўду сваёй любіміцы грозны Пярун. Вырашыў суровы бог, што нельга трываць такой ганьбы. Накіраваў ён свае трапныя стрэлы проста ў сэрца нявернаму Месяцу. I загінуў прыгожы бог, разбілася на кавалачкі срэбраная калясніца, разбегліся спалоханыя срэбрагрывыя коні.
    Але калі даведалася пра смерць мужа Сонейка, забедавала яна яшчэ болып. Бо хаця і пакрыўдзіў яе Месяц, не загубіў ён гэтай крыўдай яе кахання. У суме вялікім накінула на свае залатыя валасы доўгую чорную хустку, схавала за высокімі сценамі залатую калясніцу.
    I ахутала зямлю цемра. Звяры не знаходзілі нор сваіх, людзі блукалі ў пошуках жытла, багі не бачылі адзін аднаго. I вялікі жах надышоў разам з цемрай.
    Задумаўся мудры Пярун. Як вярнуць на неба святло? Вось ідзе ён у церам да Месяцавай удавы. Супакойвае яе, просіць прабачэння, расказвае, як цяжка ўсяму жывому без святла. Але з вялікім сумам адказвае багіня:
    — Навошта мне ведаць усё гэта? Гора маё такое вялікае, што няма моцы свяціць. Вярні мне майго каханага мужа, тады і свет вернецца на зямлю.
    — Ну, добра,— згадзіўся Пярун.— Калі табе ўдасца з кавалачкаў сабраць у адзінае цэлае срэбраную калясніцу, ажыве прыгожы Месяц.
    Узрадавалася Сонейка. Адчыніла брамы, вывела залатагрывых коней, запрагла іх у залатую калясніцу.
    — Няхай, пакуль я буду складаць з кавалкаў сваё шчасце, замест мяне святло развозіць мой сын, Ярыла. Ён хаця і хлопчык, але ўжо добра кіруе маёй калясніцай.
    I зноў вярнулася святло на зямлю, бо Ярыла добрасумленна выконваў матчын загад.
    А Сонейка пачала сваю нялёгкую работу. У першую ноч знайшла і склала яна некалькі невялічкіх кавалачкаў срэбранай калясніцы. I людзі на зямлі ў звычайны час
    з’яўлення Месяца ўбачылі толькі вузенькі серп — заднюю частку цудоўнай калясніцы. На наступны дзень Сонейка прыклала да яе яшчэ кавалачак, а потым яшчэ. На вачах ва ўсіх з асобных частак адраджалася Месяцава калясніца. Але калі ўжо ўсім здавалася, што Сонейка выканала Перуноў загад, калясніца пачала развальвацца. Некалькі разоў Сонейка амаль завяршала сваю працу, і заўсёды паўтаралася адно і тое ж — калясніца развальвалася на кавалачкі.
    Добрая зорка Вечарніца паклялася даведацца ў Перуна прычыну. Асцярожна і ўмела павяла яна гутарку з грозным богам. I хутка ён прагаварыўся: ніколі не сабраць светлай багіні калясніцу, калі не дапамогуць ёй у гэтым чалавечыя рукі. Перадала ўсё сяброўцы Вечарніца.
    Жывучы на небе, Сонейка вельмі рэдка глядзела ўніз. Праязджаючы на сваёй калясніцы, яна чула адусюль словы падзякі і радасці. Але яна не задумвалася, ад каго яны зыходзяць. Іншы раз да яе даляталі птушкі, і птушак Сонейка добра ведала. Але як выглядае чалавек? На што ён падобны?
    Думаючы пра гэта, светлая багіня ўспомніла, у якім месцы на зямлі яе прыходу больш за ўсё радаваліся, і паспяшалася туды. Яна апусцілася на цудоўны зялёны луг. Злева журчала рака, справа шумеў лес, а на лузе пасвіліся каровы ды авечкі. Пастух прылёг адпачыць ды і заснуў. Статак вартаваў толькі вялікі сабака.
    Убачыўшы Сонейка, адразу павярнуў да яе галаву велізарны бык, падышоў баран, забрахаў сабака.
    — Хтосьці з іх, канешне, і ёсць чалавек,— вырашыла Сонейка.— Каб не памыліцца, запрашу ўсіх траіх на дапамогу.
    I яна пачала расказваць жывёлам пра сваю бяду. Уважліва выслухалі яны ўсё. А пасля апусціў галаву бык, забіў капытом баран, завіляў хвастом сабака. I вырашыўшы, што гэта знак згоды, забрала іх з сабою багіня.
    Прачнуўшыся, пастух убачыў, як цудоўнай прыгажосці жанчына, а разам з ёй і яго жывёлы, павольна ўзнімаюцца ўгару на пушыстым воблаку. Пастух чуў скрозь сон Сонейкаў расказ і таму адразу ўсё зразумеў.
    — Спыніся, светлая багіня,— закрычаў ён.— Ты памылілася!
    Але яго ўжо не пачулі. 3 тых часін, кажуць, у небе і з’явіліся тры новыя сузор’і: Быка, Барана ды Сабакі. Жывёлы не змаглі, канешне, дапамагчы багіні, і таму да гэтых часін мы бачым, як старанна імкнецца Сонейка скласці з кавалкаў Месяцаву калясніцу.
    выБлввнне
    ывае іншы раз такое: грэшная чалавечая душа, азірнуўшыся на мінулае, прыходзіць у жах
    ад мноства чорных учынкаў, і з усіх сіл пачынае ірвацца да дабра, святла, прыгажосці. Тады людзі кажуць: прачну-
    лася сумленне.
    Відаць, гэткае ж здарылася аднойчы з вядомым князем Аляксандрам Сапегам. Ніколі раней не бачыў Сапега такіх дзіўных, незразумелых сноў — пачаў з’яўляцца да яго ўначы таямнічы старац. Ціха гаварыў ён кожны раз адно і тое ж: «Грэх на табе, княжа, вялікі грэх. Але не страчвай надзею, бо жыццё тваё яшчэ доўгае, і грэх можна выкупіць. Я веру ў цябе, я паручыўся за цябе».
    Пасля такіх начэй змрочны і задуменны хадзіў Аляксандр Сапега па сваім раскошным палацы, час ад часу кідаючыся ў малітоўню і прыпадаючы да святых абразоў. Палахліва разыходзіліся ў розныя бакі слугі і князева чэлядзь, саступаючы з яго шляху, і ніхто, нават сама княгіня, не мог вывесці яго з гэтага стану, бо хаця Сапегава цела было тут, яго душа знаходзілася вельмі далёка.
    Пераносілася яна ў дзяцінства вялікага князя, калі ён здзейсніў першае сваё злачынства — застрэліў хлопчыкажабрака, таму што жаласлівая песня, з якой ён прасіў міласціну, сапсавала маленькаму панічу настрой.
    Альбо блукала душа па юнацтве, паміж тых ціхіх і няшчасных сялянскіх дзяўчат, якіх гвалціў малады Са-
    пега.
    I ныла душа ад зусім нядаўніх успамінаў, калі ў час збору падаткаў нават у палацы быў чутны гучны плач і праклёны людзей, у якіх забіралі сапегавы слугі апошняе...
    — Так, я вялікі грэшнік,— шаптаў Сапега.— Але як магу я выкупіць свае грахі, і ці хопіць на ўсё гэта майго жыцця?
    I тады, нячутны для іншых, гучаў голас таямнічага госця яго сноў:
    — Калі ты раскаяўся сапраўды, то вытрымаеш дасланае табе лёсам выпрабаванне, і ў гэтым будзе тваё выбаўленне. Чакай і рыхтуйся.
    Ніколі яшчэ жыхары Ружан і навакольных вёсак не бачылі свайго гаспадара такім чулым, спагадлівым, справядлівым. Цяпер ён амаль увесь час быў сярод падданых. Ён дапамагаў ім у горы, прымаў іх крыўду, праўдзіва вырашаў спрэчкі, дзяліў іх радасць. Аляксандр Сапега чакаў абяцанага выпрабавання і страшыўся яго. Але час праходзіў, і нічога на здаралася, урэшце зніклі і таямнічыя сны. Князь пачынаў супакойвацца.
    Менавіта тады Сапега саступіў настойлівым просьбам княгіні, якая з-за мужавых дзівацтваў апошні час зусім не мела забаў. Гордая Сапегава пані любіла пышныя балі, гасцей, натоўпы паклоннікаў, што ўхваляюць яе прыгажосць. Але вось ужо некалькі месяцаў князь не прымае гасцей, адмовіўся ад паляванняў, якія былі калісьці яго любімым заняткам. А хутка ж яе імяніны. Няўжо ў цішы манастырскай давядзецца сустрэць свята?
    Паддаўся Аляксандр Сапега на жончыны ўгаворы, і вось ужо з’язджаецца да палаца шыкоўна разадзетая шляхта. Пяшчотным пані — баль, высакародным панам — паляванне,— так вырашыў Сапега адсвяткаваць дзень нараджэння княгіні.
    Паляванне! Шалёная скачка, вецер, што б’е ў твар, яловая ігліца ў валасах людзей і конскіх грывах, разгарачаны азарт, прызыўны брэх сабак, якія загналі звера... У адчуванні гэтага іржэ любімы жарабец Аляксандра Сапегі, раздуваючы ноздры ў адказ на ласку гаспадара, і сам князь шчасліва смяецца, як дзіця. Паляванне!
    Усемагутны магнат, пакінуўшы гасцей, вырываецца наперад, водар прыроды дурманіць, п’яніць яго. I вось ужо адыходзяць удалечыню ночы, поўныя тугі і страху, прыкры пах ладану і пылу са старонак святых кніг, пасты, малітвы, дабрачынныя дзеянні. Ён зноў шчаслівы, ён зноў свабодны!