Млын на сямі колах
Беларускія народныя легенды і паданні
Выдавец: Юнацтва
Памер: 334с.
Мінск 1998
ыла Еўдакія сястрою салдата, жонкаю салдата, маці салдата. Атрымала з вайны тры чорныя
лісты. Адплакала, адгаласіла, пасівела, пазбавілася сваёй
красы-прыгажосці. Але ж жыццё працягваецца. I жыла Еўдакія, як трава лугавая, не ведаючы, навошта. Толькі і радасці было, калі зазірне ў яе бедную ўдовіну хату вясёлы пастух дзед Мікола. Шмат ведаў стары цікавых гісторый,— шмат на свеце пражыў, праз тры вайны прайшоў. 3 ім быццам ажывала сэрца ў Еўдакіі, быццам знікала, забывалася на нейкі час яе вялікае гора. Але адыходзіў дзед Мікола, і зноў навальвалася яно на няшчасную жанчыну, глыбокае і цёмнае, бяздоннае, бы азёрная вада. Можа,таму іншы раз цэлы дзень хадзіла яна каля возера, імкнучыся разгледзець нешта праз дробныя хвалі ды рабізну. Добрыя суседкі спачатку ўсё спрабавалі адвесці яе падалей ад вады, баяліся, што накладзе на сябе рукі. Але потым прывыклі.
Аднойчы Еўдакія, як заўсёды, была ля возера і раптам заўважыла, што з вады да берага цягнецца прыгожая блакітная стужка.
— Мабыць, хтосьці мыў бялізну ды згубіў яе тут,— падумала Еўдакія і пацягнула стужку на сябе. Раздаўся ціхі доўгі гук, быццам хтосьці дакрануўся далонню да звана. Стужка аказалася вельмі доўгай і ўсё цягнулася з вады. Хутка ў руках у жанчыны апынуўся маленькі серабрыста-блакітны клубочак, і чым большым ён станавіўся, тым больш рассейваўся туман над возерам, тым чутнейшыя рабіліся галасы званоў.
I тут Еўдакія, узняўшы вочы, уздрыгнула: над вадой паказаліся залачоныя крыжы і купалы царквы. Некалькі імгненняў — і купалы ўзняліся ўгару, пад імі з вады вырасла званіца. Гучна, трывожна адазваўся звон, і Еўдакія разгледзела праз туман цёмную постаць званара. Раптам заплакалі, загаманілі сотні чалавечых галасоў, спалоханыя вароны ды галкі пазляталі з дрэў, што абступалі возера, і ў страху Еўдакія выпусціла клубок з рук, моцна заплюшчыла вочы, заціснула далонямі вушы...
Усё абарвалася... I цішыня, якая раптоўна навісла над возерам, здалася яшчэ больш страшэннай, чым таямнічы гоман нябачных людзей.
Калі Еўдакія асмелілася расплюшчыць вочы, не было ўжо ні царквы, ні стужкі, а над Свіцязем па-ранейшаму клубіўся туман. Без памяці прыбегла жанчына да хаты дзеда Міколы. Цяжка дыхаючы, апусцілася на лаву.
— Што з табою, родная? — ласкава спытаў стары.
Доўга, збіваючыся, расказвала Еўдакія аб незвычайным здарэнні ля вады, а потым дзед Мікола спыніў яе:
— Чакай, Еўдакіечка. Ці не аб гэтым жа чуў я ад майго прадзеда? Кажуць, так даўно, што і прыпомніць ужо цяжка, на месцы возера стаяў горад, маленькі, але прыгожы. Жылі ў ім добрыя людзі: сумленныя купцы, умелыя рамеснікі, слаўныя воіны. Правіў жа горадам малады, але вельмі разумны, смелы і адукаваны князь. Горад назваў ён сваім імем — Свіцязь, бо сам калісьці будаваў яго, сваімі рукамі.
I быў Свіцязь шчаслівым горадам, бо шчаслівымі былі свіцязяне, якім князь дараваў справядлівы закон. I быў князь шчаслівы, бо любілі і шанавалі яго ў народзе.
Але надышлі чорныя часіны. 3 чужадальніх земляў, ад туманнага заходняга мора прыйшлі ў наш край ворагі. Былі яны моцы велізарнай, колькасці незлічонай, выгляду страшэннага: з галавы да ног закаваныя ў жалеза, на шаломах — пагрозлівыя рогі, за плячыма — плашчы з крыжамі. Неслі яны нашым людзям смерць і разбурэнні, і шлях іх ляжаў праз Свіцязь...
Тады ўдарыў свіцязянскі набат, заплакалі дзеці, загаласілі жанкі, і сціснулі мужныя рукі воінаў свае мячы. Выйшаў на плошчу малады князь, суровы і строгі. I былі яго вочы чырвонымі ці то ад бяссоннай ночы, ці то ад нянавісці да ворагаў, ці,можа,ад пякучых, бы агонь, слёз. Ведаў князь: не выстаяць гораду пад націскам чужынцаў, бо сілы — няроўныя. Але ведаў князь таксама, што нельга здаць горад без бою, бо няма большай ганьбы.
Хацеў сказаць нешта свіцязянам у апошні раз,— не знайшоў патрэбных слоў. Без слоў зразумелі свайго правадыра гараджане.
I выйшла насустрач жалезным ворагам маленькая княжаская дружына, ды з ёю гарадское воінства. Нядоўга біліся — поле ля горада крываваю расою пакрылася. Тады прыўзняўся над целамі забітых ворагаў малады князь са стралой у грудзях, абвёў апошнім паглядам нешматлікіх
ратнікаў, што з адчаем адбіваліся ад сотняў жалезных воінаў, і ледзь чутна прашаптаў:
— Божа, не дапусці ганьбы горада майго...
I калі халоднае асенняе неба адлюстравалася ў яго мёртвых вачах, знік раптам Свіцязь. А на месцы горада разлілося возера. I застылі ў здзіўленні і страху на беразе жалезныя пераможцы.
— Але,— працягваў далей дзед Мікола,— легенда гаворыць, раз у сто год адкрываецца Свіцязь для чалавечых вачэй. Чалавеку, які прайшоў праз смерць, слёзы, гора, цяжкія выпрабаванні і не страціў сваёй чалавечай шчырасці, дабрыні, спагадлівасці, трапляе ў рукі цудоўная стужка з азёрных хваляў. I калі зможа ён зматаць усё возера ў адзін клубок — зноў вернецца да нас Свіцязь такім, якім ён быў калісьці. I выйдзе насустрач нам з глыбінь стагоддзяў малады князь, жывы, непаранены. I звернецца шчасце да нашай шматпакутнай зямлі. Але нікому яшчэ не ўдавалася гэта: мабыць, для шчасця і міру яшчэ не час...
Узрушаная апавяданнем старога, Еўдакія вярнулася да возера. Увесь дзень хадзіла яна ля вады, шукала таямнічую стужку, але глухое і нямое было на гэты раз возера. Моцна захоўвала яно ў сваіх глыбінях таямніцу дзівоснага горада ў чаканні наступнага стагоддзя.
лоскі купвц
час вандровак па Беларусі мне давялося пабываць на Вало-
жыншчыне і там пачуць прыгожую легенду, звязаную з мястэчкам Лоск. Гэта — легенда тых часоў, калі Лоск яшчэ быў горадам, вядомым гандлёвым цэнтрам, і ўпрыгожваў яго славуты драўляны замак, што належыў магнатам Кішкам. Людзі кажуць, што да нашых часоў легенда дайшла дзякуючы нейкаму тамтэйшаму купцу, які пакінуў яе ў сваіх запісах. Запісы не захаваліся, не захавалася імя гэтага чалавека. Але гісторыя, апісаная ў іх, і цяпер перадаецца з вуснаў у вус-
ны, і ў ёй, на злосць няўмольнаму часу, гучыць голас лоскага купца, загадкавай асобы з далёкага XV стагоддзя...
* * *
...He магу гандляваць ільном. Бо кожны раз, як даводзіцца мне бачыць гэтае грубаватае, моцнае палатно, ува мне пачынае гучаць песня чарнакосай красуні з Лоскага замка.
Як купец, самы багаты і знатны ў Лоску, я быў вельмі частым госцем у замку князёў Кішкаў. Там аднойчы я і ўбачыў яе. Мне было трохі больш трыццаці гадоў і, хаця я меў ужо сям’ю, дзявочая прыгажосць па-ранейшаму хвалявала мяне. А яна ж была падобнай на майскую яблыньку, пяшчотная, гарэзлівая, белатварая, з доўгай чорнай касой. Яна была апранута, як князёўна, але я добра ведаў усіх гаспадаровых дзяцей. Ніколі раней не бачыў я сярод іх яе, таму мне вельмі хацелася спытацца ў каго-небудзь пра новую насельніцу Лоскага замка. Добра, што не зрабіў гэтага, своечасова ўспомніўшы, якім падазроным і недружалюбным бывае князь Кішка з тымі, хто спрабуе даведацца аб таямніцах яго сям’і. Тады я паспешліва схаваў сваю цікаўнасць за звычайнымі гандлёвымі справамі.
Потым я яшчэ некалькі разоў бачыў прыгажуню, і ўсё не знаходзіў падставы загаварыць пра яе.
Пазней мяне зусім захапілі мае бясконцыя справы. Некалькі разоў я ездзіў у Нясвіж і Наваградак, гандляваў і ў Менску. Так прайшло каля года.
У адзін з кароткачасовых прыездаў у Лоск мяне разам з некалькімі найбольш багатымі мясцовымі купцамі запрасілі ў замак. Мы прынялі запрашэнне і вечарам зрабіліся ўдзельнікамі багатага застолля. Акрамя нас у гаспадара былі яшчэ і заезджыя госці — пяцёра магнатаў з суседніх гарадоў. Таго-сяго з іх я ўжо ведаў, бо даводзілася мне вельмі часта гандляваць у іх уладаннях. Але былі і незнаёмыя, сярод якіх найбольш прывабліваў сінявокі шляхціц. Ён быў у тым пяшчотным узросце, калі ў мужчын яшчэ толькі пачынаюць прабівацца вусы, а сэрца поўніцца рамантычным жаданнем кахання і славы. Побач з ім, сарамліва апусціўшы вочы, сядзела мая «Яблынька» і, чырванеючы, слухала, што ён шаптаў ёй на вуха.
— Якая прыгожая пара,— падумалася мне.— Няйнакш намячаецца вяселле, і нас, купцоў, запрасілі сюды з вельмі зразумелай мэтай: дапамагчы зрабіць шлюбны пір яркім, багатым, а вясельны стол — вытанчаным. Але я памыліўся.
Я зразумеў гэта толькі тады, калі хтосьці з гасцей узняў кубак за будучы паход. Значыць, Лоск чакала не вясёлае свята, а вайна, і мы павінны былі дапамагаць князю падрыхтавацца да яе...
Ужо перад самай раніцай п’яных гасцей гаспадаровы слугі развялі па пакоях замка. Мне дастаўся невялічкі пакойчык з шырокім ложкам і акном, якое выходзіла ў сад. Заснуў амаль адразу. He ведаю, колькі праспаў, але разбудзіла мяне дзіўнае адчуванне, быццам бы я — не адзін. Імгненна расплюшчыў вочы і яшчэ паспеў заўважыць чорную чалавечую постаць у маім акне, якая падалася кудысьці ўгару. Праз хвіліну ўсе непаразуменні зніклі. Я здагадаўся, што той, каго толькі што бачыў, імкнуўся трапіць у пакой, які знаходзіўся над маёй галавой. Тое, што я не памыліўся, падцвердзіў слабы ўскрык, які данёсся зверху. Сталі чутны прыглушаныя галасы: мужчынскі і жаночы. Каюся, я падслухаў усю іх размову.
— Навошта ты тут? Цябе маглі заўважыць,— усхвалявана гаварыла жанчына.
— Усе спяць, а я вырашыў яшчэ раз пабачыць цябе, каб развітацца. Хутка мы паедзем, і мне не дазволяць гэтага зрабіць,— адказвалі ёй.
«Яблынька» і сінявокі шляхціц (а гэта былі яны: я адразу зразумеў) яшчэ доўга гаварылі адзін аднаму
пяшчотныя словы, потым пачуўся шум, які красамоўна сведчыў аб намерах маладзёна. Але, мабыць, у апошні момант дзяўчына ўсё ж такі вырвалася з яго абдымкаў.
— He, не трэба,— казала яна.— Нявеста павінна быць чыстай і сумленнай як перад Богам, так і перад людзьмі. Я буду верна чакаць цябе з паходу. А потым, калі ты вернешся і папросіш маёй рукі ў бацькі, стану табе жонкай.
— Так будзе, абавязкова,— адказваў ёй юнак, хаця ў голасе яго чулася прыкрасць і незадаволенасць.
— А твае бацькі?.. Ці пагодзяцца яны на наш шлюб? — раптам усхвалявалася дзяўчына.— Маці ж мая — з простых.
— Што з таго? Я кахаю цябе, а ты — мяне. Значыць, мы будзем разам,— палка адказаў юнак.— Ды я і зараз падараваў бы табе пярсцёнак, але ж не маю яго пры сабе.
— Каханы,— пяшчотна вымавіла прыгажуня,—■ я і так веру табе,— і, памаўчаўшы, дадала: — вочы ў цябе, як кветкі ільну — сінія, валасы — колеру ільнянях валокнаў. Абяцаю, любы, увесь час, пакуль чакаю цябе, адзенне маё будзе толькі ільняным. I гэта будзе значыць амаль тое ж, што значыць пярсцёнак на пальцы заручанай дзяўчыны...